Маска Чырвонае Смерці
Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
У тым зборы прывідаў які я апісаў, штосьці звычайнае, будзённае не магло б абудзіць такіх пачуццяў. I праўда, распусная вольнасць начнога маскараду была амаль бязмежная; аднак постаць, пра якую йдзе гаворка, перайшла ўсе межы, нават няпэўныя рамкі прыстойнасці самога князя. Ёсць стру-
ны ў сэрцы нават самых легкадумных пустадомкаў, якія могуць адгукнуцца хваляваннем. Нават што да зусім згубленых душаў, для каго жыццё й смерць — аднолькава пустыя жарты, ёсць рэчы, з якімі і на іх думку не можа быць ніякіх жартаў. I сапраўды, цэлая грамада, здавалася, з усёй глыбінёю адчувала, што ўбор і паводзіны чужынца былі скрайне недарэчныя й непрыстойныя. Ён быў высокі, худы, ахутаны з галавы да ног у магільнае ўбранне. Маска, што хавала твар, так нагадвала застылага нябожчыка, што, нават блізка разгледзеўшы, цяжка было б заўважыць падман. Але ўсё гэта маглі б яшчэ сцярпець, а мо нават і ўхваліць звар’яцелыя паплечнікі князя. Аднак гэты штукар зайшоў так далёка, што прыбраўся Чырвонаю Смерцю. Яго адзенне было запэцканае крывёю — шырокі лоб, як і ўвесь твар, быў пазначаны пунсовым жахам.
Калі позірк князя Праспэра ўпаў на гэты прывідны вобраз (які павольна і ўрачыста, мо каб паўней выканаць ролю, хадзіў туды й сюды сярод тых, хто кружыўся ў вальсе), яго ў першую хвілю перасмыкнула ад жаху й агіды; аднак у наступны момант ягоны твар пачырванеў ад гневу. «Хто насмеліўся, — спытаўся ён хрыпла ў сваіх дворных, што стаялі побач, — хто насмеліўся абразіць нас такой блюзнерскаю насмешкай? Схапіць яго й зняць маску — каб мы ўсе даведаліся, каго заўтра ўранку павесяць на муры!»
Ва ўсходнім, блакітным, пакоі стаяў князь Праспэра, калі прамовіў гэтыя словы. Гучна й выразна прагрымелі яны па ўсіх сямёх пакоях, бо князь быў чалавек адважны й дужы, і музыка была сунялася на ўзмах ягонае рукі. У блакітным пакоі стаяў князь, а побач з ім — колькі збялелых падданых. Спачатку, як ён сказаў гэта, сёй-той з грамады нерашуча кінуўся да нязванага госця, які тады быў паблізу, а цяпер няспешна й самавіта падышоў да таго, хто прамовіў суворыя словы. Але з нейкага невыказнага страху, навеянага гэтым вар'яцкім убраннем, не знайшлося нікога, хто б наважыўся яго схапіць; так што, не сустрэўшы перашкодаў, ён прайшоў за метр ад князевай асобы; а калі ўвесь збор, нібы згаварыўшыся, адхінуўся з сярэдзіны заляў да сценаў, ён прайшоў не спыняючыся, тым самым урачыстым і мерным крокам, уласцівым
яму ад самага пачатку, праз блакітны пакой у барвовы — праз барвовы ў зялёны ■— праз зялёны ў памаранчавы — праз гэты ў белы — адтуль у ліловы, перш чым была прынятая рашучая спроба яго спыніць. To ж бо тады Праспэра, шалеючы ад гневу за сваё хвіліннае баязліўства, кінуўся паспешна праз шэсць пакояў, тым часам ніхто не пайшоў за ім з прычыны бязмежнага страху, які агарнуў усё навокал. Ён выхапіў з похваў корд і ў імклівым парыве нагнаў госця, калі той, дасягнуўшы дальняе сцяны аксамітнага пакоя, раптоўна павярнуўся й глянуў у вочы свайму пераследніку. Пачуўся пранізлівы крык — і бліскучы корд упаў на чорны дыван, а праз імгненне на ім распасцерся ў смяротным сне князь Праспэра. I тады, сабраўшы рэшту адчайнае смеласці, збой гулякаў рынуў у чорную залю, і, схапіўшы злавесную постаць, якая стаяла штыўна й нерухома ў цені змрочнага гадзінніка, яны замерлі ў невымоўным жаху, пабачыўшы, што пад магільным убраннем і смяротнаю маскай, якія былі сарваныя з гвалтоўнай лютасцю, не хавалася нічога.
I тады быў заўважаны прыход Чырвонае Смерці. Яна прыйшла, як злодзей уночы. I падалі адзін за адным бяседнікі ў акропленых крывёю пакоях сваёй раскошы, і кожны з іх паміраў у безнадзейным падзенні. I жыццё гадзінніка згасла разам з жыццём апошняга распусніка. I памерлі агні ў жарніцах. I Цемра, Заняпад і Чырвоная Смерць бязмежна запанавалі надусім.
Пераклаў Сяргей Шупа
...і бліскучы кордупаў на чорны дыван.
Вільям Вільсан
Што скажа мне суворае Сумленне, здань на маёй сцяжыне? Чэмберлен*. «Фараніда»
Для пачатку дазвольце мне называць сябе Вільямам Вільсанам. Белая папера перада мной не заслугоўвае таго, каб трываць маё сапраўднае імя. Яно даўно ўжо выклікае жах, зрабілася ганебнай плямай на маім родзе. Куды толькі не даляталі абураныя вятры, разносячы плёткі пра маю неймаверную гнюснасць. 0, выгнаннік выгнаннікаў пакінуты цяпер усімі, ці не памёр ты назаўжды для свету? Для яго павагі, шанавання і найлепшых памкненняў? — ці не закрыла цяжкая, цёмная і бязмежная хмара ад цябе нябёсы і надзеі на райскае збавенне?
Дазвольце мне не апісваць тут апошнія гады маіх невыносных пакутаў і недаравальных злачынстваў. У апошнія гады я пераўзышоў самога сябе ў подласці, карані якой жадаю тут выкрыць. Людзі ва ўсім развіваюцца паступова — я ж, наадварот, усю дабрадзейнасць, нібы плашч, скінуў у адно імгненне і адзеў замест яе цяжкі саван віны. Ад даволі звычайнай распусты я зрабіў гіганцкі крок да гнюснасцяў Геліягабала*. Што і калі абудзіла гэтае зло? Паслухайце мяне, хаця б пакуль я буду гэта высвятляць. Смерць, набліжаючыся, ужо кінула на мяне свой слабы цень, змякчыўшы лютасць майго духу. Праходзячы цёмнай далінаю*, я прагну спачування — ледзь не сказаў «жалю» — маіх братоў. Я не супраць, каб яны паверылі, што я ў нечым ахвяра збегу абставін. Я быў бы рады, каб яны адшукалі ў прыведзеных фактах невялічкі аазіс перадвызначанасці ў пустыні памылак. Я з задавальненнем пераканаў бы іх — і яны пераканаліся б: хоць спакусы і раней былі вялікія, але чалавек ніколі так не падпадаў пад іх уплыў а таму ніколі не падаў так нізка — і не так моцна пакутаваў. Ці не было гэта толькі сном? Ці не гіну я ахвярай самай жахлівай і таямнічай з усіх зямных відзежаў?
Я нашчадак роду, чыёй вызначальнай рысай заўжды былі фантазія і палкі тэмперамент, і ўжо з маленства я быў жывым доказам сямейнага характару, атрыманага ў спадчыну. 3 гадамі ён праяўляўся ўсё мацней, нярэдка выклікаючы сур’ёзную трывогу ў маіх сяброў і прыносячы шкоду мне самому. Я рос свавольным гарэзнікам, ахвярай самых нястрымных жарсцяў. Mae слабахарактарныя бацькі, носьбіты такіх жа якасцяў не здольныя былі супрацьстаяць маім заганам. Mae бацькі толькі вяла адзначалі мае злыя якасці. Іх рэдкія спробы майго выхавання заўжды прыводзілі да іх паразы і майго суцэльнага трыюмфу. 3 таго часу маё слова зрабілася законам для сям’і, і ва ўзросце, калі іншых дзяцей яшчэ водзяць за ручку, я быў пакінуты сам сабе і зрабіўся, па сутнасці, гаспадаром сваіх жаданняў.
Mae першыя ўспаміны пра школьнае жыццё звязаныя з прагулкамі пехам уздоўж вялікай сядзібы часоў каралевы Елізаветы ў туманным ангельскім мястэчку з мноствам велізарных крывых дрэваў, дзе ўсе дамы былі надзвычай старадаўнія. Напраўду, гэта быў рамантычны мройны горад, асвечаны часам. I цяпер мне здаецца, нібы я адчуваю асвяжальны халадок паўзмроку яго вулак, удыхаю водар паўсюднага хмызняку і зноў дрыжу ад невымоўнай прыемнасці пад глухія гукі царкоўнага звону, які штогадзіну нечакана тужлівым гулам разганяў спакой і цемру, у якой спачывала старажытная гатычная званіца.
Часамі мне прыемна згадваць школу і ўсё, што з ёй звязана, — прынамсі ў той ступені, у якой я здольны на гэта цяпер. Мне, зануранаму ў пакуты — пакуты, на жаль, надта сапраўдныя, — хай мне даруюць пошук палёгкі, хаця б слабой і часовай, у некалькіх разрозненых згадках. Яны, хоць цалкам звычайныя і нават смешныя, для мяне вельмі значныя, бо звязаныя з той парой і мясцовасцю, у якія я спазнаў першыя цьмяныя папярэджанні лёсу, што пазней цалкам паглынуў мяне. Тамудазвольце мне прыгадаць.
Сядзіба, як я казаў, была старая і несуладная, а падворак вакол — шырокі, аточаны высокім цагляным мурам, пасыпаным зверху бітым шклом. Гэты бастыён, што нагадваў
турму, і быў мяжой маёнтка, за які мы выходзілі тры разы на тыдзень; раз — у суботу апоўдні, калі нам разам з двума прыслужнікамі дазвалялася выйсці на кароткі шпацыр у палях, што раскідваліся побач, і двойчы — у нядзелю, калі нас шыхтом вялі на ранішняе і вечаровае набажэнствы ў вясковую царкву. Дырэктар нашай школы быў святар у гэтай царкве. 3 якім жа глыбокім душэўным здзіўленнем і разгубленасцю я пазіраў на яго з нашых царкоўных лаваў, калі ён павольна і велічна ўзыходзіў на кафедру. Пастар са сціплым і спакойным тварам у дбайна напудраным парыку, шорсткім і вялікім, у шатах, якія бліскучымі хвалямі спадалі на падлогу, — няўжо гэта ён яшчэ нядаўна з кіслай мінай, у неахайным сурдуце ў крышках табакі лінейкай вяршыў драконаўскія законы нашай установы? 0, спалучэнне неспалучальнага, няўмольная супярэчлівасць, жудасная ў сваёй неспасцігальнасці!
3-за рога цяжкога мура пазірала яшчэ больш цяжкая брама. Яна была абкляпаная цвікамі, што вострымі шыпамі тырчалі з яе. Якое ж душэўнае трымценне яна выклікала! Яе ніколі не адчынялі, апроч трох разоў, якія я ўжо згадваў; таму кожны рып магутных петляў поўніўся таямніцамі — выклікаў мноства змрочных назіранняў і яшчэ змрачнейшых роздумаў.
Шырокая агароджа была няправільнай формы з мноствам ёмістых нішаў. Тры-чатыры найбольшыя з іх выконвалі функцыю пляцовак для гульняў. Яны былі роўныя, ашчадна пасыпаныя жвірам. Я добра памятаю, што там не было дрэваў, лаваў ці чагось такога. I месціліся пляцоўкі, зразумела, за сядзібай. А вось перад ёй быў кветнік, засаджаны самшытам і іншым хмызняком, але праз гэтае святое месца мы праходзілі толькі ў самых рэдкіх выпадках — калі, напрыклад, паступалі ў школу ці заканчвалі яе альбо калі бацькі ці сябры наведвалі нас, і мы радасна ад'язджалі дадому на Раство ці летнія вакацыі.
Але ж сядзіба... Наколькі адметны стары будынак! Ён здаваўся мне сапраўдным казачным замкам! Безліч разнастайных закуткоў і бясконцых калідораў. Складана было з пэўнасцю сказаць, на якім з двухяго паверхаўты знаходзішся.
Трэба было зрабіць тры-чатыры крокі ўверх ці ўніз па прыступках, каб трапіць з аднаго пакоя ў іншы. Бакавых калідораў разгалінаваных і заблытаных, было так неспасцігальна шмат, што нам прасцей было ўявіць бясконцасць, чым парадак іх размяшчэння. За ўсе пяць гадоў, што я там пражыў, я не мог з дакладнасцю вызначыць, дзе ж месціўся маленькі пакой, прызначаны для мяне і яшчэ васямнаццаці-дваццаці шкаляроў.
Клас быў найвялікшым пакоем у будынку — я не мог пазбавіцца думкі, што і ў свеце. Ён быў вельмі доўгі, вузкі і змрочны, з завостранымі гатычнымі вокнамі і навіслай дубовай столяй. У дальнім куце, што навяваў жах, частка плошчы была абгароджаная на восем-дзесяць футаў пад «святая святых» — кабінет дырэктара, вялебнага доктара Брэнсбі. Гэта была ўнушальная канструкцыя з масіўнымі дзвярыма — нават у адсутнасць «пастыра» яго авечкі хутчэй загінулі б у страшных пакутах, чым адчынілі іх. Па іншых кутах было яшчэ два падобныя адсекі, нашмат менш пачэсныя, але ўсё з той жа аўрай страху. Адзін з іх быў каморынай настаўніка класічных моваў, другі — настаўніка ангельскай і матэматыкі. Раскіданыя ўпоперак і ўздоўж, у кабінеце ў бясконцым беспарадку месціліся незлічоныя парты і лавы — чорныя, старыя, струхлелыя, заваленыя зашмальцаванымі кнігамі і настолькі спярэшчаныя літарамі ініцыялаў і поўнымі імёнамі, гратэскавымі выявамі ды іншымі слядамі сцізорыка, што цалкам страцілі першапачатковы выгляд і даўно чакалі замены. У адным канцы класа стаяла вялізнае вядро, у іншым — аграмадных памераў гадзіннік.