Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Аўсееў неяк паныла маўчаў, стоячы іюбач і ўслухоўваючыся ў гукі далёкага бою. Неўзабаве ля яго з цемры з’явіўся Свіст, падышоў і спыніўся ззаду насцярожаны Глечык.
А там, удалечыні за лесам, зачыналася грымотная начная бойка. Да першых кулямётаў далучыліся іншыя, чэргі іх, напаўзаючы адна на другую, зліліся ў далёкае, прыглушанае ветрам грымоцце, бязладна і нетаропка загрукалі вінтовачныя стрэлы. У чорнае паднябессе яшчэ ўзляцела ракета, потым — другая і дзве разам. Дагараючы, яны знікалі за змрочнымі вяршалінамі дрэў, а на нізкім захмараным небе яшчэ нейкі час мігалі няяркія палахлівыя водсветы.
— Ну? — не сціхаў усё Пшанічны, звяртаючыся да насцярожаных прымоўклых людзей.— Што?
— Што ты нукаеш? Ну, што нукаеш, мурло? — злосна азваўся Свіст,— Дзе старшына?
— Фішара ў сакрэт павёў,— сказаў Аўсееў.
— А тое нукаю, што трэба нешта рабіць. Акружылі ж, вось і ну,— не збавіўшы тону, гарачыўся Пшанічны.
Яму ніхто не адказаў, усе стаялі і слухалі, апанаваныя наплывам благіх прадчуванняў. А там, у далёкай цемры ночы, усё разлягаліся чэргі, бухалі гранаты, ветрам разносілася ўдалячынь нягучнае здалёк рэха. Людзі змаркатнелі, самі сабой апусціліся долу іх патруджаныя рукі, ліхаманкавая трывога ўрывалася ў думкі.
У гэтай панылай маўклівасці і застаў іх старшына, які, цяжка дыхаючы ад доўгага бегу, з’явіўся ля старожкі. Ён, вядома, разумеў, што сагнала людзей да гэтай крайняй ячэйкі, ведаў, што ў такіх выпадках самае лепшае без лішняй разважнасці пусціць у ход сваю ўладарнасць і цвёрдасць. I яшчэ здалёк, не тлумачачы нічога і не супакойваючы, старшына са знарочыстай злосцю закрычаў:
— Ну, што пасталі, як тыя слупы на ўзбочыне? Чаго спалохаліся? Га? Падумаеш: страляюць! Вы што — не чулі стрэлаў? Ну што, Глечык?
Глечык сумеўся ад таго грубаватага звароту, варухнуў у цемры плячыма.
— Ды вось акружаюць, таварыш старшына.
— Хто сказаў: акружаюць?— зазлаваў Карпенка,— Хто?
— Што акружаюць — факт, не булка з макам,— буркліва зазначыў Пшанічны.
— А ты маўчы, таварыш баец! Падумаеш — акружаюць! Колькі ўжо акружалі? У Тодараўцы — раз, у Баровічах — два, пад Смаленскам тыдзень выбіраліся — тры. I што?
— Дык то ж усім палком, а тут што? Шасцёра,— азваўся з цемры Аўсееў.
— Шасцёра! — перадражніў Карпенка.— А гэтыя шасцёра што, дзеўкі? Ці байцы Чырвонай Арміі? Нас вунь у фінскую на востраве трое засталося, два дні адбіваліся, ад кулямётаў снег да моху растаў, і нічога — жывы. А то — шасцёра!
— Дык то ў фінскую...
— А то ў нямецкую. Усё роўна,— ужо крыху спакайней
сказаў Карпенка і змоўк, аддзіраючы ад газеціны на цыгарку.
Пакуль ён ладзіў папяросу, усе маўчалі, пабойваючыся выказаць невясёлыя здагадкі і пільна ўслухоўваючыся ў гукі бою. А там, здаецца, пакрысе рабілася цішэй, ракеты болей не ўзляталі, страляніна прыкметна радзела.
— Вось што,— сказаў старшына, слінячы цыгарку,— няма чаго мітынгаваць. Давай капаць кругавую. Ячэйкі злучым траншэяй.
— Слухай, камандзір, а можа, лепей адыдзем, пакуль не позна? Га? — памяркоўна спытаў Аўсееў, зашпільваючы шынель і бразгаючы спражкай сваёй папругі.
Старшына грэбліва гмыкнуў, даючы знаць, што яго здзіўляе такая незразумелая прапанова, і з прыкрасцю запытаў:
— Загад ты чуў? Закрыць дарогу на суткі. Ну і выконвай, няма чаго балбатнёй займацца.
Усе нявесела маўчалі.
— Ну, даволі. Давай капаць,— больш бадзёра і ласкава сказаў камандзір,— Акапаемся і заўтра як у мамкі за пазухай будзем.
— Як у Мурла ў торбе, — жартоўна зазначыў Віцька Свіст— I суха, і цёпла, і гаспадар шануе. Ха-ха! Пайшлі, паніч, давай брацца за справу, ярына зялёнаятузануў ён за рукаў Аўсеева, і той нехаця падаўся за суседам у змрок ночы.
Глечык таксама пайшоў на сваё месца, а старшына моўчкі пастаяў, зацягнуўся разы два махорачным дымам і прыцішана-строга сказаў Пшанічнаму:
— А ты ў мяне наклічаш бяды. Я з цябе скуру спушчу за твае штучкі. Папомніш...
— Якія штучкі?
— Такія,— пачулася з цемры,— Сам ведаеш.
4
Злосны на старшыну за тую пагрозу і ўзрушаны небяспекай, Пшанічны нерухома пастаяў з хвіліну, разбіраючыся ў пачуццях, а потым, амаль раптам прыняўшы нейкае рашэнне, нягучна кінуў у цемру:
— Хопіць!
Так, хопіць. Хопіць мясіць гразь па гэтых разбітых дарогах, хопіць гібець на сцюжы, галадаць, хопіць пакутаваць ад страху, капаць-перакопваць зямлю, глухнуць у баях, дзе толькі кроў, раны і смерць. Даўно ўжо Пшанічны прыглядаўся, чакаў зручнага выпадку, вагаўся і баяўся, але цяпер, трапіўшы ў тую мышалоўку, канчаткова рашыўся. Свая рубашка бліжэй да цела, а жыццё для яго даражэй за ўсё, і захаваць яго можна, толькі кінуўшы зброю і здаўшыся немцам. Авось не заб’юць, дарма, што столькі баюць пра іх — Пшанічны не дзіця і ведае, што і немцы — людзі.
Вецер усё гудзеў у вушах, астуджаў твар, і, каб затуліцца ад яго і аддацца думкам, Пшанічны зноў схаваўся ў акопе. Траншэю ён вырашыў не капаць, хай гэта робіць Глечык, a ён ужо адкапаў сваё. Пакідаць тут яму не шкада нікога — старшына зубасты і згрызотны, як фельдфебель, Віцька Свіст — блатняк і брахун — усё Мурло ды Мурло. Праўда, ён і астатніх, апроч хіба Карпенкі, таксама называе аднымі мянушкамі — Аўсееў у яго паніч, Фішар — вучоны, Глечык — салага,— але ж яны ўсе маладзейшыя, а ён, Пшанічны, раза ў паўтара старэйшы за кожнага (хіба толькі Карпенка такога ж узросту). Аўсееў-то сапраўды паніч, распешчаны ў дзяцінстве беларучка, майстра на навуку і гультай у працы; Глечык — зусім дзіця зялёнае, паслухмяны, але як трэба не абстраляны, баязлівы, з такім не дужа весела ў баі; Фішар — падслепаваты кніжнік, з вінтоўкі стрэльнуць не ўмее, заплюшчвае вочы, калі націскае на спуск,— вось і ваюй з такімі. Хіба з імі адужаеш тых, абучаных, узброеных адменнай загранічнай, як цацка, зброяй, аўтаматамі ды кулямётамі, што страляюць, бы швейныя машынкі шыюць...
У зацішку акопа чутна, як непадалёку дзяўбе зямлю Глечык, зрэдку парыпваюць на ветры дзверы старожкі і шуміць, высвіствае сваю восеньскую песню ссохлы быльнёг у канаве. Пшанічны даеў вынятыя з кішэні рэшткі сала і, сашчапіўшы рукі, сцішыўся — аддаўся журбоце думак.
Няладна і гаротна склалася жыццё гэтага чалавека.
Першыя ўражанні крыўды ўчэпіста і доўга трымаюцца ў чалавечых пачуццях. Іван як цяпер памятае тое цяжкае га-
лоднае лета, калі бабы з суседняй вёскі Альхоўкі з Вялікадня выходзілі на ўзмежкі — збіралі шчаўе, крапіву, пухлі з голаду дзеці і старыя, чорныя і маўклівыя ад гора, усю вясну хадзілі ў поле паўз хутар альхоўскія мужыкі. Людзі елі траву, таўклі кару з дрэў, церлі мякіну, рады былі якой жменьцы пазаддзя, каб падмяшаць у травяністую агідную страву, склеіць траўнікі. У іх на хутары таксама было не густа, але травы не елі — даіліся дзве каровы, і ў свірне ў засеках сёе-тое яшчэ мелася. У тое лета лёс звёў трынаццацігадовага Івана з вясковым дзецюком Яшкам. I ад таго, што ў свой час Пшанічны памыліўся ў выбары паміж ім і бацькам, усё жыццё пасля ён горка наракаў на сябе.
Аднойчы на нейкае свята — Пятра ці Сёмуху — у дрымотны летні адвячорак, калі паніжэлае сонца губляе свой спякотны напор, трынаццацігадовы Іванка вяртаўся на хутар. Незадоўга перад тым бацькі прыехалі з кірмашу, і ён адвёў на падлесак каня, спутаў і пусціў пасвіцца. Падыходзячы ўжо да высокае брамы панадворка, хлопец учуў гамонку ў двары, жаласны жаночы голас і рэдкае незадаволенае пакырхванне бацькі. Бацька ў новай святочнай сарочцы і камізэльцы сядзеў на прыступках ганка і пасопваў люлькай, a побач, згорбіўшыся і затуліўшы твар нізка завязанай хусцінкай, стаяла ўдава Міроніха — іх нейкая далёкая сваячка,— яна плакала і нечага прасіла.
У той час як Іван зайшоў на панадворак, якраз наступіла паўза, кабета з просьбай і страхам глядзела на бацьку, прыкрыўшы ражком хусткі рот, а бацька злосна — як адразу заўважыў хлопец — чмыхаў клубамі дыму і маўчаў.
— Ладна,— урэшце азваўся ён.— Хай прыйдзе. Дам з пуд. А заўтра на зорцы каб быў тут. Касы не трэба, касу маю возьме.
Кабета перастала плакаць, высмаркалася і пачала дзякаваць, а бацька ўзняўся і пайшоў з ганка.
Назаўтра ранічкай маці, як звычайна, ласкава разбудзіла Іванку на гары, падала завязаны ў ручнік сняданак — кавалак вяндліны і акраец хлеба. Ён заўсёды ў такую пару насіў бацьку ў поле снедаць, але гэты раз ежы было ўдвая болей, чым калі раней. Іванка здагадаўся, што гэта памагатару.
Работнікаў яны наймалі і раней — у касьбу, жніво, малацьбу, але трымалі нядоўга: бацька быў патрабавальны, сам цягавіты ў працы, дужы, і мала хто мог дагадзіць яму.
Выйшаўшы з алешніку, Іван убачыў напалову скошаны лужок і ў канцы яго — бацьку і Яшку Цераха. Але, відаць, нешта там здарылася, бо яны не касілі, а стаялі адзін насупроць другога; бацька адной рукой трымаў зламаную ў шыйцы касу, другой — касільна і злосна пазіраў на Яшку. А дзяцюк, у зрэбнай кашулі, з падкасанымі да калень нагавіцамі, чухаў худыя грудзі і апраўдваўся:
— Дзядзечка Супрон, далібог, незнарок. Замахнуўся, а яна неяк каўзнулася аб камень і адляцела.
— Лайдак пракляты, гультаіна пархатая,— крычаў бацька, трасучы густой зляжалай барадой,— Такую касу спляжыў! Нябось чужое? Га? Каб сваю, то інакш бы глядзеў, басота! Ых ты!
Ён кінуў касу, аберуч схапіў касільна, замахнуўся і, крычучы і ўсё болей звярэючы, пачаў ім біць хлопца па галаве, руках, якія ўзняў той, каб засланіцца.
Іван адчуў, як самлелі ад страху, а болей ад узрушлівай непрыемнасці яго ногі, хлопец баяўся і хацеў закрычаць на бацьку, каб спыніць яго шаленства, яму шкада было ціхага, нядужага дзецюка, аматара рыбнай лоўлі, зайздроснага знаўцу ўсіх навакольных лясных спраў. Але Іван не закрычаў, a памалу ішоў да іх, хоць яму хацелася ўцячы адсюль, каб не бачыць і не чуць нічога.
За зламаную касу Яшка працаваў у іх лішні тыдзень — стагаваў, сушыў, звозіў сена, затым яшчэ памагаў у жніво. Іван да яго ставіўся добразычліва, пасля таго выпадку на сенажаці ён маўкліва адчуваў і сваю вінаватасць, і таемную невыразную крыўду. Яны пасябравалі, хадзілі разам купацца, ставілі на кратоў пасткі і ніколі не гаварылі пра бацьку. Іван ведаў, што Яшка ненавідзіць гаспадара, гэтая яго непрыязнасць неўзаметку перадалася і маладому Пшанічнаму, ён адчуваў, што бацька — сквапны, злы, несправядлівы чалавек, што гэта нядобра.