Маска Чырвонае Смерці  Эдгар Алан По

Маска Чырвонае Смерці

Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
109.3 МБ
Адагнаўшы думку, якая не магла не быць насланнём, я пачаў больш уважліва вывучаць фасад будынка, які існаваў наяве. Без сумневаў, ён быў надзвычай старажытны. Стагоддзі доўга сціралі яго колеры. Плесня пакрывала ўсю знадворную частку дому, тонкай заблытанай павуцінай звісаючы з дахавых скатаў. Але хоць якога значнага разбурэння не было заўважна. Каменная кладка не абвалілася, і дзіўна было назіраць скрайнюю неадпаведнасць паміж усё яшчэ бездакорнымі прапорцыямі пабудовы і станам асобных, амаль раскрышаных, камянёў. Усё гэта нагадала мне падманную цэласць старое драўніны, што доўгія гады гніла ў якім-небудзь закінутым сутарэнні, куды ні разу не ўварваўся
звонку подых ветру. Зрэшты, апроч гэтага знаку павольнага заняпаду, матэрыял не выглядаў нетрывалым. Магчыма, уважлівае вока і ўгледзела б амаль незаўважную расколіну, што пачыналася ўверсе фасада, зігзагам спускалася па сцяне і гублялася ў змрочных водах возера.
Звярнуўшы ўвагу на ўсё гэта, я кароткай паркавай сцежкай пад’ехаў да дому. Служка прыняў майго каня, і я прайшоў пад гатычнымі скляпеннямі хола. Нячутна ступаючы, лёкай у поўным маўчанні правёў мяне праз шматлікія цёмныя і заблытаныя калідоры ў кабінет свайго гаспадара. Шмат з таго, што я бачыў, пакуль мы ішлі, усё больш нагнятала тыя няясныя адчуванні, пра якія я ўжо казаў. I хаця ўсё, што атачала мяне, — разьблёны арнамент столі, цёмныя габелены на сценах, гладкая чорная падлога, фантасмагарычная трафейная зброя, якая бразгатала, калі я праходзіў міма, — усё было (ці здавалася мне) знаёмым з дзяцінства, я, усведамляючы яго звычайнасць, са здзіўленнем адзначаў якія неверагодныя фантазіі могуць абудзіць самыя звыклыя прадметы. На адной з лесвіцаў я сустрэў сямейнага доктара. На твары ягоным, як мне здалося, агідная хітрасць змешвалася з разгубленасцю. Ён усхвалявана прывітаў мяне і пайшоў далей. Лёкай тым часам расчыніў дзверы і абвесціў мой прыход.
Пакой, у якім я апынуўся, быў вельмі прасторны і высокі. Доўгія і вузкія спічастыя вокны былі так высока ад дубовай падлогі, што да іх немагчыма было дацягнуцца. Слабых чырванаватых промняў, што праходзілі праз закратаваныя вокны, было дастаткова, каб разгледзець найболып буйныя прадметы, але позірк марна спрабаваў сягнуць аддаленых кутоў пакоя або паглыбленняў у скляпеністай, пакрытай разьбой столі. Цёмныя парцьеры завешвалі сцены. Старажытная мэбля была нязручнай і абшарпанай. Паўсюль ляжалі кнігі і музычныя інструменты, але яны не рабілі абстаноўку хоць на каліва больш жывою. Я адчуў, як мяне паглынае атмасфера скрухі. Усё поўніла і над усім панавала гнятлівая, глыбокая, несуцішная туга.
Калі я ўвайшоў Ашэр падняўся з канапы, дзе да гэтага ляжаў расцягнуўшыся, і прывітаў мяне з той гарачай сардэч-
насцю, у якой, як мне спачатку падалося, было шмат ад празмернай ветлівасці, змушаных высілкаў знуджанага сплінам свецкага чалавека. Але адзін позірк на Ашэра ўпэўніў мяне ў яго непадробнай шчырасці. Мы селі. Некалькі імгненняў пакуль ён маўчаў, я глядзеў на яго са змяшаным пачуццём жалю і страху. Несумненна, ні адзін чалавек за такі кароткі час не мяняўся так жахліва, як Родэрык Ашэр! Цяжка было паверыць, што чалавек, які сядзіць перада мной, — сябар майго дзяцінства. I ўсё ж рысы ягоныя былі адметнымі і тады, і цяпер. Змярцвела-бледны твар; вялікія, ясныя, сваім бляскам ні з чым не параўнальныя вочы; вусны даволі тонкія і практычна бяскроўныя, але незвычайна прыгожых абрысаў; тонкі габрэйскі нос, але з зашырокімі для такой формы ноздрамі; цудоўна вылепленае падбароддзе недастаткова выступае наперад, што сведчыць пра недахоп душэўных сілаў; валасы, мякчэйшыя і танчэйшыя за павуціну, — гэтыя рысы ў спалучэнні з празмерна высокім ілбом нялёгка было забыць. А цяпер яны акрэсліліся так рэзка, застыўшы ў выразе, які часта прымалі, што непазнавальна змянілі гэты твар, і я нават засумняваўся, што за чалавек перада мной. Цяперашнія мёртвая бледнасць скуры і неверагодны бляск вачэй здзівілі — і нават спалохалі — мяне найболын. Далікатныя, бы шоўк, зблытаныя валасы, здавалася, жылі асобным жыццём і, як павуціна, быццам не аблямоўвалі твар, а луналі вакол яго, і я не мог, як ні намагаўся, спалучыць гэты фантастычны вобраз з уяўленнем пра зямную істоту.
У паводзінах майго сябра мяне адразу ўразіла нейкая непаслядоўнасць, супярэчлівасць. Хутка я зразумеў, што прычынай яе былі шматлікія марныя спробы змагчы пастаянную дрыготку, моцнае нервовае ўзбуджэнне. Да чагосьці такога я быў падрыхтаваны і ягоным лістом, і некаторымі дзіцячымі ўспамінамі, і высновамі, якія я зрабіў назіраючы за яго фізічнымі асаблівасцямі і праявамі яго незвычайнага тэмпераменту. Ён то ажыўляўся, то зноў рабіўся прыгнечаным. Ягоны голасто няўпэўнена дрыжаў (калі бадзёрасцьзнікала даастатку), то раптам пераходзіў да энергічнае важкасці, да таго адрывістага, цяжкога, павольнага і гулкага вымаўлення, якое,
са сваёй няспешнасцю, ураўнаважанасцю і бездакорнымі мадуляцыямі, уласцівае безнадзейным п'яніцам або невылечным опіяманам падчас іх найвышэйшае ўзбуджанасці.
Вось такім чынам ён гаварыў пра мэту майго візіту, пра гарачае жаданне бачыць мяне і пра суцяшэнне, якога ён чакаў ад майго прыезду. Ён доўга расказваў мне пра тое, што лічыў прычынаю свае хваробы. Гэта была, казаў ён, прыроджаная спадчынная немач, сродак супраць якой ён зняверыўся знайсці. Звычайнае нервовае расстройства, — тут жа дадаў ён, — якое, без сумневаў, хутка пройдзе. Праяўлялася яно ў шматлікіх ненатуральных адчуваннях. Некаторыя з іх пасля ягонага апісання зацікавілі і збянтэжылі мяне, зрэшты, магчыма, на мяне паўплывалі асобныя яго словы і яго манера гаварыць увогуле. Ён неймаверна пакутаваў ад хваравітае абвостранасці ўсіх пачуццяў. Ён насіў адзенне толькі з пэўнае тканіны, мог трываць толькі ежу зусім без смаку, пах любых кветак быў для яго невыносны, ягоныя вочы не цярпелі нават цьмянага святла, і толькі асобныя гукі струнных інструментаў не поўнілі яго жахам.
Я зразумеў, што ім завалодаў нейкі ненармальны страх. «Я загіну, — казаў ён, — я мушу загінуць ад гэтага неверагоднага вар'яцтва. Такі, менавіта такі, і ніякі іншы, канец мяне чакае. Я так баюся тых здарэнняў, што хутка адбудуцца... не, не іх саміх, а таго, што яны за сабою пацягнуць. Я скаланаюся ад думкі пра любы, нават самы банальны, выпадак, здольны паўплываць на гэтую невыносную душэўную ўзбуджанасць. Мне агідная не небяспека, а яе скрайняя праява — жах. Вось так, пазбаўлены мужнасці, у вартым жалю стане, я прадчуваю, што рана ці позна надыдзе імгненне, калі я страчу ўвадначас і жыццё, і розум у барацьбе са злавесным прывідам — страхам».
3 часам я з ягоных бязладных і няясных намёкаў даведаўся пра яшчэ адну асаблівасць ягонага душэўнага стану. Ім валодалі забабонныя ўяўленні што да ягонага дому, адкуль ён многія гады нікуды не выязджаў, — пра нібыта моцны ўплыў (аб чым ён паведаміў такімі цьмянымі выразамі, што я не ў стане іх узнавіць), які пэўнымі асаблівасцямі архітэктуры і матэрыялу і з прычыны шматгадовае звычкі
зрабіў на ягоную душу ягоны фамільны замак: выгляд шэрых сценаў і вежаў, цёмнае возера, у якое яны глядзеліся, — усё гэта адбілася на духоўным боку ягонага жыцця.
Аднак ён прызнаўся, хоць і не адразу: надзвычайная прыгнечанасць, якая апанавала яго, была выкліканая прычынаю больш натуральнаю і нашмат больш значнаю — цяжкой і доўгай хваробаю, а дакладней, відавочна блізкай смерцю пяшчотна любімай сястры, яго адзінага сябра на працягу доўгіх гадоў апошняй на свеце з іхнай сям’і. Яе скон, казаў ён з горыччу якой я не магу забыць, пакіне яго (яго, роспачнага, кволага) апошнім са старажытнага роду Ашэраў. Пакуль ён гаварыў, лэдзі Мадэліна (менавіта так яе звалі] прайшла міма праз аддаленыя дзверы пакоя і, не заўважыўшы мяне, знікла. Я глядзеў на яе, неймаверна ўражаны і не без трымцення, не ў стане ўсё ж вытлумачыць гэтыя адчуванні. Я дранцвеў, сочачы за тым, як яна паступова знікала з вачэй. Калі ўрэшце за ёю зачыніліся дзверы, я інстынктыўна і нецярпліва павярнуўся да яе брата, але ён закрыў твар рукамі, і я заўважыў толькі, як яшчэ большая бледнасць разлілася па ягоных худых пальцах, скрозь якія няспынна цяклі гарачыя слёзы.
Хвароба лэдзі Мадэліны доўгі час бянтэжыла яе дактароў. Пастаянная апатыя, усё большая знясіленасць і шматлікія, хаця і непрацяглыя, прыпадкі, падобныя да каталептычных, складаліся ў незвычайны дыягназ. Да гэтага яна мужна змагалася з абвастрэннямі хваробы і не дазваляла сабе злегчы. Але ўвечары таго дня, калі я прыехаў, яна — як з невымоўнай усхваляванасцю паведаміў мне яе брат — саступіла спусташальнай сіле разбуральніцы, і я зразумеў, што той вокамгненны позірк, кінуты мною на яе, можа стаць апошнім і што я не ўбачу яе болей — прынамсі, жывою.
Некалькі дзён ні я, ні Ашэр не згадвалі яе імя. Цягам гэтага часу я рабіў усё, каб развеяць тугу майго сябра. Мы малявалі або чыталі разам, а часам я, нібы ў сне, слухаў шалёныя імправізацыі ягонай гітары, якая быццам валодала дарам гаварыць. Па меры таго як расла і расла нашая блізкасць, адкрываючы мне доступ да таямніцаў ягонага сэрца, я з усё большай горыччу ўпэўніваўся ў марнасці сваіх высілкаў су-
цешыць душу, з якой змрок, нібы неад’емная і абавязковая яе частка, выліваўся на ўсё духоўнае і матэрыяльнае, бесперапынна выпраменьваючы тугу.
Памяць пра шматлікія змрочныя гадзіны, праведзеныя мною сам-насам з уладаром Дому Ашэраў, ніколі не пакіне мяне. Але мне б ніколі не ўдалося хаця б даць уяўленне пра тое, чым былі заняткі, да якіх ён залучаў мяне, у якіх ён кіраваў мною. Хісткая і зменлівая, нерэальная атмасфера кідала на ўсё вакол пякельны водбліск. Ягоныя доўгія імправізаваныя пахавальныя плачы заўсёды будуць гучаць у мяне ўвушшу. Сярод іншага болем адгукаецца ўва мне ўспамін пра нейкую дзіўна вычварную варыяцыю на тэму шалёнай мелодыі апошняга вальсу фон Вэбера*. 3 карцінаў якія нараджала ягоная буйная фантазія, якім кожны мазок дадаваў няяснасці і якія напаўнялі мяне трымценнем — тым большым, што я не ведаў яго прычыны, — з гэтых карцінаў што і цяпер стаяць перад вачыма, толькі маленькая частка падлягала слоўнаму апісанню. Строгая прастата лініяў выразны, без прыхарошвання, малюнак — усё забірала ўвагу і завалодвала гледачом даастатку. Калі якісьці смяротны і мог маляваць ідэю, то гэтым смяротным быў Родэрык Ашэр. Прынамсі, мне, у тых абставінах і ў тым атачэнні, бачылася, як з чыстых абстракцыяў, якія пад рукою майго сябра-іпахондрыка ўвасабляліся на палатне, нараджалася найглыбейшая і невыносная жуда, ні ценю якое я ніколі не адчуваў сузіраючы безумоўна бліскучыя, але ўсё ж занадта канкрэтныя відзежы Фюзелі*.