Маска Чырвонае Смерці  Эдгар Алан По

Маска Чырвонае Смерці

Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
109.3 МБ
— Вы што, не бачылі? — адрывіста запытаў ён пасля некалькіх імгненняў, цягам якіх ён маўчаў, утаропіўшыся ў нешта акурат перад сабою, — не бачылі? Але пачакайце, яшчэ ўбачыце! — ён асцярожна прыкрыў лямпу, падбег да аднаго з вокнаў і рэзка расчыніў яго насустрач буры.
Імклівая ярасць віхуры ледзьве не збіла нас з ног. Так, гэта была бурная, але сувора прыўкрасная ноч, непаўторная ў сваім жахлівым шаленстве і харастве. Відавочна, дзесьці паблізу пачаўся ўраган, бо кірунак ветру часта і рэзка мяняўся, а надзвычайная гушчыня хмараў, якія віселі так нізка, што ціснулі на вежы замка, не перашкаджала нам бачыць, як яны, нібы жывыя, несліся насустрач адна адной, сутыкаліся, але не разыходзіліся далёка. Я сказаў, што іх надзвычайная гушчыня не перашкаджала нам гэта бачыць, хаця не свяцілі ні зоры, ні месяц, і маланка не бліскала. Але пад вялізнымі ўздыбленымі
клубамі туману, як і паўсюль навокал нас, ззяла ненатуральнае святло, народжанае выпарэннямі газу, які ахутваў дом.
— He варта, не трэба вам на гэта глядзець! — дрыжучы, сказаў я Ашэру і з мяккай настойлівасцю пасадзіў яго на крэсла, далей ад акна. — Тое, што ўсхвалявала вас, — не больш як звычайныя электрычныя з'явы. А можа, іх спарадзілі агідныя міязмы возера... Давайце зачынім акно, такі вецер шкодны для вашага здароўя. Вось адзін з вашых улюбёных рыцарскіх раманаў. Я пачытаю, а вы паслухайце — і мы разам дачакаемся канца гэтае жахлівае ночы.
Старажытны том, узяты мною, быў сачыненнем сэра Ланселота Кенінга «Небяспечнае спатканне»*, але я назваў яго ўлюбёным раманам Ашэра хутчэй нявесела жартуючы, чым усур’ёз, бо, шчыра кажучы, ва ўсім гэтым нязграбным і пазбаўленым фантазіі шматслоўі мой сябар, чыя ўзвышаная душа сягала ідэальнага, наўрад ці знайшоў бы хоць штосьці для сябе цікавае. Аднак гэта была адзіная кніга пад рукою, і я меў слабую надзею, што ўсхваляванасць, якая ахапіла яго, зменшыцца менавіта ад скрайняй бязглуздасці таго, што я збіраўся чытаць (бо хворыя на разумовыя расстройствы часта вылучаюцца такой непаслядоўнасцю]. Прынамсі, калі б я меркаваў па ажыўленай напружанасці, з якою ён слухаў (ці рабіў выгляд, што слухае) аповед, я мог бы павіншаваць сябе з поспехам мае задумы.
Я дайшоў да добра вядомага ўрыўка, дзе Этэльрэд — галоўны герой рамана — пасля марных спробаў мірна ўвайсці ў жытло пустэльніка наважваецца ўварвацца туды сілаю. Тут, калі памятаеце, гаворыцца:
«I Этэльрэд, ад прыроды надзелены мужнасцю, а цяпер яшчэ больш адважны ад віна, ім выпітага, не стаў больш весці размоваў з пустэльнікам, які, праўду сказаць, быў натураю ўпартай і зламыснай, адчуваючы, што набліжаецца дождж і баючыся буры, тут жа падняў сваю булаву і, цяжка дыхаючы, хутка праламаў драўляныя дзверы, а ў адтуліну прасунуў рукуўжалезнай рукавіцы, потым ірвануў іх на сябе, паламаў і разбіў на часткі, і грукат і трэск разбітае сухое драўніны пакаціўся па ўсім лесе».
Дачытаўшы гэты сказ, я ўздрыгнуў і на імгненне спыніўся, бо мне здалося (хаця я тут жа падумаў, што мая ўсхваляваная фантазія мяне падманвае), што з аддаленай часткі будынка да мяне данеслася тое, што, паводле дакладнага свайго падабенства да рэха, мусіла быць менавіта рэхам, што праўда, глухім і слабым, акурат таго грукату й трэску, які так падрабязна апісаў сэр Ланселот. Бясспрэчна, я заўважыў гэта толькі праз супадзенне, бо сярод дрыжання аконных шыбаў і звычайнага змяшанага шуму блізкай навальніцы не было нічога, што само па сабе магло б зацікавіць ці ўзрушыць мяне. Я працягнуў:
— «Але слаўны рыцар Этэльрэд, увайшоўшы ў дзверы, быў да глыбіні душы здзіўлены і разгневаны, не ўбачыўшы ні следу зламыснага пустэльніка. Замест яго там сядзеў жахлівы дракон, пакрыты лускою і з вогненным языком, вартуючы залаты палац са срэбнай падлогаю, а на сцяне вісеў шчыт з бліскучае медзі з такім надпісам:
Хто ўвойдзе сюды, той у бітвах вёў рэй, Хто знішчыць дракона, той шчыт забярэ.
I Этэльрэд падняў булаву і ўдарыў дракона па галаве, і той упаў перад ім, выпусціўшы свой чумны дух, з віскам такім жахлівым і агідным і да таго ж такім пранізлівым, што Этэльрэду давялося закрыць сабе вушы далонямі, каб абараніцца ад жудаснага гуку, ніколі ім дагэтуль не чутага».
I тут я зноў змоўк, цяпер ад неймавернага здзіўлення, бо ўжо нельга было сумнявацца, што я насамрэч пачуў (хаця і немагчыма было зразумець, адкуль) ціхі і вельмі далёкі, але рэзкі і доўгі ці то віск, ці то скрыгат — дакладна такім я ўяўляў неверагодны крык дракона, апісаны ў кнізе.
Хаця пасля гэтага, яшчэ больш незвычайнага, супадзення мяне ахапілі шматлікія супярэчлівыя пачуцці, сярод якіх пераважалі здзіўленне і найглыбейшы жах, я захаваў дастатковую прысутнасць духу, каб ні словам не патрывожыць расстроеныя нервы майго сябра. Я быў зусім не ўпэўнены, што ён пачуў гэтыя гукі, але паводзіны ягоныя за апошнія некалькі хвілінаў дзіўным чынам змяніліся. Седзячы спачатку насу-
праць мяне, ён паступова паварочваў сваё крэсла так, каб быць тварам да дзвярэй, таму цяпер я не бачыў ягонага твару цалкам, заўважыў толькі, што вусны ягоныя варушыліся, нібы ён нячутна штосьці шаптаў. Ён апусціў галаву на грудзі, але я ведаў што ён не спіць, бо вочы ягоныя былі шырока раскрытыя і нерухома глядзелі ў адну кропку. Рухі ягонага цела таксама супярэчылі гэтай думцы: ён пагойдваўся з боку ў бок, плаўна, але пастаянна і аднастайна. Хутка адцеміўшы ўсё гэта, я працягнуў чытаць твор сэра Ланселота:
— «I тады рыцар, унікнуўшы лютай ярасці дракона, успомніў пра медны шчыт, з якога былі знятыя чары, адсунуў з дарогі труп пачвары і мужнай хадою скіраваўся па срэбнай падлозе палаца да сцяны, дзе вісеў шчыт. А шчыт не стаў чакаць, пакуль ён наблізіцца, і ўпаў да ягоных ног з аглушальным і жахліва гучным ляскатам».
He паспелі гэтыя словы сарвацца з маіх вуснаў як тут жа, нібыта той медны шчыт сапраўды цяжка абрынуўся на срэбную падлогу, я пачуў далёкі, гулкі, відавочна прыглушаны ляскат. Цалкам страціўшы прысутнасць духу, я ўскочыў на ногі, але Ашэр па-ранейшаму пагойдваўся з боку ў бок. Я кінуўся да ягонага крэсла. Ён гэтак жа глядзеў перад сабою, а ягоны твар застыў у каменнай нерухомасці. Але калі я паклаў руку яму на плячо, ён увесь здрыгануўся, слабая ўсмешка затрымцела на ягоных вуснах, і я ўбачыў, што ён ціха, хутка і невыразна нешта шэпча, нібыта не разумее, што я тут. Нізка нахіліўшыся да яго, я ўрэшце зразумеў жахлівы сэнс ягоных словаў:
— He чую? — не, чую і чуў! Даўно, даўно, даўно, шмат хвілінаў, шмат гадзінаў, шмат дзён я гэта чуў — і ўсё ж не мог — о, злітуйцеся нада мною, няшчасным, — не мог, не мог сказаць пра гэта! Мы паклалі яе ў магілу жывою! Ці ж не казаў я, што пачуцці мае абвостраныя? Кажу вам, я чуў яе першыя слабыя рухі ў схове труны! Я чуў іх — шмат, шмат дзён таму я іх пачуў, але не мог, не мог сказаць! А цяпер — сёння — Этэльрэд, ха-ха! — разбітыя дзверы пустэльніка, перадсмяротны крык Дракона, ляскат шчыта — а дакладней — зламаная труна, грукат жалезных дзвярэй яе вязніцы,
...там, за імі, сапраўдыўзвышалася захутанаяў саван постаць лэдзі Мадэліны Ашэр.
яе крокі пад меднымі скляпеннямі падзямелля! 0, куды ж мне бегчы?! Ці ж не прыйдзе яна зараз сюды? Ці ж не крочыць яна сюды, каб папракнуць мяне ў паспешлівасці? Ці ж не пазнаў я яе хады на лесвіцы? Ці ж не чую цяжкога, вусцішнага біцця яе сэрца? Вар’ят! — тут ён рэзка ўскочыў на ногі і пранізліва закрычаў, быццам вывяргаючы з сябе душу: — Вар’ят! Кажу ж вам, яна цяпер за дзвярыма!
I адразу ж, нібыта нечалавечая энергія ягоных словаў мела сілу заклёну, вялізныя старажытныя дзверы, на якія ён паказваў, пачалі павольна адчыняцца, раскрываючы сваю жудасную эбенавую пашчу. Гэта зрабіў моцны парыў ветру, але там, за імі, сапраўды ўзвышалася захутаная ў саван постаць лэдзі Мадэліны Ашэр. Кроў запляміла яе белае ўбранне, на схуднелым целе паўсюль былі бачныя сляды адчайнае барацьбы. На імгненне яна затрымалася на парозе, дрыжучы і хістаючыся, а потым з ціхім стогнам упала на грудзі брата і ў яраснай — цяпер перадсмяротнай — агоніі пацягнула ўніз ягонае ўжо мёртвае цела, ахвяру тых жудасцяў, якія ён прадбачыў.
Ахоплены жахам, я бег з гэтага пакоя, з гэтага дому. Навальніца яшчэ бушавала з усёй ярасцю, калі я апынуўся на паркавай сцежцы. Раптам усё вакол працяло жудасным святлом, і я азірнуўся, не разумеючы, адкуль яно, бо за мною быў толькі вялізны дом, агорнуты ценямі. Ззянне йшло ад крывава-чырвонай поўні, якая ўжо садзілася, высвечваючы тую ледзь заўважную расколіну, што зігзагам ішла ад даху дому да фундамента. Пакуль я ўглядаўся туды, расколіна вельмі хутка павялічылася, наляцела лютая віхура, перада мною паўстаў, засцілаючы вочы, дыск поўні, і я змярцвеў, калі ўбачыў, як разлятаюцца на аскепкі моцныя сцены. Пачуўся страшны, аглушальны гук, падобны да голасу тысячаў водных плыняў, і глыбокае цёмнае возера ля маіх ног абыякава і маўкліва пахавала руіны Дому Ашэраў.
Пераклала Кацярына Маціеўская
Авальны партрэт
Замак, у які мой слуга наважыўся праламіцца гвалтам, каб не дазволіць мне ў маім безнадзейна немачным стане прабавіць ноч пад голым небам, уяўляў сабою адну з тых напышлівых і панурых каменных крушняў, што здавён змрочна высіліся сярод апенінскіх схілаў, нібы спароджаныя фантазіямі місіс Рэдкліф*. Па ўсім было відаць, што ягоныя насельнікі часова і зусім нядаўна яго пакінулі. Мы размясціліся ў адным з найменшых і найсціплей абстаўленых пакояў, які ляжаў у невялічкай вежы наўскрай будынка. Ён быў багата аздоблены габеленамі і завешаны шматлікімі і разнастайнымі геральдычнымі шчытамі, разам з незвычайна высокай колькасцю вельмі жывых сучасных карцінаў у рамах з залачонымі арабескамі. Гэтыя карціны, якія віселі не толькі на саміх сценах, але ў шматлікіх угінах і сховах, якія непазбежна ўтвараліся дзівоснаю архітэктураю замка, неяк дзіўна мяне зацікавілі, мабыць, таму, што я ўжо пачынаў трызніць; і я папрасіў Пэдра зачыніць цяжкія аканіцы — бо за вокнамі ўжо стаяла ноч, — запаліць свечкі ў высокім кандэлябры, што стаяў у галовах майго ложка, і адхінуць заслоны з чорнага аксаміту, якія закрывалі сам ложак. Усё гэта я загадаў зрабіць дзеля таго, каб аддацца калі не сну, дык прынамсі папераменнаму сузіранню гэтых карцінаў і гартанню невялікай кнігі, якую я знайшоў каля падушкі і якая змяшчала іх агляд і апісанне.