Навелы
Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
Плаваць Жавэль-малодшы перастаў. Ён атрымаў невялікую пасаду ў порце і, калі пазней расказваў пра гэтае здарэнне, ціхутка прызнаваўся свайму слухачу:
— Каб мой брат згадзіўся перарэзаць той канат, далібог, у мяне б і цяпер была рука. Але ён занадта тросся над сваім скарбам.
ДВА СЯБРЫ
Абложаны, згаладалы Парыж хрыпеў і задыхаўся. На дахах амаль зусім не стала вераб’ёў, памыйныя рыштокі апусцелі. Людзі елі ўсё, што траплялася.
Ясным студзеньскім ранкам Марысо, гадзіннікавы майстар па прафесіі і бяздзейны гультай па збегу абставін, сумна цягнуўся па бульвары, сунуўшы рукі ў кішэні нагавіц і прыслухоўваючыся да бурчання ў пустым жываце. Раптам ён спыніўся перад другім такім самым разявакам. Гэта быў яго былы прыяцель Саваж, з якім Марысо пазнаёміўся на беразе ракі.
Да вайны кожную нядзелю Марысо на золку выходзіў з хаты з бамбукавай вудай і бляшаным кашом за спінай. Ён сядаў у цягнік, які вёз яго ў бок Аржантэля, сыходзіў у Калёмбе і пешкі ішоў да вострава Марант. Ледзь паспеўшы дабрацца да гэтак жаданых мясцін, ён увесь аддаваўся ловам і вудзіў да позняга вечара.
Кожную нядзелю ён сустракаў там маленькага вясёлага таўстуна Саважа, галантарэйніка з вуліцы Нотр-Дам-дэ-Лярэт, які быў таксама заўзяты рыбак. 3 вудамі ў руцэ, звесіўшы ногі над вадой, яны часта да паўдня сядзелі побач каля ракі і, дзякуючы гэтаму, хутка пасябравалі.
Часам цэлымі днямі яны маўчалі. Іншы раз і гаманілі, бывала, але і без слоў яны добра разумелі адзін аднаго, бо мелі аднолькавы густ і ва ўсім падобныя пачуцці.
Вясеннім ранкам, гадзіне а дзесятай, калі памаладзелае румянае сонца развешвала над прыціхлай ракой празрыстую смугу і сагравала спіны зацятых рыбакоў ужо забытым мяккім цяплом, Марысо часам казаў свайму суседу:
— Якое хараство.
I Саваж пагаджаўся:
— Лепш і не бывае.
I гэтага ім хапала для ўзаемнага паразумення і павагі.
А восеньскім надвячоркам, калі крывавае на захадзе неба залівала пурпурам раку, у якой адбіваліся пунсовыя абрысы воблакаў, запальвала далягляд, асвятляла вогненнымі барвамі абодвух сяброў і залаціла ўжо парудзелае лісце, якое зябка дрыжала на дрэвах у прадчуванні зімы, Саваж, усміхаючыся, пазіраў на Марысо і мармытаў:
— Любата.
I зачараваны Марысо, не зводзячы вачэй з паплаўка, адказваў:
— Гэта лепш, як сядзець на бульвары, га?
Сустрэўшыся цяпер, у такіх незвычайных абставінах, яны былі вельмі ўсхваляваныя і моцна паціснулі адзін аднаму рукі. Саваж глыбока ўздыхнуў і сказаў:
— Вось як яно ўсё павярнулася:
Марысо панура прастагнаў:
— А надвор’е якое! Першы пагодны дзянёк сёлета.
Неба і сапраўды свяцілася празрыстым блакітам.
Яны моўчкі пайшлі па бульвары, кожны сумна думаючы пра сваё. Раптам Марысо сказаў:
— А як мы рыбку вудзілі, га? Прыемна ўспомніць!
Саваж уздыхнуў:
— Калі цяпер гэта будзе?
Яны зайшлі ў невялічкую кавярню, выпілі па чарцы абсенту і потым зноў пабрылі па тратуары.
Марысо нечакана спыніўся:
— Можа, яшчэ па чарцы, га?
Саваж згадзіўся:
— He пярэчу.
Яны зайшлі ў другі шынок.
Выйшлі яны адтуль на добрым падпітку, з ужо затлумленымі галовамі, як яно часта бывае, калі цяпнеш нічога не еўшы. На дварэ было цёпла. Ласкавы ветрык казытаў ім твары.
На свежым паветры Саваж канчаткова сп’янеў і, спыніўшыся, прапанаваў:
— А што, каб туды з’ездзіць?
— Куды гэта?
— Ну ў рыбу, вядома.
— А куды?
— Ды на наш востраў. Французскія аванпасты цяпер каля Калёмба. А палкоўнік Дзюмулен — мой знаёмы, нас прапусцяць.
Марьісо аж затрымцеў ад прыемнага прадчування.
— Дамовіліся! Я згодзен.
I яны разышліся па хатах, каб сабраць свой рыштунак.
Праз гадзіну сябры ўжо ішлі поплеч па гасцінцы. Неўзабаве яны дабраліся да вілы, якую займаў палкоўнік. Яны расказалі яму сваю просьбу, і ён, усміхнуўшыся, згадзіўся задаволіць іх дзівотную выдумку. Атрымаўшы пропуск, сябры рушылі далей.
Хутка яны мінулі аванпасты, прайшлі праз апусцелыя Каломбы і апынуліся на краі невялікіх вінаграднікаў, якія спускаліся да Сены. Было каля адзінаццаці гадзін.
На другім беразе вёска Аржантэль, здавалася, вымерла. Над усім наваколлем панавалі два ўзгоркі, Аржэмон і Сануа. Шырокая раўніна, якая распасціралася да самага Нантэра, была бязлюдная, зусім бязлюдная, на яе шэрай зямлі віднеліся адно голыя вішні.
Саваж паказаў пальцам на вяршыні ўзгоркаў і ціха шапнуў:
— Там прусакі!
I два сябры застылі, з трывогай пазіраючы на пустэльны абшар.
«Прусакі!» Яны іх ніколі не бачылі, але вось ужо некалькі месяцаў адчувалі, як гэты нябачны і ўсемагутны вораг душыць Парыж, руйнуе Францыю, рабуе, гвалтуе і морыць голадам яе жыхароў. I нейкі нечалавечы, незразумелы жах мяшаўся ў іх з нянавісцю да гэтага невядомага і непераможнага народа.
Марысо прамармытаў:
— А што, калі мы раптам на іх натрапім?
3 чыста парыжскім гумарам, які не знікае ні пры якіх абставінах, Саваж адказаў:
— Пачастуем іх смажанай рыбкай!
Але маўклівая цішыня далягляду бянтэжыла іх, і яны па-ранейшаму не маглі адважыцца рушыць далей.
Нарэшце Саваж рашыўся:
— Ну што, пайшлі! Толькі трэба быць уважлівым.
I прыгнуўшыся, а дзе паўзком, хаваючыся за хмызамі, яны пачалі спускацца па вінаградніку, увесь час трывожна пазіраючы вакол і напружыўшы слых. Каб выйсці да берага, заставалася перасячы адно вузкую палоску голай зямлі. Сябры кінуліся бегчы і, ледзь апынуўшыся каля ракі, схаваліся ў сухім чароце.
Марысо прыціснуў шчаку да зямлі і прыслухаўся, ці не ходзіць хто-небудзь паблізу. Нічога чуваць не было. Яны былі адны, зусім адны.
Сябры супакоіліся і ўзяліся вудзіць рыбу.
Насупраць бязлюдны востраў Марант хаваў іх ад другога берага. Маленькі шынок, які стаяў на ім, быў зачынены і здаваўся пакінутым ужо многа гадоў.
Неўзабаве Саваж выцягнуў першага печкура. Марысо злавіў другога, і раз-пораз яны пачалі смыкаць
вуды, на канцы лёскі ў якіх білася маленькая серабрыстая рыбка. Ловы ішлі надзіва добра,
Яны дбайна складалі рыбу ў шчыльны сак, які мокнуў у вадзе каля ног. I цёплае, радаснае пачуццё разлівалася ў іх на душы, тое пачуццё, якое агортвае чалавека, што зноў знайшоў сваю ўлюбёную ўцеху, якой быў пазбаўлены доўгі час.
Ласкавае сонца сагравала ім спіны, яны ўжо нічога не чулі, ні пра што не думалі, забыліся на ўсё на свеце — яны вудзілі.
Але нечакана, нібы з-пад зямлі, пачуўся глухі гуд, і глеба страсянулася ў іх пад нагамі. Зноў загулі гарматы.
Марысо падняў галаву і там, злева, убачыў высокі абрыс гары Мон-Валер’ен, над якой віўся маленькі сівы чубок. Гэта было воблачка парахавога дыму, якое яна толькі што выплюнула.
I адразу над крэпасцю на гары ўзвіўся новы слуп дыму, і праз некалькі імгненняў грымнуў другі залп.
Гарматы загрукаталі адна за другой, і час ад часу гара пыхкала сваім смяротным дыханнем і выкідала малочную пару, якая паволі ўздымалася ў ціхае неба і завісала там нерухомаю хмарай.
Саваж паціснуў плячыма і сказаў:
— Ну вось, зноў пачынаюць.
Занепакоена пазіраючы на пёрка свайго паплаўка, які раз-пораз ныраў пад ваду, Марысо раптам адчуў зразумелы мірнаму чалавеку гнеў да гэтых бязглуздых ваяк, якім прыйшло ў галаву біцца.
— Якімі ж трэба быць дурнямі, каб гэтак забіваць адзін аднаго,— прабурчаў ён.
Саваж згадзіўся:
— Горш за звяроў.
Марысо выцягнуў верхаводку і заявіў:
-I падумаць толькі, што так яно будзе заўсёды, пакуль светам будуць кіраваць урады.
Саваж запярэчыў:
— Рэспубліка не аб’явіла б вайны...
Але Марысо перапыніў яго:
— За каралямі ваююць з іншымі, за рэспублікай — паміж сабой.
I яны пачалі спакойна абмяркоўваць важныя палітычныя праблемы, выказваючы на іх свае цвярозыя думкі, уласцівыя лагодным і абмежаваным абывацелям, і ўрэшце сышліся на тым, што свабоды людзям ніколі не ўбачыць.
А Мон-Валер’ен безупынна грымеў, руйнаваў ядрамі французскія дамы, знішчаў усё жывое, абрываў жыццё, чыесьці мары, радасці, шчасце, сеяў адчай у сэрцах дачок, жонак і мацярок, нёс невылечныя пакуты тут і там, у іншых краях.
— Такое жыццё,— прамовіў Саваж.
— Скажыце лепш: такая смерць,— з усмешкай кіўнуў Марысо.
Але тут сябры з жахам здрыгануліся, выразна адчуўшы за спінай чыесьці крокі. Яны павярнуліся і ўбачылі проста побач з сабой чатырох барадатых і ўзброеных здаравякоў, якія былі, нібы служкі, апрануты ў ліўрэі і пляскатыя шапкі і цэліліся ў іх са стрэльбаў.
Вуды выпалі ў іх з рук і паплылі ўніз па рацэ.
За лічаныя секунды рыбакоў схапілі, звязалі, кінулі ў човен і завезлі на востраў.
I за тым самым домам, які ім здаваўся пакінутым, яны ўбачылі два дзесяткі нямецкіх салдатаў.
Нейкі патлаты бамбіза, які сядзеў верхам на крэсле і паліў вялікую парцалянавую люльку, запытаўся ў іх на выдатнай французскай мове:
— Ну што, панове, ці добра лавілася рыбка?
Тады адзін салдат паклаў да ног афіцэра сак, поўны рыбы, які ён не забыўся захапіць з сабой. Прусак усміхнуўся:
— О-го-го! Бачу, справа ішла някепска. Але цяпер гутарка не пра гэта. Слухайце мяне ўважліва. Для мяне вы — два шпіёны, засланыя, каб дапільнаваць мой атрад. Я вас злавіў і цяпер расстраляю. Вы прыкідваліся, нібы ловіце рыбу, каб лепей схаваць свае планы. Але, на жаль, трапілі ў мае рукі, і тым горай для вас — гэта вайна. Аднак вы прайшлі праз аванпасты, і, безумоўна, у вас ёсць пароль, каб вярнуцца назад. Скажыце гэты пароль мне, і я злітуюся над вамі.
Два сябры, абсалютна збялелыя, стаялі побач, іх рукі калаціліся ў дробнай нервовай ліхаманцы, але яны маўчалі.
Афіцэр загаварыў зноў:
— Пра гэта ніхто і ніколі не даведаецца, а вы сабе спакойна вернецеся дахаты. Таямніца знікне разам з вамі. Калі ж вы адмовіцеся, вас чакае смерць, неадкладная смерць. Выбірайце.
Яны па-ранейшаму стаялі нерухома і не вымаўлялі ні слова.
Прусак паказаў рукой у бок ракі і гэтак жа спакойна сказаў:
— Падумайце. Праз пяць хвілін вы можаце апынуцца там, на дне гэтай ракі. Праз пяць хвілін! У вас, напэўна, ёсць крэўныя?
Мон-Валер’ен безупынна грукатаў.
Два рыбакі стаялі моўчкі і не варушыліся. Немец аддаў нейкі загад на сваёй мове. Потым ён адсунуў крэсла, каб перасесці трошкі далей ад палонных, і за дваццаць крокаў ад іх выстраіліся дванаццаць салдатаў са стрэльбамі каля нагі.
Афіцэр сказаў:
— Даю вам адну хвіліну, і ні секунды болей.
Потым ён нечакана ўстаў, падышоў да двух французаў, узяў пад руку Марысо і, адвёўшы яго ўбок, ціха шапнуў: