Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Як-колечы ўладкаваўшы на самаробныя насілкі цяжка параненых, група зноў падалася ў поле. Ішлі цяпер болей кустоўем, з пералеску ў пералесак, рабілі вялікія крукі, часта спыняліся, пакуль дазор аглядаў шлях. У дазор сержант выправіў Жука і яшчэ двух спрытных байцоў. Яны дзейнічалі асцярожна. Пятрусь пільна сачыў за імі воддаль, прыслухоўваўся да сігналаў у зарасніках і ўсё пакрыкваў на людзей, каб тыя маскіраваліся і не лезлі на адкрытыя месцы.
Ужо на захадзе сонца зусім недалёка недзе гучна забухалі ў паветры моцныя гарматныя стрэлы. Хлопцы ў кустоўі аж здрыгануліся ад нечаканасці. Сержант спыніў калону і разам з Мацейкам выткнуўся з алешніку. Перад імі ляжаў папаравы касагор, зарослы калючым асотам, а наперадзе высіўся ўзгорак з яблыняй-дзічкай на фоне неба, і там, недзе за ўзгоркам, бухала батарэя. Хлопцы весела пераглянуліся, і, вярнуўшыся да байцоў, сержант радасна паведаміў людзям:
— Нашы блізка! Бач, палкавая батарэя б’е. Значыць, кіламетраў пятнаццаць — дваццаць...
«Толькі б праскочыць. Толькі б не наткнуцца і не загубіць людзей», — увесь час стукала ў голаў неадчэпная думка.
Раздзел дванаццаты
Ужо на змярканні да атрада далучылася яшчэ дванаццаць байцоў.
Іх недзе напаткаў дазор, і Жук выправіў іх з дазорным насустрач калоне. Яны нечакана з’явіліся з-за ячменнага пагорка ў полі, і сержант аж спалохаўся, убачыўшы столькі людзей. Але дазорны падаў голас, і Пятрусь, не разумеючы яшчэ, у чым справа, спыніў байцоў. Зблізку ён ўбачыў, што гэта былі свае, і ў хлопца адлегла ад душы. Да яго разам з дазорным падышоў нізенькі бялявы малодшы лейтэнант, ён з павагай зірнуў на сержанта, на яго сцяг і па-сяброўску падаў руку.
— Давай, сержант, разам шукаць удачы. Толькі туды вы дарэмна кіруеце: там нямецкія пантанёры ўсе дарогі забілі — і ў вёсцы, і ў лесе.
— А вы там былі? — запытаў Пятрусь.
— Ага. Мы адтуль. Тыцнуліся, пастралялі і назад. Трэба браць лявей, можа там як.
Яны выйшлі на пагорак і нейкі час пазіралі ў ахінутую ўжо вечарам лясную далячынь. Недзе наперадзе раскацістым рэхам грукацела бойка — чуваць было, як роўна, з пэўнымі прамежкамі рваліся міны. Аднекуль з-за лесу ўзляцела ўгору зеленаватая чарга трасіруючых куль, недзе далёка раўлі, пэўна, буксуючы, танкі. Толькі ззаду было спакойна, а так усюды чулася прысутнасць войска, трывожнае дыханне вялікай затоенай сілы вайны.
Хлопец добра ўяўляў сабе, што варта толькі няўдала сунуцца ў гэтую гушчыню войска, як ад іхняй невялікай групы нічога не застанецца.
Людзі спадзяюцца на яго, думаюць, што ён усё ўжо абдумаў і ведае нейкі спосаб перайсці фронт. Надвячоркам ён падслухаў, як нехта ў калоне нягучна сказаў: «Глядзі, a cep-
жант гэты талковы, ён, бадай, выведзе...». Ён тады аж счырванеў, пэўна, ад тых слоў, так яму здалося, што людзі памыляюцца ў ім. Бадай, не вельмі ён талковы — нялёгкі клопат займае зараз яго галаву і ён не ведае, як зрабіць, каб выйшла лепш. Складаная справа выпала на яго долю. Калі б тут быў іх камандзір палка ці Петрусёў камандзір узвода, ужо яны надумалі б, як ашукаць ворага, як прабрацца да сваіх, — яны былі вучоныя і ведалі ўсе таямніцы вайсковай тактыкі. А сержант Кляновіч, як сляпое кацянё, на ўласных хібах пазнае тую навуку жахлівай барацьбы. 3 узгорка яны падаліся ўлева, як раіў малодшы лейтэнант. Маленькі, аброслы рудым шчаціннем, ён здаваўся маладжавым. Але на гэтым твары ляжаў такі ж трывожны клопат, які непакоіў і сержантаву душу, але камандзір, відаць, хаваў ад людзей тую трывогу і падбадзёрваў сябе і байцоў.
— Дзе-небудзь праскочым, — казаў ён, таропка крочачы за сержантам. — He можа таго быць, каб не праскочылі.
Доўгі ліпеньскі дзень канчаўся позна, ноч была кароткая, і ў Петруся з’явіўся новы непакой ад думкі, што яны спозняцца і не ўправяцца да ранку. Ён ужо колькі разоў ціха камандаваў калоне «шырэй крок» і сам спяшаўся, але змораныя ногі хутка запавольвалі хаду. Урэшце яны зноў ўзбіліся на палявую дарожку і пайшлі па ёй. Грукат бою ўночы пацішаў крыху, толькі яшчэ ў розных месцах за лесам бухалі гарматы, і небакрай раз-пораз успыхваў ад дрыготкага святла ракет.
У кусцістай балацявіне, на нізкім разбураным мастку яны дагналі галаўны дазор. Жук і хлопцы зморна сядзелі на ўцалелай перакладзіне, а ля іх стаяў нейкі чалавек з аброццю. Відаць было па ўсім, што яны чакалі калону.
— Ну, што спыніліся? — запытаў сержант, падыходзячы да іх.
Жук устаў з бервяна і кіўнуў галавой на чалавека:
— Вось дзядзька кажа, немцы там: з’язджаюць з дарогі і разгортваюцца ў полі.
— Так, так, пацвердзіў чалавек, бразгаючы цуглямі. Усё едуць і едуць. Нейкія машыны вялікія, танкі гэтыя, забілі ўсё поле, патапталі, панішчылі ўсё, каб іх вантробы панішчыла.
— А нашы даўно былі тут? — запытаў малодшы лейтэнант.
— Учора, толькі ўчора, людцы добрыя. Прайшлі каля вёскі, і вось мы ўжо пад немцам.
Пятрусь маўчаў. Побач на дарозе маўкліва стаялі людзі, яны пільна ўслухоўваліся ў іхнюю размову і пазіралі на камандзіраў, пэўна, чакаючы ад іх разумных каманд, удалых рашэнняў. Малодшы лейтэнант таксама маўчаў, толькі чухаў няголеныя сківіцы і аглядаў наваколле. — Дзядзька, скажы нам, дзе можна перайсці да пашых, каб на немцаў не натрапіць? — запытаў сержант.
— А хто ж яго ведае, — няўцямна паціснуў плячыма чалавек. — I там едуць, і там страляюць. Хіба толькі ў Гнілаўшчыне няма.
— А што гэта за Гнілаўшчына?
— Ды балота такое. Гэта вам трэба вярнуцца назад і прайсці вярсты з тры, а потым, значыць, па правую руку будзе Лозіна, а вы яшчэ пройдзеце... — Ну яе тую Лозіну, — перабіў малодшы лейтэнант. — Назад вяртацца не будзем.
Пятрусь незадаволена паморшчыўся: ён таксама не хацеў вяртацца назад. Мо’ там і сапраўды лягчэй было прабрацца да сваіх, але ісці зараз назад проста адмаўляліся ногі.
I яны вырашылі ісці наперад. Пераскочыўшы канаву, сержант рашуча накіраваўся ўдоўж ручая па мокрай пожні. Чалавек пакорліва сказаў на развітанне: «Ну, памагай вам Бог», і, чамусьці зняўшы шапку, усё стаяў на мастку і глядзеў услед байцам.
Такім чынам выбар быў зроблен. Можа, і гібелыіы ён, a можа і ўдалы, але ўжо не было сіл больш чакаць. Няхай будзе што будзе — яны пойдуць уначы на страляніну, і не пашанцуе перайсці ціха — будуць прабівацца з боем. Хлопец адчуваў, што і людзі той жа думкі, усе падцягнуліся ў калоне, прыціхлі, іх сэрцы чулі важнае, цяжкае і рашучае і рыхтаваліся да яго.
Па начы яны перайшлі забалаць, потым нейкі гаёк. Рухаліся цяпер шнурком, адзін за адным і вельмі ціха. Сержант папярэдзіў, што цішыня — палавіна поспеху ў іх рызыкоўнай справе, і байцы памяталі гэта. Праўда, часам трашчэла
пад нагой якая галінка, зрэдку натыкаўся на ламачыну які баец — на яго ціхенька шыкалі суседзі, і зноў усё сціхала. Дазор з Жукам наперадзе таксама ішоў шнурком, кожны як-колечы бачыў пярэдняга і кіраваў следам.
Усё ішло ладна, толькі ў адным месцы ледзь не сталася бяда. На нейкай пожні бліз дрэў, што чорнай кучай высіліся ў небе людзей спудзіў нечаканы ўскрык:
— Вэр да? Пароле!"
Пятрусь адразу стуліўся на росным доле, за ім спрытна ўлегла калона, дазорцы, прыгнуўшыся, падаліся назад. Добра, што трава на пожні была густая, галлё не траплялася і нішто не выдала людзей.
— Воцу шрайст ду Пауль? Гейт да еманд?
— Гейт одэр ніхт, кан іх вісэн.
— Кватч.'*
Паляжаўшы крыху, сержант узняўся і павярнуў у бок, за ім пацягнуліся ў змроку людзі. Жук хутка абмінуў яго, шапнуўшы, што пойдзе ўперад, следам падаліся дазорн ыя.
3 гадзіну байцы ішлі па нейкаму полю, сержант часта прысядаў, азіраўся наўкола. Стала зусім ціха. Спыніліся, змоўклі ўсе гукі вайны, і хлопец ужо пачынаў сумнявацца, ці не страціў ён кірунак. Ён прыгадваў у памяці свой начны маршрут, і чамусьці выходзіла, што яны робяць кола і ідуць назад, туды, адкуль выйшлі. Ён ціха пытаў у суседзяў, ці не здаецца ім, што яны ідуць не туды. «Здаецца, трэба лявей браць, — шаптаў малодшы лейтэнант. «Ды ну, лявей, — казаў Мацейка. — Правей трэба». «Ну вось, — думаў сержант. — Вось і вывеў! Чорт бы ўзяў гэтую ціш, хоць бы стрэл дзе».
Яны ўсё ішлі па нейкай збажыне, наўскасяк перайшлі палявую дарожку, і тады раптам злева, зусім недзе блізка, парушыла цішыню кулямётная чарга. Яна заціхла, і рэха
' Хто? Пароль!
" Чаго ты крычыш, Паўль? Ідзе хто?
— Ідзе ці не, uito я магу ведаць.
— Глупства! (ням.)
далёка аднесла ў ноч яе грукатлівы адгалосак. Людзі зноў спыніліся, прыслухаліся, але стрэлаў больш не было.
Пятрусь тады зразумеў, што гэтае блуканне не давядзе да дабра. Ён яшчэ прайшоў трохі па збажыне і спыніў калону ў жыце, на шырокім узмежку, дзе высілася ў начным небе доўгая шарэнга маўклівых таполяў.
— Ну, што далей? — запытаў малодшы лейтанант.
— Трэба выявіць, дзе мы. Так нельга блукаць. Можа, мы зноў да немцаў ідзём.
— Вось што, — дадаў сержант, падумаўшы. — Баец Жук, баец Мацейка пойдзеце ў разведку. Трэба знайсці якую вёску і распытаць у жыхароў абстаноўку. Мы будзем чакаць тут.
Хлопцы ямчэй паддалі ла плечы зброю і сышліся разам ля сержанта, а людзі адразу памкнуліся долу.
— I я пайду з імі, — сказаў малодшы лейтэнант.
Яны ўтрох адышлі ў збажыну, прыслухаліся, згадваючы, у які бок падацца. Потым зашамацела жыта, і хлопцы прапалі ў цемры.
«Ну вось і вывеў, — з’едліва дакараў сябе ў думках Пятрусь, — вось і спраўдзіў людскія надзеі. Развіднее — немцы ўбачаць дурных начлежнікаў і дадуць тады. Тут ужо наўрад ці дапамогуць хуткія ногі».
Ішоў час, а разведка не вярталася. Пятрусь сядзеў усё, абхапіўшы калені рукамі, і думаў, што рабіць, калі Жук і хлопцы нічога пэўнага не прынясуць з сабой. Потым ён устаў, каб адагнаць ад сябе сон, і прайшоўся пад таполямі. Як заўсёды, скарыстаўшы прыпынак, людзі спалі ці мо’ так ляжалі, прыціхшы. Пад дрэвам нехта летуценна праказаў, ні да каго не звяртаючыся: «Эх, бычка б дзе знайсці, так курыць хочацца...» У другім месцы двое, пэўна, сябры ціха размаўлялі між сабою. Хлопец падумаў: мяркуюць што пра іхнія трывожныя справы, услухаўся — не. Адзін расказваў другому пра даваеннае жыццё, сям’ю, людзей, пра справы, вельмі далёкія ад гэтых таполяў і гэтай трывожнай няпэўнасці. Пятрусь прыгадаў тады і сваё асабістае: родныя месцы, што недалёка недзе раскінуліся тут, старую матулю. Як яна, напэўна, бядуе там — і за сям’ю, і за свайго «старшань-