• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    — Як жа?.. Мне трэба ведаць. Сляпы я... Нашто я сляпы? Я не хачу жыць...
    — Нічога, нічога, — сказаў Ляўчук. — Яшчэ будзеш бачыць. Пацярпі крыху.
    — Мне трэба... Мне трэба ведаць...
    Паранены заціх на паўслове, Ляўчук з Клавай пераглянуліся — во яшчэ клопату! I Клава ціха сказала:
    — He пашэнціла Ціханаву.
    Яшчэ як сказаць, — не згадзіўся Ляўчук. — Вайна не скончылася, яшчэ невядома, каму пашэнціла, каму не.
    Неўзабаве Грыбаед прынёс у шапцы вады, але дэсантнік ляжаў нерухома і не азваўся на яго прапанову напіцца.
    Ездавы нерашуча патаптаўся з шапкай у руках, з якой па пальцах лілася вада, потым выліў яе на траву.
    — Кацялка няма? — запытаў Ляўчук. — Няма.
    — Эх ты, дзед-Грыбаед! He запаслівы ты.
    — Я такі дзед, як ты ўнук. Мне сорак пяць гадоў усяго! — здаецца, пакрыўдзіўся ездавы.
    — Табе? Сорак пяць?
    -Ну.
    — Глядзі! А я думаў, што шэсцьдзесят. Чаго ж ты такі стары?
    — Таго, — крыўдліва ўхіліўся ад адказу Грыбаед.
    — Ну ладна, — уздыхнуў Ляўчук. — Трэба б паглядзець, мо дзе вёска якая?
    — Залоззе тут недзе, — стрымана, быццам усё крыўдуючы, адказаў ездавы. — Ну. Недзе Залоззе павінна быць. He спалена яшчэ было.
    — Тады пойдзем.
    — А калі гэта самае... А калі там немцы? Мусіць жа, іх тут налезла, як тараканаў. Хай іх чорт дзярэ!
    Калі там немцы, дык ісці, вядома, не выпадала, напэўна, лепш было б разведаць спярша аднаму, а астатнім пачакаць дзе ў кустах. А то ў выпадку чаго з іхняю ношай не надта спрытна будзе, каб выкруціцца. Толькі чакаць тут, ля гэтай макрэдзі, было пакутай, да таго ж на пакошы заварушылася Клава.
    — Ляўчук, трэба ісці, — са стрыманай, але пільнай патрэбай сказала яна.
    — Ну во, бачыш! Трэба, значыць, ісці.
    Яны памалу, па адным паўставалі на ногі, узвалілі на каня параненага, які і цяпер не выпускаў з рук аўтамата. Трымаючы зброю, Ціханаў супакоена аблёгся грудзямі на слізкую, выпацканую тванню конскую грыву і звесіў долу рудую, у бінтах галаву. Абапал прытрымліваючы яго, яны павялі каня па пракосе на край пожні, дзе, здаецца, пачыналася поле — кустоўе там меншала. Ззаду за канём, неяк квола і асцярожна ступаючы, ішла Клава.
    Неўзабаве між чэзлых альховых кустоў і ляшчынніку яны выбіліся на адкрыты ўзлесак у нейкім лагу і павярнулі ўбок,
    па-над кусцікамі, каб не надта вылазіць на адкрытае месца. Згаладнелы конь раз за разам угінаў галаву і на хаду хапаў з-пад ног хамлакі травы, паранены тады ледзь не падаў з яго спіны, і яны як-кольвечы ўтрымлівалі яго. Грыбаед злосна піхаў каня кулаком у бок.
    — Ціха ты, ваўкарэзіна. He нажарэшся...
    Ну нашто так? — пярэчыў Ляўчук. — Ён жа жывы, есці хоча.
    Тым часам развіднела. Тут, зводдаль ад балота, туману ўжо амаль не было відаць далей; убаку, над лесам, барвовым пажарам запалаў край неба, вось-вось павінна было ўзысці сонца. У суцэльнай ранішняй засені намоклых людзей люта прабірала золкасць і калацілі дрыжыкі. У мокрай вопратцы ісці было дужа нязручна, чвякалі ногі ў раскіслых ботах. У Леўчука да таго ж балела плячо. Стараючыся як мага меней ім кратаць, ён левай рукой прытрымліваў пад паху дэсантніка, а сам усё шарыў позіркам па баках, чакаючы, калі пакажацца тое Залоззе.
    Але, мяркуючы па ўсім, мясціна тут была лясная і даволітакі дзікаватая, мусіць, да вёскі яшчэ было далёка. I яны памалу ішлі і ішлі, пасля апантанае балотнай ночы ледзьве перастаўляючы ногі і з натугай адганяючы ад сябе сон. Ляўчук, збыўшы з галавы той клопат з балотам, цяпер трохі паспакайнеў і ўсё думаў, як там абышлося на грэблі: ці прарваўся атрад, ці не? Калі не, дык сёння будзе там ліха, гэтых карнікаў наперла тут процьма, а ў іх даўно ўжо было тугавата з патронамі, а гранат дык і зусім, мусіць, не засталося. Камандзір увогуле правільна рашыў прарывацца, толькі каго яны пусцілі на грэблю, ці не тылы з санчасцю, якія, канечне, там і паляглі. Паспадзяваліся на разведку, называецца.
    Некалі Ляўчук таксама быў у разведцы і ведае цану некаторых яе дакладаў. Ідуць у разведку, і многае, калі не ўсё, наконт ворага — цёмная ноч, а начальства патрабуе яснасці, ну і, вядома, шмат што залежыць ад фантазіі той самай разведкі. I ён раптам успомніў, як ранняй вясной, таксама будучы разведчыкам, ездзіў у Кіраўскую брыгаду па першую ў атрадзе рацыю, якую спецыяльна для іх прыслалі з Масквы.
    Тая навіна наконт рацыі, памятае, нарабіла нямала радаснага клопату ў іх атрадзе — жарты сказаць, яны будуць мець сувязь непасрэдна з самым галоўным партызанскім штабам у Маскве. Узварушаныя камандзіры нават правялі з гэтай нагоды мітынг, выступалі партызаны, камісар Ільяшэвіч, — абяцалі, кляліся. У няблізкі паход для сустрэчы радыстаў вылучылі трох лепшых разведчыкаў на чале з Леўчуком, які тады таксама быў лепшы, не тое што цяпер. Надвячоркам перад выездам камісар з начальнікам штаба доўга інструктавалі іх: як ехаць, што ўзяць, як сябе паводзіць з гасцямі, што казаць і чаго не трэба. Такога інструктажу Ляўчук не памятаў ні да таго, ні пасля — адпраўлялі, як на самае важнае заданне, і яны хваляваліся, як не хваляваліся нават тады, калі ішлі, пераапранутыя, у Шаблоўскі гарнізон дамаўляцца з паліцаямі наконт пераходу тых на бок партызан.
    Якраз быў сакавік, канец зімы, пачыналася прадвесне, удзень добра раставала, але ноччу пад ранак дарогі былі як шкло, санкі беглі са звонам і шоргатам, а цокат капытоў па лядку быў чутны за тры кіламетры. За адну ноч яны адмахалі шэсцьдзесят кіламетраў і з’явіліся ў штабе Кіраўскай, дзе і сустрэлі сваіх радыстаў. Старшы з двух быў сяржант Ляшчоў — немалады перахлябісты чалавек з нездаровым тварам і пракуранымі да жаўцізны зубамі, які ім не спадабаўся з першага разу: надта ўжо дэталёва пачаў высвятляць, дзе немцы, як яны паедуць, а ці добрыя сані, і ці ўкормлены коні, і ці ёсць чым укрыцца, бо ў яго боты і тонкія анучы. Яны тады дасталі для яго папону і ўхуталі яго ногі саломай у санях, і то ён усё мёрз і наракаў на сырасць, клімат і спецыфічныя партызанскія ўмовы, якія яму былі не па натуры. Затое радыстачка ўсіх зачаравала з першага позірку: такая яна была ладная ў сваім новенькім беленькім кажушку і ў маленькіх валёначках, якія міла рыпелі на ранішнім марозіку, вушы яе ладнай цыгейкавай шапкі былі какетліва падвязаны на патыліцы, на лоб высыпалася гуллівая грыўка, а на маленькіх руках ладна сядзелі футравыя рукавічкі з белым шнурочкам, закінутым за каўнер кажушка. He ў прыклад сяржанту, ёй тут усё падабалася, і яна без канца смяялася і
    распытвала, поўная захаплення ад лесу, бярэзніку, дзятла на хвоі. А калі па дарозе ўбачыла вавёрку, якая разгоніста лятала ў голлі, дык аж спыніла сані і пабегла за ёй па снезе, пакуль не прамачыла валёнкі. Яе смяшлівыя шчокі з ямачкамі па-дзіцячы расчырванеліся, а з прыгожых вачэй струменіла такая гарэзная вясёласць, што Ляўчук проста праглынуў язык і забыўся на ўвесь учарашні інструктаж. Ён пакутна перабіраў у галаве і не знаходзіў ніводнае здатнай фразы, якую было б дарэчы сказаць пры гэтай дзяўчыне. Іншыя таксама анямелі, аглушаныя яе дзявочай прывабнасцю, і толькі смылелі самасадам у возе, пакуль ехалі пушчай. Урэшце яна не магла не заўважыць гэтай іх ненатуральнай зацятасці і, яўна прытвараючыся, што не разумее, у чым тут прычына, спытала:
    — Мальчнкн, ну что же вы молчнте? Вроде не русскне...
    Тут яна, між іншым, трапіла ў кропку. 3 іх трох рускага не было нікога, — быў украінец Зялёнка і два беларусы, Ляўчук і Мяжэвіч. I гэты Зялёнка, які, апроч як на сваёй роднай мове, не мог ні слова сказаць на іншай, чамусь пажартаваў недарэчы:
    — А мы — німцы!
    I трэба ж было тады Леўчуку ў тон Зялёнку выкінуць свой яшчэ болей недарэчны жарт, аб якім і цяпер успамінаць прыкра, але хто ведаў, што так станецца? Седзячы ззаду ў санях, ён пры тых словах Зялёнкі расхінуў на сабе кажух, пад якім з зімы дзеля цяпла насіў суконны, з нейкімі галунамі і нашыўкамі нямецкі мундзір і гойкнуў:
    — Хэндэ хох!
    He паспелі яны што сцяміць, як іх новы радыст кулём кульнуўся з саней і зашыўся ў градку маладога ельнічку за канавай. Збянтэжаны Зялёнка прытрымаў каня, яны моўчкі, нічога не разумеючы, прыўсталі ў возе і ўтаропіліся ў ельнік, адкуль, нацэлены на іх, ужо тырчаў варанёны ствол ППШ.
    — Стой! Нн с места! — прагучэў адтуль здранцвелы голас напалоханага чалавека, які ў такім стане мог зрабіць немаведама што. I ў тое ж імгненне яны здзіўлена схамянуліся ад выбуху нястрымнага і залівістага па сваёй весялосці смеху. Радыстка залівалася хвіліну, не менш, аж павалілася на
    салому на дне саней, і шапка з яе галавы ўпала на снег на дарозе, рассыпаўшы па каўняры кажушка цэлае бярэма светлых, ашчадна пастрыжаных валасоў.
    — Ой, не могу!.. Ой, кончаюсь!..
    Ужо заўсміхаўшыся, яны адначасова з засцярогай паглядвалі за канаву ў ельнічак, адкуль не адразу, з асцярогай у кожным руху вылез радыст і, не анускаючы аўтамата, стаў на дарозе, быццам не ведаючы, што рабіць, як рэагаваць на ўсё гэта і найперш на здзеклівы смех ягонай напарніцы.
    Насмяяўшыся ўволю, яна падняла з дарогі шапку, акуратна падабрала ў яе бялявыя свае валасы.
    — Ладно, Леіцев хватят! Посмешнлн партнзан...
    Ляшчоў тады памалу апусціў аўтамат, падышоў і бокам сеў у самым задзе саней, быццам усё яшчэ не верачы, што ён дарма напалохаўся сам і дарма напалохаў астатніх. Усе няёмка маўчалі, толькі радыстка доўга не магла аддыхацца ад свайго гарэзнага смеху. А на другі дзень яна плакала.
    Нейкі атрад на іхняй дарозе ўвязаўся ў бой з паліцаямі, і яны мусілі аб’язджаць гэтае небяспечнае месца, прыпазніліся і заначавалі ў знаёмай вёсцы ў сувязнога. Дзядзька хораша прыняў іх, напаліў у хаце і разаслаў на падлозе саламяны куль, на які яны і паваліліся спаць. Радыстка ж папрасілася на печ, маўляў, ніколі ў жыцці не спала на печы, дзе ўсё ёй было так незвычайна, цікава і нова. Яна доўга дапытвалася ў гаспадыні, як і што там награваецца, куды ідзе дым, якія і для чаго зёлкі тырчаць пад бэлькай і што ў мяшэчках у запечку. Перад тым як укласціся спаць, размеркавалі гадзіны варты ў двары, хоць дзядзька і ўзяўся сам ахоўваць іх у сваім доме, ды Ляўчук не хацеў спадзявацца на аднаго дзядзьку. Каб нікому не было крыўдна, ён, як гэта рабілі ў разведцы, кінуў жэрабя — кожны выцягнуў з яго шапкі паперку з напісанымі на ёй гадзінамі варты. Усім па пары гадзін за ноч — такое работы. Яна таксама захацела стаяць нароўні з усімі і выцягнула паперку чацвёртае змены ад трох да пяці — самы нязручны і санлівы час ночы. Ляўчук прапанаваў памяняцца, ён стаяў да трох, але яна нізашто не згадзілася, яна хацела нароўні з усімі выконваць свае партызанскія абавязкі. Ляўчук не надта настойваў, ён зважаў ёй