Маска Чырвонае Смерці
Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
Адзін з фантасмагарычных твораў майго сябра, не такі немагчыма абстрактны, як іншыя, можна, хоць і ў невялікай ступені, пераказаць словамі. Маленькая карціна выяўляла неймаверна доўгі прастакутны склеп або калідор, нізкі, з гладкімі белымі сценамі без аніякага ўзору або няроўнасці. Некаторыя дэталі малюнка давалі адчуць, што гэты склеп ляжыць вельмі глыбока пад зямлёю. Ніводнага выхаду не было відаць на ўсёй неагляднай яго прасторы, не было ніводнай паходні ці яшчэ якой-кольвек штучнай крыніцы святла. Тым не менш мноства яркіх прамянёў залівала ўвесь склеп, поўнячы яго дзіўным жудасным ззяннем.
Я толькі што згадваў пра хваравітасць слыхавога нерва, якая любую музыку рабіла для пакутніка невыноснай, за выняткам гучання некаторых струнных інструментаў. Магчыма, вузкая сфера, якою ён абмежаваў сябе, — гітара — у значнай ступені абумовіла фантастычнасць ягонага грання. Але нечуваную лёгкасць яго імправізацыяў гэтым патлумачыць немагчыма. Неўтаймоўныя фантазіі, выказаныя і ў гуках, і ў словах (зрэдку ён суправаджаў музыку вершаванымі экспромтамі), мусілі быць — і былі — вынікам напружанай разумовай засяроджанасці, якую, як я ўжо казаў, можна было назіраць толькі ў асаблівыя моманты найвышэйшай, штучна выкліканай экзальтацыі. Словы адной з такіх рапсодыяў я лёгка запомніў. Магчыма, яе выкананне так моцна ўразіла мяне, бо акурат тады я, зразумеўшы яе найглыбейшы схаваны сэнс, упершыню выразна адчуў: Ашэр цалкам усведамляе, што трон яго высокага розуму пахіснуўся. Верш, які называўся «Закляты замак», гучаў прыблізна, а магчыма, і дакладна так:
У даліне, дзе ўрачысты Хваласпеў-харал гучаў, Маляўнічы й прамяністы Замак велічна паўстаў. Розуму была там воля Над усім,
I не асланяў ніколі Лепшых земляў серафім.
Гордых вымпелаў палотны Замкавы вянчалі дах (Дзень згубіўся той зіхотны
У вяках).
Там ветрык лёгкі над мурамі Шукаўзабаў—
Сабе, гуляючы сцягамі, Няўлоўны водар забіраў.
Хто ішоў праз дол спагадны, Бачыў — там агонь не цьмеў —
Духаў танец пад суладны, Меладычны лютняў спеў. Там, у велічнай паставе, Сын каралёў, На троне ў асляпляльнай славе Сядзеў уладца тых краёў.
Рубіны й перлы сноп праменняў Слалі з замкавых дзвярэй, 3 іх струменіў і струменіў, I іскрыўся ўсё мацней Хор галасоў; дзівоснай сілы Яны былі,
Іх песня караля хваліла — He будзе лепшай на зямлі.
Ды змрочны дэман, скруха злая Яго пазбавіла стальца.
0, плачце, бо яго адчаю Ужо не прычакаць канца, I слава болей не паўстане — Бліскучы шчыт;
Яна — няяснае паданне, Што адышло ў нябыт.
I хто пабачыць у трымценні Чырвонае святло ў акне, Дзе так бязладна скачуць цені, — Той спешна замак абміне.
Імкнецца вонкі жах суцэльны — Пачвараў плынь жывая.
Там можна рогат чуць пякельны, А ўсмешак — не бывае.
Я добра памятаю, што гэтая балада выклікала ў нас шэраг разважанняў, што рабілі яснай аднудумку Ашэра, якую я згадваю тут не таму, што яна такая ўжо новая (бо так думалі і іншыя’),
1 Ўотсан*, доктар Персіваль*, Спаланцані* і асабліва біскуп Дандаф — гл. «Нарысы па хіміі», том V (заўв. Эдгара По).
а праз настойлівасць, з якою ён яе трымаўся. У агульным гэтая думка зводзілася да таго, што ўсё жывое здольнае адчуваць. Але ў ягоным хваравітым уяўленні гэтая думка змянілася ў больш дзёрзкую, якая ў пэўных аспектах урывалася ў царства нежывой прыроды. Мне бракуе словаў, каб выразіць, як аддана ён трымаўся гэтай думкі і наколькі быў у ёй упэўнены. Гэтае ўяўленне, аднак, было звязанае (як я намякаў раней) з шэрымі камянямі замка ягоных продкаў. На ягоную думку, здольнасць гэтага дому адчуваць была абумоўленая спосабам злучэння камянёў і іх размяшчэннем, гэтаксама як і плесняю, што аплятала дом, і гнілымі дрэвамі, што яго атачалі, а перш за ўсё — доўгаю, бестрывожнаю непарушнасцю ўсяго навокал і яго падваеннем у застылых водах возера. Доказам існавання гэтае адчувальнасці, казаў ён (і я ўздрыгнуў калі ён гэта сказаў), ёсць паступовае, але бясспрэчнае згушчэнне адмысловае атмасферы вакол возера й дому. А наступствы гэтага, дадаў ён, бачныя ў тым невідочным, але неаслабным і жудасным уплыве, які стагоддзямі вылепліваў лёсы ягонага роду і яго самога зрабіў такім, якім я яго бачу цяпер, тым, кім ён ёсць. Такія меркаванні не патрабуюць каментароў, і я ад іх устрымаюся.
Нашыя кнігі — кнігі, што доўгія гады былі важнаю часткай разумовага жыцця хворага, — як і варта было чакаць, цалкам адпавядалі ягоным незвычайным уяўленням. Мы ўважліва вывучалі такія творы, як «Вэр-Вэр» і «Манастыр» Грэсэ*, «Бельфагор» Мак'явэлі*, «Нябёсы і пекла» Сведэнборга*, «Падземнае падарожжа Нікаласа Кліма» Хольберга*, «Хірамантыю» Роберта Флада*, Жана д'Эндажынэ* і Дэляшамбра*, «Падарожжа ў блакітную далеч» Ціка* і «Горад Сонца» Кампанэлы*. Улюбёнаю кнігаю Ашэра была выдадзеная in octavo «Directorium Inquisitorum»1 дамініканскага манаха Эймерыка дэ Жырона*, а над некаторымі ўрыўкамі з працаў Пампонія Мэлы* — пра старажытных афрыканскіх сатыраў і эгіпанаў — ён гадзінамі праседжваў у мроях. Але найбольшую асалоду ён знаходзіў ва ўважлівым вывучэнні надзвычай рэдкага тома in quarto, надрукаванага гатычным
«Настаўленні ў інквізіцыі» (лац.).
шрыфтам, настаўлення нейкае забытае царквы, — «Vigilias Mortuorum secundum Chorum Ecclesias Maguntinae»1.
Я не мог не падумаць пра дзіўныя абрады, апісаныя ў гэтай кнізе, і іх магчымы ўплыў на хворага, калі аднаго вечара, каротка паведаміўшы мне, што лэдзі Мадэліны больш няма, ён сказаў пра свой намер на два тыдні (да канчатковага пахавання) пакласці яе цела ў адзін са шматлікіх склепаў пад цэнтральнаю часткай будынка. Аднак прычына, якою ён патлумачыў мне свой незвычайны ўчынак, была такая, што я не наважыўся спрачацца. Зрабіць гэта ён вырашыў зважаючы (так ён мне сказаў) на незвычайную яе хваробу, некаторыя настойлівыя і неадчэпныя роспыты яе дактароў, а таксама на тое, што сямейныя могілкі былі далёка і ў адкрытым месцы. He буду адмаўляць: згадаўшы змрочны выгляд доктара, якога я сустрэў на лесвіцы ў дзень прыезду, я не захацеў пярэчыць намеру, што падаўся мне, зрэшты, бяскрыўднай і цалкам натуральнай абачлівасцю.
Па просьбе Ашэра я сам дапамагаў яму ў падрыхтоўцы часовага пахавання. Мы ўдвух паклалі цела ў труну і аднеслі яе ў склеп, маленькі, сыры, які не прапускаў ніякага святла. Яго так доўга не адчынялі, што нашыя паходні, напалову згаслыя ў цяжкім паветры, не далі нам шмат разгледзець. Ён ляжаў глыбока пад зямлёю, акурат пад той часткай будынка, дзе была мая спачывальня. Відавочна, у далёкую феадальную эпоху ён выконваў найнепрывабнейшую ролю турмы ў данжоне, а пазней — сховішча, куды складалі порах або іншыя лёгкаўзгаральныя рэчывы, бо частка падлогі і ўвесь скляпеністы калідор, па якім мы прайшлі, былі старанна абабітыя меддзю. Цяжкія жалезныя дзверы былі ўмацаваныя гэткім жа чынам. Праз сваю неймаверную вагу яны жахліва скрыгаталі, паварочваючыся назавесах.
Паклаўшы нашую сумную ношу на драўляны насціл у гэтым жытле жаху мы крыху адсунулі яшчэ не замацаванае века труны і паглядзелі на твар той, што ў ёй ляжала. Надзвычайнае падабенства брата й сястры тады ўпершыню
Парадак службаў па памерлых для хору магунцкай царквы (лац.).
забрала маю ўвагу, і Ашэр, адгадаўшы, мабыць, мае думкі, прамармытаў некалькі словаў, з якіх я зразумеў, што яны са спачылаю блізняты і што паміж імі заўсёды існавала амаль неспасцігальная сувязь. Зрэшты, нашыя позіркі ненадоўга спыніліся на мёртвай, бо глядзець на яе без трымцення мы не маглі. Немач, што звяла яе ў магілу ў росквіце гадоў, пакінула, як звычайна бывае пры каталепсіі, слабое падабенства румянцу на яе твары й грудзях і тую дзіўна застылую ўсмешку на вуснах, што так жахае ў нябожчыках. Мы прыкруцілі века і, замкнуўшы жалезныя дзверы, з цяжкасцю пакрочылі ў ненашмат менш змрочныя пакоі наверсе.
А праз некалькі дзён, поўных глыбокае скрухі, характар разумовага расстройства майго сябра заўважна змяніўся. Ягоная звычайная манера паводзіцца знікла. Штодзённыя заняткі былі закінутыя і забытыя. Ён бязмэтна блукаў з пакоя ў пакой, то тут, то там былі чуваць ягоныя хуткія, няроўныя крокі. Бледнасць ягонага твару зрабілася, калі гэта магчыма, яшчэ жахлівейшаю, аднак бляск ягоных вачэй згас цалкам. Калісьці ягоны голас гучаў глуха, але не цяпер. Што б ён ні казаў, ва ўсім чулася неймавернае трымценне, быццам народжанае найглыбейшым жахам. Часам мне здавалася, што ягоны заўжды ўсхваляваны розум увесь час змагаецца з нейкай гнятлівай таямніцаю, і ён спрабуе набрацца мужнасці, каб пра яе расказаць. А часам я мусіў лічыць усё гэта папросту невытлумачальнымі выбрыкамі вар’яцтва, назіраючы, як ён гадзінамі сядзіць, з незвычайна пільнай увагаю ўглядаючыся ў пустату і нібы прыслухоўваючыся да ўяўных гукаў. He дзіва, што ягоны стан жахаў і заражаў мяне. Я адчуваў, што мною марудна, але няўмольна завалодваюць ягоныя фантастычныя неадступныя кашмары.
Я цалкам адчуў на сабе ўладу гэтых пачуццяў, кладучыся ў ложак на сёмы ці восьмы вечар пасля таго, як мы паклалі лэдзі Мадэліну ў склеп. Сон не йшоў да мяне, гадзіна праходзіла за гадзінаю. Розумам я спрабаваў адагнаць неспакой, што ахапіў мяне. Я намагаўся ўпэўніць сябе, што многае, калі не ўсё, з таго, што я адчуваю, народжанае дзіўным уплывам змрочнае абстаноўкі пакоя — падранымі цёмнымі парцьерамі,
якія пад подыхам блізкае буры парывіста гайдаліся з боку ў бок і трывожна шаргацелі ля балдахіна ложка. Але спробы мае былі марныя. Неадольнае трымценне паступова працяла мяне ўсяго, і цяжар беспрычыннага страху лёг мне на сэрца. Задыхаючыся, з неймавернымі высілкамі адганяючы гэты кашмар, я сеў на ложку і пільна ўгледзеўся ў непраглядны змрок пакоя. Прыслухаўшыся — не ведаю, чаму, мабыць, інстынктыўна, — я пачуў ціхія няясныя гукі, якія зрэдку, незразумела адкуль, даносіліся сюды, калі бура сціхала. Апанаваны ўсеўладным жахам, невыносным і невытлумачальным, я паспешліва апрануўся — бо адчуваў, што гэтаю ноччу мне ўжо не заснуць, — і паспрабаваў скінуць насланнё, хутка ходзячы туды-сюды па пакоі.
Я змераў пакой такім чынам некалькі разоў, калі маю ўвагу забралі лёгкія крокі на лесвіцы побач. Я пазнаў хаду Ашэра. Праз імгненне ён ціха пастукаўся і ўвайшоў з лямпаю ў руках. Ён быў, як заўсёды, змярцвела бледны, але ў вачах свяцілася нейкая вар'яцкая весялосць — па ягоных паводзінах было бачна, што ён ледзь стрымлівае істэрыю. Я жахнуўся ягонага выгляду, але цяпер быў рады ўсяму, што пазбаўляла мяне доўгай невыноснай адзіноты, і ўспрыняў ягоны прыход як палёгку.