Маска Чырвонае Смерці
Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
Аточаны вялізнымі мурамі гэтай прэстыжнай установы, я правёў без усялякай стомы ці агіды трэція пяць гадоў майго жыцця. Багатае дзіцячае ўяўленне не патрабуе дзеля забавы віру падзеяў і, безумоўна, маркотная манатоннасць навучання выклікала моцнае хваляванне, якое пасля, у познім юнацтве, я атрымліваў выключна ад раскошы, а яшчэ пасталеўшы — ад злачынстваў. Аднак я мушу верыць, што пачатак духоўнага развіцця быў у чымсьці незвычайны — больш за тое, эксцэнтрычны. У болыпасці людзей падзеі ранніх гадоў жыцця рэдка
пакідаюць яскравыя ўспаміны да сталасці. Яны толькі шэры цень — слабая і цьмяная згадка: расплывістыя і невыразныя радасці і прывідныя жахі. У мяне ўсё інакш. Яшчэ ў дзяцінстве я адчуваў так па-даросламу, што і цяпер мая памяць захавала адбіткі ўспамінаў — такіх выразных, глыбокіх і трывалых, нібы надпісы на карфагенскіх медалях.
Але з пункту гледжання большасці тут амаль няма чаго згадваць. Ранішні пад’ём і вечаровы адбой; зубрэнні і чытанні на памяць; скарочаны дзень і суботні шпацыр; пляцоўка для гульняў з яе спрэчкамі, забавамі, інтрыгамі — усё гэта з дапамогай нейкіх даўно забытых духоўных чараў зацягвала ў бездань адчуванняў, у свет, багаты на падзеі, у вір разнастайных эмоцый, хваляванняў самых жарсных і ўзрушальных. Oh, le bon temps, que се siecle defer!1
Напраўду, палкасць, узнёсласць і ўладарнасць майго характару хутка вылучылі мяне сярод аднакашнікаў і паступова, паводле натуральнай іерархіі, далі мне ўплыў на ўсіх, нават крыху старэйшых за мяне — за адным выключэннем. Яно ўвасобілася ў постаці аднаго з вучняў, які, хоць і не быў мне сваяком, меў такое ж імя і такое ж прозвішча, як у мяне, — выпадак, заўважу, малавызначальны, бо, пры ўсім маім высакародным паходжанні, маё прозвішча было дастаткова распаўсюджаным і спрадвек належала нават простаму люду. Таму ў гэтым аповедзе я назваў сябе Вільямам Вільсанам — прыдуманым імем, якое не надта розніцца з сапраўдным. Мой цёзка быў адзіным з тых, з кім, як тады казалі, мы вадзіліся, і ён дазваляў сабе супернічаць са мной у навучанні, у спорце, у сутычках на пляцоўцы для гульняў, не давяраў на людзях майму слову і не падпарадкоўваўся майму ўплыву — больш за тое, быў перашкодай у любой праяве майго капрызнага дэспатызму. Калі на свеце і існуе найвышэйшая і неабмежаваная тыранія, то гэта тыранія мацнейшых духам над слабейшымі ў юнацкіх кампаніях.
Бунт Вільсана быў для мяне прычынай вялікіх пакутаў: нягледзячы на выклік і браваду, з якімі я паводзіўся з ім на
Прыўкрасны час, жалезнае стагоддзе!* (фр.).
людзях, я ўсё ж разумеў што баюся яго, бо не магу прыняць роўнасць між намі, якое ён з такой лёгкасцю дасягаў, — а гэта ўжо даказвала ягоную перавагу, бо мне каштавала бясконцых высілкаў. Да таго ж ягоная перавага — менавіта гэтая перавага — не была бачная нікому, апроч мяне, і нашыя таварышы з нейкай невытлумачальнай слепасці, здавалася, нават не падазраюць пра яе. Насамрэч, гэтае спаборніцтва, гэтае супрацьстаянне і асабліва нахабнае і ўпартае ўмяшальніцтва ў мае справы былі выключна паміж намі. Ён падаваўся пазбаўленым той ганарыстасці і палкасці розуму, якія падагравалі мяне і вылучалі сярод іншых. У суперніцтве яго мэтай было толькі капрызнае жаданне замінаць мне, зневажаць мяне, хоць часам я не без абразы і раздражнення заўважаў, што ў яго нападах, кпінах і пярэчаннях праглядае недарэчная і, вядома, непажаданая пяшчота да мяне. Я разумеў што гэтая ганарлівая саманадзейнасць вынікала з жадання апекаваць і абараняць.
Магчыма, гэтая вызначальная рыса ў паводзінах Вільсана (плюс аднолькавыя імёны і абсалютна выпадковае паступленне ў школу ў адзін дзень) паўплывала на агульнае меркаванне, нібыта мы — браты, сярод старшакласнікаў. А яны зазвычай не надта паглыбляюцца ў справы малодшых. Я ўжо вышэй сказаў прынамсі, мусіў сказаць, што Вільсан не меў нават аддаленага дачынення да маёй сям'і. Але, безумоўна, калі б мы былі братамі, мы б нарадзіліся блізнятамі, бо пасля таго як я пакінуў установу містэра Брэнсбі, я выпадкова даведаўся, што мой цёзка нарадзіўся 19 студзеня 1813 rofla* — а гэта даволі знакавае супадзенне, бо акурат у гэты ж дзень нарадзіўся і я.
Магчыма, гэта дзіўна, але нават злосць і пастаянны неспакой, выкліканыя ў мяне суперніцтвам з Вільсанам і яго нясцерпным духам супярэчнасці, не маглі прымусіць мяне ўзненавідзець яго да канца. Амаль штодня мы мелі сутычкі, у якіх ён, саступаючы пальму першынства, у сваёй адвечнай манеры заўжды знаходзіў магчымасць даць мне адчуць, што гэта ён, а не я, заслугоўвае перамогі; тым не менш адчуванне гонару з майго боку і пачуццё ўласнай годнасці з ягонага
дазвалялі нам не рабіцца шчырымі ворагамі, а падабенства нашых характараў абуджала ўва мне пачуццё, якому, магчыма, толькі нашае становішча замінала выспець у сяброўства. Вельмі складана вызначыць і пагатоў апісаць мае сапраўдныя пачуцці да яго. Яны ўтвараюць стракатую і неаднастайную сумесь — частка крыўдлівай варожасці, якая яшчэ не стала нянавісцю, часціна пашаны, вялікая частка павагі, шмат боязі і процьма цікаўнасці, за якую сорамна... Які-небудзь пісьменнік дадаў бы, што Вільсан і я былі непадзельнымі спадарожнікамі.
Няма сумневаў, ненармальныя стасункі, што склаліся ў нас, накіроўвалі ўсе мае напады супраць яго (а іх было мноства — адкрытых і прыхаваных] у рэчышча кпінаў і грубых жартаў (што пад выглядам мілых забавак прыносяць боль), не даючы гэтым адносінам перарасці ў сур’ёзную і рашучую варажнечу. Але мае высілкі ў гэтым кірунку не заўсёды мелі поспех, нават калі мае планы былі найбольш дасціпна задуманыя; у майго цёзкі ў характары прысутнічала сціплая і ціхая трываласць, што, атрымліваючы асалоду ад уласных жартаў не мела ў сабе ніякай ахілесавай пяты і рабіла немагчымым смех з сябе. Я, вядома, здолеў адшукаць у ім прынамсі адну спецыфічную якасць, што ўзнікла, магчыма, ад хранічнага захворвання і магла б быць апошнім сродкам суперніка, што вычарпаў сваю фантазію гэтаксама, як я: мой супернік меў, відавочна, слабыя галасавыя звязкі, так што не мог размаўляць гучней, чым ціхім шэптам. Але і тое, што я апускаўся да карыстання такой перавагай, не сведчыла пра маю сілу.
Вільсан адплачваў мне вельмі разнастайна, але адзін з яго дасціпных метадаў турбаваў мяне найбольш. Якім чынам яго праніклівасць выкрыла гэты нязначны момант, што так раздражняў мяне, мне ніколі не зразумець, але, адшукаўшы яго, ён проста па-майстэрску ім карыстаўся. Я заўжды адчуваў агіду да свайго неарыстакратычнага прозвішча і да пашыранага, калі не плебейскага, імені. Яны былі атрутай для маіх вушэй, з дня майго паступлення, калі другі Вільям Вільсан таксама з’явіўся ў акадэміі, і я злаваў на яго за супадзенне і
ўдвая больш ненавідзеў сваё прозвішча, бо яго меў нехта яшчэ, так што яно паўтаралася ў два разы часцей. Ён быў пастаянна побач, і яго справы ў звычайнай школьнай руціне праз агіднае супадзенне непазбежна будуць нярэдка блытаць з маімі.
Адчуванне прыкрасці ўзмацнялася з кожным выпадкам, што паказваў падабенства — маральнае ці фізічнае — паміж маім канкурэнтам і мной. Тады я яшчэ не ведаў, што мы аднаго веку, але бачыў, што мы аднаго росту і маем агульныя рысы ў выглядзе і характэрныя асаблівасці. Да таго ж мяне закраналі чуткі пра нашае сваяцтва сярод вучняў старэйшых класаў. Карацей, нішто мяне так не раздражняла (хоць я ашчадна хаваў любое раздражненне), як напамін пра падабенства нашых розумаў, характараў і абставінаў жыцця. Але ў мяне не было прычыны падазраваць (апроч, бадай, абмеркавання сваяцтва), што гэтае падабенства было прадметам размоваў альбо хаця б заўважалася нашымі таварышамі. Толькі ён гэтак жа засяроджана, як і я, выдаваў гэта ў манеры трымацца; але нават тут ён знаходзіў магчымасці, каб паддзець, што сведчыла, як я ўжо адзначыў прыкметай надзвычайнай кемлівасці.
Яго тактыка палягала на тым, каб як мага больш дакладна капіяваць мяне і ў словах, і ў дзеяннях, і ён выдатна з гэтым спраўляўся. Скапіяваць маё адзенне было нескладана, хаду і манеру трымацца ён пераняў без цяжкасцяў і, нягледзячы на фізічны недахоп, нават мой голас быў ім узноўлены. Гучныя інтанацыі, зразумела, узнаўляць не атрымлівалася, але ўсе ключавыя моманты былі ідэнтычныя, і яго своеасаблівы шэпт напраўду зрабіўся маім рэхам.
Я цяпер не рызыкну апісаць, наколькі моцна гэты вытанчаны партрэт даймаў мяне (дзеля справядлівасці адзначу, што ён зусім не быў карыкатурай). Суцяшала мяне толькі тое, што гэтае капіяванне, несумненна, адзначаў толькі я, адзінаасобна трываючы дасведчанасць і дзіўныя з’едлівыя ўсмешкі майго цёзкі. Задаволены тым, што абуджаў унутры мяне, ён, падавалася, употай цешыўся з болю, які прыносіў, і паказальна грэбаваў ухваламі, якія яго паспяховыя практы-
кавадні лёгка маглі б выклікаць. Доўгія месяцы для мяне было загадкай, чаму ніхто не зразумеў яго намераў не ацаніў яго дзеянняў і не ўзяў удзелу ў высмейваннях. Магчыма, паступовасць яго дзеянняў не так лёгка спасцігалася, альбо, верагодней, за сваю бяспеку я мусіў быць удзячны майстэрству перасмешніка, які, грэбуючы вонкавымі праявамі (выключна іх на карцінах і заўважаюць недалёкія людзі), узнаўляў сам дух арыгіналу, дазваляючы толькі сваёй ахвяры сузіраць усё, чым і дапякаў толькі яе.
Я ўжо не раз казаў пра агідны паблажлівы тон, абраны ім у дачыненні да мяне, і пра яго няпрошанае ўмяшальніцтва ў мае справы. Гэтае ўмяшальніцтва ўвасаблялася ў навязлівых парадах, якія даваліся не пры ўсіх, а сам-насам з дапамогай паступовага навядзення на думку. Я выслухоўваў іх з раздражненнем, якое з гадамі толькі набірала сілу. Тым не менш сёння, у такі далёкі ад таго часу дзень, дазвольце мне дзеля справядлівасці прызнаць, што ніводная з парадаў майго суперніка не вяла да недальнабачных памылак, уласцівых юнаму ўзросту і недастатковай дасведчанасці; гэтае яго маральнае адчуванне, калі не талент і жыццёвая мудрасць, было нашмат вастрэйшым за маё — а сёння я сам быў бы лепшы і шчаслівейшы, калі б не так часта адрынаў парады, зробленыя выразным шэптам, парады, якія я тады ненавідзеў усім сэрцам і якімі люта пагарджаў.
Так пад яго надзвычай непрыемным наглядам маё раздражненне павялічвалася, і я ўсё больш і больш адкрыта выказваўся, што я думаю пра яго невыносную пыху. Я ўжо згадваў, што ў першыя гады школы мае пачуцці да яго маглі выспець у сяброўскія, але ў апошнія месяцы майго знаходжання ў акадэміі, нягледзячы на тое, што яго дзеянні што да мяне ў пэўнай меры паслабіліся, мае пачуцці — у роўнай прапорцыі — набліжаліся да недвухсэнсоўнай нянавісці. Пасля аднаго выпадку, я думаю, ён гэта заўважыў і пачаў пазбягаць мяне — альбо рабіць выгляд, што пазбягае.