Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Захінуўшыся ад ветру каўнярамі зашмальцаваных, аблепленых глінай шынялёў, шасцёра іх стаяла купкай ля зламанага дышля шлагбаума. Тулячыся адзін да аднаго, яны маркотна пазіралі ў восеньскую далеч і слухалі камбата, які ставіў ім баявую задачу.
— Дарогу трэба перакрыць на суткі, — сіпатым прастуджаным голасам казаў капітан, высокі кастлявы чалавек з зашчаціненым, змораным тварам. Вецер злосна ляскатаў рогам плашч-палаткі па яго запэцканых ботах, матляў на
грудзях доўгія матузы завязак. — Заўтра, як сцямнее, адыдзеце за лес. А дзень трымацца...
Там, у полі, куды яны невясёла ўглядаліся, высіўся касагор з дарогай, ля якой траслі пажоўклым лісцем дзве вялізныя каржакаватыя бярозы, і за ім, дзесьці на даляглядзе, заходзіла нябачнае сонца. Вузенькая шчылінка святла, прарэзаўшыся ў хмарах, як лязо вялізнае брытвы, матава блішчала на небе. Сумны восеньскі адвячорак поўніўся шэрасцю фарбаў, надакучлівай сцюдзёнай золлю і ўсёабдымнай трывогай навіслай над краем бяды.
— А як жа з шанцавым інструментам? — грубаватым басам запытаў старшыііа Карпенка, камандзір гэтай невялічкай групы. — Рыдлёўкі ж патрэбны.
— Рыдлёўкі? — задуменна перапытаў камбат, узіраючыся ў бліскучую палоску захаду. — Пашукайце што самі. Няма рыдлёвак. I людзей няма, не прасі, Карпенка, сам ведаеш...
— Ага, і людзей пе шкодзіла б,— падхапіў старшына,— A то што пяцёра? I то вунь адзін — новенькі ды гэты «вучоны» — ваякі мне! — злосна бурчаў ён, стоячы бокам да камандзіра.
— Супрацьтанкавыя гранаты, патроны к пэтээру, колькі можна было, вам далі, а людзей няма, — стаяў на сваім камбат. Ён яшчэ паўглядаўся ўдалячынь, зачараваны бляскам захаду, а пасля, устрапянуўшыся ад задумы, павярнуўся к Карпенку — мужнаму, прысадзістаму, шыракатвараму, з рашучымі вачыма і цяжкімі сківіцамі. — Ну, жадаю ўдачы.
Ён падаў руку, агорнуты новым клопатам, старшына раўнадушна паціснуў яе. Гэтак жа стрымана паціснуў халодную камбатаву далонь і «вучоны» — у акулярах, высокі баец Фішар; без крыўды, шчыра зірнуў на камандзіра другі няўдака, на якога скардзіўся старшына, — малады, са свежымі сумнымі вачыма радавы Глечык.
— Нічога, чорт не здрадзіць — свіння не з’есць, — бесклапотна пажартаваў пэтээравец Свіст, белабрысы, расшпілены на ўсе кручкі і гузікі, жулікаваты з выгляду хлопец.
Спаважна падаў сваю пухлую далонь непаваротлівы мардаты Пшанічны, і пачціва, прыстукнуўшы бруднымі абцасамі, развітаўся чарнявы, прыгожы Аўсееў. Паддаўшы пля-
чом аўтамат, камандзір батальёна нялёгка ўздыхнуў і коўзкім, няспрытным па гразі крокам пайшоў даганяць калону.
Яны засталіся ўшасцёх, агорнутыя самотай ростані, і нейкі час моўчкі пазіралі ўслед капітану, батальёну, кароценькая, зусім не батальённая калона якога, мерна пагойдваючыся ў вячэрняй імгле, хутка аддалялася к лесу.
Старшына быў незадаволены, сярдзіты, унутры яго тужліва варушылася невыразная, шчымлівая трывога за іх лёс і за тую нялёгкую справу, дзеля якой яны засталіся тут. Але ён хутка прыдушыў у сабе нудлівы душэўны гук і прывычна закрычаў на людзей:
— Ну што стаіце? Гэць да працы! Глечык, пашукай, мо дзе ламачына якая. У каго ёсць малыя, давай капаць. Пакуль відно...
Спрытным рыўком ён ускінуў на плячо цяжкі кулямёт і, з хрустам ломячы ссохлы быльнёг, пайшоў над канавай. Байцы адзін за другім неахвотна падаліся за сваім камандзірам.
— Ну вось, адсюль і пачнём, — сказаў Карпенка, укленчыўшы ля канавы і зазіраючы па-над чыгункай на касагор,— Давай, Пшанічны, фланговым будзеш. Лапатка ў цябе ёсць — пачынай.
Камлюкаваты Пшанічны развалістай хадою ступіў наперад, зняў з-за спіны вінтоўку, адклаў яе ў быльнёг і пачаў вымаць засунутую за пояс лапатку. Адмераўшы ад яго якіх дзесяць крокаў уздоўж канавы, Карпенка зноў прысеў, паглядзеў сюды-туды і азірнуўся, шукаючы вачыма, каго прызначыць на новае месца. 3 яго грубаватага твару не сыходзіла заклапочанасць і злосная незадаволенасць тымі несамавітымі сіламі, якія яму далі.
— Ну, каму тут? Вам, Фішар? Хаця ж у вас лапаткі няма. Во мне яшчэ ваякі! — злосна бурчаў старшына, устаючы з калена,— Колькі дзён на фронце, а лапаткі яшчэ не прыдбаў. Што, мо чакаеце, калі старшына дасць? Ці мо немец у падарунак прышле?
Фішар не апраўдваўся і не пярэчыў, але, бянтэжачыся ад непрывычнай вымовы, толькі няўклюдна горбіўся і без патрэбы папраўляў акуляры ў чорнай металёвай аправе.
— Урэшце, чым хочаце, а капайце,— злосна кінуў Карпенка, пазіраючы некуды ўніз і ўбок,— Мая справа маленькая, але каб пазіцыю абсталяваў як мае быць.
Ён рушыў далей — моцны, эканомны і ўпэўнены ў рухах, з такім выглядам, быццам быў не камандзірам узвода, а па меншай меры камандзірам палка. За ім пакорліва і абыякава падаліся Свіст і Аўсееў. Азірнуўшыся на заклапочанага Фішара, Свіст саўгануў на брыво пілотку і, выскаляючы белыя зубы, бяскрыўдна пакпіў:
— От задачка прафесару, ярына зялёная! Дасца ў знакі...
— He балбачы. Лепш ідзі пад той белы слупок ля пуці, там і капай,— загадаў старшына.
Свіст збочыў у бульбянішча, яшчэ раз з усмешкай азірнуўшыся на Фішара, які нерухома стаяў на сваёй быльняговай пазіцыі і заклапочана чухаў няголеныя пашчэнкі.
Карпенка з Аўсеевым падышлі да старожкі, старшына пагаспадарску пакратаў расчыненыя рыпучыя дзверы і пераступіў парог пакінутай будыніны. 3 двух выбітых вокнаў струменілі пранізлівыя патокі скразняку, матляўся на сцяне надарваны зрудзелы плакат, які заклікаў некалі разводзіць пчол; моцна смярдзела сажай, пылам і яшчэ нечым нежылым і непрыемным. На затаптанай падлозе валяліся кавалкі тынкоўкі, камякі гразі з падэшваў і саламяная пацяруха. Старшына моўчкі аглядаў скупыя сляды былога чалавечага ўтулку; Аўсееў стаяў ля парога.
— Вось каб сцены таўсцейшыя, было б укрыцце,— падабрэўшым тонам разважліва сказаў Карпенка.
Аўсееў выцягнуў руку — памацаў абабіты бок грубкі.
— Што, думаеш, цёплая? — строга ўсміхнуўся Карпенка.
— А давайце напалім. Раз не хапае інструменту, можна па чарзе капаць і грэцца,— ажывіўся стрыманы дагэтуль баец.— Га, старшына?
— Ты што — да цешчы ў госці прыйшоў? Грэцца! Чакай, вось падыдзе раніца — ён табе дасць прыкурыць. Спякотна стане.
— Ну, дык што ж — спякотна?.. А які сэнс мерзнуць? Давай распалім у печцы, вокны замаскіруем... Га, камандзір? — дамагаўся Аўсееў, лена паводзячы чорнымі цыганскімі вачыма.
—	He балбачы. Ідзі вунь каля Свіста займай пазіцыю і давай асталёўвацца.
Карпенка выйшаў з будкі і сустрэў Глечыка, які цягнуў аднекуль скрыўлены прэнт. Убачыўшы камандзіра, ён спыніўся і зважліва паказаў іржавую жалезіну.
—	Вось нібы ломік — раздрабняць. А выкідваць і жменямі можна.
Глечык вінавата ўсміхнуўся, старшына няпэўна паглядзеў на яго, хацеў сказаць нешта строгае, але, змякчэўшы ад наіўнага выгляду маладога байца, сказаў проста:
—	Ну, давай. Вось тут будзеш капаць — на гэты бок каравулкі, а я ўжо на той бок — у цэнтры. Давай, не марудзь. Пакуль відно...
2
На змярканні з-за лесу напаўзлі шызыя змрочныя хмары. Сваім шчыльным цяжарам яны зусім загрувасцілі неба, затулілі блішчастую шчыліну над касагорам; стала пагрозліва, трывожна і сцюдзёна. Вецер з шалёнай восеньскай лютасцю абтрасаў бярозы над шляхам, церабіў, вымятаў лісцвяны маладняк прысадаў, гнаў цераз чыгунку ў шэрую далеч шапатлівыя статкі лісця. Каламутная вада ў лужыне ад напору ветру аж выплёсквалася з дарогі і пырскала на ўзмежак сцюдзёнымі бруднымі кроплямі.
Байцы на пераездзе рупна ўляглі ў работу — капалі, дзяўблі, угрызаліся ў сцвярдзелую залеж зямлі. Пшанічны ледзь не па самыя плечы закапаўся ў рудую кучу гліны; далёка навокал адкідваючы рассыпастыя камякі, зухавата і весела асталёўваўся разгарачаны Свіст. Ён зняў з сябе ўсе папругі і вопратку і, застаўшыся ў гімнасцёрцы, спрытна сыпаў з яміны малой пехацінскай лапаткай. У дваццаці кроках ад яго, таксама над лініяй, час ад часу спыняючыся, адпачываючы і аглядваючыся на сяброў, крыху з меншым стараннем акопваўся Аўсееў. Ля самай будкі спрактыкавана ладзіў кулямётную пазіцыю старшына Карпенка; на другі бок ад яго старанна дзёўб зямлю расчырванелы, потны Глечык. Нарыхліўшы жалезінай грунт, хлопец рукамі выкідваў яго, пасля
прыгаршчамі выгортваў пясок і зноў дзёўб. Адзін толькі Фішар без справы самотна сядзеў у быльнягу, дзе яго пакінуў старшына, і, тулячы ў рукавы азяблыя рукі, гартаў нейкую кніжку.
За гэтым заняткам і ўбачыў яго Карпенка, калі, прыпыніўшы працу, выйшаў з-за старожкі. Старшына быў змораны, заклапочаны і адразу аж перасмыкнуў тварам, убачыўшы бяздзейнасць свайго падначаленага. Вылаяўшыся, ён накінуў на спацелую спіну скарэлы ад гразі шынель і накіраваўся па-над канавай да няўдакі-байца.
— Ну, што? Доўга вы будзеце сядзець? Можа, думаеце, што калі няма лапаткі, дык я вас у батальён адпраўлю, у бяспечнае месца?
3 выгляду абыякавы да ўсяго, Фішар разгублена заміргаў пад акулярамі блізарукімі вачыма, няспрытна ўзняўся з долу і, заікаючыся ад хвалявання, хутка-хутка загаварыў:
— М-м-можаце не т-т-турбавацца, таварыш камандзір, гэта выключаецца. Я н-н-не менш за вас раз-з-з-зумею свае абавязкі і зраблю тое, шт-т-то трэба, без лішніх эксцэсаў. Вось...
Крыху здзіўлены і астуджаны нечаканым выпадам гэтага ціхага чалавека, старшына не знайшоў што сказаць далей, толькі перадражніў:
— Іш ты: эсцэксаў!
Яны стаялі так адзін супраць аднаго: усхваляваны, з дрыжачымі рукамі, вузкаплечы баец і ўжо супакоены, упэўнены ў сабе каржакаваты ўладарны камандзір. Карпенка, нахмурыўшы калючыя бровы, з хвіліну гадаў, што зрабіць з гэтым няўмекам, а пасля, успомніўшы, што трэба на ноч выставіць які-ніякі дазор, ужо спакайней сказаў:
— Вось што: бярыце вінтоўку і марш за мной.
Фішар не запытаў, куды і навошта, а з падкрэсленай абыякавасцю запіхнуў за пазуху кніжку, уздзеў на плячо вінтоўку з прымкнёным штыхом і, спатыкаючыся, пакорліва пабрыў за старшыной. Карпенка на хаду апранаў у рукавы шынель, аглядаў, як акопваліся астатнія. Мінаючы сваю ячэйку, ён коратка кінуў байцу:
— Вазьмі ж лапатку.
Яны выйшлі на пераезд і па заследжанай сотняю ног гразкай дарозе накіраваліся на пагорак з дзвюма бярозамі.
Тым часам паволі цямнела. Неба над лесам зусім счарнела ад хмар, якія шчыльна абклалі прастор і згусціліся на небасхіле змрочнай суцэльнай масай. Вецер усё не ўціхаў і злосна шкуматаў полы шынялёў, сівернай сцюжай пранікаў за каўнер, у рукавы, выпякаў з вачэй сцюдзёныя слёзы.