Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
пісаў за яго кантрольныя, аблягчаў усе яго матэматычныя абавязкі. Алік дапамагаў яму на дыктантах і сачыненнях, але рабіў гэта хітра, і калі па матэматыцы адзнакі ў іх былі аднолькавыя, то па моўных работах ацэнка ў Шугайлы мала калі ўзнімалася да «4». Алік жа чацвёркі меў рэдка, ён быў выдатнік.
Бацька яго, ваенны ўрач трэцяга рангу Аўсееў, у справы юнака-сына ўмешваўся мала, ён быў поўны ўласных клопатаў, затое маці, ужо немаладая і вельмі сардэчная жанчына, даглядала адзінага свайго сынка за пяцярых бацькоў і пяцярых матак. 3 маленства яна бачыла ў Аліку тысячу талентаў і незвычайных здольнасцей. Варта было малому, дурэючы, крануць клавішы піяніна, як маці ўжо захаплялася і хвалілася перад бацькам, суседзямі, знаёмымі: «Ён жа цудадзіця — узяў акорд! О, ён будзе кампазітар!» Калі Алік пэцкаў на паперы пасліненым алоўкам якія крывулякі, маці падхоплівала тую паперку і бегла паказваць іншым — во якія здольнасці ў яе сына! Калі сынок крыўдзіў каго з малых на дварэ і на яго скардзіліся суседкі, тая, зачыніўшы дзверы, казала: «Малайчына, сынок. He дазваляй, каб над табою бралі верх».
Падросшы, Алік пайшоў у музычную школу, няблага правучыўся там два гады, але затым кінуў. Маці вельмі пакутавала ад таго, здзіўляліся педагогі, чаму гэта ён, здольны да музыкі хлопец, раптам згубіў да яе ахвоту. Аўсееў нікому не тлумачыў нічога, але сам ведаў пэўна, што зрабіў правільна. «Лепш быць першым у Галіі, чым другім у Рыме»,— вычытаў некалі Алік і зразумеў, што ў музычнай школе яму ніколі не быць першым. Першай там была Ніна Машкова, a на іншае месца для сябе Алік не мог пагадзіцца.
Праз месяц ці два Аўсееў запісаўся ў студыю выяўленчага мастацтва, купіў вялізны альбом, мядовыя акварэльныя фарбы і ўсю зіму пісаў нацюрморты. Аліку здавалася, што яго малюнкі не горшыя за працы іншых студыйцаў, але выкладчык Леанід Яўгеньевіч, старэнькі чалавек у зашмальцаванай талстоўцы, часам, спыніўшыся ля яго мальберта, церабіў вузенькую бародку і невядома чаму пытаўся:
— Вы, Аўсееў, спорт паважаеце?
—	Паважаю,— жвава паварочваючыся да яго, казаў Алік, і настаўнік згодна ківаў бародкай.
—	Правільна, футбол, напрыклад,— цудоўны занятак для юнака.
Спярша Аўсееў не разумеў, а пасля здагадаўся пра тыя цьмяныя намёкі і перастаў наведваць студыю. Якраз пачыналася вясна, прыгравала сонца, на дзіцячым стадыёне да позняга вечара бухалі мячы, і Алік Аўсееў аддаўся спорту.
Пасля некалькіх трэніровак яго залічылі ў юнацкую футбольную каманду раёна, якая затым у спаборніцтвах на першынство горада заняла першае месца. Здымак каманды-пераможцы надрукавалі ў мясцовай газеце. Алік у рашаючым матчы забіў два галы і адчуў у сабе такое, быццам ён намнога пасталеў за свае 16 гадоў. Яго перасталі цікавіць аднакласнікі і нават настаўнікі, якія выказвалі да юнака-спартсмена прыкметную ўвагу. Ён убачыў, як дзяўчаты пазіралі на яго закаханымі вачыма і таварышы згаралі ад зайздрасці да яго поспехаў. Усё гэта прыемна казытала яго пачуцці, і Алік пачынаў ужо думаць, што знайшоў сваю каляіну ў жыцці, калі ў пачатку лета на іхнюю каманду пасыпаўся шэраг няўдач. Тры разы запар на адказных спаборніцтвах яны ганебна прайгралі, аднойчы Аліка вывелі з ігры за грубасць і ўрэшце замянілі другім хлопцам.
Доўга пасля таго Аўсееў самотна перажываў свае жыццёвыя няўдачы, але маці суцяшала сына, даводзячы, што ён вельмі здольны, усебакова таленавіты, трохі ленаваты, а калі пастараецца, то будзе проста геніяльны чалавек. Гэты засвоены з дзяцінства довад пакрысе супакойваў Аліка, напаўняў яго пагардай да іншых і даваў падставу глядзець на сябе як на выключнасць. Але людзі чамусьці ўпарта не хацелі заўважаць выключнасці Аўсеева і зусім не так, як таго патрабавала яго натура, ставіліся да маладога чалавека. Асабліва гэта праявілася, калі Алік Аўсееў прыехаў у Ленінград і паступіў у артылерыйскае вучылішча.
Вучачыся ў дзесятым класе, Алік зразумеў, што мастацтва — музыка, жывапіс, а таксама спорт — гэта не яго стыхія, бо там трэба фанатычныя бязлітаснасць да сябе, упартасць
і праца. А ўсё тое, што даецца вялізным намаганнем, праз цяжкасці, тое — ведаў Аўсееў — перастае несці асалоду, радасць таго засмучаецца цяжарам дасягнення. Вайсковае ж вабіла яго рамантыкай быту і прыгажосцю формы. Ён любіў глядзець на чырвонаармейскі строй у час парадаў, яму падабаўся зухаваты выгляд маладых камандзіраў, апяразаных рамянямі, з сумкамі і пісталетамі на баку, любіў магутнасць баявых машын і захапляўся пазнанымі з кніг геройскімі ўчынкамі ў часе вайны. Бацька не пярэчыў супраць гэтай схільнасці юнака Аўсеева, маці ж, ва ўсім дагаджаючы сыну, саступіла са сваіх ранейшых жаданняў наконт яго бліскучай мастацкай будучыні, і за год да вайны Аўсееў стаў курсантам ваеннага вучылішча.
Але сталася так, што з першых жа дзён свайго вайсковага жыцця курсант Аўсееў адчуў расчараванне. Камандзірам аддзялення, у якое залічылі Аўсеева, назначылі мешкаватага тугадума Тодарава. Гэты няўклюдны чалавек з тупой упартасцю і асаблівым стараннем імкнуўся выканаць усё, што ад яго патрабавалася, не зважаючы ні на чые і ні на якія перавагі. Ён зусім не хацеў бачыць, што Аўсееў разумнейшы за яго і за шмат каго з курсантаў, што ён болей развіты і спрытнейшы, куды лепш выхаваны. Дарэчы, гэтага не хацелі заўважаць і старшына, і камандзір узвода — яго школілі так, як і ўсіх. I калі ён спрабаваў вылучыцца, паказаць свае веды і здольнасці, даказаць, што ён варты лепшага, тады яго не злюбілі таварышы.
Праўда, тыя нягоды хутка скончыліся. Улетку, калі пачалася вайна, яго ў ліку вялікай групы курсантаў адклікалі з вучылішча і з маршавай ротай накіравалі на фронт. Аўсееў спачатку ажно ўзрадаваўся і, па пыльных дарогах дабіраючыся да перадавой, быў поўны рашучасці на які-небудзь геройскі ўчынак, усё карцела яму паказаць людзям, на што здатны Аўсееў. Але ў першым жа баі яго аглушыла грымоццем страляніны, асляпіла страхам блізкае смерці, апаліла болем няўдачы і разгрому. «Не,— сказаў сабе Аўсееў,— гэта не для мяне» — і далей ужо толькі і дбаў, каб як уцалець.
Дагэтуль яму сяк-так шанцавала, але, здаецца, прыйшоў канец яго ўдачам. Аўсееў вельмі непакоіўся, чула яго сэрца
— будзе непапраўнае ліха, і ўсё думалася, што зрабіць, каб як абмінуць пагібель.
Так, стоячы пад застрэшкам і марна думаючы, як выйсці цэлым з гэтай бяды, Аўсееў і не заўважыў, калі сціх дождж. Уначы пацішэла, перасталі ляскатаць кроплі па даху, здаецца, патроху сунімаўся і вецер. Невядома, колькі было часу, Аўсееў адчуваў млявую знямогу ва ўсім целе і, злосна падумаўшы пра тых, у старожцы, якія гэтулькі часу не змяняюць яго, адчыніў дзверы.
9
Са старожкі шуганула цяплом, дымам, кіслай парнасцю мокрых салдацкіх шынялёў. He пераступаючы парога і трымаючы насцеж расчыненыя дзверы, Аўсееў запытаў:
— Ну што? Вы мяне зменіце сёння?
— Нешта ты хутка,— сказаў з тапчана Карпенка.— Яшчэ, мабыць, і дзвюх гадзін не мінула.
Ён нетаропка выцягнуў з кішэнькі стары «кіраўскі» гадзіннік на ланцужку угледзеўся, павярнуўшыся да скупога святла з грубкі.
— Эге, пяць гадзін! Хутка і світанне. Ну хто? Глечык, давай ты!
Глечык з гатоўнасцю ўзняўся, але побач усхапіўся Пшанічны.
— Пастой. Я пайду. Хай адпачне Глечык. Ён капаў многа, так што...
He чакаючы камандзіравай згоды, баец захінуў шынель і палез у дзверы. Аўсееў паставіў у кут вінтоўку і пачаў ладкавацца ля грубкі.
— Дождж сціхае, здаецца? — спытаў Карпенка.
— Сціх,— сказаў Аўсееў, выцягнуўшы да агню счырванелыя рукі.
Побач, размораны гарачынёй і падкурчыўшы пад сябе ногі, мясціўся Свіст. Ён усё, відаць, не мог адолець свайго разважлівага настрою і з раздумным спакоем у светлых вачах, утаропленых на вуголле ў печцы, казаў:
— Паглядзеў я на людзей і там, і тут, смерці нагледзеўся
і думаю: эх, чалавек, чалавек, не ведаеш ты, што табе трэба. Вымуштроўваеш ты, як малое распешчанае дзіця, пакуль табе гарачы певень у зад не дзюбне. А дзюбне, тады ўраз розум дойме. Тады ты ўцяміш, як жыць трэба. Гэта я з самога сябе даўмеўся, вот, ярына зялёная.
— Яно так,— азваўся Карпенка, выцягваючы на тапчане ногі.— Але хай яна згарыць, вайна гэтая. Колькі ліха, колькі гора! Мне дык яна ўсё жыццё парушыла. Толькі на ногі ўзняўся, на сваю каляю ўзбіўся, а тут трах-трах — павяло...
— Гэта праўда,— згадзіўся Свіст.— I калі ўжо мы яго здужаем, гада? Прэ і прэ, паразіт!
— Нічога, здужаем. Да Масквы ўжо не пусцім. Гэта пэўна.
Аўсееў, грэючы мокрыя пальцы, непрыязна бліснуў на старшыну чорнымі сцюдзёнымі вачыма, у якіх былі здзек і пагарда.
— Ага. Можна падумаць, што Масква за Уралам.
— За Уралам не за Уралам, а Маскву не аддамо.
— Гэта мы ўжо чулі,— чмыхнуў Аўсееў.— А тры месяцы адступаем...
— Глупства,— жыва азваўся Свіст.— Кутузаў таксама адступаў. Тут, брат, план, можа, такі, як з французам. А што? Заманіць глыбей у лясы, балоты, акружыць і кокнуць к чортавай матары, каб ніводнага не засталося.
Карпенка курыў, пускаў у столь шырокія струмені дыму і нешта думаў. Аўсееў, нагрэўшыся, узяўся даядаць кашу, Віцька зграбаў ля печкі апошняе паліва, а Глечык, поўны ўвагі на круглявым хлапечым твары, абапёрся на руку і слухаў. Дровы ў грубцы дагаралі, зіхацела жарам куча вуголля, змрок затульваў постаці людзей, невыразна свяціліся толькі твары, рукі.
— Ах, гады, гады! Што зрабілі з Расіяй,— казаў Свіст, падбіраючы ў цемры рэшткі паліва,— Ну чакай, дабяромся — нікому літасці не будзе.
— Нашто так,— падумаўшы, заўважыў Карпенка,— Усіх не трэба пароўну мераць. Ёсць і ў немцаў людзі. Падпольшчыкі. Відаць жа, яны сваю справу робяць.
— Што, можа, пралетарскую рэвалюцыю рыхтуюць? — нявесела ўсміхнуўся Аўсееў.— Я чуў, адзін палітрук пра
рэвалюцыю ў Германіі агітацыю разводзіў. Кажа, хутка нямецкі пралетарыят падымецца супраць Гітлера.
— А што? Можа, і падымецца. Што ты думаеш? Мы не ведаем, а там, мажліва, справа ідзе. He можа ж быць, каб усе рабочыя там — за Гітлера.
— Ага, чакай,— буркнуў Аўсееў.
— Эх ты, разумнік,— зазлаваў Карпенка.— Нешта ты дужа знайка вялікі, гляджу. Усё ты знаеш, усё разумееш.
— I разумею, а што ж!
— Разумееш! Вось я пагляджу заўтра, які ты будзеш разумны.
Аўсееў змоўчаў. Стала ціха. Глечык насупіўся, Свіст разважна казаў: