Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Да лесу ўжо было зусім блізка, калі там, на ўзлеску, мільганулі нейкія постаці. Петрусю здалося, што гэта іхні дазор, і ён з асцярогай прадаўжаў хадзьбу. Аднак Нупрэеў заўважыў таксама нешта на тым узлеску і крануў сержанта за локаць. Яны спыніліся, за імі прыціхла калона, усе сталі і трывожна пазіралі ў сасоннік.
I тады лютая галасістая чарга ўдарыла з лесу. Недзе ў небе над галовамі людзей панесліся чароды куль; адна, пэўна з рыкашэта, жаласна віскнула і знікла ўдалечыні. He ведаючы яшчэ, што адбылося, але згадаўшы смяртэльную небяспеку, сержант злосна скамандаваў людзям:
— Лажыся!!!
Усе дружна пападалі ў пшаніцу Пятрусь прысеў і ўгледзеўся ў сасоннік, чакаючы ўбачыць там якую разгадку тае страляніны. Да яго падпоўз Нупрэеў і таксама пазіраў у бок лесу.
— А дзе ж дазор? — пытаўся ён, хвалюючыся за жыццё людзей.
Пятрусь нічога не адказаў яму. Ён адчуў толькі, што пад такім агнём яны не ўлежаць доўга, што так праз колькі хвілін іх усіх да аднаго пераб’юць у гэтай пшаніцы. Адзіным выйсцем было падацца назад, за ўзгорак, там яшчэ было выратаванне ад гэтага пякельнага шквальнага агню. Ахоплены трывогай за людзей, Пятрусь ускочыў з пшаніцы і, перамагаючы грукат стрэлаў, крыкнуў байцам:
— Кароткімі перабежкамі — за бугор!!!
Ён сам сігануў некалькі шпаркіх піырокіх крокаў і ўпаў ў пшанічны гушчар, даючы гэтым прыклад, як бегчы іншым. А немцы ўжо добра прыкмецілі групу і досыць трапна лупілі ў пшаніцу. Нехта непадалёку, відаць паранены, клікаў ней-
кага Ваню, нехта лаяўся ўдалечыні. Пятрусь праз момант зноў ускочыў і таксама вылаяўся ад злосці і роспачы. Байцы, трапіўшы пад прыцэлыіы агонь, не хацелі трымацца вайсковых правіл, а, узняўшыся над збажыной, шыбавалі за пагорак усёй паўсоценнай грамадой. «Пераб’юць, пераб’юць усіх!» — жахнуўся сержант ад страшнай думкі. Напяўшыся сілай і злосцю, ён пабег і, не дбаючы ўжо пра ўласную бяспеку, люта закрычаў на байцоў:
— Лажыся!!! Лажыся — застрэлю!!! — крычаў ён, даганяючы задніх. Тыя баязліва азірнуліся на лес, на сержанта, і, пэўна, нешта рашучае было на камандзіравым твары, бо яны са страхам, але паслухмяна пападалі ў пшаніцу. Потым ён дагнаў іншых і таксама паклаў іх.
— Кароткімі перабежкамі наперад!!!
Наўкола ў шалёным лёце зыўкалі кулі, кулямёты на ўзлеску аж захліпаліся ад лютасці. Сержант азірнуўся назад— ніхто іх, аднак, не праследаваў, нізіна была пустая, толькі ў лёгкіх хвалях гойдаліся пшанічныя прасцягі.
Перабежкамі і паўзком людзі дасягалі пагорка і тады, па аднаму ўскокваючы, беглі да кусцістага алешніку, што непадалёку зелянеў у пшаніцы. Тут ужо кулі былі не страшныя. Затуленыя пагоркам байцы вышлі з-пад небяспекі.
Але тут здарылася такое, што здзівіла і збянтэжыла сержанта.
Па пшанічнаму полю з-пад хутара беглі трое яго дазорных і наперадзе ўсіх няроўным, нейкім знясіленым крокам сігаў Агальцоў. Сержант спыніўся, ніяк не цямячы, што адбылося. На момант ён адчуў радасць, што людзі жывыя, але затым нейкая балючая падазронасць ахапіла яго. Ён ужо не пайшоў, куды беглі людзі, а накіраваўся насустрач дазору.
У старвзыны ад бегу скрывілася дзяга з кабурой, спаўзла на бок спражка, мундзір быў расшпілены, чуб растросся на проставалосай галаве і чорныя вочы гарэлі нялюдскім, вар’яцкім спалохам. Пятрусь угледзеўся ў гэтыя вочы, прыкмеціў няроўны крок чалавека і яго скаланула нечалавечая лютасць.
— Як... як ты адважыўся... зладзюга???
— Ах чорт... халера... на хвілінку толькі... ай-яй... — пера-
цятым голасам выкрыкваў старшына і нябачачымі вачыма лыпаў па абшарах. Ён быў п’яны.
— Марш! — дзіка закрычаў сержант і з шалёнай сілай штурхануў яго ў каршэнь. — Марш ад нас, агіда, здраднік!!!
Агальцоў пахіснуўся, нядобра бліснуў вачыма, і, хістка крочачы, падаўся да кустоўя, дзе ўжо збіраліся людзі. За ім нясмела пайшлі двое дазорных.
Байцы, відаць, ужо зразумелі ўсё і, сабраўшыся ў гурт, сядзелі і стаялі — змораныя, злосныя і панылыя. Тут жа ў засені кустоўя ляжалі параненыя, двое бінтавалі трэцяму голую акрываўленую спіну. Пятрусь з болем у сэрцы акінуў позіркам людзей — сабраліся далёка не ўсе, відаць, многія ўжо ніколі не прыйдуць сюды.
— Што нарабілі, сволачы! — гэткім крыкам сустрэў іх малады хлапец з голым перавязаным ужо чым-колечы плячом. — Гады! Дзе былі?
Старшына спьшіўся і няўцямнымі вачыма пазіраў на скрыўленыя ад злосці і нянавісці твары. Куды толькі зніклі яго зухаватасць, спрыт і гонар. Да яго падскочылі двое, ірванулі за аўтамат, за мундзір, ударылі, павалілі на зямлю. Ссржант, папярэджваючы расправу, закрычаў на іх, людзі адступіліся, але іх трэсла злосць.
Паступова Пятрусь крыху суняў сябе і, памятаючы, што трэба рухацца далей, падаў каманду строіцца. Пакуль людзі як-колечы ладкавалі параненых, што не маглі ісці самі, пакуль збіраліся з поля, сержант падлічыў байцоў — не хапала 18 чалавек. Гэта было жахліва. Яшчэ не дасягнуўшы фронта, за некалькі хвілін страціць амаль адну трэць складу, a што будзе далей? I раптам яго думка перамяжылася іншай — чаму не відаць Нупрэева? Ён жа толькі быў нядаўна, бег у лагчыне за сержантам. Устрывожаны нядобрым прадчуваннем, Пятрусь ірвануўся з месца, зірнуў сюды-туды: Нупрэева і Жука нідзе не было.
— Хлопцы, дзе Нупрэеў?
Але ніхто не бачыў яго, усе азіраліся, шукалі позіркамі, ды дарма. Праўда, з пшанічнага поля яшчэ ішлі апошнія параненыя, прыйшоў нейкі баец з раздробленай сківіцай, худы твар яго крывіўся ад нясцерпнага болю, бліскалі гне-
вам вочы, але ён нічога не мог сказаць, толькі мычэў пазвярынаму роспачна і страшна. I тады апошнім у пшаніцы з’явіўся Жук. Пятрусь убачыў яго, калі хлопец быў ужо зусім блізка — убачыў і ўсхапіўся ад жахлівай здагадкі. Так яно і было. Разведчык, схіліўшыся ледзь нс да самай зямлі, цягнуў на сабе Нупрэева.
Пятрусь тады кінуўся да яго, не адважваючыся яшчэ спытаць, што здарылася, стары баец бяссільна туліўся збялелай шчакой да ўспатнелай хлапечай спіны і ціха стагнаў. Жук паднёс яго пад кустоўе, асцярожна паклаў на траву ў засень і цяжка выпрастаў натружаныя плечы.
— Вось параніла ў грудзі... навылет.
Сержант укленчыў над байцом, узяў яго абвялую руку — Нупрэеў адплюшчыў вочы.
— От і мне... трапіла, — прашапталі ягоныя вусны.
Нямеючы ад новага гора, Пятрусь скінуў з байца ягоныя рамяні, узняў скрываўленую гімнасцёрку. Рана была невялічкая, але крыві ўжо вылілася багата. У некага знайшоўся індывідуальны пакет — Пятрусь як-колечы перавязаў чалавека.
— Ну, нічога, нічога, — няўпэўненым голасам заспакойваў ён байца. — Патрывай як-небудзь, хутка ўжо.
Нупрэеў стагнаў, зрэдку расплюшчваў вочы і неяк паасабліваму, быццам просячы што, пазіраў на сержанта.
Узняўшы вочы, Пятрусь убачыў ваўкавата-насуплены свой дазор, які давёў людзей да гэткай бяды. Зноў гарачая хваля гневу хлынула ў Петрусёў твар, хлопец усхапіўся і крыкнуў Агальцову:
— Глядзі, глядзі, што нарабіў ты, гад!
Агальцоў, відаць, працверазеў ужо, зразумеў усё, што сталася, і зацята патупіў вочы.
— Застрэліць яго за гэта! — крычаў баец, паранены ў плячо. — Земляка майго Антохіна забіла праз яго. Пёрычаў вунь канае.
— He застрэліць, а асудзіць і расстраляць, — разважна казаў той спрытны баец, што на дарозе першы захапіў нямецкі аўтамат. Ён меў ласкавае і славутае прозвішча Мацейка і цяпер стаяў побач і злосна глядзеў на Агальцова.
— Ты чуеш: расстраляць цябе! — крычаў Пятрусь, адчуваю-
чы, як ад абурэння і крыўды дрыжыць яго сківіца. — Дзе тваё сумленне, старшына? Што нарабіў ты, пытаю?
Агальцоў маўчаў.
— Што размаўляць з ім? — зноў закрычаў паранены. — Гад ён, здраднік! Расстраляць яго, хлопцы!
Сержант, збянтэжаны і разгублены ад такіх жахлівых падзей, маўчаў, не ведаючы, што зрабіць з чалавекам. А людзі, поўныя злосці і нянавісці да віноўніка сваёй бяды, пазіралі на камандзіра і чакалі яго прысуду. I калі ўжо зменшыўся ўнутры першы імпэт гарачкі, Пятрусь выразна зразумеў, што і сапраўды старшыну Агальцова трэба расстрэльваць. Ужо такое вялікае было яго злачынства, такі неўтаймаваны гнеў байцоў, гэтулькі пралілося крыві, што інакш яго пакараць было нельга. I разам з выразнасцю гэтае кары з’явілася ціхая жаласць да блізкага знаёмага чалавека. Перад вачыма паўстаў другі Агальцоў, той, што ратаваў байцоў з-пад моста, кідаўся на варожую машыну на дарозе, што заўсёды нёс зухаватасць і смеласць. Два супрацьлеглыя пачуцці да хлопца скрыжаваліся ў сержантавым сэрцы, і ён разгубіўся.
Так, пакутуючы, Пятрусь шукаў справядлівага рашэння гэтай цяжкай задачы і паступова ўсё болей пераконваўся, што іншага прыдумаць нелыа. Вунь, заплюшчыўшы ад болю вочы, ляжыць Нупрэеў, ляжаць яшчэ людзі, якіх загубіў ён — не той смелы парывісты Агальцоў, а гэты вось агідны п’яны разгільдзяй, што за распустай забыўся па абавязак, на сцяг і сумленне.
Сержант зірнуў на ваўкаватага хлопца — той, здаецца, разумеў ужо ўсё і маўчаў. Ён не прасіўся, не ўмольваў дараваць, а маўчаў, быццам адчуваў, што заслужыў адзіную кару і гатовы быў прыняць яе. He, бадай, няма чаго тут шкадаваць Агальцова, відаць, нешта нядобрае сядзела ў яго душы, калі адважыўся ён на такое. Пэўна, не дужа дарагі яму гэты сцяг і гэтыя выратаваныя для будучых бітваў людзі. Відаць, нейкая чарвяточына заўжды гняздзілася ў ім, і не сёння дык заўтра нечым агідным усё роўна выявіла б сябе. Так думаў Пятрусь.
Агальцова расстралялі тут жа, у кустоўі.
Пятрусь быў перакананы ўжо, што зрабілі правільна, але
гэтая перакананасць усё роўна не пазбавіла хлопца ад душэўнай скрухі. Жук таксама перажываў, маўчаў увесь час, і яго шырокаскулы твар, некалі такі прастадушны і ўсмешысты, чарнеў зараз ад невыказнага гора. Ён не апраўдваў, але, як і сержант, немаведама чаму шкадаваў Агальцова, шкадаваў яго неразумнага лёсу, так, нібы не сам старшына вытвараў усё агіднае, а якая іншая сіла прымупіала яго на тое.
Старшыну пакаралі, а ў Петруся ўсё не ўсталёўваўся спакой. Душылі хлопца і боль і крыўда — крыўда на Агальцова, што прычыніў бяду і давёў сябе да пагібелі, крыўда на людзей, што ў час небяспекі дрэнна слухаліся камандзіра, крыўда на сябе, што не наладзіў дагэтуль добрай дысцыпліны. Хіба з такім бязладдзем могуць яны прабіцца праз фронт? 3 кожным днём усё цяжэйшым становіцца іх шлях, і ўсё болып арганізаванасці і парадку трэба атраду. Ён так і сказаў аб тым перад строем калоны. На яго змрочна пазіралі няголеныя маркотныя твары, і ён не ведаў, зразумеюць людзі ці не, але рашуча абвясціў, што парушальнікаў вайсковага парадку чакае тое, што сёння вось старшыну Агальцова.