Гістарычны шлях нацыі і дзяржавы
Радзім Гарэцкі, Міхась Біч, Уладзімір Конан
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 348с.
Мінск 2001
ВКЛ стварыла трывалую эканамічную аснову, мела незалежную грапіовую сістэму. Галоўная роля ў эканамічным жыцці ВКЛ належала сельскай гаспадарцы. Аснову яе складалі буйныя феадальныя гаспадаркі — фальваркі, дзе вырошчваліся жыта, пшаніца, авёс, бабовыя культуры, гародніна, лён, канапля ды іншыя сельскагаспадарчыя культуры. Прыкметная роля ў гаспадарцы дзяржавы належала паляўніцтву, рыбалоўству, бортніцтву. Высокай ступені развіцця дасягнулі вытворчасць шкла, ганчарства, вінакурэнне, гарбарства, будаўнічая вытворчасць, дрэваапрацоўка, апрацоўка каменя. У XIV ст. у беларускіх гарадах і мястэчках налічвалася болей за 200 рамесніцкіх спецыяльнасцяў.
Значнае месца займаў гандаль. Праз Беларусь праходзілі важныя гандлёвыя шляхі, што ўдала выкарыстоўваліся ў эканамічных інтарэсах дзяржавы. ВКЛ гандлявала з многімі еўрапейскімі краінамі. Асноўную ролю ва ўнутраным гандлі адыгрывалі кірмашы, якія ладзіліся ў гарадах і мястэчках. 3 другой паловы XVIII ст. пачаўся новы перыяд у эканамічным жыцці ВКЛ. Феадальныя адносіны паступова замяняліся капіталістычнымі. Пачала хутка развівацца таварна-грашовая сістэма, сельска-
гаспадарчая вытворчасць набывала таварны характар. Развівалася спецыялізацыя гаспадарак і рэгіёнаў, будаваліся мануфактуры.
У эканамічным жыцці ВКЛ шырока ўжывалася дзяржаўная сістэма заахвочвання землеўладальнікаў ў павелічэнні эфектыўнасці іх гаспадарак, выкарыстоўваліся розныя прывілеі, гнуткае падаткаабкладанне, што дапамагала пераадольваць эканамічныя заняпады, якія прыносілі войны і іншыя неспрыяльныя абставіны.
У XIII ст. на тэрыторыі, адпаведнай сучаснай Беларусі, было каля 40 гарадоў. У XVII ст. у ВКЛ існавала ўжо 757 гарадоў і мястэчак. Асабліва хутка развіваліся беларускія гарады, што атрымалі магдэбургскае права. Усталяванне гарадскога самакіравання стварала найлепшыя ўмовы для іх жыццядзейнасці. Першай магдэбургскае права атрымала ў 1387 г. Вільня.
Гісторыя ўтварэння і фарміравання Вялікага Княства Літоўскага ў святле навуковых даследаванняў незалежных вучоных сведчыць пра недакладнасць канцэпцыі, якая панавала ў гістарычнай навуцы раней. Паводле гэтай канцэпцыі, ВКЛ было нібыта створана толькі балцкімі плямёнамі, якія заваявалі абшары «ад мора да мора». Гэты міф быў прыняты артадаксальнымі гісторыкамі савецкай Беларусі, якія ў інтарэсах савецкай імперыі павінны былі таксама сцвярджаць, што беларусы ніколі не былі самастойным дзяржаўным народам. Згаданая канцэпцыя прымалася раней і ў Літве. Менавіта сучасная Літоўская Рэспубліка (Lietuva) выступае сёння адзінай паводле назвы пераемніцай Вялікага Княства Літоўскага на падставе таго, што яе гістарычныя тэрыторыі ўваходзілі ў склад ВКЛ. Суседзі яшчэ ў 1918 г. пад час абвяшчэння сваёй незалежнасці ўзялі назву нашай старажытнай дзяржавы і такім чынам прысвоілі ўсё яе гістарычнае мінулае. Літоўская Рэспубліка ўзяла таксама за аснову свайго дзяржаўнага герба Пагоню. Сёння паміж беларускімі і літоўскімі гісторыкамі знойдзена пэўнае паразуменне ў канцэптуальных аспектах гісторыі ВКЛ. На навуковай сустрэчы ў мястэчку Гервяты Астравецкага раёна Беларусі 19—20 чэрвеня 1992 г. былі выпрацаваны агульны паходы да вывучэння гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.
Стварэнне ВКЛ мела лёсаноснае значэнне ў гісторыі беларускай нацыі. Каб не гэтая магутная дзяржава, каб не еднасць і адвага яе народа, каб не ахвярная адданасць нашых продкаў роднай Бацькаўшчыне, яны не вытрымалі б двухсотгадовай крыжацкай экспансіі і смяротна небяспечнай мангола-татарскай навалы, як не выстаялі перад ёю нашы ўсходнія суседзі, якія на два з паловай стагоддзя трапілі ў няволю. У гэтым рэгіёне Еўропы быў прыпынены наступ мангола-татарскіх ордаў на захад, у выніку чаго заходнееўрапейскія народы не зведалі жорсткасці азіяцкіх заваёўнікаў.
У 1362 г. войскі ВКЛ на чале з вялікім князем Альгердам разграмілі аб’яднаныя войскі трох татарскіх ханаў каля Сініх Водаў і вызвалілі ад прыгнёту ўкраінскія землі. У 1506 г. у бітве на р. Лань пад Клецкам войска Вялікага Княства на чале з Міхалам Глінскім разбіла шматтысячную татарскую арду і вызваліла дзесяткі тысяч палонных беларусаў, якіх заваёўнікі гналі ў рабства.
Крыжацкі наступ на нашу Бацькаўшчыну быў спынены 15 ліпеня 1410 г. бліскучаю перамогаю нашых продкаў пад Грунвальдам. У Грунвальдскай бітве ўдзельнічалі аб’яднаныя войскі ВКЛ пад кіраўніцтвам вялікага князя Вітаўта і Польскага Каралеўства на чале з каралём Ягайлам. Наймацнейшая у Еўропе армія Тэўтонскага ордэна была ўшчэнт разбіта. Пяць стагоддзяў пасля Грунвальда ніводны ўзброены немец не ступаў на беларускія землі.
Напрыканцы XV ст. новая небяспека для нашай краіны паўстала на ўсходзе. Вялікае Княства Літоўскае вымушана было ваяваць з Маскоўскай дзяржаваю. У 1480 г. Масковія вызвалілася ад мангола-татараў і пачала наступ на захад, імкнучыся за-
хапіць суседнія беларускія землі. Маскоўскі князь Іван III прыпісаў сабе ролю збіральніка ўсіх праваслаўных зямель Усходняй Еўропы, такой палітыкі прытрымліваліся і ўсе ягоныя наступнікі.
Першая вайна паміж ВКЛ і Масковіяй адбылася ў 1492—1494 гг. У выніку наша краіна страціла Вяземскае княства і тэрыторыі ў басейне Верхняй Акі. Пад час новай вайны з Масковіяй у 1500—1503 гг. былі спустошаны ваколіцы Смаленска, Воршы, Мсціслава, Полацка, Віцебска. Вялікае Княства страціла 29 гарадоў і 70 воласцяў. Усходнія, паўднёвыя і цэнтральныя часткі ВКЛ моцна пацярпелі ад маскоўскай экспансіі ў 1507—1508 гг.
Вялікія страты напаткалі нашу краіну пад час наступнай вайны з Масковіяй у 1512—1522 гг., калі ў 1514 г. быў захоплены Смаленск. Навалу з усходу на нейкі час перапыніла бліскучая перамога нашай зброі ў бітве пад Воршай. 8 верасня 1514 г. 30-тысячнае войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім разграміла 80-тысячную арду заваёўнікаў.
У 1534—1537 гг. дзяржава нашых продкаў перажыла чарговы наступ маскоўскіх войскаў. Былі спалены Тураў, Мазыр, Брагін ды іншыя гарады. У 1562 г. войскі Івана IV Жахлівага спустошылі Мсціслаўшчыну, ваколіцы Шклова, Воршы, Віцебска, Магілёва. Праз год сам цар з 60-тысячным войскам захапіў Полацк. Пад акупацыяй маскавітаў апынулася амаль уся Паўночная Беларусь. Акупанты рабавалі занятыя землі, выводзілі ў палон насельніцтва. Адметнай падзеяй гэтай вайны стала бітва на рацэ Уле 26 студзеня 1564 г., калі войскі ВКЛ атрымалі бліскучую перамогу над захопнікамі.
Агрэсія з усходу стала галоўнай прычынай таго, што Вялікае Княства Літоўскае на канфедэратыўнай аснове аб’ядналася з Польскім Каралеўствам. У 1569 г. пасля падпісання Люблінскай уніі была створана новая дзяржава — Рэч Паспалітая. У выніку гэтага альянсу ВКЛ страціла землі Падляшша, Валыні, Падолля і Кіеўшчыны, якія адышлі да Польшчы.
У 1596 г. адбылося заключэнне Берасцейскай царкоўнай уніі, якая адкрывала шлях да аб’яднання дзвюх хрысціянскіх канфессій — праваслаўя і каталіцтва ў адну, якая атрымала назву грэка-каталіцкай, або уніяцкай. Свецкія і духоўныя асобы Вялікага Княства — прыхільнікі яго самастойнасці — разлічвалі такім чынам пераадолець небяспеку рэлігійнай варожасці ў самой дзяржаве, а таксама пазбавіцца ад прэтэнзій каталіцкай Варшавы і праваслаўнай Масквы. Новая вера ўсталёўвалася з цяжкасцямі. Аднак напрыканцы XVIII ст. уніятамі былі ўжо 75% насельніцтва Беларусі. Адной з важных прычын шырокага распаўсюджвання уніяцтва было выкарыстанне ў набажэнстве зразумелай народу роднай беларускай мовы. Унію гвалтоўна скасавалі расейскія ўлады ў 1839 г. Ужо ў наш час уніяцкая царква ў Беларусі была адроджана.
Стварэнне канфедэрацыі ВКЛ і Польшчы спрыяла ўмацаванню абароназдольнасці абедзвюх краінаў. У ліпені 1579 г. войскі вялікага князя літоўскага і караля польскага Стэфана Баторыя вярнулі захоплены раней Маскоўскай дзяржаваю Полацк, а ў наступным годзе канчаткова вызвалілі ўжо ўсю Паўночную Беларусь. У выніку вайны з Масковіяй 1609—1618 гг. ВКЛ была вернута Смаленшчына, а да Польшчы адышлі Чарнігаўская і Ноўгарад-Северская землі.
На пачатку XVII ст. Рэч Паспалітая вяла вайну са Швецыяй. 27 верасня 1605 г. 4-тысячнае войска ВКЛ на чале з гетманам Янам Хадкевічам разбілі каля вёскі Кірхгольм пад Рыгаю ў тры разы большую армію шведаў, якія страцілі 9 тысяч жаўнераў.
У 1632—1634 гг. адбывалася так званая Смаленская вайна, калі Масковія зноў спрабавала захапіць Смаленскую землю, але яна засталася ў складзе ВКЛ.
У 1648—1651 гг. Рэч Паспалітая мусіла весці цяжкія ваенныя дзеянні на сваіх паўднёвых межах супраць украінскіх казацкіх загонаў, якія пры падтрымцы Масковіі імкнуліся захапіць паўднёва-ўсходнія землі Беларусі.
Трагедыяй для нашага народа стала агрэсія войскаў маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча ў 1654—1667 гг. Трынаццаць гадоў без перапынку сціраліся з твару зямлі беларускія гарады, замкі, палацы, вёскі разам з насельніцтвам. Ад рук захопнікаў, голаду, холаду, эпідэмій Беларусь страціла 53% жыхароў. Ніводная з суседніх краін ніколі не перажывала такой дэмаграфічнай катастрофы. Абаронцы дзяржавы пакінулі трагічны запіс: «Да таго дайшла Айчына наша, што ратуючыся загіне».
Беларусь стала арэнаю ваенных дзеянняў і ў час Паўночнай вайны 1700—1721 гг. паміж Расеяй і Швецыяй. Рэч Паспалітая выступала ў якасці хаўрусніка расейскага імператара Пятра I, які першым выкарыстаў у Беларусі тактыку выпаленай зя.млі перад наступам непрыяцеля. У выніку загінуў кожны трэці беларус. У час гэтай вайны расейскімі «саюзнікамі» быў узарваны Полацкі Сафійскі сабор.
Ваенная разруха была не адзінай небяспекаю для Вялікага Княства Літоўскага. Канфедэрацыя з Польскай Каронай адчыніла дарогу польскаму ўплыву. Найперш паланізацыі паддаліся беларускія магнаты і шляхта, большая частка якіх перайшла ў каталіцкую веру. Працэс раз'яднання беларускай эліты са сваім народам адыграў драматычную ролю ў далейшай гісторыі нацыі. Страта для нацыянальнага жыцця найбольш адукаванай часткі народа аслабіла яго жыццёвы патэнцыял. Беларуская мова выцяснялася з дзяржаўнага справаводства. У 1696 г. сойм Рэчы Паспалітай вынес пастанову, што дзяржаўныя дакументы ў ВКЛ павінны складацца не па-беларуску, а па-польску.
Бесперапынныя войны, эканамічны заняпад, парушэнне балансу раўнапраўнага існавання двух суб’ектаў канфедэрацыі, несупадзенне палітычных інтарэсаў княства і каралеўства прывялі да катастрафічнага аслаблення дзяржавы. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай 1772,1793 і 1795 г. паміж больш моцнымі суседзямі — Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй — дзяржава нашых продкаў спыніла сваё існаванне. Землі Вялікага Княства Літоўскага былі захоплены Расейскай імперыяй. Дзяржаўная незалежнасць беларусаў была ўпершыню страчана на два стагоддзі.