• Газеты, часопісы і г.д.
  • Маска Чырвонае Смерці  Эдгар Алан По

    Маска Чырвонае Смерці

    Эдгар Алан По

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 472с.
    Мінск 2011
    109.3 МБ
    Я доўга-доўга чытаў і пільна-пільна ўглядаўся. Гадзіны праляталі хутка і ўрачыста, пакуль не настала глыбокая поўнач. Мне не спадабалася, як стаіць кандэлябр, і, з цяжкасцю працягнуўшы руку, каб толькі не будзіць прыснулага слугу, я пераставіў яго так, каб полымя паўней асвятляла кнігу.
    Аднак гэтае дзеянне мела зусім неспадзяваны вынік. Промні ад свечак (а іх было некалькі) цяпер асвятлялі нішу, якая дагэтуль патанала ў глыбокай цемры каля адной з апораў ложка. I я пабачыў у зыркім святле незаўважную дагэтуль карціну. Гэта быў партрэт дзяўчыны, у якой толькі па-
    чала выспяваць жаноцкасць. Я паспешліва зірнуў на карціну і заплюшчыў вочы. Чаму я гэтак зрабіў — мне й самому адразу было незразумела. Але пакуль павекі заставаліся апушчаныя, я ў думках пашукаў прычыну — чаму я заплюшчыў вочы. Гэта быў міжвольны рух, каб заашчадзіць хвілінку на роздум — каб упэўніцца, што мой зрок мяне не падмануў, — каб супакоіцца і падпарадкаваць уяўленне цвярозаму і пэўнаму роздуму. Праз некалькі імгненняў я зноў пільна ўзіраўся ў карціну.
    Што мне не прымроілася — у тым не было аніякага сумневу; бо першы водбліск полымя на палатне, як здалося, развеяў мройнае здранцвенне, якое апанавала мае пачуцці, і ўмомант абудзіў мяне да жыцця.
    Гэта быў, як я ўжо казаў, партрэт дзяўчыны. Звычайны партрэт, калі ўжыць тэхнічны тэрмін, у манеры віньеткі; вельмі падобны стылем да партрэтаў Салі*. Рукі, грудзі і нават кончыкі прамяністых валасоў незаўважна зліваліся з няясным і глыбокім ценем, які ўтвараў тло карціны. Рама была авальная, пакрытая багатым залачэннем і маўрытанскімі філігранямі. Як твор мастацтва сама карціна была дасканалая. Аднак наўрад ці самое выкананне ці несмяротная прыгажосць твару маглі так раптоўна і моцна мяне ўразіць. I ўжо зусім не магло быць, каб маё ўяўленне, абуджанае ад паўсну, магло зблытаць партрэт з жывым абліччам. Я адразу пабачыў, што асаблівасці ўзору, стылю і рамы мусілі б адразу развеяць гэткую думку — мусілі б не даць ёй узнікнуць нават на імгненне. Паважна думаючы над гэтымі пытаннямі, я нейкую гадзіну сядзеўу ложку, не зводзячы вачэй з партрэта. Нарэшце, задаволены сапраўднай таямніцай ягонагаўздзеяння, я зноў лёг. Чары карціны, на маю думку, палягалі ў абсалютнай жыццепадобнасці выразу твару, які спачатку здзівіў, a пасля збянтэжыў, скарыў і спалохаў мяне. 3 глыбокім і багавейным страхам я паставіў кандэлябр на старое месца. Калі прычына майго глыбокага хвалявання схавалася ад вачэй, я пачаў прагна гартаць кнігу, дзе апісваліся карціны ды іхныя гісторыі. Знайшоўшы нумар, якім быў пазначаны авальны партрэт, я прачытаў гэткія няясныя й дзівосныя словы:
    «Яна была панна незраўнанае прыгажосці, і весялосць яе не саступала ейнай красе. I ў ліхую гадзіну пабачыла яна, пакахала і ўзяла шлюбам мастака. Ён быў апантаны, заўзяты, няшчадны і ўжо меў за нявесту сваё Мастацтва; яна ж была панна незраўнанае прыгажосці, і весялосць яе не саступала ейнай красе; яна ззяла і ўсміхалася і скакала, як маладая лань; любіла й песціла ўсё, што бачыла навокал; ненавідзела толькі мастацтва — сваю злую суперніцу; баялася толькі палеты і пэндзляў ды іншых нясцерпных снадзіваў якія забіралі ў яе каханага. Таму страшна было пачуць гэтай панне, што мастак жадае намаляваць партрэт сваёй нявесты. Аднак яна была пакорлівая й паслухмяная і аддана сядзела доўгімі тыднямі ў цьмяным пакоі ў вежы, дзе на бледнае палатно аднекуль высока згары падала рэдкае святло. Аднак ён, мастак, упіваўся славаю ад свае працы, якая цягнулася гадзінамі, дзень пры дні. Гэта быў апантаны, дзікі й наравісты чалавек, які згубіўся ў сваіх мроях; так што ён і не заўважыў, як прывіднае святло ў самотнай вежы пачало губіць здароўе і сілу ягонай нявесты, чыё павольнае звяданне заўважалі ўсе, апрача яго. Але яна й надалей усміхалася і не наракала, бо бачыла, што мастак (які меў немалую славу) адчуваў ад сваёй працы пякучую асалоду, ён працаваў дзень і ноч, каб намаляваць тую, што так яго кахала і што няможала й слабла з кожным днём. I сапраўды, усе, хто глядзеў на партрэт, шэптам гаварылі пра падабенства як пра вялікі цуд, як пра доказ не толькі вялікага майстэрства мастака, але й яго бязмежнага кахання да той, каго ён так незраўнана апісаў на карціне. Аднак урэшце, калі праца ўжо набліжалася да завяршэння, у вежу перасталі пускаць старонніх людзей; мастак зусім здзічэў у запале сваёй працы і рэдка зводзіў вочы ад палатна, нават каб паглядзець на жончын твар. Таму ён і не заўважаў што адценні, якія ён наносіў на палатно, браліся з шчокаў той, што сядзела побач з ім. I калі мінула яшчэ некалькі тыдняў і засталося зрабіць зусім мала, правесці пэндзлем па вуснах і дадаць адцення вачам, душа панны ўскалыхнулася, як полымя лямпы перад згасаннем. I тады фарба легла на вусны і адценне дадалося вачам; і мастак на хвіліну застыў, зачараваны сваім творам;
    аднак праз імгненне, яшчэ не адвёўшы вачэй ад партрэта, ён задрыжаў і смяротна збялеў, і ў жаху закрычаўшы немым голасам: «Дык гэта ж самое жыццё!», павярнуўся да сваёй каханай: — Яна была нежывая!»
    Пераклаў Сяргей Шупа
    /Іігея
    I ўгэтым — воля, што не ведае смерці. Хто ведае таямніцы волі ва ўсёй моцы яе? Таму што Бог ёсць не чым іншым, як вялікай воляй, што прасякае ўсё самой прыродай задумы свае. He аддае сябе чалавек ні анёлам, ні смерці цалкам, толькі праз бяссілле слабое свае волі.
    Джозэф Глэнвіл*
    Нават дзеля ўратавання душы не змог бы я згадаць абставінаў, часу і нават дакладнага месца свайго знаёмства з лэдзі Лігеяй. Мінула шмат гадоў з таго часу, а памяць мая саслабла ад пакутаў. А можа, я не магу згадаць таго, бо, сапраўды, характар маёй каханай, яе рэдкая вучонасць, яе выключная спакойная прыгажосць і хвалюючая чароўная красамоўнасць яе нізкага музычнага маўлення знайшлі дарогу да майго cappa так павольна і паступова, што заставаліся незаўважнымі і нязнанымі. Тым не менш мне здаецца, што я сустрэўся з ёй і бачыўся з ёй найчасцей у адным буйным старым горадзе ля Рэйна, што павольна прыходзіў у заняпад. Яе сям'я... я пэўны, яна расказвала пра яе. Род гэты, без сумневаў быў надзвычай старажытны. Лігея! Лігея! Аддаючыся заняткам, якія як нішто іншае паслабляюць повязь з вонкавым светам, адно гэтым любым словам — Лігея — уваскрашаю я вобраз тае, якое ўжо няма. I цяпер, пішучы гэта, я раптам згадаў, што ніколі не ведаў родавага імя той, што была маім сябрам і нявестай, той, што стала ўдзельніцай маіх заняткаў і ўрэшце — маёй каханай жонкаю. Ці быў гэта гарэзлівы выклік з боку мае Лігеі? Альбо выпрабаванне мае прыязнасці, мае здольнасці ўстрымацца ад роспытаў пра гэта? Ці, можа, мая ўласная прыхамаць — вар'яцкая рамантычная ахвяра на алтар мае самай жарснай адданасці? Але й гэта я згадваю цьмяна — чаго ж здзіўляцца таму, што я цалкам забыўся на ўсе абставіны, якія спарадзілі гэта і гэтаму спадарожнічалі? I сапраўды, калі дух, што завецца Закаханасцю, калі яна, бледная і туманнакрылая
    Аштафет* паганскага Егіпта, напраўду, як кажуць паданні, прарочыла гора якому-небудзь вяселлю, то, без сумневаў, і майму таксама.
    Ёсць, зрэшты, адно дарагое мне, што памяць мая захавала, — гэта аблічча Лігеі. Была яна высокая, крыху танклявая, а ў апошнія свае дні — нават змарнелая. Ніколі б не здолеў я перадаць велічнасць і спакойную нязмушанасць яе паводзінаў або неспасцігальную лёгкасць і грацыю яе рухаў. Яны з’яўлялася і знікала, быццам цень. Пра яе прыход у мой зацішны кабінет я даведваўся толькі дзякуючы мілай музыцы яе ціхага, пяшчотнага голасу, калі мармуровыя пальцы апускаліся на маё плячо. Ніводная дзяўчына ніколі б не зраўналася з ёй прыгажосцю твару. Гэтае ззянне опіюмнай мары — паветраная відзежа палёту душы, больш казачная за фантазіі мройных душаў дачок Дэласа*. Аднак у гэтых рысах не было тае правільнасці, якую класічныя паганскія працы змусілі наслічыць дасканаласцю. «Няма вытанчанае прыгажосці, — справядліва заўважае Бэкан, лорд Веруламскі*, пішучы пра формы і genera1 прыгажосці, — без нейкай незвычайнасці прапорцый». Усё ж, хаця я бачыў што ў рысах Лігеі няма класічнае правільнасці, хаця я заўважаў што яе хараство насамрэч было «вытанчаным», і адчуваў ягоную «незвычайнасць», усё ж марнымі былі ўсе спробы знайсці няправільнасць, якая выклікала ўва мне пачуццё гэтай незвычайнасці. Я ўглядаўся ў абрысы высокага бледнага ілба — ён быў бездакорны. Бездакорны — якое халоднае слова ў дачыненні да такое боскае велічы! 3 яго белізной было не зраўнацца і найчысцейшай слановай костцы, на ім панавалі спакой і гармонія... Гэтыя лёгкія выступы на скронях і чорныя, бы крумкачовае крыло, бліскучыя, раскошныя і ад прыроды кучаравыя пасмы, што адразу выклікалі ў памяці гамэраўскі эпітэт «гіяцынтавыя»! Я разглядаў далікатныя лініі носа — нідзе больш я не бачыў гэткай жа дасканаласці, апрача вытанчаных габрэйскіх медальёнаў. Такая ж раскошная роўнасць, такая ж ледзь бачная гарбінка, такія ж плаўна
    1 Роды (лац.).
    выразаныя ноздры гаварылі пра вольны дух. Я глядзеў на чароўныя вусны. У іх быў сапраўдны трыюмф нябеснасці: найпрывабнейшы выгін кароткай верхняй губы, мяккая, пачуццёвая нерухомасць ніжняй, вясёлыя ямачкі, насычаны колер; зубы, якія з амаль немагчымым ззяннем адлюстроўвалі кожны прамень дабраславёнага святла, што падала на іх, калі яна ўсміхалася — ясна, спакойна і ўсё ж так асляпляльна! Я вывучаў форму яе падбароддзя — і там знаходзіў мяккую шырыню і веліч, пяшчоту і адухоўленасць грэкаў — абрысы, якія Апалон толькі ў сне паказаў Клеамену*, сыну афінца. I тады я ўглядаўся ў вялізныя вочы Лігеі.
    Ідэалу вачэй антычнасць нам не пакінула. Можа, менавіта ў вачох маёй каханай і хаваўся той сакрэт, пра які казаў лорд Веруламскі. Яны былі, я ўпэўнены, нашмат большыя за звычайныя чалавечыя вочы. Яны былі дасканалейшыя нават за газеліныя вочы племені з даліны Нурджахаду*. Аднак вельмі рэдка — толькі ў часы глыбокага хвалявання — гэтая асаблівасць Лігеі рабілася злёгку заўважнай. I ў такія моманты яе прыгажосць — ці так падавалася майму палкаму ўяўленню? — была прыгажосцю істотаў, што жывуць над зямлёй ці па-за зямлёй, — прыгажосцю казачных мусульманскіх гурыяў. Вочы яе мелі самае бліскучага адценне чорнага, і іх аблямоўвалі смаляныя вейкі неверагоднай даўжыні. Бровы, крыху няправільна выгнутыя, мелі той самы колер. «Дзіўнасць», якую я заўважаў у яе вачах, не была абумоўленая, аднак, ні памерам іх, ні колерам, ні бляскам — яна была ў выразе. 0 гэтае няўцямнае слова! За яго неасяжнай пустэчай мы хаваем сваё поўнае няведанне духоўнага. Выраз вачэй Лігеі! Колькі доўгіх гадзінаў я думаў пра яго! Марна спрабаваў я спасцігнуць яго глыбіні адну цэлую летнюю ноч. Што хавалася ў зрэнках маёй каханай — глыбейшае за калодзеж Дэмакрыта*? Што? Я быў апанаваны жаданнем знайсці адказ. Гэтыя вочы! Вялікія, бліскучыя, боскія вочы! Яны сталі маімі двайнымі зорамі Леды*, а я — найадданейшым з астролагаў.