Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
нікога. Тады Ляўчук памалу пайшоў гіаўз жыта да гэтага алешнічку, затым па-над ім выйшаў на дарогу, пастаяў, каб упэўніцца, што навокал усё спакойна, і паглядзеў у алешнік.
Алешнік быў невялічкі, за ім аказалася шырокая лесавая прагаліна ці, можа, край поля, далей цямнеў ельнік. Тут жа зелянеў шнурок бульбы каля ячменю. Бульба, відаць па ўсім, была ніштаватая, можа, нават які ранні гатунак, з рослым бульбоўнікам; на крайніх барознах ляжала ўсохлае каліўе — значыць, бульбу ўжо падкопвалі. Падумаўшы, што няблага будзе яе наварыць, ён хуткім крокам скіраваў назад — трэба было знайсці які кош ці вядро.
— Эй, дзед! Давай пасудзіну. Бульба... — гукнуў ён у расчыненыя дзверы тока. Аднак Грыбаед не азваўся, ён сцішана сядзеў на кукіпіках ля Клавы — прыкрытая стракатым дыванком, тая нешта выгіналася на саломе, і ў Леўчука раптоўна ўпала ўсярэдзіне — няўжо пачынаецца? Ён ціха пераступіў парог, але Грыбаед, учуўшы яго, замахаў рукой, і ён моўчкі выйшаў. Здаецца, дзеўцы прыспічыла, а ніякае бабы тут не аказалася. Хіба што Грыбаед?
Ён пастаяў ля дзвярэй, паслухаў, ці не скажа яшчэ што стары, але той маўчаў. Тады Ляўчук успомніў, што, здаецца, у такіх выпадках патрэбна рыхтаваць цёплую ваду, значыць, трэба раскласці агонь. Ён кінуўся сюды-туды і знайшоў пад павеццю некалькі сухіх палак, якія патрушчыў абцасам, і тут жа, на падворку, няспрытна ўпраўляючыся левай рукой, расклаў цяпельца. Горш было з пасудзінай для вады, але, пашукаўшы, ён знайшоў у малінніку дзіравы стары казанок, трэскай забіў дзірку ў яго прашараваным дне і збегаў у ручай па ваду. Увесь час ён прыслухоўваўся да гукаў адтуль, з тока, і хоць амаль нічога не чуў, сам туды не заходзіў. Ён узяўся шчыраваць каля агню, які ладна разгарэўся на ветры, і вада ў казанку памалу пачала грэцца.
— Во добра, — раптам сказаў Грыбаед, які выскачыў з тока. — Здагадлівы.
— Ну як там? — запытаў Ляўчук.
— Нічога. Усё добра.
— А ты таго... Што-небудзь кумекаеш?
— Ды ўжо ж, што-небудзь, — ухіліўся ад адказу Грыбаед,
схапіў нейкія транты, што сушыліся на прыхінутай да сцяны баране, і зноў знік у таку.
Тым лепш, падумаў Ляўчук, з Грыбаедам, можа, яшчэ як абыдзецца, горш, калі б ён застаўся сам-насам з Клавай. Цяпер ён не ведаў, што там рабілася, але яго ўвага да тока напружылася, ён мімаволі пачаў хвалявацца — а раптам штонебудзь выйдзе не так?
Але, мусіць, усё выйшла, як і належыць у такіх выпадках, неўзабаве Грыбаед неяк спяшліва зноў выбег з тока і зашмальцаваным крысом свайго мундзіра выхапіў з агню казанок.
— Што, ужо?
— Ужо, ужо...
Ляўчук падзівіўся трохі: ён чакаў, ці не пачуецца спярша дзіцячы плач або хаця б стогн мацеры, а тут ні плачу, ні стогну, і гэтая старая «бабка» кажа, што ўжо.
— Зараз, зараз! — гучнейшым голасам, мусіць, да яго, сказаў Грыбаед з тока. — Зараз!
Ляўчук стаў за дзвярыма і хваляваўся, як бацька, якому ўжо хвалявацца не прыйдзецца. Гэты абавязак перапаў ім, ягоным таварышам па вайне, і цяпер шмат што ў адносінах Леўчука да Клавы вызначалася ранейшымі яго адносінамі да Платонава. Ва ўсякім разе, Ляўчук адчуваў сябе абавязаным не столькі дзеля самой Клавы, колькі дзеля памяці яе каханага.
— Ды хто там? — нецярпліва гукнуў Ляўчук. — Хлопец ці дзеўка?
— Мужык! — нейкім незнаёмым, палагаднелым голасам сказаў Грыбаед. — Харошы дзяцюк. Ідзі сюды!
3 нечаканай, проста неверагоднай для яго цікаўнасцю Ляўчук увайшоў у ток і зірнуў на невялічкі пакуначак з парашутнага шоўку ў руках Грыбаеда. Побач у прыцемках чужой саламянай пасцелі амаль са страхам у спакутаваных вачах на іх пазірала Клава.
— Во глядзі! Акурат Платонаў...
Маленькі зморшчаны тварык, заплюшчаныя вочкі — відаць, што жывая істота — і нічога болей. Але каб падбадзёрыць маці і зрабіць прыемнае яе «бабцы», Ляўчук сказаў:
— Нішто, нішто...
— Во цяпер нас зноў трое мужыкоў, — другім голасам сказаў Грыбаед. — Чым толькі карміцца будзем?
Ляўчук схамянуўся. Ён, які дагэтуль адчуваў тут сябе амаль што лішнім, зразумеў свой абавязак, схапіў казанок і выскачыў з тока. Пралезшы праз гушчар алешніку, ён левай рукой пачаў выдзіраць бульбоўнік, за карэннем якога дзенідзе цягнуліся з зямлі невялічкія, па галубіным яйку, бульбіны. Ён асабліва не ашчаджаў ні барознаў, ні каліўя, якое рваў і кідаў, разграбаў рукою зямлю і выбіраў буйнейшыя бульбіны. Яго поўніла нейкае новае, яшчэ не зведанае ці забытае ім пачуццё далучэння да звычайнага людскога жыцця, якому няма ніякае справы да іх вайны, і яго адносіны да Клавы цяпер увачавідкі мяняліся з нядбайна-прыдзірлівых да шаноўных. Цяпер яна была для яго не тая гарэзная Клаўка, якую ён некалі прывёз у атрад, і не партызанская дзеўка, якая нагуляла дзіцёнка хоць бы і з іхнім паважаным начальнікам, а найперш — проста жанчына-маці, дагледзець якую было іх абавязкам. А ён прадчуваў, колькі яшчэ дастанецца ёй у гэтым яе неспадзяваным лясным мацярынстве, і хацеў хоць напачатку зменшыць усё тое нялёгкае, што наканаваў ёй яе партызанскі лёс. Як ні дзіўна, але менавіта цяпер ён упершыню за шмат год адчуў сябе не байцом-партызанам, не разведчыкам ці кулямётчыкам, a найперш чалавекам, гэта было нова і надзвычай прыемна. Так, нібы не было ўжо і вайны.
Уздзеўшы за спіну аўтамат, ён пачаў завіхацца з бульбай — перамыў яе ў ручаі, набраў вады ў казанок, зноў раздзьмуў вогнішча і прыладзіў да яго казанок.
— У мяне солі ёсць трохі, — сказаў Грыбаед, калі, выйшаўшы з тока, убачыў на вогнішчы бульбу.
— Ды ну! Можа, у цябе і хлеб ёсць? — іранічна перапытаў Ляўчук.
— He, хлеба няма. А пасаліць трохі будзе.
Ён укленчыў ля агню, дастаў з нагруднай кішэні фрэнча чырвоную анучку, разгарнуў яе, затым яшчэ разгарнуў паперку і двума пальцамі ўзяў крышачку солі.
— Болей бяры! Што гэта твая шчопаць! — сказаў Ляўчук.
Грыбаед узяў трошкі болей, але, памеркаваўшы, адсыпаў і трыма пальцамі кінуў некалькі драбкоў солі ў казанок.
— Ашчаджаць трэба. Дзе яе возьмеш пасля...
— Ну як там Клаўка? — запытаў Ляўчук.
— Заснула. Хай паспіць — ёй цяпер трэба.
— А малы?
— I малы спіць. Цыцку пассаў і спіць. А што яму?..
— Ну добра. Сядзь, пасядзі тут.
— He, я ўжо ў засень. A то горача. Баюся, галаву напячэ.
Сапраўды, на падворку стала гарачавата, сонца ўзнімалася ўсё вышэй і прыпякала; не верылася нават, што нядаўна яшчэ ім было так пакутна ад холаду. Але што спёка ці холад — галоўнае, яны адкараскаліся ад немцаў, зашыліся ў лесавую глушэчу, дзе не было нікога — ні партызан, ні немцаў, на вогнішчы ў казанку даварвалася свежая бульбачка, абяцаючы згаладнелым які-ніякі наедак. Найбольшая бяда іх мінала, і каб не той небарака Ціханаў, дык Ляўчук, мабыць, быў бы задаволены сваім сённяшнім лёсам.
Праўда, яго трохі насцярожвала, што няма гаспадароў гэтага неадмысловага жытла, усё ж ім патрэбны быў нехта — гаспадар ці найлепш гаспадыня, — якія б узялі на сябе далейшы клопат пра Клаву. Да таго ж трэба было пра штокольвечы распытаць іх, а можа, і разжыцца фурманкай, калі яны не маглі зберагчы свае.
Але гэта быў клопат наогул, можна нават сказаць, на пасля, галоўная ж турбота з Клавай, здаецца, уладзілася, мабыць, уладзяцца як-небудзь і астатнія.
Бульба кіпела, і каб даведацца, ці зварылася яна, Ляўчук усё поркаў у казанок праціркай ад Ціханавага аўтамата, якую выняў з прыклада. Працірка, аднак, лезла туга, трэба было яшчэ варыць, і ён тіадкладваў у агонь, што знаходзіў паблізу — абломкі струхлелых палак, дошку, паламаў тонкую жардзіну з плота. Грыбаед неяк стомлена сядзеў на баране пад страхой і заклапочана пазіраў на агонь.
— Ну што невясёлы, дзед? — запытаў Ляўчук. — Усё ж добра.
— Добра, ды не ўсё,— уздыхнуў Грыбаед.
— Ну, а што? Ціханаў?
— А хоць бы і Ціханаў. Малады яшчэ... Хіба жыць не хацеў?
— Жыць усім хочацца. Ды не ўсім выходзіць.
— Во пра тое і думаю. А тут малое...
Малое, канечне, не ў час, нават вельмі не ў час, падумаў Ляўчук. Калі б хоць на які тыдзень раней, калі не было гэтай блакады, а цяпер сапраўды, як яна будзе з малым у чужых людзей, якіх немаведама дзе знайсці ў гэтым зруйнаваным, папаленым краі.
— Відаць, трэба яшчэ каго пашукаць, — сказаў Ляўчук. — A то чорт яго знае — нешта няма нікога.
Грыбаед сядзеў моўчкі і засяроджана глядзеў у агонь, і Ляўчук, у якога ўжо падцягнула жывот, махнуў здаровай рукой:
— Ладна. Спярша паямо бульбачкі, а там відаць будзе.
9
...Ён прасядзеў у двары гадзіну, не менш, сонца схавалася за дахам суседняга дома, і двор патануў у шырокім, гектара на паўтара, цені. Да Леўчука ніхто не падыходзіў і не трывожыў яго на зручнай дошчачцы-лаўцы, двор жыў сваім звыклым для яго жыццём — дзеці забаўляліся кожны сваім, дарослыя спяшаліся па справах ці займаліся кватэрнай гаспадаркай — зводдаль ад парога трэслі палавікі, падмяталі дарожкі; насупраць ля плота выбівалі цяжкія стракатыя дываны, і магутнае баханне выбівалак аддавалася гулкім далёкім рэхам. Бабулькі пасядзелі яшчэ крыху без сонца і пайшлі ў свае кватэры, а мужчыны ля недалёкага гаража ўсё калупаліся ў чэраве разабранага імі «Масквіча». Там жа круцілася некалькі цікаўных хлапчукоў.
Ляўчук добра ўжо вывучыў гэты двор, усе яго куты і закуткі. Увогуле тут яму падабалася — чыста, дагледжана, толькі залішне шмат гаманы, людзей — як на кірмашы ў свята. Праўда, на ўсё, мусіць, патрэбна прывычка. Ён жа за жыццё прывык да вясковае цішыні, якая рэдка калі парушаецца гаманой, а болей галасамі жывёлы, курэй, далёкім тарахцен-
нем трактара ў полі. Тут жа гамана, і грукат, і тарахценне — усё разам.
Перабіраючы ў памяці рознае з таго, што тады з ім здарылася, Ляўчук усё не мог пазбавіцца ад думкі-пытання — хто ён цяпер? I які ён? Часам Ляўчук увачавідкі бачыў яго высокую постаць са спакойным неспяшлівым поглядам разумных вачэй, добразычлівай усмешкай да кожнага, знаёмага ці не, гатовым павітацца і загаварыць, калі трэба. Ён не любіў нахмураных і маўклівых людзей, хоць сам не дужа быў гаваркі, ну але гэта сам. Ён жа павінен быць ва ўсіх адносінах лепшы. Магчыма, ён інжынер, спецыяліст па машынах ці розных механізмах, якіх цяпер процьма ўсюды. Можа, нават сам робіць машыны, аўтамабілі, напрыклад. Аўтамабілі Ляўчук паважаў здаўна, некалі нават марыў стаць шафёрам, калі б не рука. Але з адною рукой не дужа кім станеш. Гады тры назад у іхні калгас прыязджалі з горада інжынер і тры тэхнікі, ладзілі на ферме кармакухню, ён тады трохі пагутарыў з імі — спадабаліся дужа, і Ляўчук нават падумаў: можа, і ён таксама спецыяліст высокага класа. Увогуле было прыемна.