Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 5

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2006
141.94 МБ
Васіль
Л^ІЛЛУЛЛ.
том
Поуны збор творау
Грамадзянская ініцыятыва Агульнанацыянальны рух «ВОЛЯ Н A Р О Д A »
Васіль Быкаў
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах
Рэдакцыйная калегія:
БЫКАВА I. М„ ПАШКЕВІЧ A. А„ САЧАНКА (ПЯТРОВІЧ) Б. П„ СІНЬКОВА Л. Д„ ТЫЧЫНА М. А.
Кіраўнік праекту — КАЗУЛІН А. У.
Васіль
Быкаў
Поўны збор твораў
Том
5
Аповесці
Мінск
Саюз беларускіх пісьменнікаў Масква
ТАА «Выдавецтва Время»
ББК 84Бел7
Б 95
Наклад гэтпага выданьня бясплатна перадаецца ў бібліятэкі Беларусі.
Укладанне і каментары Алеся Пашкевіча.
Б 95 Быкаў В.
Поўны збор твораў. У 14 т. Т. 5. Аповесці. Мінск, Саюз беларускіх пісьменнікаў; Масква, ТАА «Выдавецтва «Время», 2006. 544 с., 1 л. партр.
ISBN 5-9691-0122-2
Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава (1924-2003).
Падчас укладання тамоў найпсрш улічвалася думка самога аўтара, які паспеў спланаваць праспскт выдання свайго 8-томнага Збору твораў. У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
Это псрвос в нсторнн Полное собранне пронзведеннй Народного пнсатсля Бсларусн Васпля Быкова (1924-2003).
Прн составленнн томов в первую очерсдь учнтывалось мненне самого автора, успсвшсго спланмровать проспект нздання своего 8-томного Собрання пронзведенпй. В пятый том Полного собранпя пронзвсдсннй вошлн повсстн «Круглянскнй мост» (1968 г.), «Дожнть до рассвета» (1972 г.), «Волчья стая» (1974 г.), «Его батальон» (1974 г.).
ISBN 5-9691-0072-2
ISBN 5-9691-0122-2 (т. 5)	© Саюз беларускіх пісьменнікаў, 2006
Круглянскі мост
1
Прачнуўся Сцёпка на золку. Абудзілі яго галасы — блізкая гамана людзей, смех, ранішні курэцкі кашаль, бразгат кацялкоў. Яшчэ не зусім асіліўшы ў сабе дрымоту, хлопец зразумеў, што гэта ішлі на сняданак — побач, у алешнічку, была сцяжынка да недалёкае кухні, пах дыму ад якой даўно ўжо даносіўся да яго лаўжа. Сцёпкаў галодны нюх некалькі разоў лавіў спакушальны пах смажанага, і тады Сцяпан нават у сне адчуваў згаладнелую знямогу ва ўсім целе. Але пра яду ён тут жа і забыўся. Разам з абуджэннем на хлопца хлынула плойма самых непрыемных думак і адчуванняў — учарашняе абрынулася ўсё адразу, і ён з тужлівай самотай адзначыў гэты пераход з санлявага забыцця ў надта турботны, нярадасны цяпер для яго свет.
Болей ужо не заснуў.
Свядомасць яго была цалкам ва ўладзе трывогі, на некалькі гадзін прыпыненай сном; зноў пацягнулася чаканне, у канцы якога, аднак, не прадбачылася нічога добрага. Сцёпка паварушыў галавой: шыя па-ранейшаму — не моцна, а неяк дакучліва-тупа — балела; скулы, здаецца, нарывалі ўсё болей; адна, разбітая ўчора, мабыць, падсохла і, скранутая цяпер, азвалася вострым болем. Было балюча варухнуць плячом, і ён пакутна паморшчыўся, думаючы, што скуллё, якое нядаўна яшчэ атручвала яму жыццё, цяпер не болей чым дробязь.
У яме ад ранішняй свежасці было холадна, цела са сну прабірала дрыготка, азяблі рукі. Струхлелая салома ў дне адсырэла, стала вогкая, як скошаная падвялая трава, і не грэла.
Недзе, нябачнае за лесам, усходзіла сонца; абяцаючы пагодлівы дзень, у высокім прасторы неба бялела некалькі невялічкіх спакойных аблокаў. Ніжай пад імі высілася абсыпаная шышкамі вяршаліна елкі. Некалькі тугіх шышак ляжалі і ў доле, на ўтаптанай саломе, ля яго босых і брудных ног.
Яма была не такая ўжо і глыбокая, некалі нядбайна выкапаная на бульбу, — невялікі яе запас хавалі тут да вясны. 3 абсыпістых сцен бізунамі вісела яловае карэнне, таўсцейшае тырчала з бакоў, як цвёрдыя, вузлаватыя локці. Вылезці адсюль было проста, нават і дзіця вылезла б, але ён вылазіць не збіраўся. Па-першае, наверсе да ямы была прыстаўлена варта — партызан з вінтоўкаю, што пільнаваў яго як злачынцу. Падругое, і гэта галоўнае, Сцёпка не лічыў сябе ніякім злачынцам, чакаў і дужа спадзяваўся на справядлівасць. Цяпер, памалу спакайнеючы пасля таго недарэчнага ўчарашняга здарэння, Сцяпан адчуваў, што пагарачыўся, што не трэба было даводзіць усё да бяды. Але разумныя думкі звычайна спазняюцца, і таго, што здарылася, ужо не перайначыш.
Галасы тым часам памалу аддаліліся, заглухлі ў ельніку, наўкола зноў стала ціха і надта чуйна, як звычайна ў яме. У гэтай самотнай цішы лесавога ранку Сцяпану неяк міжвольна захацелася пачуць вартавога, які ўсю ноч тупаў паблізу. Калі ўчора саджалі сюды, дык ставілі Кучкіна, але цяпер, мусіць, не Кучкін — змянілі іншым. Той быў непаседлівы і надта шумлівы: то кашляў, то мармытаў нешта і ўсё хадзіў і хадзіў наўкола. Гэты ціхі — мусіць, сядзіць недзе паблізу і дрэмле.
Прыцяўшы дыханне, Сцёпка, аднак, злавіў на слых ціхенькія гукі, якіх спярша не адгадаў нават, а пасля неяк само сабою між думак стала зразумела, што вартавы стругае палачку ці, можа, дубчык: чутны былі ціхае шорханне нажа, мах рукі. Пасля ён пачуў і лопат дубца аб прысыпаны ігліцаю дол. I хлопцу раптам да душэўнай сутаргі захацелася туды, на волю, хоць азірнуцца, паглядзець на бакі з краю ямы, вылезці з гэтага сырога, прасмярдзелага трухлявай саломай і зямлёй дна.
Але ён знае, што, пакуль не прыедзе камісар, ніхто яго адсюль не пусціць.
Між тым на сцяжыне пад елкамі спярша невыразна, a
потым усё гучней раздаюцца чыесь шырокія крокі, чуецца шорхат скранутых галін, мернае пабразгванне ў такт кроку — зброі ці чаго ў кішэні. Паблізу, чутно, мусіць, устае вартавы, ударамі далоні абтрасае падол світкі; рэзка пстрыкае складанчык. Сцёпка спазнела здагадваецца: ідуць сюды. Можа, па яго? Ён чакае гэтага і гатовы ўжо ўзрадавацца, але замест адпаведных для такога выпадку слоў чуе іншыя.
— Ну, ідзі падрубай, — чуваць здаля роўны голас задаволенага сабой і, пэўна, не галоднага ўжо чалавека. Нечакана блізка і хрыплавата адгукаецца вартавы:
— Што там? Зноў ячная?
— He, зацірка з салам.
— Ну, усё лепей. A то гэта ячная ўжо ў бруха не лезе.
— Палезе. Ну, як твой бандыт? — раптам пытаецца новы вартавы.
— Ціхі, як мыша. Спіць усё.
— Ціхі, кажаш?
Галасы незнаёмыя, — мусіць, хтось з новых. Сцёпка адчувае, што ідуць сюды, і, сеўшы, робіць незалежны выгляд, насупліваецца, ледзьве адольваючы невыразную, шчымлівую трывогу.
Над краем ямы з’яўляюцца дзве галавы — адна ў шапцы, другая ў нямецкай пілотцы, а пасля і боты — трафейныя, падбітыя шыпамі, — гэта ў таго, што змяняе. Той, што адстаяў, месціцца далей, і Сцёпка бачыць яго да пояса.
— Прывет! — з пераігранай добразычлівасцю кідае новы вартавы, цікаўна абмацваючы яго нязлымі вачмі. Сцёпка паволі апускае голаў — яму не да жартаў і бязглуздых размоў. Вартавы, мусіць, разумее гэта і зганяе з твару ўсмешку.
— Нічога. Камісар разбярэцца. Ты з чые роты?
— А табе што? — ціха кажа Сцёпка і ўзнімае дакорлівы позірк.
— Ды так.
— Што ты яго дапытваеш? — нецярпліва пераступае другі. — 3 чыёй бы ні быў, цяпер яго дзела труба. Расстрэл будзе.
— Ну, чаму ўжо і расстрэл? А калі змякчаючыя абстаяцельствы? Пашлюць на жалезку, іскупіць віну і будзе бегаць, — з бадзёрай упэўненасцю гамоніць вартавы.
Сцёпка прыслухоўваецца і ўзіраецца ў гэтага чалавека: ён не стары яшчэ, каржакаваты і — па гаворцы чуваць — не тутэйшы. Мабыць, з акружэнцаў ці з былога раённага начальства. Хлопец ужо гатоў павесялець, як у голасе вартавога адзначае ноткі няшчырасці, хутчэй — бяздумнае абыякавасці, і зноў тупіць свой позірк.
—	Прыедзе камісар — ён яму пакажа «змякчаючыя».
—	Нічога. Галоўнае — не дрэйф. Калі што — моў, пад мухай быў. А пад мухай — яно ўсё магчыма.
Яны паварочваюцца і знікаюць. Раздражнёнае напружанне ў Сцёпку патроху слабее — трываць гэтую гаману яму ўжо рабілася не пад сілу. Што б там ні чакала яго, абы толькі скарэй. Хлопцу ўжо здаецца, што ён сядзіць тут доўга-доўга, і ягоныя ўстрывожаныя пачуцці то прыглушваюцца ўспамінамі, то абуджаюцца да нясцерпнасці. Мусіць, лепш, калі ён адзін і ніхто не дакучае ні пагрозамі, ні не патрэбным цяпер суцяшэннем. Сцяўшыся ад золкасці, ён прытыкаецца плячом да вогкае земляной сцяны, адну да другой горне азяблыя ступні — нагам так робіцца нібы цяплей.
Непадалёк у алешніку сякуць дровы — мабыць, на кухню, чуюцца непаспешлівыя ўдары, кароткі хруст дрэва, шорхат галля; часам тонка адзвоньвае сякера. Так і ён сек два дні назад і, мабыць, сек бы і цяпер, і заўтра, і жыў бы, хоць і не дужа весела, але ўжо напэўна без гэтых непрыемнасцей, якія горш за рану, а можа, і за самую смерць, калі ў баі. I трэба ж было яму паперціся на тое заданне... ён і дагэтуль не разумее, ці сапраўды Маслакоў яго шукаў, каб узяць у групу, ці, можа, выпадкам напаткаў у лесе і паклікаў.
Зрэшты, на Маслакова ён крыўды не мае — той усё рабіў з найлепшым намерам. Ці яго віна, што многае абярнулася такім чынам...
2
Тады ён, ссекшы некалькі альховых дравін, вяртаўся на кухню.
Нятоўстыя тыя дравіны аказаліся надзіва цяжкія. Сцёпка іх спярша нёс, пасля валок за набрынялыя вясновым со-
кам камлі. Вяршаліны і няроўна абсечанае суччо дралі прэлую залеж леташняга лісця, чапляліся за хмызняк і ядловец. Камлі ж дык адрывалі рукі. А тут яшчэ вінтоўка на даўгаватай вераўчанай почапцы — яна біла прыкладам між ног, замінала ісці, і хлопец, добра прытаміўшыся, кінуў дравіны, трохі не давалокшы да кухні. Потым, памарудзіўшы, і сам стомлена апусціўся на дол у рэдкім яшчэ, з дробнымі лісткамі, альшэўнічку збоч сцежкі. Было цеплавата і зацішна, ён угрэўся, пад суконным мундзірам ажно прыпацеў карак. Сцёпка расшпіліў каўнер, кінуў на дол пляскатую рудавухую шапку, ад мокрай падшэўкі якой ішла пара. Некалькі хвілін хлопец, сапучы, аддыхваўся і думаў, што шапка — не бяда, як ні дзіўна, разам з яго галавой дажыла да цяпла і яшчэ, мабыць, паслужыць. Таксама як і руды, гузікасты, з чатырма кішанямі венгерскі мундзір, і чорныя, прашытыя кантам, паліцэйскія штаны. А вось з ботамі яму не пашэнціла. Боты развальваліся. Левы ён ужо з тыдзень насіў звязаны кавалкам чырвонага нямецкага кабелю, a правы не было як і звязаць: перад амаль увесь згніў. У ботах было мокра, ногі заўсёды стылі. Мусіць, з тае прычыны хлопца стала дапякаць скуллё — па баках, на сцёгнах, а цяпер вось яшчэ і на шыі — абляпіла так, што не павярнуць галавы.