Навелы
Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
Потым яна вярнулася дадому. На надворку стаяла старая бочка, у якую збягала вада з вадасцёку на страсе; яна перакуліла яе, выліла ваду, прыладзіла на зямлі, падаткнуўшы камянямі і паленцамі, потым пасадзіла Сэміланту на ланцуг каля гэтае будкі і пайшла ў хату.
Без адпачынку хадзіла яна па пакоі, не адводзячы вачэй ад берага Сардыніі. Забойца быў там.
Увесь дзень і ўсю ноч сабака выў. Раніцай старая прынесла яму вады ў місцы, але нічога болей: ні мешанкі, ні хлеба.
Мінуў яшчэ дзень. Змогшыся, Сэміланта спала. Назаўтра вочы ў яе блішчалі, поўсць ускудлацілася, яна неўтаймавана нацягвала ланцуг.
Старая зноў нічога ёй не дала. Шалеючы, жывёліна хрыпла брахала. Мінула яшчэ ноч.
На досвітку цётка Саверыні пайшла да суседа і папрасіла два бярэмкі саломы. Яна напхала ёю старыя
лахманы, што некалі насіў яе муж, так, каб яны нагадвалі чалавека. Пасля са старое бялізны зрабіла яму галаву.
Сабака здзіўлена глядзеў на гэтага саламянага чалавека і маўчаў, хоць голад тачыў яго.
Тады старая пайшла да кілбасніка і купіла доўгі кавал чорнае крывянкі. Вярнуўшыся, яна запаліла агонь на надворку блізка будкі і пачала пячы кілбасу.
Сэміланта шалела, падскоквала, хрыпела, не адводзіла вачэй ад печыва, пах якога пранікаў ёй у нутро.
Пасля маці зрабіла з гэтага пахучага кавалка нашыйнік пудзілу. Яна старанна абкручвала яго вакол шыі, нібы хацела ўвапхнуць яго ўсярэдзіну. Скончыўшы, яна спусціла сабаку.
Дзівосным скачком жывёліна рванулася да шыі пудзіла і, паклаўшы лапы яму на плечы, пачала рваць горла. Яна адвалілася з кавалкам здабычы ў пашчы, пасля скочыла зноў, учапілася ікламі ў вяроўкі, вырвала яшчэ кавалак, адскочыла і зноў кінулася, раз’юшаная. Сваімі вялізнымі зубамі яна разарвала твар, пусціла лахманамі шыю.
Маўклівая і нерухомая, з агнём у вачах, старая глядзела на гэтую расправу. Пасля ўзяла на ланцуг сабаку, трымала яго галоднага яшчэ два дні і зноў паўтарыла дзіўнае практыкаванне.
За тры месяцы яна прывучыла сабаку заваёўваць ежу ікламі. Цяпер яна не трымала яго на ланцугу, але адзіным жэстам прымушала кідацца на пудзіла.
Яна прывучыла сабаку драць, ірваць пудзіла, калі нават на горле яго нічога не было схавана.
Пасля яна давала яму як узнагароду печаную крывянку.
Толькі заўважыўшы саламянага чалавека, Сэміланта пачынала калаціцца, пераводзіла погляд на гаспадыню, якая, падняўшы ўгару палец, хрыпла крычала ёй: «Кусі!»
* * *
Вырашыўшы, што час надышоў, неяк раніцай у нядзелю цётка Саверыні пайшла да споведзі і з нейкай празмернай дбайнасцю прыняла прычасце; пасля, адзеўшыся ў мужчынскае і стаўшы падобнаю да старога жабрака, яна рушыла з адным сардскім рыбаком, які перавёз яе разам з сабакам на другі бок праліва.
У палатнянай торбе яна несла вялікі кавалак крывянкі. Сэміланта не ела ўжо два дні. Пры кожным вьіпадку старая давала ёй панюхаць пахучую ежу, нервавала яе.
Яны ўвайшлі ў Лангасарда. Карсіканка трохі накульгвала. Яна распытала ў мясцовага хлебніка і пайшла да жылля Нікаля Равалаці. Хлебнік казаў, што той заняўся сталярскаю справай, якую ён ведаў даўней.
Ён працаваў адзін, у глыбіні сваёй майстэрні. Старая піхнула дзверы і паклікала:
— Гэй, Нікаля!
Ён павярнуўся; у тую ж хвіліну старая спусціла сабаку і крыкнула:
— Кусі, кусі, рві яго!
Раз’юшаны сабака кінуўся, учапіўся ў горла. Мужчына выцягнуў рукі, схапіў яго, паваліўся на падлогу. Хвілін некалькі ён выкручваўся, рыючы нагамі зямлю, пасля знерухомеў, а Сэміланта грызла яго шыю, рвучы яе кавалкамі.
Двое суседзяў, што сядзелі каля сваіх дзвярэй, добра памяталі, што бачылі старога жабрака. Той выйшаў з сабакам, якому ён час ад часу кідаў нешта чорнае.
У той самы вечар старая вярнулася дадому. Гэтую ноч яна спала спакойна.
МСЦІВЕЦ
Калі пан Антуан Лёе ўзяў шлюб з удавой Мацільдай Суры, ён быў закаханы ў яе амаль дзесяць гадоў.
Пан Суры быў яго сябар, стары школьны таварыш. Лёе вельмі яго любіў, але лічыў трохі наіўным. Ён часта казаў: «Небарака Суры пораху не прыдумае!»
Калі Суры ажаніўся з паненкай Мацільдай Дзюваль, Лёе здзівіўся і крышку пакрыўдзіўся, бо сам улягаў за ёй. Яна была дачкой суседкі, старой галантарэйніцы, і жылі яны на калісьці заробленыя грошы. Прыгожая, далікатная, разумная, яна пайшла за Суры праз яго багацце.
Тады Лёе заспадзяваўся на другое. Ён пачаў заляцацца да сябравай жонкі. Ён быў чалавек паглядны, недурны, таксама багаты і верыў, што ў яго атрымаецца; не атрымалася. Тады ён закахаўся па-сапраўднаму, але сяброўства з мужам рабіла гэтае каханне стрыманым, сціплым, затоеным. Пані Суры палічыла, што яго залёты скончыліся, і шчыра пасябравала з ім. Так прайшло дзевяць гадоў.
I вось адной раніцы пасыльны прынёс Лёе роспачную вестку ад беднай жанчыны. Нечакана ад разрыву анеўрызмы памёр Суры.
Спачатку ён жахнуўся, бо яны былі аднагодкі, але амаль адразу глыбокая радасць, невыказная палёгка, пачуццё свабоды ахапілі яго душу і сэрца. Пані Суры была вольная.
Ён, прынамсі, здолеў падацца досыць засмучаным. счакаў патрэбны час, выканаў усе ўмоўнасці. Праз пятнаццаць месяцаў ён ажаніўся з удавой.
Усе палічылі гэта натуральным і нават высакародным. Гэта быў учынак адданага сябра і сумленнага чалавека.
Нарэшце ён быў шчаслівы, зусім шчаслівы.
Яны зажылі ў самай сардэчнай лучнасці, адразу
зразумеўшы і ацаніўшы адно аднаго. Ў іх не было сакрэтаў ад сябе, яны дзяліліся самымі патаемнымі думкамі. I Лёе кахаў жонку спакойным даверлівым каханнем; ён любіў яе як пяшчотную і шчырую сяброўку, не зневажаў і ва ўсім давяраў. Але ў яго душы ўвесь час жыла дзіўная і невытлумачальная крьіўда на нябожчыка Суры, які першы авалодаў гэтай жанчынай, першы сарваў цвет яе юнацтва і душы, які нават трохі пазбавіў яе паэтычнасці. Успамін па мёртвым мужу труціў шчасце жывога, і цяпер гэтая пасмяротная рэўнасць штодня цвяліла сэрца Лёе.
Ён дайшоў да таго, што толькі і гаварыў пра Суры, распытваў пра тысячы яго інтымных і сакрэтных падрабязнасцей, хацеў ведаць кожную яго звычку і характар. Ён нават смяяўся з нябожчыка — паблажліва згадваў яго дзівацтвы, падкрэсліваў прыхамаці, налягаў на заганы.
Штомомант ён клікаў жонку з аднаго канца дома Ў ДРУгі:
— Мацільда!
— Што, дарагі?
— Хадзі пагаварьі са мной.
Яна заўжды прыходзіла з усмешкай, бо добра ведала, што з ёй будуць гаварыць пра Суры, і патурала няшкодным дзівотам новага мужа.
— Скажы, ты памятаеш, як аднаго разу Суры хацеў мне даказаць, што нізкіх мужчын любяць мацней за высокіх?
I ён пускаўся ў такія развагі, якія ніколі не былі на карысць малому Суры, але цішком давалі перавагу высокаму Лёе.
I пані Лёе ківала галавою, згаджаючыся з ім; і смяялася ад шчырага сэрца, строячы лагодныя кепікі з колішняга мужа, каб лепш улагодзіць новага, які ў канцы кожнай размовы казаў: «Усё роўна, ну і мяла гэты Суры».
Яны былі шчаслівыя, вельмі шчаслівыя. I Лёе не пераставаў усімі звычайнымі сродкамі выказваць жонцы сваё неўтаймоўнае каханне.
Неяк уночы, калі яны не маглі заснуць, узбуджаныя вяртаннем маладосці, Лёе, які прыціскаў жонку да грудзей і прагна прыпадаў да яе вуснамі, раптам спытаўся:
— Скажы, дарагая.
— Га?
— Суры... мне цяжка цяпер пра гэта пытацца... ці моцна... ці моцна ён кахаў цябе?
Яна палка пацалавала яго і шапнула:
— He так, як ты, коцік.
Яго мужчынская годнасць была ўсцешаная, і ён зноў спытаўся:
— Ён, мусіць, быў... няспрытны... не?
Яна не адказала, адно пырснула хітрым смехам і схавала твар на мужавай шыі.
Той спытаўся:
— Ён, мусіць, быў вельмі няспрытны і... як бы сказаць... нязграбны?
Яна пакруціла галавой, што азначала: «Не... зусім нязграбны».
Муж спытаўся:
— Ён, мусіць, назаляў вельмі ўночы, праўда?
Гэтым разам яна не вельмі таілася і шчыра адказала:
— Яшчэ як!
За такія словы ён зноў яе пацалаваў і шапнуў:
— Які ж ён быў кіжлай! Ты не была з ім шчаслівая?
Яна адказала:
— He. 3 ім было не надта прыемна.
Лёе абрадаваўся, правёўшы ў думках параўнанне — на сваю карысць — паміж колішнім і цяперашнім жончыным становішчам.
Некалькі хвілін ён маўчаў, пасля зноў развесяліўся і спытаўся:
— Скажы мне?
— Што?
— Будзь шчырая, зусім шчырая са мною!
— Добра, дарагі.
— Так, папраўдзе, скажы мне, ты ніколі не адчувала спакусы здра... здра... здрадзіць гэтаму дурню Суры?
Пані Лёе цнатліва войкнула і мацней прытулілася да мужавых грудзей. Але той заўважыў, што яна смяецца.
Ён настойваў:
— Ну, прызнайся. Гэтай скаціне так бы пасавалі прыгожыя рогі! Гэта было б так пацешна, так пацешна! Дабрадзею Суры! Ну, ну, шаноўная, мне, мне, асабліва мне ты можаш у гэтым прызнацца.
Ён націскаў на гэтае «мне», бо лічыў, што калі б ёй калісьці зажадалася здрадзіць Суры, яна б зрабіла гэта з ім, з Лёе, і ён дрыжаў ад асалоды ў прадчуванні такога прызнання, упэўнены, што, калі б цнота гэтае жанчыны не была настолькі непарушная, ён бы ўжо раней авалодаў ёй.
Але яна не адказвала, а ўсё хіхікала, быццам згадаўшы штосьці вельмі пацешнае.
А і самога Лёе пачало трэсці ад думкі, што ён мог бы зрабіць Суры рагатым! Які жарт! Вось дык штука! Папраўдзе, якая добрая штука!
Ён лапатаў паміж прыступамі смеху:
— Небарака Суры, небарака Суры, ах, яго галава акурат прыдатная для такой аздобы, прыдатная, прыдатная!
А пані Лёе, насмяяўшыся да слёз і траха не закрычаўшы, курчылася пад коўдрай.
Лёе паўтараў:
— Хутчэй прызнавайся, прызнавайся. Скажы праў-
ду. Ты ж разумееш, што мне, мне гэта не можа быць непрыемна.
Яна ледзь дыхаючы прамармытала: «Ага».
Муж настойваў:
— Што, што, ага. Прашу цябе, кажы.
Яна трохі сцішыла смех, пацягнулася вуснамі да вуха Лёе, які падрыхтаваўся да прыемнага прызнання,і шапнула:
— Праўда... я здрадзіла яму.
Ён адчуў, як ледзяныя дрыжыкі пранялі яго да касцей, і збянтэжана заенчыў:
— Ты... ты... яму... здрадзіла... да канца?
Яна яшчэ думала, што мужу было вельмі прыемна, і адказала:
— Ага... да канца... дарэшты.
Ён мусіў сесці ў ложку, так ён здзівіўся, так яму раптам заняло дых, так яго скаланула, нібы толькітолькі даведаўся, што рагаты ён сам.
Спачатку ён нічога не сказаў, пасля, праз некалькі хвілін, адно выціснуў: «Ах!»
Яна перастала смяяцца, занадта позна зразумеўшы памылку.
Лёе ўрэшце спытаўся:
— 3 кім?
I яна адказала:
— 3 хлопцам.