• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гістарычны шлях нацыі і дзяржавы  Радзім Гарэцкі, Міхась Біч, Уладзімір Конан

    Гістарычны шлях нацыі і дзяржавы

    Радзім Гарэцкі, Міхась Біч, Уладзімір Конан

    Выдавец: Беларускі кнігазбор
    Памер: 348с.
    Мінск 2001
    114.6 МБ
    У пажарах шматлікіх войнаў і ў часы бязбожнай улады руйнаваліся не толькі архітэктурныя помнікі. Была знішчана або разрабавана велізарная колькасць іншых культурных здабыткаў — бібліятэкі, карцінныя галерэі, калекцыі, архівы. Шмат якія з іх апынуліся ў Расеі, Польшчы, Літве, Швецыі... Сярод іх, найперш, Крыж святой Еўфрасінні Полацкай, бібліятэкі і музейныя зборы Радзівілаў, Сапегаў, Храптовічаў, Ельскіх, выданні Францішка Скарыны, нясвіжская калекцыя слуцкіх паясоў і калекцыя гарматаў, зборы Віленскага музея старажытнасцяў, створанага Яўстафіем Тышкевічам, віленскага Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, 40-тысячны кнігазбор Полацкай акадэміі ды інш. 3 усіх нашых гістарычных і культурных каштоўнасцяў у Беларусі засталося не больш за 1%. У той самы час Беларусь — адна з нешматлікіх краін, дзе не існуе дзяржаўнага органа, які займаўся б вяртаннем нацыянальных культурных скарбаў на радзіму.
    У сярэднявеччы наша дзяржава жыла на сумежжы культур — візантыйска-славянскай і лацінаеўрапейскай. Яркімі зоркамі на пачатку XVI ст. сталі ў літаратуры паэты-лаціністы Мікола Гусоўскі і Ян Вісліцкі. Першы вядомы сваёй геніяльнай «Песняй пра зубра», а другі — паэмаю «Пруская вайна», дзе ўслаўлена перамога пад Грунвальдам.
    Захавалася багатая летапісная спадчына нашага народа.
    Першым цэнтрам беларускага летапісання быў Полацк, але, на жаль, лёс Полацкага летапісу дагэтуль невядомы. Напрыканцы XIII — пачатку XV ст. складзены Смаленскі летапіс. У XVI — пачатку XVII ст. з’явіліся найбольш вядомыя творы гэтага жанру — Баркулабаўскі летапіс, Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага, Хроніка Быхаўца ды інш. У другой палове XVI ст. ствараюць свае хронікі Мацей Стрыйкоўскі і Аляксандр Гваньіні. У гэты час пакідаюць мемуары пра сваю эпоху беларускія шляхціцы Фёдар Еўлашоўскі і Ян Цадроўскі.
    Паўнакроўнае культурнае развіццё нашай краіны ў далейшым перапынілі цяжкія выпрабаванні, што былі звязаны з войнамі і палітычнымі зменамі ў ВКЛ. Беларускаму народу давялося перажыць паланізацыю ў складзе Рэчы Паспалітай і татальную русіфікацыю ў Расейскай імперыі. Усё гэта прывяло да заняпаду беларускай культуры, фактычна зведзенай да этнаграфічнага ўзроўню.
    Але крыніцы беларускасці жылі і захоўвалі сваю стваральную сілу. У першай палове XIX ст. пачалі выяўляцца прыкметы нацыянальна-культурнага адраджэння. Працэс гэты актывізаваўся ў другой палове XIX ст. і прывёў да ўздыму Беларускага адраджэння на пачатку XX ст. На жаль, яно было перапынена цяпер ужо бальшавіцкай уладай. Новая савецкая імперыя таксама не забяспечыла спрыяльных умоваў для ўсебаковага развіцця нацыянальнай культуры беларусаў. Пад пільным наглядам уладных структур таталітарнай дзяржавы не маглі свабодна выяўляцца таленты народа.
    I Іа сваім складаным гістарычным шляху беларускі народ стварыў незлічоныя культурныя багацці ва ўсіх сферах духоўнага жыцця.
    Наша зямля заўсёды была багатаю на літаратурныя таленты. Акрамя згаданых вышэй знакамітых прозвішчаў сваім прыгожым пісьменствам трывала ўвайшлі ў культуру Беларусі паэты і пісьменнікі Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч), Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны, Міхась Зарэцкі, Алесь Гарун, Ларыса Геніюш, Уладзімір Дубоўка, Пімен Панчанка, Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Алесь Адамовіч і многія, многія іншыя.
    Ва ўсе часы беларусы выяўлялі неадольную цягу да ведаў, да глыбокага спасціжэння таямніц жыцця і навакольнага свету. У Вялікім Княстве Літоўскім паспяхова развіваліся лінгвістыка, гісторыя, геаграфія, астраномія, матэматыка, медыцына. Францішак Скарына атрымаў званне доктара медыцыны ў 1512 г. у Падуанскім універсітэце (Італія). Наш суайчыннік Казімір Семяновіч быў першым вынаходнікам шматступенчатай ракеты. У 1650 г. ён выдаў у Амстэрдаме кнігу «Вялікае мастацтва артылерыі», дзе апісаў канструкцыю такой ракеты за 250 гадоў да таго, як гэта зрабіў расейскі вучоны К.Цыялкоўскі. Беларус Ілья Капіевіч у 1700 г. удасканаліў кірылічны шрыфт і стварыў літары, якімі і цяпер карыстаюцца беларусы, расейцы, украінцы, македонцы, балгары, сербы ды іншыя народы, што ўжываюць кірыліцу. «Палітычны злачынец» Казімір Чарноўскі ў царскім каземаце вынайшаў падводную лодку. Вынаходніцтва бездротавай перадачы электрасігналаў на некалькі гадоў раней за вядомага расейца А. Папова зрабіў беларус Якуб Наркевіч-Ёдка.
    У XIX ст. этнографы і археолагі браты Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы заснавалі беларускую навуковую археалогію. Вядомымі ў свеце фізікамі сталі Іван Яркоўскі і Жыгімонт Урублеўскі. Асновы беларускай акадэмічнай навукі заклалі дзеячы Інстытута беларускай культуры Усевалад Ігнатоўскі, Аркадзь Смоліч, Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч ды інш. У 1921 г. адчыніўся Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У Беларускай акадэміі навук працавалі вядомыя далёка за межамі краіны генэтык Раман Жэбрак, біёлаг Васіль Купрэвіч, фізікі Барыс Сцяпанаў і Фёдар Фёдараў, геолаг Гаўрыла Гарэцкі ды інш. Беларусь мае і сваіх касманаўтаў — Пятра Клімука і Уладзіміра Кавалёнка. Беларускія карані ў іх калегаў Грыгорыя Грэчкі і першай у свеце касманаўткі Валянціны Церашковай.
    Беларусь адвеку славілася сваім музычным і тэатральным мастацтвам. Наша музычная культура бярэ пачатак у XI—XII стст. Вядомы такія яе старажытныя творы, як хваласпевы XII ст. у гонар Еўфрасінні Полацкай, «Багародзіца» — малітва, якую спявалі палкі перад пачаткам Грунвальдскай бітвы. У XVI—XVII стст. пры вялікакняскіх і магнацкіх сядзібах ствараліся высокапрафесійныя капэлы, якія лічылі б за гонар мець заходнееўрапейскія манархі. Знакамітым стаў зборнік старадаўняй беларускай музыкі XVI—XVII стст., які атрымаў назву «Полацкі сшытак». У другой палове XVIII ст. у Вялікім Княстве Літоўскім было больш за 50 капэлаў, 26 опернабалетных тэатраў, больш за 30 сімфанічных аркестраў, каля 10 балетных вучэльняў. Тэатр Агінскіх у Слоніме меў аркестр на 108 інструментаў. У Гародне дзейнічаў тэатр Тызенгаўза. Еўрапейскую славу меў нясвіжскі тэатр Радзівілаў. У ВКЛ працавалі вядомыя музыканты і кампазітары з розных краін Еўропы, сярод іх кампазітар з Гановера Ян Давід Голанд , аўтар славутай оперы «Агатка», лібрэта да якой напісаў Мацей Радзівіл. Міхал Клеафас Агінскі пакінуў нам у спадчыну свой рамантычны паланез «Развітанне з Радзімаю». Беларусь дала такіх кампазітараў, як Антон Абрамовіч, Напалеон Орда, Станіслаў Манюшка, Мечыслаў Карловіч, Дамінік Стафановіч, Каятан Крашэўскі. 3 дынастыі беларускіх артыстаў балета і балетмайстраў паходзіць знакаміты Вацлаў Ніжынскі. Як бачым, сённяшнія поспехі ў свеце беларускага балета маюць пад сабой глыбокія традыцыі.
    Варта адзначыць, што першую ў свеце оперу на сюжэт «Фаўста» напісаў беларускі кампазітар князь Антон Генрык Радзівіл на лібрэта самога Гётэ. Геніяльны нямецкі паэт назваў створаную музыку «геніяльнай, парывістай кампазіцыяй». Прэм’ера оперы адбылася у 1835 г. Упершыню на опернай сцэне беларускае слова загучала ў оперы Станіслава Манюшкі «Сялянка», прэм’ера якой з поспехам прайшла ў Мінску ў 1852 г.
    XX ст. дало нашай зямлі новую плеяду кампазітараў — Канстанцін Галкоўскі, Якаў Прохараў, Альбін Стэповіч, Уладзімір Тэраўскі, Мікола Равенскі, Яўген Цікоцкі, Мікалай Аладаў, Аляксей Туранкоў... Трэба згадаць светлыя імёны Рыгора Шырмы, Генадзя Цітовіча — тых, хто аднаўляў музычную спадчыну нашага народа.
    Драматычныя тэатры ў XVIII — пачатку XIX ст. існавалі ў Нясвіжы, Шклове, Слуцку, Слоніме, Магілёве, Пружанах, Глуску, Дуброўне, Чачэрску. Тэатральныя традыцыі працягваліся ў XX ст. тэатрамі Ігната Буйніцкага, Уладзіслава Галубка.
    У 20-я гады адчыніліся дзяржаўныя нацыянальныя драматычныя тэатры, цяпер вядомыя як тэатры імя Янкі Купалы ў Менску і імя Я. Коласа ў Віцебску. У 1933 г. пачаў дзейнасць Дзяржаўны оперны тэатр Беларусі. Мы ганарымся імёнамі такіх тэатральных дзеячаў, як Фларыян Ждановіч, Еўсцігней Міровіч, Барыс Платонаў, Лідзія Ржэцкая, Уладзімір Уладамірскі, Леанід Рахленка, Глеб Глебаў, Здзіслаў Стома...
    Багатыя традыцыі нашага нацыянальнага выяўленчага мастацтва пачынаюцца з фрэскавых размалёвак старажытных беларускіх храмаў. Ужо ў часы Еўфрасінні Полацкай існавала арыгінальная беларуская іканапісная школа, сведчаннем чаго з’яўляюцца унікальныя фрэскі XII ст., што захаваліся ў Полацкай царкве Спаса. Наша краіна здавён славілася сваімі разбярамі па дрэве. Еўрапейскі ўзровень мела ў XVI— XVII стст. айчыннае партрэтнае мастацтва, у чым пераконваюць жывапісныя творы з Нясвіжскай ды іншых калекцый.
    Традыцыі старажытнага і сярэднявечнага жывапісу і графікі прадоўжылі мастакі Валенці Ваньковіч, Іосіф Аляшкевіч, Іван Хруцкі, Міхал Андрыёлі, Напалеон Орда, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Язэп Драздовіч, Фердынанд Рушчыц, Анатоль Тычына, Пётра Сергіевіч, Іван Ахрэмчык, дзесяткі і сотні іх таленавітых калегаў. Сусветную вядомасць маюць жывапісцы віцебскай мастацкай школы Марк Шагал і Казімір Малевіч.
    Беларусь дала знакамітыя імёны спартоўцаў, якіх ведаюць ва ўсім свеце: Аляксандр Мядзведзь, Таццяна Самусенка, Вольга Корбут, Ларыса Петрык, Наталля Зверава, Віталь Шчэрба, Іван Іванкоў, Ігар Жалязоўскі, Яніна Карольчык...
    Значны ўклад зрабілі беларусы ў культурнае развіццё іншых народаў свету.
    Паднявольныя ўмовы жыцця ў Беларусі пасля яе захопу Расейскай імперыяй, пераследы за вызваленчую барацьбу, шматлікія войны, а таксама эканамічныя цяжкасці прымушалі многіх беларусаў пакідаць Бацькаўшчыну і шукаць лепшай долі ў чужых краінах. Беларусь перажыла шмат хваляў масавай эміграцыі, у выніку чаго па-за яе межамі жыве цяпер каля 3,5 мільёна нашых суродзічаў. Шмат хто з беларускіх эмігрантаў узбагаціў навуку і культуру іншых народаў і дзяржаў. У гэтым сэнсе Беларусь стала сапраўдным донарам.
    Сярод нашых знакамітых суродзічаў лонданскі першадрукар Ян Літвін; нацыянальны герой Чылі, даследчык яе прыродных багаццяў, заснавальнік універсітэта ў Сант’яга Ігнат Дамейка; рэвалюцыянер і вучоны, старшыня сената Гавайскай Рэспублікі Мікола Судзілоўскі; нацыянальны герой Грэцыі Зыгмунт Мінейка, з роду якога паходзіць вядомы дзяржаўны дзеяч гэтай краіны Андрэас Папандрэу; выбітны французскі паэт з роду паўстанца 1863 г. Апалінарыя Кастравіцкага Гіём Апалінэр; генерал Парыжскай камуны Валеры Урублеўскі; французскі і польскі пісьменнік