Навелы
Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
Ён зняў каску, шышак якой мог яго выдаць, і з вялікаю засцярогай высунуў галаву праз дзірку ў сваім сховішчы.
Нідзе, да самага далягляду, не было відаць ніводнай жывой душы. Справа стаяла вёска, над стрэхамі хат у неба падымаўся лёгкі дымок — гатавалі ежу! А злева па-над верхавінамі дрэў, пасаджаных абапал шырокага гасцінца, узвышаўся вялізны замак з вежамі па баках.
Ён чакаў да самага вечара, страшэнна пакутуючы ад голаду, але бачыў толькі варон і чуў толькі глухое бурчанне ў пустым жываце.
I зноў над ім згусцілася ноч.
Ён зашыўся глыбей у сваёй схованцы, лёг на зямлю і заснуў. Усю ноч яго калаціла, нібы ў ліхаманцы, яго даймалі кашмары — гэта быў сон галоднага, спакутаванага чалавека.
Над галавой пачынала займацца на новы дзень. Ён вярнуўся на свой назіральны пункт. Але, як і ўчора, у палях было пуста; і розум Вальтэра Шнафса працяў новы жах — жах памерці з голаду! Ён ужо бачыў: вось ён ляжыць на дне гэтай канавы, на спіне, з назаўжды заплюшчанымі вачыма. I звяры, усялякія маленькія звярочкі збягаюцца да яго трупа і пачынаюць яго раздзіраць, грызуць, лезуць пад адзенне, каб адкусіць яшчэ адзін кавалак халоднага цела. I вялізны чорны крумкач дзяўбе яму вочы востраю глюгай.
Ён прыйшоў у страшэнную роспач, яму здавалася, што ён зараз страціць прытомнасць ад слабасці, што ён ужо нікуды адсюль не здолее пайсці. I ён быў гатовы ўжо кінуцца ў вёску, пайсці на ўсё, адважыцца на любы самы дзёрзкі ўчынак, калі заўважыў трох сялян, якія ішлі ў поле з косамі на плячы, і зноў прытаіўся ў сваёй нары.
Аднак, калі вечар ахінуў раўніну цемрай, ён марудна вылез з рова і, скурчыўшыся, баязліва, са сціснутым ад жаху сэрцам рушыў у дарогу. Ён ішоў да далёкага замка, бо лічыў, што лепей зайсці туды, чым у вёску, якая здавалася яму небяспечнейшай за тыгровае логава.
У вокнах на першым паверсе гарэла святло. Адно з іх было нават адчыненае, і з яго струменіўся моцны пах смажанага мяса, які адразу ўдарыў Вальтэру Шнафсу ў нос і працяў аж да самых вантробаў. Валь-
тэр Шнафс пачаў задыхацца, усё ўсярэдзіне ў яго напялася, пах уладна вабіў да акна, напаўняў яго сэрца адчайнаю адвагай.
Ён бяздумна кінуўся наперад і нечакана, з каскай на галаве, узнік у акне.
Вакол шырачэзнага стала за абедам сядзела восем чаляднікаў. Але раптам адна з пакаёвак знерухомела, шклянка выпала ў яе з рук, і вочы ўтаропіліся ў адну кропку. Усе погляды павярнуліся ў той бок!
Усе заўважылі ворага!
Божачкі! Прусакі аблажылі замак!..
Спачатку пачуўся толькі крык — восем галасоў на розны лад зліліся ў адзіны роў, поўны пачварнага жаху і страшэннага спалоху; потым усе разам ускочылі, пачалася мітусня, штурханіна, чаляднікі беспарадкава кінуліся да дзвярэй. На падлогу ляцелі крэслы, мужчыны штурхалі жанчын, тыя падалі, мужчыны прабягалі па іх наперад. У імгненне вока пакой быў пусты, пакінуты, і перад здзіўленым Вальтэрам Шнафсам, які па-ранейшаму стаяў каля акна, застаўся толькі стол, устаўлены рознымі стравамі.
Яшчэ некалькі секунд Вальтэр Шнафс стаяў нерашуча, потым пералез цераз падаконнік і рушыў да поўных талерак. Ад лютага голаду яго трэсла, нібы ў ліхаманцы, але страх яшчэ стрымліваў яго, скоўваў яго рухі. Ён прыслухаўся. Увесь дом, здавалася, дрыжаў: рыпелі і зачыняліся дзверы, над яго галавой чулася хуткае шорганне ног. Пры кожным невыразным гуку прусак з трывогай напружваў слых і хутка пачуў, быццам нешта цяжкае ўпала на мяккую зямлю пад замкавым мурам: з другога паверха праз вокны скакалі людзі.
Потым уся валтузня скончылася, і ў вялікім замку запанавала магільная цішыня.
Вальтэр Шнафс сеў перад поўнай талеркай і пачаў есці. Ён еў, набіваў поўны рот, нібыта баяўся, што яго
перапыняць і ён не паспее як след напакаваць свае вантробы. Ён абедзвюма рукамі закідаў у разяўлены, як прорва, рот вялізныя кавалкі, якія паволі апускаліся ў страўнік, распіраючы горла. Часам ён спыняўся, гатовы лопнуць накшталт перапоўненай, забітай трубы. Тады ён браў збан сідру і прамываў сабе глотку, як прачышчаюць засмечаную рыну.
Ён апаражніў усе талеркі, усе місы, усе бутэлькі; потым, п’яны ад выпітага і з’едзенага, ачмурэлы, чырвоны, трасучыся ад безупыннай ікаўкі, з затлумленай галавой і зашмальцаванымі губамі, расшпіліў мундзір, каб трохі аддыхацца, але быў ужо няздольны зрабіць нават крок. Яго павекі зліпаліся, думкі дранцвелі; ён цяжка апусціў лоб на скрыжаваныя на стале рукі і паволі забыўся на тое, дзе ён і хто ён.
Ветах па-над паркавымі дрэвамі цьмяна асвятляў далягляд. Гэта была тая золкая гадзіна, што заўжды настае перад світанкам.
У густым зарасніку мільгалі маўклівыя цені; і часам у цемры месячны промень бліскаў на вастрыі сталёвага клінка.
Замак стаяў спакойна, узвышаючы над акругай свой магутны і чорны абрыс. Адно на першым паверсе яшчэ свяціліся два акны.
Раптам зычны голас зароў:
— Наперад! Каб ім трасца! На штурм, дзеці мае!
I ў адзін момант дзверы, аканіцы, шыбы разляцеліся пад напорам людскога натоўпу, які рынуў усярэдзіну, ламаў, трушчыў усё на сваім шляху, запаланіў увесь дом. У адзін момант пяцьдзесят жаўнераў, узброеных да зубоў, ускочылі на кухню, дзе мірна адпачываў Вальтэр Шнафс, уткнулі яму ў грудзі пяцьдзесят зараджаных стрэльбаў, скінулі з крэсла, павалілі на падлогу, схапілі, звязалі з ног да галавы.
Ён задыхаўся ад вялікага здзіўлення, зусім ачмурэў, не мог нічога зразумець, чаму яго б’юць, чаму зневажаюць, яго апанаваў шалёны страх.
I раптам перад ім узнік нейкі тоўсты, абвешаны залатымі бляхамі вайсковец, які паставіў яму нагу на жывот і закрычаў:
— Вы мой палонны, здавайцеся!
Прусак, які пачуў толькі адзінае слова «палонны», адразу заенчыў: «Я-а, я-а, я-а!»
Яго паднялі, прывязалі да крэсла і пачалі разглядаць з вялікай цікаўнасцю. Пераможцы запыхаліся, дыхалі цяжка, нібы валы. Некаторыя расселіся вакол, не могучы трымацца на нагах ад усхваляванасці і стомы.
А ён усміхаўся, ён цяпер усміхаўся, бо быў упэўнены, што нарэшце трапіў у палон!
Увайшоў яшчэ адзін афіцэр, ён сказаў:
— Мой палкоўнік, ворагі кінуліся наўцёкі; мяркуючы па ўсім, многія з іх паранены. Гаспадарамі становішча ў акрузе застаёмся мы.
Тоўсты вайсковец, які выціраў сабе лоб, закрычаў:
— Перамога!
I занатаваў у сваёй запісной кніжачцы, якую выняў з кішэні:
«Пасля бязлітаснай бойкі прусакі вымушаны былі адступіць, несучы на сабе забітых і параненых, колькасць якіх дасягала прыкладна пяцідзесяці чалавек. Некаторыя трапілі да нас у палон».
Малады афіцэр загаварыў ізноў:
— Ці мушу я даць яшчэ нейкія распараджэнні, мой палкоўнік?
Палкоўнік адказаў:
— Зараз нам трэба будзе адысці, каб пазбегчы ўдару, які вораг, безумоўна, мяркуе нам нанесці ў адказ больш магутнымі сіламі і з дапамогай артылерыі.
I ён аддаў загад выступаць.
У прыцемку пад замкавымі мурамі ўсе зноў ушыкаваліся ў калону і рушылі наперад, з усіх бакоў абступіўшы звязанага па руках і па нагах Вальтэра Шнафса, якога цягнулі шэсць жаўнераў з рэвальверамі ў руках.
Наперад, даследаваць дарогу, высылалася разведка. Ішлі асцярожліва, час ад часу рабілі прыпынкі.
Калі пачало світаць, калона ўвайшла ў галоўнае мястэчка акругі Лярош-Уазэль, атрад нацыянальнай гвардыі якой здзейсніў гэты подзвіг.
Узрушанае, занадта ўсхваляванае насельніцтва ўжо чакала. Калі ўсе ўбачылі каску палоннага, падняўся страшэнны гвалт. Кабеты ўскідалі рукі, старыя бабулькі плакалі, нейкі сівы дзед кінуў у прусака сваёй мыліцай, але толькі параніў яго ахоўніку нос.
Палкоўнік крычаў на ўсю моц:
— Сачыце за бяспекаю вязня!
Нарэшце дабраліся да гарадской ратушы. Турэмны пакой быў адчынены, Вальтэра Шнафса развязалі і кінулі ўсярэдзіну.
На варту вакол будынка было пастаўлена дзвесце ўзброеных салдатаў.
I тадьі, нягледзячы на голад, які мучыў яго доўгі час, прусак, звар’яцелы ад радасці, пачаў скакаць; ён скакаў утрапёна, ускідваючы рукі і ногі, ён крычаў нешта немым голасам і скакаў — заўзята, нястрымна, пакуль не паваліўся, знямоглы, на каменную падлогу каля сцяны.
Ён быў палонны! Уратаваны!
Вось так, усяго праз шэсць гадзін акупацыі, замак Шампінье быў адбіты ў ворага.
Гандляр-суконшчык, палкоўнік Рацье, які ўзначальваў у гэтай аперацыі лярош-уазэльскі атрад нацыянальнай гвардыі, быў узнагароджаны.
ДЗЯДЗЬКА МІЛОН
Вось ужо месяц, як шчодрае сонца палівае палеткі пякучым полымем. Жыццё, такое радаснае, нараджаецца пад гэтай залевай цеплыні: уся зямля, як скінуць вокам, зелянее. А да самага небакраю — чысцюткая блакітная прастора. Нармандскія фермы, раскіданыя па раўніне, здалёк здаюцца пералескамі, бо з усіх бакоў іх шчыльна абступаюць гонкія букі. Зблізку, як адчыніш трухлявую брамку, здаецца, што трапіў у вялізарны сад — усе старыя яблыні, кашчавьія, як самі сяляне, абсыпаны кветкамі. Старыя чорныя камлі, сукаватыя і крывыя, роўным радам абступілі надворак і цягнуць да неба дзівоснае голле ў белай і ружовай квецені. Пяшчотны водар суквеццяў мяшаецца з цяжкім пахам расчыненых хлявоў і смуродам гною, у якім грабуцца куры.
Поўдзень. Пад ігрушаю пры самых дзвярах абедае сям’я: бацька, маці, чацвёра дзяцей, дзве наймічкі і тры парабкі. Ядуць збольшага моўчкі, спачатку суп, пасля бульбу, усмажаную на сале.
Час ад часу каторая з наймічак устае і ідзе ў склеп даліць сідру ў збанок.
Гаспадар, высокі мужчына гадоў пад сорак, разглядае яшчэ голую вінаградную лазу, што распаўзалася па сцяне дома, выгінаючыся і чапляючыся за аканіцы. Нарэшце ён кажа:
— Як рана покаўкі на бацькавым вінаградзе набухлі сёлета. Мо што і збяром.
Жонка таксама абарочваецца і моўчкі глядзіць на лазу.
Гэты вінаграднік пасадзілі якраз на тым месцы, дзе некалі расстралялі бацьку.
Было тое ў вайну 1870 года. Прусакі занялі ўвесь край, але Паўночная армія генерала Фэдэрба яшчэ трымалася.
На гэтай вось ферме стаў пастоем прускі штаб. Гаспадар яе, стары П’ер Мілон, прыняў чужынцаў як мага лепей.
Месяц, як нямецкі авангард вёў разведку. Французскія войскі стаялі за дзесяць льё адгэтуль, стаялі без руху, а між тым штоночы прападалі нямецкія уланы.
Разведчыкі, пасланыя ў дазор па двое ці па трое, больш ужо не вярталіся. Раніцаю іх знаходзілі мёртвых недзе ў полі, на загуменні ці ў якой-небудзь канаве. Нават коні іхнія здыхалі пры дарозе, пасечаныя шабляй.