Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
— Ага! Любімчыку, старшанькаму — чорта яго матары! A мы што? Куды мне чацвярых блазнюкоў дзяваць? Куды? Кажы, бацька! — б’ючы сябе кулаком у расхрыстаныя грудзі, крычаў Мікіта.
Браты загулі, заварушыліся, нездаволеныя бацькам, выцягнулі жылаватыя рукі і пачалі насоўвацца на яго, гатовыя разарваць старую згорбленую постаць ля грубкі. Але бацька сядзеў спакойны, строгі, зусім не баязлівы, быццам ён ведаў нейкую сілу, якая магла абараніць. Грышка спалохаўся, што здарыцца страшнае, і, кінуўшыся да старога, засланіў яго.
Тады браты замахалі ўгары доўгімі, як абламаны шлагбаум, рукамі, растапырылі над ім кіпцюрастыя кашчавыя пальцы, прагна пацягнуліся да яго шыі.
— Ага,— шыпеў з цемры Мікітаў голас.— Добра табе: ты ў армію пойдзеш, ты да камандзіра даслужышся, ты жалаванне палучыш, а мы што? Што мы-ы-ы?
Тыя кіпцюрастыя братавы пальцы ўхапілі Грышку за горла, за грудзі, за ногі і рукі, сціснулі, ён стаў задыхацца, але адбіваўся як мог. А бацька ўсё сядзеў ля грубкі і, пазіраючы на бойку, агідна хіхікаў:
— Ara, ага! Bo, так яго, так, так, так...
Рыгор ірвануўся неяк, выслізнуў з гэтых кастлявых абдымкаў і кінуўся прэч.
Пасля нешта перайначылася ў сне, ён апынуўся ўжо за станковым кулямётам пад агромністым заснежаным валуном, на беразе таго безыменнага возера ў Фінляндыі, дзе сяржант Карпенка зрабіў свой першы вайсковы подзвіг. За другім такім жа каменем туліўся з «ручніком» узводны — лейтэнант Хіль. Болей у іх роце не засталося нікога, і яны трэція суткі з двух кулямётаў адбіваліся ад фінаў. Толькі цяпер, у сне, на іх чамусьці наступалі не лыжнікі асобага батальёна «Суомі», а нямецкія эсэсаўцы — яны роўным густым ланцугом хутка беглі па заснежаным лёдзе возера. Карпенка страляў і страляў, але яго кулі недзе знікалі, не робячы ворагу шкоды. Ён спахапіўся, што не паставіў на планцы прыцэл, і тады аказалася, што няма і самой планкі, што яе адбіла асколкам, а кулі з перагрэтага ствала падаюць на снезе перад самай яго пазіцыяй. Дацяты жахам трапіць у рукі немцаў, Карпенка схапіў у абедзве рукі апошнія дзве «лімонкі» і з крыкам: «За Радзіму, за Сталіна!» замахнуўся на ворагаў. I тады ён пачуў ззаду знаёмы прастуджаны голас іхняга камандзіра батальёна, які ўчора пакінуў іх тут, на гэтым пераездзе:
— А здорава ты, Карпенка, разышоўся!
Здзіўлены старшына павярнуўся з паднятымі гранатамі і чамусьці ўбачыў Аўсеева, які спакойна даядаў з кацялка згатаваную Свістам кашу і казаў:
— Ты дзівак, камандзір. Чаго так артачышся? Давай лепей есці кашку з катлетамі. Хіба не бачыш — то ж нашы.
Яшчэ болей здзівіўшыся, ён угледзеўся ў ланцуг на лёдзе і зразумеў, што гэта сапраўды ішлі нашы, чырвонаармейцы ў будзёнаўках, а Аўсееў, аблізваючы лыжку, казаў далей:
— Ну вось, камандзір, цяпер у цябе медальку і адбяруць. Нашто ў сваіх страляў?
Змучаны жахамі, ён баязліва зірнуў на свае грудзі, дзе побач са значком «Выдатнік РСЧА» заўжды вісеў яго медаль «За баявыя заслугі», і адчуў там нечую руку, што ласкава гладзіла яго. Ён узняў голаў — побач стаяла Каця —
Кацярына Сымонаўна, яго маленькая маладая жонка, якая немаведама як апынулася тут. Яна гладзіла яго грудзі, роспачна чаплялася за яго шыю і плакала, плакала, як у той дзень, калі праводзіла яго ў ваенкамат — на другую, куды болей страшную вайну з немцамі.
— Дык глядзі ж,— казаў Карпенка, вялікімі рукамі абдымаючы худыя вострыя плечы Каці.— Народзіцца — беражы, шануй яго...
— Ой, родненькі, ніколі ён для цябе ўжо не родзіцца,— закінуўшы голаў, праз слёзы і енкі прыгаворвала жонка,— Загінеш ты, прападзеш, любы, харошы мой...
Гэта было нясцерпна. Апанаваны жахамі, Карпенка неяк натужыўся, каб скінуць іх, і прачнуўся.
У старожцы панаваў суцэлыіы сляпы змрок. Мерна соп на падлозе Свіст, недзе стрымана і роўна дыхаў Аўсееў. Карпенка спусціў з тапчана ногі. Цела застыла ад холаду, які ўжо запанаваў у гэтай дзіравай будыніне, і старшына зябка захінуўся ў шынель. Ён намацаў кішэні, выцягнуў капшук, вобмацкам у цемры згарнуў цыгарку. Запальніца чамусьці не загаралася, толькі выпстрыквала маленькія сіняватыя іскрынкі і гасла. Карпепка схаваў яе назад у кішэшо і, намацваючы ў цемры людскія целы, ступіў да грубкі. У попеле яшчэ дзе-нідзе тлелі вугольчыкі, старшына дастаў адзін і, узяўшы яго пальцамі, прыкурыў. Папяровы кончык цыгаркі ўспыхнуў зыркім палахлівым агеньчыкам, асвяціў на момант сонны насуплены твар старшыны, бліснуў у насцярожаных сумных вачах скурчанага ля печкі Глечыка. Старшына кінуў вугаль у грубку, зацягнуўся і зноў адступіў на тапчан.
— Ты чаго не спіш, Глечык? — запытаўся Карпенка з цемры.
— Так, не спіцца.
— Дарма. А заўтра, бадай, не ўдасца,— заўважыў Карпенка і, памаўчаўшы, зазначыў сабе, думаючы пра сон: «Ат, лухта! Навярзецца ўсякага...»
Ён зноў разлёгся на тапчане, курыў і думаў аб тым, што навеяў яму гэты благі недарэчны сон.
Так, нялёгкае было жыццё сялянскага хлопца Карпенкі.
Адслужыўшы тэрміновую памочнікам камандзіра ўзвода, ён застаўся яшчэ і год з дзесяць служыў старшыной роты. Неспакойная гэта служба, хто ведае — не пазайздросціць старшынскаму хлебу. Цяжкавата было Карпенку, але неяк прывык, уцягнуўся ў бясконцыя казарменныя клопаты. Ды і мусіў цягнуць, бо вяртацца дадому на Арлоўшчыну не выпадала, у бацькавай хаце жыў са сваёй вялікай сям’ёй Аляксей, усе астатнія браты разбрыліся па свеце. Праўда, пасля стаў калгас, не трэба была свая гаспадарка, зямля, але калгас той доўгі час ледзьве ліпеў, з цяжкасцю становячыся на ногі. I ўсё ж да мірнага працоўнага жыцця вельмі цягнула старшыну Карпенку. Пакрысе жыццё наладжвалася, станавілася лягчэй і ў вёсцы і ў горадзе, але тады распачалася вайна з фінамі. На ёй Карпенку давялося сербануць ліха, яго параніла, пасля ён атрымаў баявы медаль і ўрэшце здзейсніў свае даўнія мары — звольніўся ў запас. Як удзельніка вайны і ўзнагароджанага, яго прызначылі намеснікам дырэктара льнозавода, далі добрую кватэру ў другой палавіне папоўскага дома, дзе была заводская кантора, і Карпенка неўзабаве ажаніўся з Кацяй або Кацярынай Сымонаўнай, маладзенькай настаўніцай тутэйшай пачатковай школы.
Заводскія справы яго захапілі. Па старой вайсковай звычцы ён не шкадаваў свае працы, часу, стараўся разам з дырэктарам, аднарукім чырвоным партызанам Шорацам, і іх завод быў адзін з лепшых у раёне. Ён стрымана, па-свойму, без асаблівай ласкі, але моцна кахаў сваю Кацю — Кацярыну Сымонаўну — і з незвычайнай, ніколі не адчуванай пяшчотай чакаў неўзабаве малога.
I тут зноў — вайна.
Цяжка і няўдала пачалася яна, кожнага дня гінулі сотні людзей, але Карпенку на фронце ўсё ж шанцавала. Іх дывізію ўлетку разбілі пад Оршай, аднак рэшткі палка, у якім служыў старпіына, неяк выкарабкаліся з акружэння, вынеслі зброю і сцяг. Праўда, загінулі ў баях тры камандзіры яго роты, змянілася некалькі камбатаў, ужо зусім мала засталося тых, з кім старшына вытрымаў першы бой, а Карпенка ўсё быў цэлы. Урэшце ён ужо прывык да сваёй неўязвімасці, дбаў пра іншых і ніколі асабліва не клапаціўся аб сабе.
Здаралася, ён заставаўся на нядоўга камандзірам батальёна, даўжэй — камандзірам роты, немцы асабліва яго нідзе не білі, звычайна выходзіла так, што і Карпенка, налаўчыўшыся, даваў добрай здачы. Ён не вельмі палохаўся сам, гіільна сачыў за боем, не даваў спуску баязліўцам, байцы трошкі крыўдавалі на яго за лішнюю строгасць, але ў баях цанілі крыклівага старшыну.
Карпенка дакурыў цыгарку, паляжаў яшчэ. Сон болей не ішоў, у старожцы па-ранейшаму было цёмна, але чуйны да часу старшына здагадваўся, што хутка наступіць ранак. Ён зноў узняўся, захінуўся ў шынель і, пераступіўшы цераз Свіста, расчыніў дзверы.
На дварэ марудна світала. Змрок паволі радзеў, адпаўзаў з пераезда, ужо прыкметны быў насып чыгункі, дарога з блішчастай лужынай. Чорпай расплывістай паласой цягнуліся ў шэрасць прысады. Вецер уціх, пацяплела, з лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману.
Старшына агледзеўся, шукаючы вартавога Пшанічнага, але таго нідзе не было. Ён абышоў старожку, зазірнуў у траншэю, гукнуў. «Дзіўна,— падумаў Карпенка,— няўжо задрамаў дзе?» Ён яшчэ паазіраўся, вылаяўся ад прыкрасці, і тады на шляху за бярозамі чуйную ранішнюю ціш праламіла гулкая кароткая чарга.
12
Застаўшыся адзін у вячэрнім ветраным полі, Фішар нейкі час слухаў далёкую страляніну за лесам, глядзеў на палахлівае мігценне ракет і думаў, што іх справы тут, відаць, кепскія. Калі ўжо немцы зайшлі з тылу, дык утрымаць тую дарогу наўрад ці будзе магчыма. Праўда, зайсці ў тыл магла і нсвялікая група фашыстаў, асноўныя ж іх сілы не мінуць гэтай адзінай, прыгоднай для аўтамабіляў дарогі. Калі толькі рынуцца яны і якія гэта будуць сілы, ці ўдасца ім, шасцярым байцам, утрымаць пераезд на суткі? — вось гэтыя думкі-сумненні ўсё настойлівей турбавалі байца.
Калі страляніна за лесам сціхла, Фішар схамянуўся ад свае трывожнай задуменнасці і схапіў лапатку. Ужо зусім
сцямнела: неба, поле, дарогу з бярозамі завалакло туманным змрокам, трохі відаць было ржышча ля ботаў і ў ім — няроўная баразёнка старшыновай адмеціны акопа. Фішар узяўся капаць — імпэтна, бязладна разгортваць у бакі мяккую ад вільгаці глебу з іржышчам. Неўзабаве ў яго атрымалася нейкая ямка, накіпталт невялічкай варонкі, далей зямля стала цвярдзейшая і зусім не хацела паддавацца. Баец парадкам змарыўся, расшпіліў папружку, зняў процівагазную сумку, паслухаў трохі, адпачыў і ўжо далей пачаў працаваць спакойней.
Ад тае аднастайнай працы і ветранай начной цішыні да Фішара прыйшла прывычная патрэба разважаць — дабірацца да сэнсу з’яў і акалічнасцей яго вайсковага лёсу. Супярэчлівае і незразумелае пачуццё мроілася ў ім у адносінах да старшыны Карпенкі. Фішар не паважаў гэтага чалавека, яго прыгнятала пастаянная нязменная патрабавальнасць старшыны, крыклівая злоснасць яго салдацкай натуры. Часта, калі старшына грубым, бесцырымонным тонам за якіянебудзь дробязі крычаў на байцоў, Фішару карцела абурыцца, патрабаваць добразычлівых, роўных адносін да людзей. Карцела, але ні Фішар, ні хто іншы з тых, што сам сабе абураўся старшыновымі наскокамі, не наважыўся зрабіць гэта. Самаўпэўненасць старшыны абяззбройвала, блакіравала волю, і Фішар адчуваў часам, што ён проста пабойваецца ўзводнага. Карпенка, відаць па ўсім, не любіў інтэлігентаўразумнікаў і, як натура элементарна простая, ніколі не таіў гэтых сваіх адносін. Фішар часам пагарджаў старшыной, часам ненавідзеў, але варта было таму хоць на хвіліну проста, па-людску падысці да яго, стаць Карпенкам-таварышам — і Фішар ужо забываўся на сваю непрыязнасць і гатовы быў дараваць яму ўсе ранейшыя крыўды.