Навелы
Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
— Гаварыце хутка, які пароль? Ваш прыяцель нічога не даведаецца. Я зраблю выгляд, быццам вас пашкадаваў.
Марысо нічога не адказаў.
Тады прусак адвёў убок Саважа і задаў яму тое ж пытанне.
Саваж не адказваў.
Іх зноў паставілі побач.
Афіцэр аддаў загад. Салдаты ўскінулі стрэльбы.
У гэты момант позірк Марысо выпадкова ўпаў на поўны печкуроў сак, які ляжаў на траве за некалькі крокаў ад яго.
Сонечны прамень зіхацеў на лусцы рыб, якія яшчэ трапяталіся. I раптам Марысо апанавала нейкая слабасць. На яго вачах мімаволі нагарнуліся слёзы.
— Бывайце, Саваж,— прамармытаў ён.
I той адказаў:
— Бывайце, Марысо.
Яны паціснулі адзін аднаму рукі, і абодвух з ног да галавы біла неадольная дрыготка.
Афіцэр крыкнуў:
— Агонь!
Дванаццаць стрэлаў зліліся ў адзін.
Саваж, як падкошаны, ніцма паваліўся на зямлю. Марысо, вышэйшы, вагануўся, перакруціўся і ўпаў на свайго прыяцеля ўпоперак, тварам дагары. Па яго фрэнчы, прастрэленым на грудзях, пацяклі цурочкі крыві.
Немец даў яшчэ некалькі загадаў.
Салдаты некуды пабеглі, прынеслі вяроўкі, камяні, прывязалі іх да ног забітых французаў і занеслі трупы на бераг.
Мон-Валер’ен грукатаў і грукатаў, над ім ужо вырасла вялізная дымная хмара.
Два салдаты ўзялі Марысо за галаву і за ногі, два другія гэткім жа чынам паднялі Саважа. Потым яны
моцна разгушкалі іх целы і зашпурнулі далёка ў раку. Целы апісалі дугу і стаўма пайшлі пад ваду, бо камяні цягнулі ўніз спачатку іх ногі.
Вада паляцела пырскамі, зашумела, забурліла, потым супакоілася, і толькі маленькія, дробныя хвалі паразбягаліся да берагоў.
На паверхні яшчэ плавалі невялічкія плямкі крыві.
Афіцэр, па-ранейшаму абсалютна спакойны, ціха прамовіў:
— Рэшту зробяць рыбы.
Пасля гэтага ён рушыў да дома.
Але раптам на вочы яму трапіўся сак з печкурамі, што ляжаў на траве.
Ён падняў яго, паглядзеў, усміхнуўся і крыкнуў: — Вільгельм!
Падбег салдат у белым фартуху. Прусак кінуў яму ўлоў расстраляных французаў і загадаў:
— Ану, падсмаж мне гэтую рыбку, ды давай хутчэй, пакуль яна яшчэ жывая. Будзе чым паласавацца.
I ён зноў запыхкаў люлькай.
ПРЫГОДА ВАЛЬТЭРА ШНАФСА
Рабэру Пэншону
Пасля таго, як Вальтэр Шнафс апынуўся разам з захопніцкімі войскамі ў Францыі, ён лічыў сябе самым няшчасным чалавекам на свеце. Ён быў тлусты, хадзіў цяжка, увесь час задыхаўся і пакутаваў ад страшэннага болю ў тоўстых нагах з абсалютна пляскатымі ступакамі. Апроч таго па характары ён быў чалавек мірны, лагодны, і пачуцці ганарлівасці ці жорсткасці былі яму зусім невядомыя. Ён меў чацвёра
дзяцей, якіх вельмі любіў, і маладзенькую жонку, бландынку, пяшчоты, мілыя клопаты і пацалункі якой ён кожны вечар прыгадваў з сумным адчаем у душы. Ён любіў уставаць позна і лажыцца рана, няспешна есці далікатныя стравы і піць піва ў ціхіх карчомках. Апроч таго ён лічыў, што ўсё добрае і прыемнае на гэтым свеце знікае разам з жыццём, і таму захоўваў у сэрцы жахлівую, інстынктыўную і, разам з тым, свядомую нянавісць да ўсіх гармат і стрэльбаў, рэвальвераў і шабляў, а болып за ўсё — да штыкоў, бо адчуваў, што не здольны валодаць гэтай гідкаю зброяй з дастатковым спрытам, каб абараніць свой вялізны жывот.
I калі надыходзіла ноч і ён, захінуўшыся ў шынель, лажыўся спаць побач са сваімі франтавымі сябрамі, якія ўжо задавалі храпака на голай зямлі, ён яшчэ доўга думаў пра сваіх, якія былі ад яго так далёка, і пра тую небяспеку, што пільнуе яго на нялёгкім шляху: «Калі заб’юць, што будзе з малымі? Хто іх будзе карміць і гадаваць? Нават і цяпер яны, пэўна, церпяць нястачу, хоць перад тым, як іх пакінуць, ён пазычыў трошкі грошай, каб ім было на што жыць».
I часам Вальтэр Шнафс плакаў.
Перад боем ён адчуваў такую кволасць у нагах, што здавалася, зараз упадзе, і ўпаў бы, каб не баяўся, што пасля ўсё войска прабяжыць па ім. Калі ж вакол чуўся посвіст куль, усе валасы ўставалі дыбам на яго целе.
I гэтак ужо некалькі месяцаў ён жыў у бесперастанным жаху і пакутах.
Армейскі корпус, у якім ён служыў, прасоўваўся да Нармандыі, і аднаго дня Вальтэр Шнафс з маленькім атрадам быў пасланы ў разведку. Яны мусілі проста даследаваць сумежную наперадзе тэрыторыю і вярнуцца назад. Усё ў наваколлі здавалася ціхім, нішто
не прадказвала падрыхтаванага нападу ці супраціўлення.
Прусакі спакойна спускаліся ў невялічкую лагчыну, парэзаную глыбокімі ярамі. Але раптам іх прымусіла спыніцца нечаканая, шалёная пальба. Чалавек дваццаць упалі на месцы. А з маленькага лясочку, велічынёй не болей за далонь, выскачыла кучка французскіх вольных стралкоў, якія кінуліся наперад са штыкамі наперавес.
Спачатку Вальтэр Шнафс застыў, ён быў такі здзіўлены, такі разгублены, што нават не думаў уцякаць. Потым яго апанавала панічнае жаданне задаць драпака, куды-небудзь знікнуць. Аднак, гледзячы на хударлявых французаў, якія подскакам, нібы статак горных коз, ужо набліжаліся да прусакоў, ён адразу сцяміў, што ў параўнанні з імі будзе бегчы не хутчэй за чарапаху. I тут за шэсць крокаў ад сябе ён заўважыў шырокі роў, зарослы густым хмызняком з сухімі лісцямі. Склаўшы ногі, стаўма, як скачуць з моста ў раку, ён скочыў туды, нават не думаючы пра глыбіню.
Ён маланкай праляцеў скрозь шчыльнае покрыва з пераплеценых галін і вострых шыпоў, якія параздзіралі яму рукі і твар, і цяжка чвякнуўся задам на каменную крушню.
Адразу падняўшы вочы, ён убачыў над сабой, у прасечанай яго целам дзірцы, чыстае неба. Гэтая здрадніцкая дзірка магла яго выдаць, і Вальтэр Шнафс асцярожліва, ракам, як мага хутчэй папоўз у глыб зарослай густым хмызняком канавы, аддаляючыся ад месца бойкі. Нарэшце ён спыніўся, сеў і прытаіўся, як трус у высокай сухой траве.
Нейкі час ён яшчэ чуў стрэлы, крыкі і енк. Потым шум бойкі пачаў згасаць і нарэшце змоўк. Усё вакол зноў стала ціха і спакойна.
Раптам нешта варухнулася побач з ім. Ён з жахам падскочыў. Гэта была маленькая птушка,— галінка,
на якую яна села, шапацела леташнім лісцем. Амаль гадзіну сэрца Вальтэра Шнафса шалёна калацілася ад спалоху.
Набліжалася ноч, яр запаўняўся змрокам. I салдата пачалі апаноўваць думкі. Што ж з ім цяпер будзе? Што яму рабіць? Вярнуцца ў войска, да сваіх?.. Але як? I кудой? I тады яму зноў давядзецца пачаць гэта жудаснае жыццё, якім ён жыў ад самага пачатку вайны,— жыццё, поўнае кашмараў і жахаў, стомы і пакут! He! Ён быў няздольны адважыцца на гэта! Яму не стане сілы, каб зноў перажыць гэтыя доўгія маршы, зноў штохвіліны рызыкаваць сваім жыццём.
А што ж тады? He можа ж ён заставацца ў гэтым яры і чакаць, пакуль скончацца ваенныя дзеянні. Вядома, не. Каб не трэба было есці, такая перспектыва не вельмі засмуціла б яго, але есці было трэба, і кожны дзень.
А ён быў адзін, са зброяй, апрануты ў уніформу, на варожай тэрыторыі, далёка ад тых, хто мог бы яго абараніць. Дрыготка прабягала па яго целе.
Раптам ён падумаў: «Хай бы мяне ўзялі ў палон!»
I яго сэрца забілася ад жадання, шалёнага, нястрымнага жадання стаць палонным французаў. Трапіць у палон! Тады ён будзе ўратаваны, накормлены, прытулены, схаваны ад куль і шабляў, пазбаўлены ўсякага страху, у добрай турме, з добраю вартай! Трапіць у палон! 0 якая мара!
I рашэнне было прынята адразу:
— Я здамся.
Ён падняўся з рашучым намерам не адкладаючы ні на хвіліну здзейсніць свой план. Але так і застаўся стаяць, апанаваны прыкрымі думкамі і новымі засцярогамі.
Дзе ж ён здасца? Як? Каму? I жахлівыя карціны, карціны смерці напоўнілі яго душу.
Яго можа чакаць страшэнная небяспека, калі ён вось так, у сваёй касцы з шышаком, пойдзе адзін па палях.
Раптам ён натрапіць на сялян? Гэтыя сяляне, калі яны ўбачаць прусака, заблуднага і безабароннага прусака,— яны заб’юць яго, як бадзяжнага сабаку! Яны папрапорваюць яго сваімі віламі, пасякуць матыкамі, рыдлёўкамі, парэжуць косамі! Яны зробяць з яго катлету, кашу, будуць біць апантана, з роспаччу, як гэта робяць пераможаныя людзі.
А раптам ён натрапіць на вольных стралкоў? Гэтыя вольныя стралкі, злыдні, якім няма ні закону, ні парадку, яны застрэляць яго проста так, каб пасмяяцца, каб забавіць гадзіну, каб пацешыцца, гледзячы на яго тоўстую і спалоханую фізіяномію. I ён ужо бачыў, як яго ставяць да сцяны, а насупраць падымаецца тузін ружэйных руляў, якія, здаецца, глядзяць на яго вачыма сваіх круглых і чорных дзірак.
А раптам ён натрапіць на цэлую французскую армію? Салдаты з авангарда палічаць яго за лазутчыка, за якога-небудзь дзёрзкага і хітрага ваяку, які адважыўся пайсці ў разведку адзін, яны пачнуць у яго страляць. I ён ужо чуў бязладную пальбу салдатаў, залеглых за хмызамі, уяўляў, як ён, стоячы пасярод голага поля, валіцца прадзіраўлены, як друшляк, кулямі, і адчуваў, як яны ўваходзяць у яго цела.
3 адчаем ён зноў сеў на зямлю. Яго становішча здавалася яму безвыходным.
Ужо зусім сцямнела, прыйшла маўклівая, чорная ноч. Вальтэр Шнафс не варушыўся і толькі ўздрыгваў пры кожным невыразным, незразумелым гуку, што даносіўся да яго з цемры. Тупаценне труса каля сваёй нары ледзь не прымусіла яго кінуцца наўцёкі. Кугаканне савы кроіла яму сэрца, працінала душу раптоўным жахам, аддавалася болем ва ўсім целе, бы незагоеная рана. Ён з усяе моцы таропіў вочы, намагаю-
чыся нешта ўбачыць у змроку; і ўвесь час яму вярзлося, што побач нехта ходзіць.
Пасля доўгіх, бясконцых гадзін і пачварных жахаў ён нарэшце заўважыў, што неба над страхой з пераблытанага галля пачынае святлець. Ён адчуў неймаверную налёгку, усё яго цела расслабілася, напружанне адразу знікла, сэрца ўлеглася, вочы заплюшчыліся.
Ён заснуў.
Калі ён прачнуўся, сонца было ўжо амаль у зеніце, быў поўдзень. Змрочная цішыня палёў не парушалася ніякімі гукамі, і Вальтэр Шнафс раптам заўважыў, што яго мучыць шалёны голад.
Яму пачало пазяхацца, успаміны пра кілбасу, добрую салдацкую кілбасу наганялі поўны рот асцы; у страўніку шчымела.
Ён устаў, прайшоў некалькі крокаў, але адчуў вялікую слабасць у нагах і зноў сеў, каб падумаць. Яшчэ гадзіны дзве ці тры ён узважваў усе за і супраць, сто разоў мяняў рашэнне, адчуваў сябе няшчасным, змагаючыся з сваёю нерашучасцю, і зноў пакутаваў ад самых супярэчлівых довадаў.
Нарэшце яму прыйшла, здаецца, лагічная і разумная думка — дапільнаваць на дарозе адзінокага вяскоўца, у якога не будзе ні зброі, ні якой-небудзь небяспечнай прылады працы, кінуцца да яго і як мага даходлівей растлумачыць, што ён здаецца.