• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    I ён валок яе, ледзьве не пераломваючыся напалам. Бензін нязвыкла смярдзеў, заглушаючы лесавую духмянасць, і з ціхім плёскатам мерна варушыўся ў пасудзіне.
    Спакваля, аднак, каністра ўсё цяжэла. Сцёпка стаў перабіраць яе ў руках амаль штомінуты, некалькі разоў спыняўся, мяняючыся рукамі, і ўрэшце адстаў. Наперадзе якраз трапіўся неглыбокі, зарослы ляшчыннікам равок, Маслакоў з астатнімі перайшоў па дарожцы на той бок, а Сцёпка спыніўся на ўзроўку і паставіў каністру. Напэўна, трэ было крыкнуць, каб падмянілі, але ён маўчаў: не хацеў пры Брытвіне ні аб чым прасіць — маглі б здагадацца самі. Студзячы ў паветры пякотную далонь, ён толькі глядзеў ім услед і думаў: азірнецца хто ці не? Тыя адзін за адным лезлі па схіле ўгору, і толькі выкараскаўшыся з рова, Маслакоў гукнуў яго. Сцёпка не азваўся, а з затоенай крыўдай сеў ля каністры. Яны за ровам таксама паселі — ніхто не ішоў сюды. Тады ён устаў і, узяўшы каністру, памалу сышоў у роў.
    Ён думаў, што яны дачакаюцца яго і пойдуць, аднак яны
    не ўставалі. Акрай дарогі з заклапочаным выглядам сядзеў Брытвін, ля яго пераабуваўся Маслакоў. Даніла, засцярожліва хапаючыся за сучча, палез да ручая напіцца. Занятыя размовай, яны не звярнулі на хлопца ніякай увагі.
    — Раку пад Круглянамі ведаеш? — казаў Маслакоў, пераабуваючыся.
    Ну.
    — Дык вось там.
    — Доўгі той? Драўляны?
    — Ён самы.
    — Наўрад ці што выйдзе, — падумаўшы, сказаў Брытвін, па сваёй звычцы пазіраючы ў дол. — Там ахова.
    Сцёпка сцяміў, што размова датычыла іх задання, і спадылба пільна пазіраў то на Брытвіна, то на камандзіра. Маслакоў, падчапіўшы наском, сцягнуў другі бот, двума дакладнымі рухамі загарнуў скарэлую анучу.
    — Аховы няма. Учора прыйшоў Галёнкін з разведкі. На мосце пуста.
    Насунуўшы бот, Маслакоў мякка прытупнуў ім па імшарыстым доле.
    Сцёпка адразу ж здагадаўся пра сэнс іхняга задання, і яму стала зразумела, што спаліць мост, мусіць, будзе нялёгка. Калі нават і няма аховы. Там за логам — мястэчка з паліцыяй, адкуль гэты мост відзён як на далоні. Але цяпер сваім пярэчаннем хлопец не хацеў падтрымліваць Брытвіна і маўчаў.
    — Удзень, можа, і няма. А ўночы? — сказаў Брытвін.
    — А нашто ўночы? Мы ўдзень і падпалім.
    — Пад носам у бобікаў?
    — А што? Дрэва сухое — пыхне што порах! Толькі б бензіну болей,— бадзёра пацвердзіў Маслакоў і паглядзеў на Сцяпана. — Тоўкач, давай драгунку.
    Хлопец падаў вінтоўку, камандзір дастаў фінку і чаранком пачаў ціхенька кляпаць пад мушкай.
    — Уся справа ў тым, як абмазгована. А абмазгаваў ты няважна. Хітрасці няма, — незадаволена зазначыў Брытвін.
    — Якой хітрасці?
    — Такой, каб сказаў — і адразу паверылі, што ўдасца.
    — Хітрасць, хітрасць! Тут наважыцца трэба. Чым раптоўней, тым лепш.
    Ведама ж, так. Што разводзіць нейкія там хітрыкі, думаў Сцяпан. Слухаючы нетаропкую гаману-спрэчку, ён пазбыўся першага міжвольнага сумнення наконт маслакоўскай задумы і ўзняў на Брытвіна крыўдлівы, амаль злы позірк.
    — He такія нішчылі. Аж трэскі ляцелі. I не палохаліся, Ён знарок сказаў так груба і задзірліва, каб зачапіць Брытвіна, над якім тым самым сцвярджаў нейкую сваю калі не перавагу, дык ва ўсякім разе непрызнаную ім годнасць. Праўда, гэта выглядала трохі самаўпэўнена, можа, нават легкадумна, але ён ужо адчуў у сабе прыемны халадок помслівай рашучасці і ведаў, што не саступіць. Брытвін насупіўся.
    — Хто гэта — нішчылі?
    — А мы.
    — Гляджу: разумныя вельмі, — з’едліва сказаў былы ротны. Было прыкметна, аднак, што ён асцярожнічаў, можа, хітрыў, тым самым паслабляючы ў сабе звыклую камандзірскую самаўпэўненасць, якая нядаўна яшчэ трымала Сцёпку наводдалі. Адчуўшы гэта, хлопец ужо шыбаваў напралом, беручы на сябе яшчэ больш, абы толькі дапячы Брытвіну за нядаўнюю яго пагарду.
    — Ды ўжо ж баяцца не будзем. За шкуру дрыжаць. 3 рову, шорхаючы кажухом у голлі, зморана вылез Даніла і стаў ззаду, прыслухоўваючыся да размовы.
    — Што ж, пабачым! — раптам рашуча аб’явіў Брытвін.
    — Пабачыце.
    — Ладна, годзе! — прыкрыкнуў Маслакоў. — Прыйдзем, агледзімся, вырашым на месцы. Трымай стрэльбу.
    He ўстаючы, ён шпурнуў у Сцяпанавы рукі вінтоўку, якую на гэты раз той са спрытным ляскам ухапіў за ложу.
    — Абы дажджу не было. — Маслакоў паглядзеў на неба.
    Астатнія, апроч Брытвіна, таксама паднялі галовы. Бялявая смуга там, здаецца, гусцела, небасхіл за раўком нават падазрона засінеўся. Падобна — сапраўды збіралася на дождж.
    — Нешта хмарыцца, — няпэўна сказаў Даніла.
    — Відаць, што хмарыцца. Маслакоў энергічна ўстаў на ногі.
    — Ну, патопалі! Даніла, бяры каністру. Тоўкач сваё аднёс.
    5
    Яны выходзілі з Грыневіцкага лесу, ельнік радзеў — мабыць, канчаўся, шырэй раздалося неба над галавой, побач ужо праглядваў узлесак. Раптам Маслакоў коратка кінуў: «Чакайце!» — і, крута збочыўшы са сцежкі, схаваўся ў суцэльным зялёным гушчары хвойнага падлеску. Астатнія трое спыніліся з лёгкім недаўменнем на тварах. Даніла, адсопваючыся, адразу паставіў каністру і сеў, Брытвін засцярожліва глядзеў у гушчар. Сцёпка счакаў трохі, потым паклаў на траву вінтоўку і, стаўшы на калена, пачаў падкручваць завязку на боце, які ашчэрыўся так, што вылезла ануча. Але не паспеў хлопец развязаць драцяны вузел, як з гушчару данеслася:
    — Сюды давай!
    He цямячы навошта, яны нездаволена падняліся і таксама палезлі ў ельнік, які густа пах маладою жывіцай і калюча чапляўся суччам за вопратку. Расхінаючы тугое калючае голле і ўгінаючы галаву, Сцёпка, аднак, неўзабаве вылез на вальнейшае месца. Тут быў край лесу. Над маладым ельнічкам на выспе ўзвышаліся дзве абымшэлыя таўшчэзныя яліны з разлапістым голлем, якое панура звісала з вышыні. Пад бліжняю з гэтых ялін нечага таптаўся, узіраючыся ў дол, Маслакоў.
    — Давайце паправім хуценька.
    У доле неглыбокай правалінай азначылася нясвежая, мусіць, леташняя, магілка. Нядбайна накапаная зямля асела, берагі абсыпаліся. Маслакоў пачаў ботамі гарнуць з бакоў да яе пясок. Даніла паставіў каністру.
    — Што, знаёмы? — запытаў Брытвін.
    — Двое нашых: Кудрашоў і Богуш. Увосень у Стараселлі на засаду наскочылі.
    Сцёпка прыхінуў да елкі вінтоўку і без лішніх роспытаў падаўся да камандзіра. Каб зусім не застацца разутым, су-
    нуць пясок ботамі яму не выпадала, і хлопец следам за Маслаковым пачаў далонямі разроўніваць зямлю па форме магілкі. Даніла з Брытвіным няпэўна глядзелі зводдаль.
    — Ну, што? — падняў галаву камандзір. — Давай, Шпак, дзярна пашукай. Абкласці ж трэба.
    Даніла моўчкі выцягнуў з ножнаў на дзязе нямецкі штыхцясак і стомленым крокам неахвотна паплёўся да ўзлеску. Брытвін сеў насупроць пад елкай.
    «Падла! — шлёпаючы далонямі па воглай зямлі, думаў Сцёпка. — Баіцца рукі запэцкаць. Начальнік!»
    Пакуль яны ўдвух завіхаліся над магілкай, Даніла ў пале кажуха прынёс тры скібы дзёрну, вываліў іх побач. Маслакоў паклаў дзярніны на край магілкі — іх было, вядома, замала. Тады з-пад елкі нецярпліва падняўся Брытвін.
    — Дай штых! A то правалаводзішся тут...
    Даніла аддаў штых, і Брытвін рашучым крокам рушыў з выспы да ўзлеску. Трохі памарудзіўшы, Даніла пайшоў следам. Сцёпка падумаў, што і яму трэба ўключыцца ў гэтую працу, але перш чым выправіцца туды, ён сказаў Маслакову:
    — Каб ведаў, не пайшоў бы. Камандзір выпрастаўся.
    — А што?
    — Ды гэты... Брытвін!
    — Нічога, — сказаў Маслакоў, памаўчаўшы. — He звяртай увагі. Звяглівы... Затое галавасты.
    Усе па разу яны прынеслі дзесятак дзярнін, і Маслакоў як-колечы аблажыў магілку. Атрымалася зусім няблага — не горш, чым на могілках.
    — Ну, во і паправілі. Харошыя ж хлопцы былі,— зморана ўздыхнуў Маслакоў.
    Брытвін паморшчыўся:
    — На ўсіх не напапраўляешся. Часу не хопіць.
    — Колькі таго часу: паўгадзіны.
    — Бывае, што і паўхвіліны важна. Асабліва на вайне, — разважліва сказаў Брытвін, выціраючы аб шынель далоні. Сцёпка незнарок зірнуў на яго рукі — не, яны былі даволі спрацаваныя: шырокія, з учэпістымі вузлаватымі пальцамі і тоўстымі кіпцямі. Ужо без нядаўняе пагарды хлопец паду-
    маў, што, мабыць, ён пераболыныў, надта вызвяраючыся на гэтага чалавека. Але ўсё роўна прыкрасць на яго яшчэ не міналася.
    Брытвін між тым паправіў на плячы сваю СВТ з аблезлаю ложай і, зрабіўшы крок, азірнуўся.
    — На дыверсіях час — золата. Што-што, а гэта я ведаю. Дванаццаць паяздоў рота фуганула. Вунь ад Клепікаў да Замошша пад насыпам скрозь мая работа.
    — Пад насыпам — гэта старо, — сказаў Маслакоў. — Што пад насып пускаць! У выемках трэба.
    Брытвін, нібы перапыняючы яго, варухнуў далонню.
    — Нічога. I так няблага.
    Маслакоў з ім не спрачаўся, ён угрэўся і, зняўшы з ватоўкі дзягу, падперазаў ёю гімнасцёрку. Сцёпка спадылба пазіраў на Брытвіна і думаў: «Знайшоў чым выхваляцца: яго работа! У тым атрадзе яшчэ зімою было загадана дыверсіі на чыгунцы наладжваць толькі ў выемках, бо спушчаныя пад адхон паязды затрымлівалі рух не болей як на паўдня».
    — А наконт магілы,— сказаў Брытвін да Маслакова,— можна было б дзядзькам наказаць. Прывялі б у парадак як найлепш. I яшчэ далажылі б.
    Яны падышлі да каністры, якую цяпер Даніла прыкметна не спяшаўся браць з долу, і Брытвін, мабыць, зразумеў, што настала яго чарга.
    — Нязручна ж. Як вы яе неслі? — здзівіўся ён, прыўзнімаючы пасудзіну. Ён зноў паставіў яе, акінуў наваколле позіркам і, адышоўшыся, прынёс крываваты яловы сук, прадзеў праз ручкі каністры. — Ось так будзе лепш. Ану, бярыся, хлопец!
    Гэта было сказана да Сцяпана, але той не крануўся нават: няма дурных, ён сваё аднёс. Хай бярэцца Даніла.
    — Ваша чарга. Ну і нясіце.
    — От дзівак! — бяскрыўдна ўхмыльнуўся Брытвін.— Ты паспрабуй.
    Але Сцёпка не хацеў і спрабаваць нават, і тады за канец палкі ўзяўся Маслакоў. Праўда, хутка стала відаць, што камандзіру несці надта нязручна: спаўзаў аўтамат з пляча;
    левай рукой Маслакоў упраўляўся засцярожліва — мусіць, яшчэ балела. Тады наперад выйшаў Даніла.
    — Дайце!
    — Што, у другую змену? Калі ласка, — усміхнуўся Маслакоў і аддаў палку.
    Даніла і Брытвін хутка пайшлі па схіле пагорка ўніз, з імі поруч сігаў камандзір. Але як толькі сунуліся з лесу, ледзь не наткнуліся на вёску: недалёка за гародамі шарэлі дахі з комінамі, хлеўчукі, на выгане пасвіліся гусі, і некалькі хлапчанят капалася пад плотам. Крыху паўзіраўшыся праз рэдкі яшчэ хмызняк, Маслакоў крута павярнуў убок, у алешнік. Алешнікам яны ішлі доўга, пакуль не ўзбіліся на нейкую перакапаную кратамі сцяжыну, якая вывела іх да ручая на лужку. Ручай перайшлі па дзвюх хлюпасткіх жардзінах-кладках. Неўзабаве зноў трапілі на палявую дарожку, што вяла да густой сцяны пахмурнага ельніку. Думалі адразу зашыцца ў яго, але дарога з вярсту кіравала па-над узлескам, акрай поля, якое заўзята зелянела густымі лапікламі вясновае руні. Вайна вайною, а сялянская душа без зямлі не магла: і сеялі, і аралі, і жалі. Што ж, жыць трэба было, каму хацелася прападаць, ды яшчэ з голаду. Маслакоў усё цікаваў па баках, часам азіраўся — Брытвін далёка не адставаў ад яго, жылісты, рукасты Даніла цягавіта тупаў у сваіх растаптаных, ды лёгкіх, аднак, на хадзе лапцях. Адзін толькі Сцяпан марудна валокся апошні: ён прытаміўся, на назе муляла ануча, у намочаных на балоце ботах надакучліва чвякала.