Навелы  Штэфан Цвэйг, Томас Ман

Навелы

Штэфан Цвэйг, Томас Ман

Выдавец: Юнацтва
Памер: 319с.
Мінск 1996
128.68 МБ
— Сюды, хутчэй-це сюды! — роў ён.— I не вы, не толькі вы, а і тыя вунь, кепачнікі, тыя вунь, лупатыя. Я вам такую праўду скажу, што пападаеце. Смеяцеся, плечкамі знізваеце, каб вас пананізвала! Што ж, што праўда, то праўда... слабы я да чаркі, не схлушу!.. Але хай я самы прапашчы п’янюга!.. Нас рассудзяць! Апошні дзень яшчэ не настаў... Ен прыйдзе, свалата паганая, Гасподзь усіх нас паважыць на шалях... от і пабачым, чыя пераважыць... Прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй, вы, нявінныя ліхадзеі, Яго царства не ад свету гэтага... Ен укіне вас у цемру вонкавую, дзе крык і скрыгат зубоў...
Сабраўся ладны натоўп. Хто выскаляўся, хто супіў бровы. Падышло яшчэ некалькі муляраў і падзёншчыкаў з будоўлі. Нейкі вазак, пакінуўшы сваю фурманку на шашы і не выпускаючы з рукі пугі, таксама пералез канаву. Нехта схапіў Піпзама за плячук і давай трэсці, але той гэтага нават не заўважыў. Міма ішлі строем салдаты, яны цягнулі шыі, рагаталі. Нават пінчзр не стрываў: упёрся пярэднімі лапамі ў зямлю, падціснуў хвост і зайшоўся брэхам проста ў твар Піпзаму.
I тут Лёбгот Піпзам яшчэ раз крыкнуў з усяе сілы: «Злазь, каму я сказаў, малакасос кіслагубы!», апісаў у паветры рукою шырокую дугу і раптам — брык на зямлю. Быццам скамянелы, ляжаў ён чорнаю купінай сярод натоўпу, што абступіў яго. Памяты цыліндр зля-
цеў з галавы, паьаціўея, падскокнуў і таксама застыў на месцы. Двое муляраў схіліліся над нерухомым Піпзамам, паталкавалі пра здарэнне, разумна, дзелавіта, як яно і належыць рабочым людзям. Адзін з іх падняўся і некуды пабег. Астатнія яшчэ нейкі час кешкаліся з нячулым целам, спрабавалі адно, другое. Нехта плёхнуў на яго з вядра, нехта, наліўшы ў далоню спірту, працёр яму скроні. Але ўсе гэтыя намогі нічога не далі.
Прайшло з паўгадзіны. А потым загрукаталі колы, і карэта «хуткай дапамогі» з едкімі чорнымі крыжамі па баках, запрэжаная парай добрых коней, паявілася на шашы. Пад’ехаўшы да месца, яна спынілася, два санітары ў акуратнай уніформе саскочылі з козлаў, адзін пайшоў да задка карэты адчыніць дзверцы і выцягнуць дошку, другі цыгнуў цераз канаву, выбраўся на дарогу да могілак, расштурхаў разяваў і з дапамогаю аднаго з іх павалок пана Піпзама да карэты. Піпзама паклалі на дошку і сунулі ў карэту, як папеку хлеба ў напаленую печ, захлопнулі дзверцы, а потым абодва санітары зноў узбатаваліся на козлы. Усё гэта было зроблена спраўна, завучана дакладна, спрытна, гладка, як у цырку.
I Лёбгота Піпзама павезлі.
1901
МАРЫЕ I ШТУКАР
Успамінаць, як мы жылі ў Торэ-дзі-Венерэ, і ўсю тамтэйшую атмасферу цяжка. 3 самага пачатку адчувалася раздражнёнасць, узбуджанасць, нервовасць, a пад канец яшчэ і тая гісторыя з жахлівым Чыполам, у якім фатальна і вельмі ўражліва нібыта ўвасобілася і пагрозліва загусла ўсё ліхое майго настрою. Тое, што пры страшэннай развязцы (а нам потым здавалася, што яна была наканаваная і па сутнасці заканамерная) былі нашыя дзеці, вядома, недапушчальна і варта жалю, але нас заблытала містыфікацыя, на якую адважыўся той дзіўны чалавек. Дзякуй богу, дзеці так і не зразумелі, калі закончылася гульня і пачалася драма, а мы не сталі ім тлумачыць, што гэта не быў тэатр.
Торэ — кіламетраў за пятнаццаць ад Портэклемэнтэ, вельмі моднага курорта на Тырэнскім моры, як сталіца, элегантнага, амаль круглы год перапоўненага, з шыкоўнай, забудаванай гатэлямі і крамамі эспланадай уздоўж мора, з стракацізнай будак, флажкамі пясчаных замкаў і загарэлымі целамі, шырокім пляжам і шумнымі «вясёлымі» ўстановамі. Пляж, акаймаваны гайком піній, на які ўглядаюцца зверху недалёкія горы, пакрыты ўздоўж усяго ўзбярэжжа тым самым дробным пяском, утульны і прасторны, таму не дзіва, што неўзабаве непадалёк узнік крыху меншы шумны канкурэнт. Торэ-дзі-Венерэ, дзе дарма будзеш азірацца, шукаючы вежу, якой пасёлак абавязаны сваёй назвай,— гэта як бы філія суседняга вялікага курорта і колькіколькі гадоў быў чыстым раем нямногім, прыстанішчам аматараў прыроды, яшчэ не падпошленай свецкім гамузам. Але як яно павялося з такімі закуткамі, цішыні давялося даўно адступіць далей па ўзбярэжжы, у Марына-Петрыера і яшчэ бог ведае куды; свет, як вядома, шукае цішыні і, знайшоўшы, выганяе яе, са смешнай пажадай нападае на яе і думае сабе, быццам здольны з ёю яднацца і быццам там, дзе яна, можа быць і ён; емех падумаць — нават зладзіўшы кірмаш у яе жытлішчы, ён хоча верыць, што цішыня яшчэ засталася. Вось і Торэ, яшчэ, праўда, спакайнейшы і сціплейшы за Портэклемэнтэ, ужо ўвайшоў у моду ў італьянцаў і заязджанаў з іншых краін. У міжнародны курорт больш не едуць ці, бадай, не едуць, як бывала, але гэта яму не завада, каб заставацца шумным і перапоўненым міжнародным курортам; едуць крыху далей, у Торэ, гэта нават шыкарней, і апрача таго танней, прытым вабнасць гэтых дабротаў не мяняецца, хоць саміх дабротаў ужо няма. Торэ завёў сабе «Гранд-гатэль», распладзілася безліч пансіёнаў з прэтэнзіямі і без, так што гаспадары і наймальнікі вілаў і садкоў у хвойнічку над морам ужо не могуць пахваліцца спакоем на пляжы; у ліпені — жнівені там такая самая карціна, што і ў Портэклемэнтэ: увесь пляж аж кішыць гоманам, балбатнёю, радасным рогатам купальнікаў, якім апантанае сонца лахманамі лупіць скуру з шыі і плячэй; на прамяністай сінечы пагойдваюцца ядавіта пафарбаваныя пласкадонкі з дзятвою, і знакаміта гучныя імёны, якімі аклікаюць сваіх чадаў матулі, баючыся іх упусціць з
вачэй, напаўняюць паветра хрыплай трывогай, а яшчэ дадайце ўсіх тых, што разносяць вустрыц, напіткі, кветкі, пацеркі, cor netti al burre1, што, пераступаючы цераз раскінутыя рукі і ногі загарэльцаў, таксама, як усе з поўдня, гартаннымі і настырнымі галасамі назаляюцца са сваім таварам.
Такі быў пляж у Торэ, калі мы прыехалі,— маляўніча, нічога не скажаш, але мы ўсё-такі рашылі, што прыехалі зарана. Стаяла сярэдзіна жніўня, італьянскі сезон сама-сама кішэў,— іншаземцам не найлепшая пара, каб ацаніць чароўнасць гэтай мясціны. Якая папалудні штурхатня ў адкрытых кавярнях на праменадзе ўздоўж мора, хоць сабе ў «Эсквізіта», куды мы час-парою завітвалі пасядзець і дзе слугаваў нам Марыё, той самы Марыё, пра якога я і меруся расказаць! Цяжка знайсці вольны столік, а аркестры — кожны грае, ніхто не лічыцца з суседам! Да таго ж якраз папалудні штодзень наязджае публіка з Портэклемэнтэ, бо, ясна ж, Торэ панадная мэта загародных прагулянак у няўседлівых гасцей вялікага курорта, і ад усіх гэтых фіятаў, што снуюць туды-сюды па дарозе, кусты лаўраў і алеандраў на абочынах шашы пакрытыя, як снегам, дзюймовым налётам белага пылу — нязвыклае, але агіднае відовішча.
На добры лад ехаць у Торэ-дзі-Венерэ след у верасні, калі самая гарачая публіка раз’язджаецца і курорт пусцее, або ў травені, пакуль мора яшчэ не нагрэецца настолькі, каб хто з тутэйшых рызыкнуў у ім апаласнуцца. Праўда, і ў міжсезонне там не пуста, але ж не дужа шумна і не так наітальянена. Англійская, нямецкая, французская гаворка пераважае пад тэнтамі будак на пляжы і ў сталовых пансіёнаў, тым часам як яшчэ ў жніўні, прынамсі, у «Гранд-гатэлі», дзе мы мусілі спыніцца, не маючы прыватных адрасоў, такая навалач фларэнтыйцаў і рымлян, што чужаземец адчувае сябе не толькі чужым, але як бы пастаяльцам другога гатунку. Гэта мы з некаторай прыкрасцю заўважылі першага ж вечара, калі спусціліся паабедаць у рэстаран і папрасілі мэтрдатэля паказаць нам вольны столік. Супроць прапанаванага нам століка запярэчыць, зрэшты, не было прычыны, але нас прывабіла зашклёная веранда
Ражкі ў алеі (іт.).
на бок мора, што, як і зала, была запоўнена, але там яшчэ заставаліся вольныя месцы і на століках гарэлі лямпачкі пад чырвонымі абажурамі. Такая святочнасць вельмі спадабалася нашым дзецям, і мы з шчырым сэрцам заявілі, што хацелі б на веранду — і тым самым выявілі сваю поўную недасведчанасць, бо нам, крыху сумеўшыся, сказалі, што гэтая раскоша толькі «нашым кліентам», «аі nostri clienti». Нашым кліентам? Ну, тады гэта нам. Мы ж не якія там матылькі-пырхункі, мы пастаяльцы, якія прыехалі на тры тыдні, а можа, і на месяц, мы пансіянеры. Зрэшты, мы не настойвалі, каб нам удакладнялі розніцу паміж намі і той кліентурай, што мае права акладацца пад чырвонымі лямпачкамі, мы з’елі наш pranzo1 за сталом, асветленым сціпла і будна, у агульнай зале — абед так сабе, сярэдненькі, безаблічны і нясмачны гатэльны стандарт; кухня пансіёна «Элеанора», што, можа, крокаў на дзесяць далей ад мора, здалася нам пазней куды смачнейшай.
Туды мы перабраліся дні праз тры-чатыры, яшчэ як след не асвойтаўшыся ў «Гранд-гатэлі» — і нават зусім не за тую веранду і чырвоныя лямпачкі: дзеці адразу здружыліся з афіцыянтамі і пасыльнымі, без памяці радаваліся мору і неўзабаве начыста забыліся на прыгожыя прынады. Але з некаторымі заўсёднікамі веранды ці, правільней, з дырэкцыяй гатэля, што плазам плазавала перад імі, адразу ўзнік адзін з тых канфліктаў, якія з самага пачатку псуюць жыццё на курорце. Сярод іх былі рымскія багацеі і нейкі ргіпсіге2 Ікс з сям’ёй, нумар гэтага панства быў суседні з нашым, і княгіня, велікасвецкая дама і разам з тым палкай любові маці, была напалохана рэшткамі ядухі, якою абое нашыя малыя незадоўга да таго перахварэлі і слабое водгулле якой яшчэ часам уначы парушала звычайна здаровы сон нашага меншанькага. Сутнасць гэтай хваробы не вельмі ясная, што дае прастору ўсялякім прымхам, a таму мы зусім не пакрыўдзіліся на нашу элегаятную суседку за тое, што яна падзяляла дужа пашыраную думку, быццам ядухай заражаюцца акустычна,— інакш кажучы, проста баяліся благога прыкладу сваім дзецям. Па-жаночы гордая сваёй знакамітасцю, яна
1 Абед (іт.).
2 Князь (irj.
звярнулася у дырэкцыю, пасля чаго апрануты у сурдут упраўнік паспяшаўся з вялікім-вялікім жалем абвясціць нам, што пры такіх акалічнасцях наша перасяленне ў флігель гатэля проста мусовае. Дарма талкавалі мы яму, што гэтая дзіцячая хвароба на апошняй стадыі затухання, што яна фактычна пераадолена і не нясе ніякай небяспекі нікому. Адзінае, у чым ён саступіў нам, быў дазвол вынесці выпадак на суд медыцыны, гатэльны ўрач — і толькі ён, а не які-небудзь наш запрашэнец — можа быць пакліканы развязаць пытанне. Мы згадзіліся на гэтую ўмову, бо не сумняваліся, што такім чынам і княгіня ўгамоніцца, і нам не давядзецца перабірацца. Прыходзіць доктар, ён аказваецца сумленным і вартасным слугою навукі. Ен' абследуе малога, выяўляе, што той зусім ужо здаровы, і выключае якуюколечы небяспеку. Мы ўжо лічым, што справа ўладжана, аж не — упраўнік заяўляе, што, нягледзячы. на заключэнне ўрача, нам трэба вызваліць нумар і перабірацца ў флігель.'