• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    А можа, ён доктар у якой вялікай бальніцы, робіць аперацыі і лечыць людзей? Ляўчук ведаў, як гэта важна — умела лячыць людзей, бо сам пасля вайны часта наведваўся ў бальніцы, быў нават у санаторыі інвалідаў вайны ў Крыме. Там жа ў яго адбыўся прыкры канфлікт з доктаркай, якая яго зняважыла. Зрэшты, можа, гэта была і не знявага, а толькі непаразуменне, але тады ён падумаў, што калі б на яе месцы быў доктар-мужчына, дык ніякай сваркі і не адбылося б. I ён некалькі разоў пасля нават сасніў, што яго лечыць ён, хоць і не пазнае, і Ляўчук не мог яму расказаць пра сябе, бо ці ён паверыць? Сапраўды, адна толькі ягоная памяць, якія яшчэ ў яго доказы?
    Вядома, ён мог стаць кім хочаш — нават і ў галаву не адразу прыйдзе, кім ён можа быць у гэтым жыцці, калі ўдаўся, здатны на розум, вучоны. Вучоны — дык гэта ўжо пэўна. Скончыў інстытут і яшчэ нешта, можа, нават кандыдат, ці як яны там называюцца, тыя вучоныя. Адна дзеўка з іх вёскі выйшла ў горадзе замуж за дужа вучонага, улетку разам
    прыязджалі да маці, і яна інакш не называла яго як мой кандыдат. А маці, ведама, трохі цемнаватая жанчына, усё пераблытала і разы два назвала яго дэпутатам. Але не пакрыўдзіўся.
    Напэўна, яшчэ ён гаспадарлівы, любіць лічыць капейку і ўжо, вядома, не надта захапляецца чаркай — гэта такая брыдота цяпер сярод маладзейшых. Праўда, Ляўчук і сам некалі меў такі грэх, але ўжо даўно выпівае толькі ў свята ці з якой нагоды, калі, напрыклад, прыедуць госці. Ну, але сваё жыццё — не яму ў прыклад, ён павінен быць лепшы.
    Яшчэ ён не лаецца — ні ў якім разе. He тое каб зусім не казаў калі грубага слова, але ўжо не так, як некаторыя з цяперашніх — што ні два словы, то мацюкі. Такіх Ляўчук не паважаў ніколькі, хоць бы яны былі вунь якія вучоныя ці нават начальнікі. Гэта ў вайну, сярод крыві, голаду, смерцяў, сварыліся і лаяліся, а цяпер завошта? Чаго цяпер не хапае ў жыцці?
    Але кім бы ён ні быў па прафесіі ці пасадзе, найперш павінен быць чалавекам. Ляўчук не ўкладваў у гэта паняцце якога складанага ці філасофскага сэнсу, гэта ў яго фармулявалася проста: каб быў добры, разумны і ўдачлівы, але не за кошт другіх. Ён дужа ўжо шмат нагледзеўся ў жыцці на розных спрытнюгаў, якія ладзілі свой дабрабыт за кошт іншых і былі разумныя з выгодай для сябе, з найбольшай для сябе карысцю. Такіх Ляўчук ненавідзеў, як можна было ненавідзець на вайне тых, хто спрабаваў выжыць цаною гібелі іншых. Сам ён ніколі нідзе не схітрыў, нікога нв ашукаў з карысцю для сябе, гэта яму было агідна, і ён ненавідзеў тыя малыя ці вялікія хітрасці ў іншых,
    Зрэшты, усё гэта былі яго мары, думкі, перадуманыя ім за трыццаць гадоў — роўна палавіну свайго жыцця. На справе ж, ён ведаў, усё можа аказацца не так. Але ён не хацеў, каб аказалася не так, — ён прагнуў, каб было так, як павінна быць, як бы ён хацеў, каб было з яго сынам, якога не даў яму бог. Замест сына нарадзіліся тры падобныя на маці дачкі з усімі мацярынскімі звычкамі, характарам, аздобай. Ад бацькі ж у іх нічога. Тут, канечне, не сын, але столькі з ім звязана! Усё, што з Леўчуком сталася далей да канца вайны,
    хоць таксама было не лягчэй, але ўжо не тое. Тады ж ён выклаўся ўвесь, можа, нават пераўзышоў сябе, і на другі такі раз у яго проста не хапіла б пораху...
    10
    Яшчэ раз парнуўшы ў казанок праціркай, Ляўчук адчуў, што тая далезла да дна, і сказаў Грыбаеду адцадзіць — самому гэта было нязручна. Грыбаед прыкрыў казанок крысом шарсцянога, некалі шыкоўнага, з кантамі, мундзіра і перакуліў над травой. Вады там аказалася зусім мала, ён пачакаў, пакуль яна не выцеча ўся да кроплі, затым паставіў казанок на агонь.
    — Хай падсохне.
    — Што там сохнуць? Нясі ў ток, будзем есці! Грыбаед зноў узяў між полаў казанок, з якога валіла гарачая пара, Ляўчук расчыніў яму дзверы, Клава, якая, мабыць, задрамала і ляжала, прыгарнуўшы да сябе беленькі шаўковы скрутак з малым, спахапілася і слаба, як здалося Леўчуку, усміхнулася яму аднымі вуснамі.
    — Давай есці будзем! Во бульбачка свежая, мабыць, свежай не ела сёлета?
    Яна памкнулася ўстаць, і Ляўчук падкамячыў ёй пад плечы болей саломы, заклаў ад сцяны кажушок. Клава ўладкавалася, усё не выпускаючы з рук малога, паправіла валасы на лбе.
    — Спіць? — запытаў Грыбаед, стаўляючы каля яе казанок.
    — Спіць. Нешта ўсё спіць і спіць, — сказала яна з нейкаю нават трывогай.
    — Нічога. Хай спіць. Будзе, значыць, як бацька, спакойны.
    — Дзякуй вам, дзядзька, — пакорліва сказала Клава.
    — Няма за што. Канечне, якая баба, можа б, лепей управілася.
    — А і ты няблага, — сказаў Ляўчук, сядаючы побач. — Hi крыку, ні плачу.
    — Гэта не я. Што я? Гэта яна во...
    Яны ўдвух, апякаючы пальцы, пачалі цягаць з казанка
    гарачыя бульбіны, а Клава сядзела, адхінуўшыся да сцяны з малым пад рукою. Ляўчук паглядзеў на яе.
    — Ну еш. Чаго ты?
    — Там у сумцы лыжка была, — прабачліва сказала яна, і ён, зразумеўшы, дастаў зпад галавы пляскатую нямецкую сумку Клавы з небагатай яе маёмасцю.
    — Лыжка во, на!
    — I пляшачка там, дастань ужо. Дзеля такога выпадку.
    — Пляшка! Ого! Го-го! — узрадаваўся Ляўчук і сапраўды выцягнуў з сумкі белую алюмініевую пляшку, у якой штосьці ціхенька плёскалася. — Самагонка?
    — Спірту трохі. Трымала во...
    — Ой, ты малайчына! — прапікліва сказаў Ляўчук. — Дай табе бог здароўя, малому тожа. Грыбаед, дык як — цмыганём?
    — Ды ўжо ж, калі такое дзела, — ніякавата паморшчыўся Грыбаед, і вочы яго неяк мякка і па-добраму засвяціліся ў пярэстым ад шчылін прыцемку тока.
    Яны ахвотна і з некаторай нават урачыстасцю выпілі разведзенага ў пляшцы спірту: спярша Ляўчук — глытнуў, хукнуў, зрабіў невялікую паўзу і ўкусіў бульбіну. Пляшку ў яго пераняў Грыбаед. Гэты спярша паморшчыўся, выпіў нешта з глыток, паморшчыўся болей — усімі зашчаціненымі зморшчынамі свайго абвялага, да часу састарэлага твару.
    — А хай на яго! Ужо самагонка лепей!
    — Зраўняў. To ж чысты, фабрычны. A то самагонка.
    — Дык што, што фабрычны? Кажу, прыемней, мякчэй быдта.
    — А ты вып’еш? — Ляўчук падняў вочы на Клаву.
    — Ай, нельга ж мне, мусіць, — сумелася дзяўчына.
    — А чаму? — сказаў Грыбаед. — I выпі. Бывала, мая як карміла, дык калі і вып’е. У свята. Рабёнак тады спіць добра.
    — Ну я трошачкі толькі.
    Яна паднесла пляшку да вуснаў і трошачкі глытнула, бы паспытала, і Ляўчук крэкнуў ад задавальнення — ён ужо чужую асалоду гатовы быў перажываць, як уласную,
    — Ну во і добра. Цяпер есці будзем. Бульбачка хоць не абіраная, а смачная. Праўда?
    — Смачная бульба, ага. Я дык, здаецца, ніколі такой яе ела.
    — Як грыбы! Каб толькі солі болын, а, Грыбаед? — з намёкам сказаў да старога Ляўчук, але той пакруціў галавой:
    — He, не дам. Саўсім трохі асталося. Яшчэ трэба будзе.
    — He знаў я, не знаў. Скупы ты!
    — Ну і што, што скупы? Каб жа яе болей было! А так... На раз языком лізнуць.
    Клава з’ела некалькі бульбін і аблеглася плячмі на кажушок.
    — Ой, як у галаве закружылася, — сказала яна.
    — Гэта нічога. Гэта пройдзе, — супакоіў Ляўчук. — У мяне ў самога аркестр іграе. Так весела.
    Грыбаед непрыязна паглядзеў на яго. Зморшчыны на твары ездавога прарэзаліся глыбей, нешта характэрнае і крыўдлівае ўзнікла ў выразе яго спакутаваных, звычайна пакорлівых вачэй.
    — Чаго весяліцца? Яшчэ сонца вунь дзе.
    — Ну і што?
    — A то. Да вечара яшчэ вунь колькі.
    Ляўчук еў бульбу, мусіць, з куды большай ахвотай, чым астатнія. Канечне, ён замарыўся, згаладаўся і цяпер захмялеў трохі, але ўсё роўна невядома чаму адчуваў сябе ўпэўненым і дужым. Ён сам ведаў, што здарыцца можа ўсякае, але ў яго быў аўтамат, адна дужая, непараненая рука, зрэшты, другой ён таксама налаўчыўся праз боль трохі памагаць здаровай. Ён перабываў ужо за вайну, мабыць, у дзесятках самых неверагодных пераплётаў, з усіх пакуль што выбіраўся жывы і цяпер проста не ўяўляў, каб з ім сталася штосьці кепскае. Самым кепскім, вядома, было б загінуць, але пагібель яго не надта палохала, ён ужо меў час звыкнуцца з ёю і, калі не прывыкнуць, дык уведаць ва ўсіх падрабязнасцях, якая яна бывае.
    Іншыя паводзілі сябе трохі інакш.
    На Грыбаеда ўсё неяк прыкметней пачаў находзіць цяжкі мужчынскі одум, быццам ён успамінаў пра што, і, жуючы буль-
    біну, раптам пераставаў варушыць сківіцамі і нерухомеў. Клава ўсё паспявала рабіць адначасна: і ела, і ўвесь час з нейкай нервовасцю даглядала свайго малога, і разам з тым нібы ўслухоўвалася ў штосьці, што чула толькі яна адна. Ляўчук ужо неаднойчы заўважыў гэта і, даядаючы бульбіну, сказаў:
    — Што? Што ты ўсё вушамі стрыжэш?
    — Я? Здаецца, чуваць нешта. Бы галасы...
    Яны ўсе ўслухаліся, Ляўчук не пачуў нічога і, каб канчаткова ўпэўніцца ў тым, узяў за шыйку аўтамат і выйшаў з тока.
    Час, мабыць, набліжаўся пад поўдзень, на гумне здорава паліла сонца, трохі шумела яблыня і жыта пад ветрам, і нідзе не было нікога. Над разамлелым ад спёкі краем ляжала дрымотная ціша. Ляўчук абышоў гуменца і вярнуўся ў ток.
    — Здаецца табе, Клаўка. Нідзе нікога.
    — Можа, і здаецца, — сказала, спакайнеючы, Клава. — Гэта ў мяне бывае. Я малая была такая трусіха. Баялася адна дома застацца. А ўвечары — нізашто. Жылі ў Маскве на Салянай, дом стары, мышэй было процьма. Бацька часта ў раз’ездах, а маці калі запозніцца, дык я заб’юся ў куток за буфет і плачу. Мышэй баялася.
    — Мышэй? — здзівіўся Грыбаед.
    — Мышэй, ага.
    — Мышэй чаго ж баяцца! Хіба яны ўкусяць?
    — Мышы — не ваўкі. Ваўкі — во. Ваўкоў і я баяўся. Напалохалі некалі, — сказаў Ляўчук і выцягнуўся на цвёрдым земляным доле. — Цяпер бы кімарнуць гадзінку. Як думаеш. Грыбаед?
    — Як знаеш. Ты — старшы.
    Грыбаед без вялікай ахвоты даядаў з казана бульбу,
    Ляўчук пазяхнуў раз і другі, мяркуючы, як бы зрабіць так, каб Грыбаед папільнаваў, а ён сапраўды трохі заснуў. Спаць хацелася страшэнна, асабліва цяпер, калі ён збольшага спатоліў голад ды яшчэ глынуў спірту. Але ён нічога яшчэ не паспеў сказаць Грыбаеду, як раптам Клава хліпнула і зайшлася ў сутаргавым, нейкім унутрана-неадольным плачы, і Ляўчук падхапіўся з долу.
    — Што такое? Ты чаго? Ну чаго ты? Усё ж добра, Клава!
    Яна ўсё хліпала, затуліўшы далонямі твар, Ляўчук не разумеў, што здарылася, і спрабаваў яе супакоіць. А Грыбаед сядзеў на сваім месцы, падцяўшы пад сябе босыя ногі, і журботна пазіраў на абаіх.