Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Карпенка крочыў хутка, не вельмі разбіраючы дарогі і не дужа шануючы свае кірзавыя новыя боты — адзіную адзнаку яго камандзірскай годнасці. Затуляючыся ад ветру каўняром шыняля, у нацягненай на вушы пілотцы, за ім шкандыбаў Фішар. Баец зноў набыў свой звычайны, абыякавы да ўсяго выгляд і, скіраваўшы позірк у загусцелую гразь дарогі, асцерагаўся паварушыць забінтаванай, балючай ад скулаў шыяй. У канавах шапацела на ветры лісце, наўкола тапырылася ржышча асірочанага восенню поля.
3 сярэдзіны касагора Карпенка азірнуўся, каб агледзець зводдаль пазіцыю свайго ўзвода, і ўбачыў, што яго падначалены адстаў далёка і ледзьве плёўся, зноў чытаючы на хаду сваю кніжку. Міжвольна падзівіўшыся з гэткай кніжнай цікаўнасці, Карпенка спыніўся і чакаў, пакуль той даганяў яго. Але Фішар не вельмі спяшаўся, ён так паглыбіўся ў свой занятак, што не бачыў і старшыну, забыўся, відаць, куды і навошта ішоў, толькі нешта варушыў сабе вуснамі. Старшына нахмурыўся, але тут яго самога ўзяла цікавасць, і ён не закрычаў, а нецярпліва пераступіў па гразі і строга спытаў:
— Што гэта за кніжка ў вас?
Фішар, відаць, яшчэ не забыўшыся на нядаўнюю сварку, стрымана бліснуў акулярамі і адхінуў чорную вокладку.
— Біяграфія Чэліні.
— A то хто? — Карпенка кіўнуў на фотаздымак, дзе на чорным фоне стаяў нейкі голы з валасатай галавой чалавек і, пазіраючы ўбок, хмурыў бровы.
— Давід! — тым часам абвясціў Фішар.— Славутая статуя Мікеланджэла. Зразумела?
Але Карпенка не зразумеў нічога. Ён яшчэ зірнуў на здымак, акінуў недаверлівым позіркам Фішара і, абыякавы да кніжкі, ступіў наперад. Трэба было спяшацца, каб завідна
выбраць, дзе паставіць сакрэт, і старшына шпаркім крокам рушыў далей. А Фішар заклапочана ўздыхнуў, расшпіліў процівагазную сумку і ў дадатак да кавалка хлеба, старога «Огонька» і патронаў, якімі была напіхана яна, ашчадна засунуў туды і кніжку. Пасля, крыху павесялелы, ужо не адстаючы, ішоў за старшыной.
— Вы што — сапраўды які вучоны? — невядома чаму насцярожыўшыся, ваўкавата запытаў Карпенка.
— Ну, вучоны — можа, празмернае вызначэнне для мяне. Я толькі кандыдат мастацтвазнаўства.
Карпенка трохі памаўчаў, намагаючыся зразумець штосьці, а пасля неяк прыцішана, быццам баючыся выявіць сваю цікаўнасць, запытаў:
— Гэта што? Па карцінках спец, ці як?
— I па карцінах, але я галоўным чынам па скульптуры эпохі Адраджэння. У прыватнасці, спецыялізаваўся па італьянскай скульптуры.
Яны выйшлі на пагорак, з-за якога адкрыліся новыя, ужо азмрочаныя вечарам далі — поле, лагчына з хмызняком, далёкі ельнік, наперадзе ля дарогі — саламяныя стрэхі вёскі. Побач, ля канавы, растросшы на ветры тонкае голле, жалобна шумелі зрудзелым лісцем бярозы. Яны былі тоўстыя і, відаць, дужа старыя, гэтыя спрадвечныя вартавыя шляхоў,— з парэпанай ад старасці, счарнелай карою, густа абсыпаныя цвёрдымі капытамі нарастаў, з пазабіванымі ў бакі чыгуначнымі кастылямі. Пад бярозамі старшына збочыў з дарогі, пераскочыў канаву і, зашастаўшы ботамі па ржышчы, накіраваўся ў поле.
— А што ён, гэты голы, з гіпсу злеплены, ці як? — запытаў ён, уступіўшы сваёй нечаканай цікаўнасці.
Фішар стрымана, аднымі вуснамі паблажліва ўсміхнуўся, як да малога, і вытлумачыў:
— О не. Гэтая пяціметровая фігура Давіда высечана з крыцкага мармуру. Наогул гіпс як матэрыял для манументальнай скульптуры ў старажытнасць і ў часы Рэнесансу амаль не ўжываўся. Гэта ўжо атрыбут новага часу.
Старшына падумаў.
— Кажаш, з мармуру? А чым жа ён такую аграмадзіну высек? Можа, якой машынай?
— Ну што вы?! — здзівіўся Фішар, сігаючы побач з Карпенкам.— Хіба можна машынай? Толькі рукамі, вядома.
— Ого! Гэта ж колькі часу трэба было дзяўбці? — у сваю чаргу здзівіўся старшына.
— Два гады, з памочнікамі, вядома. Трэба сказаць, што ў мастацтве гэта яшчэ не вялікі тэрмін,— памаўчаўшы, дадаў баец.— Рускі мастак Аляксандр Іванаў, напрыклад, працаваў над сваім «Месіяй» амаль 22 гады, француз Энгр пісаў «Крыніцу» 40 год.
— Глядзі ты! Відаць, трудна. А ён хто такі, што зрабіў гэтага Давыда?
— Давіда,— рупна паправіў Фішар.— Ён італьянец, ураджэнец Фларэнцыі.
— Што — мусалінец?
— Ды не. Ён жыў даўно. Гэта славуты мастак Адраджэння. Найвялікшы з вялікіх.
Яны яшчэ прайшлі далей, Фішар ужо трымаўся побач, і Карпенка скоса разы два зірнуў на яго. Худы, з запалымі грудзьмі, у кароткім, падпяразаным пад хлясцік шынялі, з забінтаванай шыяй і зашчаціненым тварам, баец меў вельмі ніякаваты выгляд. Адны толькі чорныя вочы пад тоўстымі шкельцамі акуляраў цяпер неяк ажылі і свяціліся адбіткам далёкай стрыманай думкі. Старшына падзівіўся тайком з таго, што вось за гэткім несамавітым выглядам хаваецца адукаваны і, здаецца, неблагі чалавек. Праўда, Карпенка быў упэўнены, што ў ваеннай справе Фішар не многа варты, але ў глыбіні старшыновай душы нешта ўжо расслабла і падабрэла да гэтага байца.
Праз сотню крокаў ад дарогі Карпенка спыніўся на ржышчы, паглядзеў у бок вёскі, азірнуўся назад. Пераезд у нізіне ўжо ледзьве шарэў у вячэрнім паўзмроку, але адгэтуль яшчэ быў відзён, і старшына падумаў, што месца для сакрэту тут будзе здатнае. Ён прытупнуў абцасам аб мяккую зямлю і, пераходзячы на звычайны свой камандзірскі тон, загадаў:
— Вось тут. Капай. Ноччу спаць ні-ні. Глядзі і слухай. Пойдуць — страляй.
Фішар зняў з-за пляча вінтоўку і, аберуч узяўшыся за
кароткі тронак старшыновай лапаткі, няўмела калупнуў іржышча.
— Эх ты! Ну хто так капае! — не стрываў старшына,— Дай сюды.
Ён выхапіў у байца лапатку і, лёгка ўразаючыся ёю ў рыхлую зямлю нівы, спрытна растрасіраваў адзіночную ячэйку.
— Вось на. Так і капай. Ты што — кадравай не служыў?
— Не,— прызнаўся Фішар і першы раз шчыра ўсміхнуўся.— He давялося.
— Яно і відаць. А цяпер вось гора з вамі, гэтымі...
Ён хацеў сказаць «вучонымі», але змоўчаў, не жадаючы ўкладваць у гэтае слова свой былы з’едлівы сэнс. Пакуль Фішар не дужа ўмела калупаўся ў зямлі, Карпенка прысеў у ржышчы і, тулячыся ад ветру, пачаў скручваць цыгарку. Вецер выдзьмуваў з паперкі тытунёвую пацяруху, старшына ашчадна прытрымліваў пальцамі і паспешна загортваў яе.
Прыцемкі тым часам усё шчыльней атульвалі зямлю, увачавідкі зацягваўся змрокам пераезд з будкай і паламаным шлагбаумам, раствараліся ў ночы далёкія стрэхі вёскі, толькі па-ранейшаму несціхана і трывожна шумелі ля шляху бярозы.
Захінаючы ад ветру трафейную запальніцу, старшына згорбіўся, каб прыкурыць, але раптам яго твар уздрыгнуў і трывожна насцярожыўся. Высунуўшы з каўняра жылістую шыю, Карпенка азірнуўся на пераезд, Фішар таксама ўчуў нешта і як быў, укленчыўшы на ржышчы, так і здранцвеў у напружанай позе. На ўсходзе за лесам, што быў за іх пераездам, прыглушаная ветрам, зладна раскацілася ўдалечыні хуткастрэльная кулямётная чарга. Неўзабаве на яе адгукнулася другая, радзейшая, відаць, з нашага «максіма», а затым слабым далёкім водсветам, парушыўшы вячэрні змрок, загарэлася і пагасла мігатлівая чарада ракет.
— Абышлі! — з сярдзітай прыкрасцю сказаў старшына і вылаяўся.
Ён ускочыў, паўзіраўся ў далёкі сцямнелы краявід і зноў са злосцю, роспаччу і трывогай пацвердзіў:
— Абышлі, гады! Чума на іх галаву!
I занепакоены, каб там, на пераездзе, чаго не здарылася без яго, Карпенка шпарка паіішоў па нізе ў напрамку да недалёкай дарогі.
3
На пераездзе першы ўчуў нядобрае баец Пшанічны. Да змяркання ён ужо выкапаў глыбокі, у свой рост, акопчык, прыладзіў на дне прыступак, каб можна было страляць і выглядаць, а таксама яміну ўбаку, каб пры патрэбе спрытней выбрацца наверх. Пасля старанна прытрусіў хрусткім быльнягом бруствер, аддаў лапатку Глечыку, які ўсё яшчэ калупаў побач жалезіпай, і, ускочыўшы, стуліўся на дне новага сховішча.
Тут было зацішна і даволі ўтульна. Кінуты на спод ахапак быльнягу засцерагаў ад зябкай сырасці. Пшанічны захінуў ім свае ногі ў стаптаных брудных чаравіках, выцер аб палу шыняля запэцканыя рукі і развязаў рэчавы мяшок. Там баец трымаў на галодны час акраец здабытага ў нейкай вёсцы сялянскага хлеба і добры кавалак сала. Ён даўно ўжо прагаладаўся і хацеў есці, але на людзях усё не наважваўся рабіць гэта, бо тады трэба было б падзяліцца, а дзяліцца Пшанічны не хацеў. Ён ведаў, што ў іншых, апроч якога кавалка чэрствага хлеба, з яды болей не было нічога, але не яго гэта клопат, хай кожны дбае пра самога сябе, а на тое, каб дбаць пра ўсіх,— ёсць начальства, хоць бы Карпенка, гэты строгі і шчыры служака. I цяпер, напрацаваўшыся і нямала згаладаўшыся, Пшанічны разгарнуў у прыцемках паперку, дастаў з кішэні складаны ножык на медным ланцужку і, адрэзаўшы палову кавалка, пакроіў яго на дробныя тлустыя скрылёчкі. Астатняе ён загарнуў у газеціну і схаваў на спод напакаванай рознай драбязой тарбіны.
Са смакам жуючы не вельмі спраўнымі, пашчэрбленымі ўжо хваробай і часам зубамі, Пшанічны думаў, што трэба было б яшчэ назбіраць быльнягу, каб закапацца ў яго і «прыкімарыць», як кажа Свіст, якую гадзіну ўначы. Праўда, узводны трапіў дужа прыдзірлівы і вельмі службісты, гэты
прыдумае яшчэ якую работу да ранку, але Пшанічны не такі прастак, як той Глечык ці падслепаваты Фішар, каб са шчырасцю рабіць усё, што ад яго дамагаюцца. Ва ўсякіх абставінах ён зробіць не болей як для адводу вачэй і як-небудзь сябе не пакрыўдзіць. Гэтыя паволыіыя і разважныя ў цішы думкі чалавека раптам прыпыніліся ад далёкіх раскацістых стрэлаў. Пшанічны ад нечаканасці прыціх з напханым ядою ротам, услухаўся, потым, хуценька згарнуўшы ў кішэню хлеб і сала, узняўся ў акопе. Над лесам выслізнула ў неба рассыпістая гронка ракет, асвяціла на момант чорныя зубцы лясных верхавін і знікла.
— Гэй! — крыкнуў баец да сваіх таварышаў.— Чуеце? Акружаюць!
Вакол ужо стала зусім цёмна. Беленымі сценамі трошкі шарэла старожка, вырысоўваўся яшчэ ў небе зламаны дышаль шлагбаума, чутна было, як капаўся побач у яміне рупны Глечык і ля чыгункі дзяўблі зямлю Свіст з Аўсеевым.
— Глухлі, ці што,— не чуецс? Немцы ў тыле!
Глечык учуў, выпрастаўся ў сваёй неглыбокай яшчэ яміне, выскачыў з акопа Аўсееў і, прыслухаўшыся, цераз бульбянішча накіраваўся да Пшанічпага. Недзе ў цемры мудрагеліста вылаяўся Свіст.
— Ну што? — казаў з акопа Пшанічны,— Дакапаліся! Каб не я, дык і праваронілі б. Чакалі гіадмогі з тылу, а там ужо пемец.