Навелы
Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
Здавалася, што забіваў усіх адзін чалавек, няўлоўны, як вецер.
У наваколлі панаваў тэрор. Па адным толькі даносе расстрэльвалі сялян, арыштоўвалі жанчын, палохалі дзяцей, дамагаючыся ад іх прызнання. Але ўсё было дарэмна.
Ды вось неяк раніцай дзядзьку Мілона знайшлі ў стайні з шабельнай ранай праз увесь твар, а за тры кіламетры ад фермы — двух уланаў з рассечанымі жыватамі. Адзін з іх яшчэ сціскаў у руцэ скрываўленую шаблю: ён загінуў абараняючыся.
На надворак каля фермы, дзе сабраўся толькі што створаны ваенны суд, прывялі старога.
Яму было шэсцьдзесят восем гадоў. Быў ён невысокі, хударлявы, трошкі прыгорблены, вялікія рукі яго нагадвалі клюшні краба. Праз бясколерныя рэдкія валасы, лёгкія, як пух у качаняці, праглядваў голы чэрап.
На маршчыністай абветранай шыі пружыліся тоўстыя вены, яны знікалі пад сківіцамі і зноў праступалі каля скроняў.
На сяле яго лічылі чалавекам сквапным і незгаворлівым.
Яго паставілі паміж чатырох салдатаў перад ку-
хонным сталом, вынесеным на двор. За сталом уселіся пяцёра афіцэраў і палкоўнік.
Палкоўнік пачаў допыт па-французску.
— Дзядзька Мілон, з той пары, як мы тут, мы не маглі нахваліцца вамі. Заўсёды вы былі спагадлівы і нават уважлівы. Але ж сёння на вас падае падазрэнне ў жахлівым злачынстве, і мы павінны ўсё высветліць. Адкуль у вас на твары рана?
Селянін нічога не адказаў. Палкоўнік загаварыў зноў:
— Маўчанне загубіць вас, дзядзька. Але я хачу, каб вы адказвалі, чуеце! Ці ведаеце вы, хто забіў двух уланаў, якіх знайшлі сёння раніцай каля Кальвэра?
Стары выразна вымавіў:
— To я.
Ад здзіўлення палкоўнік змоўк, пільна ўглядаючыся ў арыштаванага. Дзядзька Мілон заставаўся безуважлівы, з сялянскай упартасцю апусціўшы вочы долу, як на споведзі. Адно выдавала яго хваляванне: раз-пораз ён глытаў сліну, з відавочнай цяжкасцю, быццам горла яго было зусім вузкае.
Сям’я старога — сын Жан, нявестка і двое дзяцей, разгубленыя і ўражаныя стаялі крокаў за дзесяць ззаду. Палкоўнік спытаўся:
— Дык, можа, вы ведаеце таксама, хто ўжо цэлы месяц забівае нашых разведчыкаў?
Стары адказаў з тою ж самай грубай безуважлівасцю:
— Ну, я.
— Дык гэта пабілі іх вы? Усіх?
— Усіх.
— Вы адзін?
— Адзін.
— Раскажыце, як вы гэта рабілі.
Цяпер стары, відаць, захваляваўся; ён, мусіць, не хацеў доўгае размовы, адно прамармытаў:
— А я што ведаю? Як выходзіла, так і рабіў.
Палкоўнік зноў:
— Папярэджваю вас, трэба, каб вы расказалі мне ўсё. Будзе лепей, калі вы зробіце гэта зараз жа, адразу. Як вы пачалі?
Стары заклапочана азірнуўся на сям’ю, што насцярожана чакала яго адказу. Хвіліну-другую яшчэ памарудзіў і раптам адважыўся:
— На другі дзень, як вы прыйшлі сюды, гадзін каля дзесяці вечара я вяртаўся дадому. Вы і вашы салдаты забралі ў мяне кароўку, дзве авечкі і сена не менш як на пяцьдзесят экю. Я і сказаў сабе: «Колькі б вы ў мяне ні ўзялі, я за ўсё паквітаюся!» Ды яшчэ ў мяне была думка на сэрцы, пасля раскажу. Вось аднаго разу я заўважыў салдата вашага, ён люльку курыў каля рова, што за маім гумном. Узяў я касу і ціхенька падышоў да яго ззаду, ён і не заўважыў нічога. Я ссек яму галаву адным махам, лёгка, як каласок, ён і войкнуць не паспеў. Як ахвоту маеце, то пашукайце яго ў балоце: я запхнуў яго ў мех з-пад вугалю, яшчэ і камень туды паклаў.
Тут я канчаткова рашыўся. Я зняў з яго ўсю вопратку, і боты, і фуражку ды схаваў у печ, дзе вапну палілі, у Марцінавым лесе.
Стары змоўк. Уражаныя афіцэры пазіралі адзін на аднаго. Допыт не спыняўся, і вось пра што яны даведаліся.
Пасля першага забойства старога апанавала ідэя: «Забіваць прусакоў!» Ён ненавідзеў іх нянавісцю прыхаванай і лютай, па-сялянску прагны і патрыятычны адначасова. Ён меў сваю ідэю, як ён казаў.
Ен перачакаў дзён некалькі. Прусакі дазвалялі яму хадзіць, дзе ён хацеў: такім рахманым, пакорлівым і паслужлівым здаваўся ён ім. Штовечар ён бачыў, як ад’язджаюць пасыльныя, і вось неяк уночы ён выйшаў з сяла; ён ужо ведаў, у якую вёску паедуць коннікі,
а таксама запомніў ад салдатаў некалькі нямецкіх слоў, якія яму былі патрэбны.
Ён выйшаў з двара, пракраўся ў лес, знайшоў печ, пралез у доўгае сутарэнне і пераадзеўся ў вопратку забітага.
Ён пачаў бадзяцца па палях, поўзаў, хаваўся за адхонамі, насцярожаны, як злодзей.
Палічыўшы, што прыспела пара, ён падышоў да дарогі і схаваўся ў густым хмызняку. Счакаў яшчэ трохі. Нарэшце, недзе апоўначы, ён учуў гулкі тупат каня на добра ўбітай дарозе. Стары прыпаў вухам да зямлі і ўпэўніўся, што коннік адзін.
Улан, што вёз дэпешы, ехаў хуткім бегам. Ехаў ён углядаючыся, прыслухоўваючыся. Калі да яго заставалася не болып як дзесяць крокаў, дзядзька Мілон выпаўз на дарогу і застагнаў: «Hilfe! Hilfe!— Памажы! Памажы!» Улан прыняў старога за немца, спыніўся, злез з каня і, ні пра што не здагадваючыся, падышоў да яго; адно ён нахіліўся, як крывое лязо нямецкае шаблі ўпілося яму ў жывот. Улан упаў адразу, моўчкі, толькі цела яго некалькі разоў скаланулася ў сутаргах.
Стары нармандзец, узрадаваны маўклівай сялянскай радасцю, падняўся і, каб было напэўна, перарэзаў забітаму горла. Пасля сцягнуў яго з дарогі і скінуў у канаву.
Конь спакойна чакаў гаспадара. Дзядзька Мілон узлез у сядло і галопам паляцеў па раўніне.
Прайшло ўжо каля гадзіны, калі ён заўважыў двух уланаў, што вярталіся ў вёску. Ён пад’ехаў да іх з правага боку: «Hilfe!» Пазнаўшы форму, прусакі падпусцілі яго без ніякага падазрэння. I стары праляцеў паміж імі, як бура, застрэліў аднаго і ссек шабляю другога. Пасля перарэзаў горла коням, коням немцаў! Асцярожна прабраўся да старое печы, схаваў каня ў глыбіні сутарэння. Тут жа пакінуў нямецкую форму
і пераадзеўся ў свае лахманы. Вярнуўшыся дадому, стары праспаў да раніцы...
Чатыры дні ён сядзеў дома, чакаючы, пакуль немцы супакояцца, а на пяты выйшаў зноў і, гэтак жа сама хітруючы, забіў яшчэ двух салдатаў. 3 гэтага часу ён ужо не спыняўся.
Штоночы ён блукаў, бадзяўся, шукаючы прыгодаў, забіваў прусакоў то тут, то там, лётаў па пустых палях, абліты халодным месяцавым святлом, адзінокі, самотны улан, які паляваў на людзей. Зрабіўшы сваё, наклаўшы трупаў пры дарогах, стары вяртаўся ў сутарэнне і хаваў каня і форму. Ён спакойна прыходзіў сюды апоўдні, прыносіў авёс і ваду. Каня ён карміў уволю, рыхтуючы яго да цяжкай работы.
Але ўчора ўночы адзін салдат з тых, на якіх наскочыў дзядзька Мілон, паспеў секануць яго шабляй па твары.
I ўсё адно стары забіў абодвух! Ён яшчэ здолеў вярнуцца, схаваць каня і надзець свае лахманы; але каля самай хаты змогся і ледзь дапоўз да стайні.
Тут яго і знайшлі, скрываўлены, ён ляжаў на саломе.
Скончыўшы споведзь, стары раптам узняў галаву і з гонарам агледзеў прускіх афіцэраў.
Палкоўнік абцёр вусы і спытаўся ў яго:
— Маеце яшчэ што сказаць?
— He, болей нічога, рахунак дакладны: я забіў роўна піаснаццаць, ні болып ні менш.
— Вы ведаеце, што вас расстраляюць?
— Хіба я прашу ў вас літасці?
— Вы былі ў салдатах?
— Ну але. Былі часы, і я ваяваў. I бацька мой быў у салдатах, у Напалеона. А вы яго забілі. Ды яшчэ ў тым месяцы пад Эўро сына майго забілі, меншанькага, Франсуа. Я вам вінаваты быў і сплаціў. Цяперачы ўсё, квіта!
Афіцэры пераглянуліся. А стары зноў:
— Восем за бацьку, восем за сына — квіта. He я з вамі свары шукаў! Мне вы без патрэбы. I адкуль прыйшлі вы, не ведаю. Вы тут, у мяне, а судзіце мяне, быццам у сябе дома. Я сплаціў і не шкадую.
I, расправіўшы сваё нерухомае цела, стары склаў рукі на грудзях, стрымана і ганарліва.
Прусакі доўга перагаворваліся. Капітан, які таксама страціў сына месяц таму, абараняў высакароднага старога.
Але воеь палкоўнік падняўся, падышоў да дзядзькі Мілона і ціха сказаў:
— Слухай, стары, можа, мы і пакінем табе жыццё, калі ты...
Але стары не слухаў, глядзеў проста ў вочы пераможцу, а вецер варушыў валасы яго, лёгкія і рэдкія. Жахлівая грымаса скрывіла яго твар, худы і пасечаны. Набраўшы поўныя грудзі паветра, стары плюнуў у твар прусаку.
Палкоўнік ашаломлена падняў руку, і ў тую ж хвіліну стары плюнуў яшчэ раз.
Афіцэры ўскочылі, і ўсе разам пачалі крычаць нейкія загады салдатам.
He прайшло і хвіліны, як старога паставілі да сцяны, а ён гэтаксама ўсміхаўся свайму старэйшаму сыну Жану, нявестцы і двум унучкам, што спалохана глядзелі на яго...
ЁН?
П’еру Дэкурсэлю
Мой дарагі дружа, ты нічога не разумееш? Я адчуваю гэта. Ты думаеш, я звар’яцеў? Ну, можа, трошкі і звар’яцеў, але не ад таго, што ты думаеш.
Так. Я жанюся. Вось.
Але мае думкі і перакананні не змяніліся, Спароўванне з дазволу і пад аховай закона я лічу глупствам, як і раней. Я перакананы, што восем мужоў з дзесяці — раганосцы. Ды яны іншага і не заслугоўваюць за тое, што мелі глупства надзець на сябе кайданы, адмовіцца ад свабоднага кахання — адзінай добрай і ўцешнай рэчы на гэтым свеце, абрэзаць крылы фантазіі, якая заўсёды цягне нас да ўсіх жанчын і г. д. Больш чым калі я адчуваю, што няздольны кахаць толькі адну жанчыну, бо я занадта буду кахаць усіх астатніх. Я б хацеў мець тысячу рук, тысячу вуснаў і тысячу... пачуццяў, каб здолець адначасова задушыць цэлае войска гэтых прывабных і малаважных істот.
I ўсё ж я жанюся.
Дадам таксама, што я зусім не ведаю сваёй будучай жонкі. Я бачыў яе мо разы чатыры ці пяць. Яна мне не брыдкая — гэтага мне дастаткова, каб рабіць з ёй тое, што я збіраюся рабіць. Яна нізенькая, бялявая і тоўсценькая. А паслязаўтра я ўжо буду жадаць высокую, чарнявую і худую.
Яна небагатая, з сям’і сярэдняга дастатку. Гэта адна з тых дзяўчат на выданні без асаблівых добрых якасцяў, але і без відавочных заганаў, якіх шмат можна знайсці сярод звычайнага буржуа. Пра яе кажуць: «Панна Ляжоль даволі мілая». А заўтра будуць казаць: «О, пані Рэймон вельмі мілая дама». Яна належыць да той процьмы сумленных дзяўчат, «ажаніцца з якімі — вялікае шчасце кожнаму мужчыну», аж да дня, калі заўважыш, што табе падабаюцца ўсе без выключзяня жанчыны, акрамя той, што ты выбраў.
Дык чаму ж я жанюся, спытаеш ты?
Я нават не наважваюся адкрыць табе дзіўную і неверагодную прычыну, якая змусіала мяне на гэты вар’яцкі ўчынак.
Я жанюся, каб пазбыцца адзіноты!
He ведаю, як гэта растлумачыць, як сказаць так, каб ты зразумеў. Можа, ты будзеш мяне шкадаваць ці пагарджаць мною, але каб ты толькі ведаў, які я цяпер няшчасны!