Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Мінула некалькі год. Іван улёг у сялянскую працу і, наперакор сабе, ва ўсім цягнуўся за бацькам, які бязлітасна
школіў сына ў няхітрай земляробчай навуцы, што спасціг на практыцы сам. Яшка неўзабаве пайшоў на службу ў Чырвоную Армію, адслужыў там два гады і вярнуўся ў вёску інакшым — пасталелым і паразумнелым чалавекам. Праз нейкі час ён стаў завадатарам усіх маладзёжных спраў у вёсцы, пачаўшы гэтую сваю дзейнасць з гуртка ваяўнічых бязбожнікаў.
Іван наогул стараніўся вясковых хлопцаў, у вёску хадзіў калі ў святы на вечарынкі, а так жыў дзікавата — сваім хутарам, гаспадаркай, пад штодзённым бацькоўскім наглядам. Але ўзаемная прывязанасць маладога Пшанічнага і былога парабка Яшкі, відаць, захавалася ў сэрцах абодвух, і вось аднойчы ў позшою восень, сустрэўшыся на вясковым выгане, Якаў запрасіў прыходзіць увечары, паглядзець на рэпетыцыі бязбожнай п’есы. Іван не падумаў тады, як да таго паставіцца бацька, згадзіўся, увечары намазаў дзёгцем юхтовыя боты, апрануў паддзёўку і пайшоў. Там яму спадабалася, хоць ён сам не ўдзельнічаў у п’есе, але затое паглядзець на іншых было цікава. Пасля ён зачасціў у тую пахілую ўдовіну хаціну, бліжэй сышоўся з хлопцамі і дзяўчатамі, яго не крыўдзілі, хоць часам нязлосна кпілі і жартам абзывалі маладым падкулачнікам.
I вось аб гэтым неяк даведаўся бацька і аднойчы ўранку, заходзячыся ад злосці, накрычаў на Івана, выцяў аброццю маці, калі тая заступілася за яго, і пагразіў выгнаць з хаты бязбожніка-сына, які ганьбіў на старасці бацькаву годнасць. Івану было вельмі крыўдна, але даўняя закаранелая прывычка ва ўсім падпарадкоўвацца бацькавай волі ўзяла сваё, і ён перастаў наведваць Яшку. Якаў гэта заўважыў, і аднойчы, разам вяртаючыся з млына, яны шчыра разгаварыліся.
Гаварыў, праўда, Яшка, Іван слухаў, бо па натуры быў маўклівы, але не згадзіцца з хлопцам не мог. А Якаў расказваў пра класавую барацьбу, пра крушэнне прыватнаўласніцкіх звычаяў, пра тое, што стары Пшанічны — вясковы міраед, што ён змардаваў яго, Іванаву, маці, бы батрака заездзіў самога Івана, што ён гатовы задушыцца ад сквапнасці.
«Слухай, як ты жывеш з ім? Я ўцёк бы ад такога злыдня. Хіба ён бацька табе?»
Івану было вельмі кепска. Яны ішлі тады па ціхай пясчанай дарозе за гружанымі вазамі, і ў яго вачах, наганяючы неадольную млосць, мільгалі і мільгалі колы. Ён верыў Яшку і разумеў, што лепей было б яму парваць з бацькам, пайсці на свой хлеб, як-небудзь пражыў бы, але на гэта не хапала адвагі. Так, як след не самкнуўшыся, назаўжды разышоўся яго шлях з грамадой, з тымі, якія б далі яму веру ў жыццё, уласную годнасць і, можа, засцераглі б душу ад нясцерпных пакут адзіноцтва.
Далей, праз які год ці два, бацьку раскулачылі — забралі ў сельсавет увесь іхні набытак, апісалі будынкі, а самога з маткай саслалі. Іван тую зіму жыў у мястэчку ў дзядзькі і вучыўся ў сямігодцы. Дзядзька быў неблагі чалавек, майстравіты на ўсе рукі, з пляменнікам ён абыходзіўся нараўне са сваімі трыма дочкамі і нічым не дакараў яго. Але па пяўлоўных прыкметах і дробязях юнак згадваў, што ён усё ж тут лішні, што ён чужы, і ад таго Івану не было радасці. Вучыўся ён не блага, разумеў і любіў матэматыку і пасля сямігодкі падаў дакументы ў настаўніцкі тэхнікум. Ён чакаў экзаменаў, чакаў і марыў, бачыў у сваім студэнцтве адзіны шчаслівы выхад з таго ліха, у якое яго загнала жыццё. Але на экзамены яго не выклікалі, дакументы неўзабаве вярнулі, і ў казённай паперы холадна тлумачылася, што прыняць яго ў тэхнікум нельга, бо ён — сын кулака.
Гэта было вялізным горам для маладога Пшанічнага, большым за тое раскулачванне, якога яму не давялося бачыць, першай сапраўды незагойнай крыўдай душы. Іван падумаў, што ён не такі, як усе, што бацькаў цень, як праклён, цяпер будзе засціць жыццёвы шлях сына. Але перайначыць што, здавалася яму, ужо было позна.
Пасля няўдалай спробы вучыцца далей Пшанічны — ужо рослы, прывычны да працы дзяцюк — з год прызвычайваўся каля дзядзькі да мулярскае справы, а затым пайшоў у горад шукаць свайго хлеба і свайго шчасця.
У Бранску ён паступіў у мулярскую арцель, трапіў у брыгаду такіх, як сам, маладых хлопцаў, мураваў фабрычныя гмахі, па вузкіх дашчаных сцежках ганяў тачкі з рошчынай, па страмянках цягаў на паверхі цэглу. Сябе ён не
шкадаваў, працаваў з запалам, з бацькавай цягавітасцю, і гэта неўзабаве заўважылі сябры і начальства. Яго хвалілі на сходах, ставілі ў прыклад іншым, і хлопец пакрысе пачаў забывацца на сваю ўшчэрбнасць і няшчаснасць. Пра бацькоў ён не гаварыў нічога, пісьмаў ад іх не атрымліваў і не ведаў, дзе яны і што. Часам, калі ўночы снілася што-небудзь з дзяцінства, тады агартала жаласлівасць да ціхай, забітай маткі, бацьку ён не спагадаў, ведаў, ён і там гэткі ж сквапны, злы і зацяты.
У той час на будоўлі стварылі камсамольскую ячэйку, многія хлопцы паўступалі ў камсамол і, вядома, пацягнулі туды і лепшага муляра Пшанічнага. Ён падумаў, крыху разважыў, а пасля, заахвочаны давер’ем і павесялелы ўжо ад былое нягоды, паверыў, што і ён можа стаць чалавекам, і напісаў заяву. На сходзе запатрабавалі расказаць усё пра сябе, бацькоў і радню, і калі пачулі, што ён сын кулака-хутаранца, у прыёме Пшанічнаму адмовілі.
Ён цяжка перажываў, дзён колькі не хадзіў на працу, пластом ляжаў у інтэрнаце. Здарылася так, што не знайшлося нікога, хто быў бы да яго бліжэй за ўсіх, суцешыў у тую хвіліну, абнадзеіў. Да яго раптам перамяніліся ўсе дружбакі, пачалі чужацца хлопца, трымацца асобна сваёй камсамольскай кампаніяй. Гэта была незабыўная да смерці крыўда, Іван Пшанічны ўжо канчаткова ўверыўся ў сваю адвержанасць, і яго ўпартае сэрца прагнула помсты.
Ён паехаў з Бранска, жыў колькі часу ў Данбасе, працаваў на шахтах і ўсюды памятаў, што ён не раўня іншым, што ён — класавы вораг, што між ім і людзьмі пралегла глыбокая праваліна ў жыцці. Часам ён імкнуўся забыцца на гэта ў працы, часам — у гарэлцы, але яна не забывалася, не міналася ніяк і нідзе. Аб тым яму напомнілі ў ваенкамаце, калі прызывалі ў войска. «Ты — сын кулака і будзеш служыць у рабочым батальёне»,— сказаў заклапочаны мітуслівы KaniTan. I Пшанічны стаў чырвонаармейцам працоўнага батальёна — трохі вучыўся вайсковай справе, а больш працаваў: будаваў чыгункі, масты, тунелі. Гэта было ў Сібіры, узімку ён налаўчыўся ездзіць на лыжах, у спаборніцтвах аднойчы заняў першынство. I калі неяк сталі арганізоўваць лыжны
агітацыйны прабег на 200 кіламетраў, то ў ліку лепшых лыжнікаў запісалі і Пшанічнага. Ён быў рады вылучыцца хоць гэтай сваёй якасцю, але і тут чорным катом з’явілася на яго дарозе мінулае. Ужо са старту яго вярнуў камісар, сказаў, што яму ехаць нельга, бо ў яго, чырвонаармейца Пшанічнага, не ўсё ў парадку з біяграфіяй.
Пасля яшчэ было многа дробных і вялікіх крыўд, якія параджаліся яго бацькоўскім мінулым, і Пшанічны скарыўся, саступіў убок, не лез болей туды, дзе былі не такія, як ён, людзі. Толькі — сам сабе, сам для сябе, наперакор усім — такі воўчы дэвіз засвоіў пакрысе Іван Пшанічны. Ён не грэбаваў нічым, калі тое трэба было — хлусіў, краў, ашукваў, да слабейшых у яго заўжды накіпала нянавісць, дужэйшых ён пабойваўся і ненавідзеў. Ён разумеў, што рабіўся нягодны, нялюдскі, злы і нядобры, як бацька, але перайначыць сябе ўжо не мог і каціўся ўсё болей туды, куды гнала чалавека ягоная крыўда і злосць.
Калі пачалася вайна і нямецкія войскі хлынулі на нашыя землі, сярод вялізнага мора бяды і слёз быў адзін чалавек, які таемна радаваўся. Гэтым чалавекам быў баец запаснога батальёна Іван Пшанічны, які затым стаў франтавіком і сёння вось займеў канчатковы намер здацца ў палон.
5
К ночы вецер памалу сціхаў, але затое аднекуль з шумлівай цемрадзі пачаў пакрапваць дождж. Адразу намоклі аблавухія пілоткі на галовах байцоў, пакрысе набрыньвалі вільгаццю і цяжэлі каляныя шынялі. Свежа раскапаная зямля хутка бралася граззю і наліпала да чаравікаў.
Поўныя маўклівай невясёласці, байцы зноў уляглі ў працу. Болей вобмацкам, чым што-небудзь бачачы, яны скраблі ў цемры лапаткамі — капалі траншэю, каб злучыць ёю ўсе стралковыя ячэйкі. Тая трывога, што нечакана ўзгарэлася ў іх ад нядаўняй перастрэлкі ў тыле, спакваля сціхала, наткнуўшыся на суровую непахіснасць старшыновай упэўненасці ў сваю сілу і ўдачу. Карпенка, здаецца, быў спакойны, ранейшы, хіба толькі меней пакрыкваў на людзей і трохі прымоўк
упачы. Але іншыя таксама працавалі моўчкі, болей слухалі — ці мала чаго магла прынесці гэтая фралтавая непагодная ноч?
Напрацаваўшыся і аддаўшы лапатку Аўсееву, старшына прысеў на бруствер і сцішыўся. Чым болей мінала часу з моманту іхняй ростані са сваім батальёнам, тым усё шчыльней агарталі яго клопаты-думкі. За дзень яны адарваліся ад ворага, знясілены бамбёжкамі полк спяшаўся адступіць за лес, акапацца, наладзіць абарону і як-небудзь утрымацца на лясным рубяжы. Дарогу — подступ да гэтай абароны — камбат загадаў абараняць суткі. Ноч стаіць вось ціхая, а хто ведае, які будзе заўтрашні дзень? Ці немцы пойдуць дзе іншым шляхам, ці наваляцца на гэтую дарогу, і тады, вядома, ім, шасцярым, прыйдзецца сербануць гора. Гэтая думка ўвесь час грызла старшынова нутро, пакуль ён памагаў Аўсееву капаць ці сядзеў, услухоўваючыся ў гукі ночы. 3 выгляду спакойны і заўжды ўпэўнены ў сваіх учынках, Карпенка на самай справе быў не такі. Але за працяглы час камандзірства ён засвоіў сабе правіла: усё няпэўнае хаваць у сабе, а напаказ выстаўляць толькі скамянелую ўпэўненасць і непахісную цвёрдасць волі. «Твая праўда ці не, а сказаў — трымай сваё»,— так некалі вучыў яго старшына звыштэрмііювай службы Бровараў, і Карпенка на ўсё жыццё запомніў мудрыя словы старога служакі.
Дождж усё капаў і капаў рэдкімі дробнымі кроплямі, ад якіх макрэў твар, і па скронях, сцякаючы да шыі, непрыемна каціліся халодныя струмені. Старшына ўстаў з бруствера і агледзеўся, дбаючы пра асцярогу забывацца аб якой ім тут не выпадала. Усе капалі. Побач Свіст і Аўсееў, з таго боку старожкі — чутна было — варушыўся Глечык, а так з усіх бакоў абкладвалі зямлю глухая ноч, непагадзь, халадэча і цьмяная, як даўні забыты клопат, неўразумелая трывога.
Нічога не ўчуўшы, Карпенка ўзяў з бруствера свой мокры «ручнік» і, каб засцерагчы яго ад дажджу, паставіў пад сцяну старожкі. Пасля ён туды ж перанёс дзве скрынкі патронаў і спыніўся ля гразкай зямлі над траншэяй, дзе, сапучы і пакрэктваючы, варушыўся Аўсееў. Баец пачуў старшыпу і, не разгінаючыся і ўсё дзеўбучы лапаткай, паскардзіўся: