• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    Вось табе і «балда»...
    Ляўчук ад гэтай думкі ажно збянтэжыўся, разгубіўся і ўжо не ведаў, як аднесціся да Ціханава і яго ўчынку. Было падобна на тое, што дэсантнік сапраўды ўратаваў іх. Вызваліў ад сябе — гэта пэўна. Ужо за адно гэта трэба дзякаваць яму — як бы яны ўцяклі без каня з параненым? Вайна ўжо дала Леўчуку некалькі самых пераканаўчых урокаў, ён многа ўведаў на ёй і лічыў, што болей яго здзівіць немагчыма. А вось, выходзіць, здзіўляла. Мабыць, яе неспадзяванкам не было канца, і наўрад ці хопіць жыцця, каб як след разабрацца ў яе дзівосах.
    Вось хоць бы і Клава.
    3 пакутніцкім выразам на нездаровым твары — з рудымі плямамі каля рота і на лбе — яна дагнала мужчын і цяжка ўпала каленямі ў траву.
    — He магу... He магу я...
    — Ну во яшчэ! — грубавата азваўся Ляўчук. — Што ж тады? Прайшлі які кіламетр...
    — Ды ўжо кіламетры два, — паправіў Грыбаед.
    — Дык што ж — два! Для іх гэта дзве хвіліны. Бачылі машыны?
    Яму не запярэчылі, і ўсе ўтраіх замоўклі.
    Клава, седзячы ў ранейшай позе, абапіралася рукамі аб
    травяны дол і дыхала, дыхала, утаймоўваючы стому, гатовая вось-вось расплакацца, а яны ўдвух стаялі каля яе і не ведалі, што рабіць. Грыбаед моўчкі і нахмурана пазіраў зпад свае шапкі-кучомкі, нешта тоячы ў сваіх пачуццях да яе — можа, шкадаванне, а можа, папрок за ўсё, што з ёй здарылася. Ляўчук жа ўпарта думаў, што тут ім заставацца нельга. Тут не месца, тут іх занадта проста могуць насцігнуць немцы.
    — Так, давай уставай! Луг пяройдзем, вунь там саснячок, там зашыемся.
    Клава запаволіла дыханне, сцялася, відаць, зрабіла над сабой намаганне і ўстала.
    Яны даволі марудна і не адразу адолелі луг, пералезлі цераз аброслы асакой і аерам ручай. Праз рэдкі сасоннік узабраліся на пагорак, і Клава зноў знямогла ўпала на сухі верасовы дол. Мужчыны абодва спыніліся, Ляўчук скінуў з галавы прапацелую кепку, ён ужо ўгрэўся, ужо з неба няблага прыгравала сонца, дзень збіраўся быць спякотны і ціхі. Дзень гэты трэба было перажыць, што ў іхнім становішчы было не меней, чым перажыць вечнасць. Асабліва з такой спадарожніцай.
    — Ах, халера! — сказаў Ляўчук і ўважлівей паглядзеў на Грыбаеда. Той, сіпла і стомлена дыхаючы, цярпліва стаяў у сваім вузкаплечым мундзірчыку, аздобленым мпоствам кішэняў і гузікаў. — Хоць бы дзе баба якая. Які лагер сямейны, ці што? Як на грэх...
    — Каня трэба і фурманку. Без каня як?.. — з роздумам сказаў Грыбаед.
    — Была фурманка. I конь. Праваронілі, балбесы!.. Во што! Дуй-ка ты, дзед, шукай вёску. Можа, дзе ёсць недалёка. Без немцаў каб.
    Грыбаед не стаў цягнуць доўга, зірнуў напаследак на Клаву і нячутным крокам пайшоў з пагорка ўніз. Хутка яго затуліў сасоннік.
    — I не баўся, чуеш? — гукнуў наўздагон Ляўчук. Клава сцішылася на траве, а Ляўчук угледзеўся з пагорка. За сасняком, здаецца, ляжала неўзаранае поле, за якім зноў усчынаўся лес — і нідзе ніякіх прыкмет жылля. Стаяла ранішняя
    ціша, толькі ў хваёвым голлі варушыліся дробныя птахі, стрэлаў або людскіх галасоў нідзе не было чутна. Ляўчук, прыглядаючыся да сасняку, паўкругам абышоў па пагорку, паслухаў — быццам нідзе нікога. Тады ён вярнуўся да Клавы і, усё ўслухоўваючыся ў наваколле, сеў ля яе, сцягнуў боты і раскідаў на траве анучы. Усё на ім было мокрае, і Ляўчук пачаў сушыцца.
    Клава ляжала на баку і вялікімі, поўнымі самоты вачамі пазірала ў хвойнік.
    — Нарабіла я вам клопату. Ты ўжо выбачай, Ляўчук.
    — Што выбачаць? Пасля вайны паквітаемся.
    — Ох, як дажыць да таго пасля? He дажыву я.
    — Ты павінна дажыць. Ён не дажыў, а ты павінна. Трэба пастарацца.
    — Ці ж я не стараюся?..
    Яна нечакана заплакала, ціха і жаласна, а ён сядзеў no634, працягнуўшы да сонца счырванелыя ступні, і маўчаў. Ён не суцяшаў яе, бо не ўмеў суцяшаць нікога, да таго ж ён лічыў, што ў тым, што з ёй здарылася, Клава была вінавата сама.
    6
    Ціхенька хліпаючы, Клава плакала доўга, і Ляўчук не стрываў.
    — Нічога, — сказаў ён, дабрэючы. — Як-небудзь. Ты пацярпі.
    — Ой, я ўжо так цярплю, але ж... Сам знаеш.
    — Галоўнае — дзе б да якога жытла прыбіцца. Ды ні чорта няма. Усё папалена.
    — А калі дзе не спалена, дык жа немцы, — сказала Клава з набалелаю роспаччу. Відаць, яна пра адно гэта толькі і думала ўсю дарогу.
    — Немцы, ага, — згадзіўся Ляўчук.
    Ён стараўся паводзіць сябе стрымана і з выгляду нават абыякава да яе, а ўнутры ўсё абураўся і лаяўся — гэткага павароту справы ён не чакаў. Яшчэ ўчора ён сядзеў на Доўгай градзе і думаў толькі пра тое, адаб’юць новую атаку карні-
    каў ці не, а калі не, дык куды тады бегчы. I раптам гэта недарэчнае раненне, якое ўсё ў ім крута перайначыла, наваліла на яго новыя абавязкі з тым Ціханавым, ды і з гэтай Клавай: што яму рабіць, калі раптам ёй прыпячэ? Ён пачаў нават баяцца, каб гэтага не здарылася тут жа, і скоса ўсё пазіраў на дзяўчыну, не перастаючы прыслухоўвацца да наваколля і паглядваць уніз — нецярпліва чакаць Грыбаеда. Але Клава, паляжаўшы трохі і, мабыць, спачыўшы, села раўней на ватоўцы, па-ранейшаму абапіраючыся на дол рукамі. Яе шытыя на заказ зграбныя скураныя боты з белымі, высцебанымі ў траве галоўкамі былі мокрыя, спаднічка таксама змакрэла знізу, і Ляўчук сказаў:
    — Здзень боты. Хай сохнуць.
    Ды ну...
    — Здзень, здзень! — і, убачыўшы, што ёй нязручна згінацца, падняўся Ану, давай!
    Аднаруч ён сцягнуў з яе ног адзін, а затым і другі бот, Клава трохі сумелася, але, відаць, адчула палёгку, паспакайнела і падняла на яго спакутаваны позірк.
    — У цябе як плячо? Можа, перавязаць?
    — Ды ярунда. He трэба.
    Ён ужо прыцярпеўся да свае раны і нават шкадаваў, што пайшоў у санчасць, лепш бы застаўся ў роце, можа, і прабіўся б з усімі за грэблю і цяпер быў бы адсюль далёка. Прынамсі, не ведаў бы клопату, які цяпер тлуміў яго галаву.
    — Ну і Ціханаў, не чакаў ад яго такога. He ведаю нават, што і думаць, — сказаў ён, усеўшыся ў доле непадалёк ад Клавы.
    — Спалохаўся ён. А можа...
    — Спалохаўся, факт! Але што мы рабілі б, каб не спалохаўся?
    — А можа, ён з-за нас? — сказала Клава.
    — А хто ведае! Хіба цяпер зразумееш? Чужая душа — пацёмкі.
    — А ўсё ж відаць. Добрага чалавека здалёку відаць.
    — Няўжо? А дрэнныя — яны што ж, думаеш, не маскіруюцца? Пад добрых? Як вунь той гад! Ужо такі сімпацяга быў...
    — Ты пра каго?
    — Усё пра таго ж!
    — Што цяпер гаварыць? — пасля нядоўгага роздуму сказала Клава. — Пасля мы ўсе разумныя.
    — Вот іменна — пасля. I разумныя, і строгія. А напачатку такія добранькія. Вушы развесілі, а ён — нож у спіну.
    — Платонаў і тады гаварыў: ёсць падазрэнне. Але ж доказаў не было.
    — Доказаў чакаў! Ну і дачакаўся...
    Яны памаўчалі, Ляўчук, адкінуўшыся на локаць, кусаў травіну, увесь час азіраючы сасоннік. I Клава, нешта асіліўшы ў сабе, сказала:
    — Канечне, наконт Платонава мы цяпер можам меркаваць па-рознаму. Асуджаць яго. Але як жа яму было? Я памятаю, ён гаварыў мне: нешта нячыста, але як дазнацца? Для гэтага час патрэбен.
    — Трэба было шпокнуць абодвух, — з лёгкасцю зазначыў Ляўчук. — А што? Раз сумненне, дык і абодвух. Каб без сумнення. Як кажуць, бабка надвае варажыла: можа, чэсны, а можа, і агент.
    — He, так нельга, — ціха сказала Клава. — Вы ўсе ачарсцвелі на гэтай вайне. Яно зразумела, але гэта кепска. Платонаў быў не такі. Ён добры быў, чалавечны... Можа, таму і ў нас з ім усё так выйшла. Ён другога чалавека адчуваў, як самога сябе.
    — Во-во-во! — падхапіў Ляўчук і сеў роўна. — Добры! А праз яго добрасць яшчэ невядома, як табе быць. Ды і нам во...
    — Што ж, можа быць кепска. I ўсё роўна ён харошы. A дабрата не можа быць кепскай...
    — Што ты кажаш! — злосна здзівіўся Ляўчук і ўстаў. — He можа? Вот глядзі. Я буду добры і хуценька цябе здам куды ў вёску. Якая бліжэй. Ты ж хочаш, каб скарэй куды прыбіцца. Праўда? Каб табе сцішыцца. Вось я цябе і прыстрою. A немцы і схопяць. Дык не, я не добры, я цябе тузаю, во цягну, а ты праклінаеш мяне, праўда? I ўсё ж я мо куды зацягну, дзе спакайней. Дзе ты родзіш па-людску. I прыгледзець дзе будзе каму!
    Ён сказаў гэта адным духам, можа, занадта запальчыва, і яна змоўчала, не адказала. Але Леўчуку не трэба было ні яе згоды, ні яе пярэчання, ён быў цвёрда ўпэўнены ў сваёй праўдзе. Ён даўно ваяваў і ведаў, што на вайне іншае праўды і не бывае. Нейкая там добрасць — не для вайны. Можа, часам яна і няблага, нават дарэчы, але не тады, калі цябе кожную хвіліну пільнуе куля.
    Клава заціхла, думаючы свае нялёгкія думы, а ён босы адышоўся па калючай траве на пагорак, паглядзеў цераз негусты сасоннік уніз, на лугавіну. Здаецца, у тым баку не было ні дарог, ні вёсак, не чутна было ніякага гуку і ніякага знаку прысутнасці ворага, мусіць, яны няблага зашыліся ў лясную глушэчу. Калі б толькі дзе жытло. Ім цяпер патрэбна была якая сядзіба, хутар, якая леснічоўка з людзьмі — без такой дапамогі Клава не магла абысціся. Незалежна ад таго, якія б яны ні былі з ёй добрыя.
    Ляўчук ціха прайшоў па пагорку між негустых маладых сасонак, паслухаў і, асцярожна ступаючы, вярнуўся да Клавы. Яна ляжала з заплюшчанымі вачамі, і ён, трошкі здзівіўшыся, успомніў, што яна ўсё яшчэ апраўдвае Платонава, які давёў яе да такога лёсу. Ён ужо мёртвы, а ўсё яшчэ нешта для яе значыць — во як бывае, калі не на жарт пакахаць чалавека.
    Ляўчук прысеў трохі вышэй ад яе, падцягнуў да сябе бліжэй аўтамат. Вельмі хацелася легчы, выпрастаць цела, але ён баяўся незнарок заснуць і не клаўся. Супакоіўшыся, ён пачаў думаць пра іх становішча, пра небараку Ціханава, пра тое, як там блукае недзе яго Грыбаед. I, вядома, пра Клаву.
    Наконт Платонава яна, відаць, мела рацыю, той сапраўды быў чалавек надзіва ўраўнаважаны, добразычлівы і не па-вайсковаму спакойны. Ляўчук ведаў яго яшчэ з даваеннага часу, калі яны разам служылі ў Гродні, — Ляўчук камандзірам аддзялення сувязі, а капітан Платонаў — ПНШ палка па разведцы. Пасля разгрому палка і акружэння Ляўчук перабыў першую зіму ў бацькі, а вясной, калі іх група злучылася з групай Ударцава, ён там сустрэў Платонава. I дзіўная рэч: баі, разгром, лясное, поўнае яўных і тайных
    небяспек жыццё не змяніла характару капітана, па-ранейшаму ён заставаўся такі ж спакойны, добразычлівы, аднолькавы з усімі — начальнікамі і падначаленымі, ніколі не пароў гарачкі, заўжды стараўся зрабіць абдумана, цвяроза і па справядлівасці. Такі ж ён быў і ў той невясёлай гісторыі з двума палоннымі, якія ў канцы мая раптам з’явіліся ў іх атрадзе.