Навелы
Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
Вяртаючыся, я адчула новыя болі ў носе і зайшла да аптэкара. Я расказала яму пра адну маю сяброўку, якую ўкусіў сабака, і спыталася парады. Гэта быў мілы чалавек, вельмі паслужлівы. Ён даў мне шмат парадаў. Але мой розум быў такі стомлены, што я нічога не запомніла, акрамя аднаго: «Прамыванне страўніка было б вельмі пажаданае». Я купіла некалькі бутэлечак не ведаю чаго, быццам бы дзеля таго, каб паслаць іх сяброўцы.
Сабакі, якіх я сустракала на вуліцы, абуджалі ўва мне страх і агіду, і мне хацелася бегма бегчы ад іх. Часам мне здавалася, што мне хочацца іх укусіць.
Я мела вельмі неспакойную ноч. Мой муж скарыстаў гэта. Наступнага дня я атрымала адказ ад маці. «Біжу,— пісала яна,— адчувае сябе выдатна. Але выслаць яго чыгункай мы не наважымся, бо паставілі б яго пад небяспеку». Значыць, мне не хочуць яго выслаць. Ён памёр!
Я зноў не спала ўначы. Анры хроп. Ён прачынаўся некалькі разоў. Гэта канчаткова вычарпала мае сілы.
Наступнага дня я купалася ў моры. Мне ледзь не зрабілася нядобра ад холаду, калі я ўваходзіла ў ваду. Мяне затрэсла ад гэтага ледзянога холаду, ногі аж калаціліся. Але нос ужо зусім не балеў.
Я выпадкова пазнаёмілася з лекарам, курортным інспектарам, цудоўным чалавекам. 3 незвычайным умельствам я павярнула гаворку на патрэбную мне тэму. Я прызналася, што колькі дзён таму мяне ўкусіў мой сабачка, і спыталася, што трэба рабіць, калі пачнецца запаленне. Ён засмяяўся і сказаў: «У вашым становішчы ёсць толькі адно выйсце — вам патрэбны новы маленькі носік».
Я не зразумела, і ён дадаў:
— Зрэшты, гэта ўжо справа вашага мужа.
Я так і не даведалася нічога новага і развіталася з ім.
У той вечар Анры быў вельмі вясёлы і шчаслівы. Мы пайшлі ў тэатр «Казіно», але ён не дачакаўся канца сцектакля і прапанаваў мне вярнуцца. Я ўжо страціла была цікаўнасць да ўсяго і згадзілася.
Мне не ляжалася ў ложку, усе мае нервы былі напружаныя. Ён таксама не спаў. Ён цалаваў, лашчыў мяне, абдорваў пяшчотамі, быццам здагадваўся, як я пакутую. Я цярпела яго пяшчоты, не зважала на іх, не думала пра іх.
I тут раптам мяне скруціў нечаканы, незвычайны, маланкавы прыпадак. Я нема закрычала, адпіхнуўшы мужа, які туліўся да мяне, кінулася да дзвярэй і раптоўна ўпала тварам уніз. Гэта было шаленства, страшнае шаленства. Гэта быў канец.
Разгублены Анры падняў мяне, каб даведацца, у чым справа. Але я маўчала, пакорліва чакаючы смерці. Я ведала, што пасля некалькіх гадзін супакою мяне
скруціць новы прыпадак, пасля яшчэ адзін, аж да апошняга, які будзе смяротны.
Я дазволіла занесці сябе ў ложак. На світанні надакучлівыя дамаганні мужа сталіся прычынай новага прыпадку, які цягнуўся даўжэй, чым першы. Мне хацелася драпаць, кусацца, выць. Гэта было жахліва, але чамусьці зусім не так балюча, як я думала.
А восьмай гадзіне раніцы я заснула ўпершыню за апошнія чатыры ночы.
А адзінаццатай нейкі мілы мне голас абудзіў мяне. Гэта была мама. Яе напалохалі мае лісты, і яна прыляцела, каб мяне пабачыць. У руках яна трымала вялікі кошык, з якога раптам пасыпаўся сабачы брэх. Я схапіла кошык, не памятаючы сябе, ашалелая ад надзеі. Я расчыніла кошык, і Біжу саскочыў на ложак, пачаў лізаць мяне, скакаць вакол, качацца на падушцы ад дзікай радасці.
Вось так, дарагая мая, можаш верыць, можаш не верыць... Да мяне ўсё дайшло толькі наступнага дня!
0! Фантазія! Як яна працуе! Падумаць толькі, што я сабе навыдумляла?.. Ну, ці не дурная?..
Я так нікому і не прызналася, разумееш, нікому, пра тое, ад чаго я пакутавала гэтыя чатыры дні. Уяві сабе, каб мой муж даведаўся?.. Ён і так з мяне насміхаецца пасля выпадку ў Пурвілі. Зрэшты, я не крыўджуся на яго жарты. Я прызвычаілася. Да ўсяго ў жыцці можна прызвычаіцца.
МАРТЭНАВА ДАЧКА
Гэта здарылася з ім у нядзелю, пасля абедні. Ен выйшаў з царквы, скіраваў на пралеглую ярам дарогу, якая вяла дадому, і тут уперадзе заўважыў Мартэнаву дачку: яна таксама вярталася дахаты.
Побач з дзяўчынаю паважнай ступою заможнага фермера ішоў бацька. Ён заўсёды надзяваў нейкі шэры суконны сурдут — не любіў блузаў: на галаве ў яго быў шыракаполы капялюш.
Дзяўчына была ў туга зашнураваным гарсэце, які надзявала яна толькі ў нядзелю; тонкая і шыракаплечая, яна стройна ішла, пакалыхваючы крутымі клубамі.
На галаве ў яе красаваўся ўпрыгожаны букецікам кветак капялюшык, выштукаваны гарадской мадысткай з Івэто; дужая, гладкая, гнуткая шыя была голая, на патыліцы пяшчотна трапяталіся кароценькія кудзеркі, зруселыя на ветры ды сонцы.
Бэнуа бачыў дзяўчыну толькі ззаду; але ён выдатна помніў яе з твару, хоць ніколі асабліва і не прыглядаўся да яе.
«Чорт вазьмі, такая красуня Мартэнава дачка!» — падумалася яму раптам. Ён залюбавана глядзеў на яе хаду і нечакана адчуў, як яго апаноўвае гарачае жаданне. Яму нават не было патрэбы, каб яна азірнулася, не! Яго вочы былі прыкаваны да дзявочага стану, a ў думках вілося тое самае: «Чорт вазьмі, такая красуня!»
Дзяўчына павярнула направа, у кірунку да «Мартэнёўкі» — фермы Жана Мартэна, бацькавай фермы,— і азірнулася. Яна ўбачыла Бэнуа, які чамусьці да смеху дзівакавата, як ёй здалося, глядзеў на яе, і гукнула:
— Дабрыдзень, Бэнуа!
— Дабрыдзень, васпані, дабрыдзень, васпані MapTan,— адказаў ён і пашыбаваў далей.
Калі ён прыйшоў дадому, суп ужо стаяў на стале. Ён сеў насупраць маці, побач з парабкам і наймітам, a служанка пабегла нацадзіць сідру.
Бэнуа пасёрбаў трохі і адсунуў талерку.
Ці не захварэў ты часам? — запыталася маці.
— Ды не, жывот нешта пучыць, не хочацца есці,— адказаў ён.
Ён глядзеў, як елі іншыя, сам час ад часу адломваў кавалачак хлеба, няспешна клаў яго ў рот і паволі жаваў. Яго думкі былі заняты Мартэнавай дачкой: «Папраўдзе-такі красуня...» I як толькі ён дасюль не заўважаў гэтага? Адкрыццё прыйшло так знянацку і ўзрушыла так моцна, што ў яго ажно прапаў апетыт.
Да смажаніны ён і не даткнуўся.
— Ну, з’еш хоць кропельку, Бэнуа,— угаворвала маці.— Гэта ж бараніна, табе палепшае. Ну і хай сабе не хочацца, а ты цераз сілу паеш.
Бэнуа пракаўтнуў адзін-другі кавалачак і адставіў талерку: не, папраўдзе нішто не лезла ў горла.
Папоўдні ён вырашыў прагуляцца і адпусціў найміта, сказаў, што па дарозе сам загоніць худобу.
У полі было бязлюдна: людзі нядзелькавалі. Сямтам у канюшыне на ўгрэве палежвалі, жавалі жуйку разамлелыя, з разбухлым вымем каровы. Пры ворыве чакалі прыткнутыя збоку плугі; шырокія чорныя шнуры пераплужаных ужо, гатовых да сяўбы палеткаў перамяжоўваліся з жоўтымі палссамі свежага пшанічнішча і аўсянішча.
На прыволлі гуляў востры восеньскі вецер, як знак таго, што ўвечары па захадзе сонца будзе халаднавата. Бэнуа сеў каля рова, зняў капялюш, паклаў яго на калені, быццам яму было трэба асвяжыць галаву, і ў поўнай цішыні галосна сказаў:
— Што красуня яна, то красуня!
Ён думаў пра гэта і ўночы, калі ўжо ляжаў у пасцелі, і раніцаю, як толькі прачнуўся.
Ён не быў маркотны ці незадаволены; ён і сам не змог бы растлумачыць, што з ім такое сталася. Нешта завалодала ім, нешта запала яму ў душу, бог ведае якая драбязюлька чэпка сядзела там і паказытвала яго сэрца. Гэтак часам заляціць у пакой вялікая муха.
3 гучным бзынкатам кідаецца яна то ў адзін, то ў другі бок, і гэты бзынкат не дае вам спакою, раздражняе. Раптам муха прыпыняецца, сціхае; вы ўжо нават забываеце пра яе, але тут жа яна зноў зрываецца ў лёт, і вы міжволі гледзіце ёй услед. Hi злавіць, ні выгнаць, ні забіць, ні ўтаймаваць яе немагчыма. Яна ж толькі на нейкі момант супыніцца — і зноў усчынае сваё надаеднае бзынканне.
Гэтак і згадка пра Мартэнаву дачку не давала спакою Бэнуа, нібы назолістая муха.
Потым яму закарцела яшчэ раз убачыць дзяўчыну, і ён закружляў паблізу Мартэнёўкі. I ўрэшце-такі ўбачыў: яна развешвала бялізну на вяроўцы, напятай паміж дзвюма яблынямі.
Дзень быў цёплы; Мартэнава дачка была адно ў кароткай ніжняй спадніцьі; надзетая на голае цела, кашуля шчыльна аблягала пругкія дзявочыя грудзі, як толькі яна ўзнімала рукі, каб павесіць ручнік.
Бэнуа як прыкіпеў за ровам; прамінула з гадзіну часу, ужо і дзяўчына даўно знікла ў хаце, а ён усё не кранаўся з месца. Дадому ён вярнуўся ўзрушаны яшчэ мацней, чым пры першай сустрэчы.
Цэлы месяц яго думкі былі заняты адной Мартэнавай дачкой; ён ажно ўздрыгваў, калі пры ім згадвалася яе імя. У яго дарэшты прапаў апетыт, па начах ён абліваўся потам і амаль не спаў.
Штонядзелі, у час абедні, ён не зводзіў з яе вачэй. Яна заўважыла гэта і стала яму ўсміхацца, палашчаная такім непрыхаваным залюбаваннем.
Неяк вечарам ён зусім неспадзявана сустрэўся з ёю на палявой дарозе. Яна ўбачыла яго і спынілася. Ад спалоху і ўсхваляванасці ў яго ажно перацяло дыханне, але ён усё-такі цвёрда рушыў да яе з намерам сказаць усё. I, запінаючыся, загаварыў:
— Ну вось, васпанна Мартэн, самі бачыце, далей так цягнуцца не можа.
— Што далей так цягнуцца не можа, Бэнуа? — перапытала дзяўчына з усмешкаю.
— Што я цэлымі днямі думаю пра вас.
Яна паставіла рукі ў бокі:
— А хіба я прымушаю вас?
— Прымушаеце...— Бэнуа запнуўся.— Прымушаеце; я ўжо ні піць, ні есці не магу, ні сну, ні пярэдыху не маю.
— To чым жа тады вылечыць вас ад гэтага? — прашаптала яна.
Ён разгубіўся: рукі яго абвіслі, вочы скруглелі, рот прыадкрыўся.
Яна моцна адштурхнула яго і ўцякла.
3 гэтага дня яны пачалі сустракацца — то каля межавых равоў, то на дарозе ў ярах, то ў прывечарэлым полі, калі ён пасля працы вёў дадому коней, а яна гнала з пашы сваіх кароў.
Бэнуа адчуваў, як неадольная сіла вабіць яго да Мартэнавай дачкі, ён цягнуўся да яе і душой, і целам. Яму праглася сціснуць яе ў абдымках, задушыць, з’есці, зрабіць яе часткай сябе самога. I яго ажно калаціла ад бяссілля і нецярплівасці, ад шалу, што яна не дарэшты належыць яму, што яны не створаны адзінай істотай.
Па наваколлі пра іх пайшла пагалоска. Іх ужо лічылі жаніхом і нявестай. Аднойчы ён і сам папытаўся ў яе, ці хацела б яна стаць яго жонкаю, і яна адказала: «Хацела б».
Яны чакалі моманту, каб пагаварыць з бацькамі.
I раптам ні з таго ні з сяго яна перастала хадзіць на спатканні. Ён падоўгу блукаў вакол іхняй фермы, але так ні разу і не ўгледзеў дзяўчыны. Давялося чакаць нядзелі, каб убачыцца з ёю ў царкве. А ў нядзелю, адразу пасля абедні, кюрэ з амбона абвясціў пра заручыны Вікторыі-Адэліны Мартэн з Жазэфанам-Ізідорам Валэнам.