Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
Конь па-ранейшаму ціха стаяў з цікаўнай страхавітасцю, завярнуўшы галаву ў яго бок і, відаць па ўсім, педаўменна чакаў яго набліжэння. «Кось-кось»,— ласкавым шэптам паклікаў Сцёпка і выцяг руку, нібы ў ёй было што смачнае. Потым гэтаю ж рукой ён намацаў у доле вяроўку і кароценькі калок, убіты ў пожню, які тут жа, натужыўшыся, выдзер. Цяпер трэба было, не спудзіўшы каня, узлезці на яго.
Сцёпка закінуў за спіну аўтамат і, перабіраючы ў руках вяроўку, памалу пацягнуў за аброць. Конь выцяг морду, але не пайшоў. Тады Сцёпка сам пайшоў да яго, трымаючыся за вяроўку, але яшчэ не дайшоў, як конь раптам коратка і пужліва заржаў.
Сцёпка другі раз скалануўся і вылаяўся, злосна тузануў за аброць. Ён падышоў ужо ўпрытык і рукой ухапіўся за
мокры цвёрды хрыбет, ды конь крутануўся задам, не даючыся.
«Ах ты, падла!» — сцішана вырвалася ў хлопца злоснароспачнае, як праклён. He выпускаючы вяроўкі, ён ўжо болей рашуча аберуч ухапіўся за хрыбеціну, але скочыць зноў не паспеў — конь матлянуўся ўбок.
I тады ззаду ён пачуў глухаватыя, як удары ў зямлю, штуршкі нечых крокаў.
— Хто гэта? — пачулася страхавіта-пагрозлівае. — Што ты робіш?
Сцёпка адскочыў ад каня, але вяроўкі не выпусціў, толькі правай рукой за ствол саўгануў з-за спіны аўтамат. Тут жа ён зразумеў, што аўтамата можна было не чапаць,— да яго бег нехта адзін: невялічкі, у расхрыстанай адзежыне чалавек, босы, як гэта ён адразу пазнаў у змроку па тонкіх, з падкасанымі штанамі нагах. He адказваючы, Сцёпка счакаў, пакуль той, запаволіўшы бег, нерашуча падыходзіў да яго.
— Куды вы бераце? Гэта мой конь.
Па голасе Сцёпка канчаткова ўпэўніўся, што гэта падлетак, і зноў адчуў сябе амаль спакойным і ўпэўненым. Ён падумаў, што зблізку выгляд яго і асабліва зброя дадуць хлопцу ўсё зразумець без роспытаў.
— А ты хто? Ану падыдзі бліжэй!
Хлопец не дужа рашуча падышоў і спыніўся трошкі воддаль, ва ўсёй сваёй постаці тоячы боязь і недавер. Конь з высока ўзнятай галавой уважліва глядзеў на гаспадара, нібы не цямячы, што тут адбываецца.
— Гэта мой конь. He бярыце, дзядзька, майго каня. — Сцёпка пацяг за вяроўку, конь нехаця пераступіў, і ён падышоў бліжэй да хлопца.
— Дзе калёсы?
— Калёсы? Дома.
— А дом дзе?
— Дом? Ды вунь за аселіцай.
— А хто дома ёсць?
— Дома мама і бабка.
— А паліцаі ў вас ёсць?
— Ну, ёсць...
Хлопец, мусіць, нешта ўжо зразумеў і ціха стаяў у намоклым, з чужога пляча пінжачку, пакорліва чакаючы ягоных пытанняў. Сцёпка, аднак, падумаў, што калёсы, мабыць, не прыйдзецца браць — як-небудзь абыдуцца канём, a то налезеш яшчэ на паліцыю. Паглядзеўшы, куды паказваў хлопец, Сцёпка здагадаўся, што тая чорная града непадалёк, якая здалася яму лесам, была вёска, дрэвы, сады: на краі ўгадвалася шэрая святлявая пляма — мусіць, новая страха нейкай будыніны.
— Каня аддамо,— сказаў ён. — Праз пару дзён толькі. Хлопец, аднак, бадай зусім ужо асмялеў і, ступіўшы на крок бліжэй, запярэчыў:
— Дык нельга мне без каня. Я малако важу.
— Ну, знаеш! Ты малако возіш, а нам трэба чалавека ратаваць. Ану падзяржы свайго злыдня!
— Ды не бярыце, дзядзька, далібог, не хлушу: неяк мне без каня! — запрасіўся хлопец, аднак узяў каня за аброць і прытрымаў. Сцёпка грудзьмі скочыў на конскі карак і з прыемнасцю ашчаперыў нагамі цёплыя бакі.
— Дзядзька, партызаны не робяць гэтак!
Сцёпка тузануў быў за вераўчаны повад, конь паслухмяна павярнуў у патрэбны бок, ды раптам хлопцава нявыкрутка ці, можа, ягоны папрок нешта кранулі ў Сцёпку.
— Ну, вось што... Айда з намі, — сказаў ён. — Завязём куды трэба і аддамо. Заўтра дома будзеш.
10
— Па лесе яны прабіраліся пехатой абодва, ведучы каня на повадзе. Мясціну гэтую падлетак ведаў, ён адразу ж знайшоў сцяжыну на ўзроўку і, расхінаючы рукамі мокрае вецце, упэўнена вёў Сцёпку з канём.
Мусіць, было за поўнач. Ноч яшчэ паглушэла, лес стаіўся, нават не стала чутна шастання кропель, толькі роўна тупалі ззаду конскія капыты, ды ў голлі, спуджана залапатаўшы крыламі, часам кідаўся прэч які-небудзь патрывожаны імі птах. Аднак у лесе па-ранейшаму было мокра, няўтульна і трывожна; дрыготкая золкасць нябачным воглым туманам распаўзалася між кустоў.
Сцёпка настойліва цягнуў за сабой каня, які, аднак, не дужа ахвотна ішоў за чужым. Вядома, каня лепш было б аддаць падлетку, але хто ведаў, што ў таго ў галаве. Зноў жа ў парасніку некалькі часу назад Сцёпка пачуў пах дыму, і гэта пачало яго крыху трывожыць. Добра, калі палілі Брытвін з Данілам, а калі хто чужы? Такое суседства, вядома, не падабалася, і ён трывожліва ўглядаўся ў туманны змрок рова, каб не спазніцца ўбачыць агонь. Ён і сапраўды яго хутка ўбачыў — праз хмызняк кораценька бліснула чырвоная плямка і знікла. Спыніўшыся на момант, Сцёпка падумаў, што, здаецца, гэта яны.
Сапраўды, на краі той самай невялічкай прагаліны ля ручая бліскала маленькае цяпельца, ля якога памалу варушылася сутулаватая постаць у ватоўцы. Учуўшы іх на ўзроўку, постаць крута павярнулася і на хвіліну знерухомела, узіраючыся ў змрок. Але яны ўжо лезлі па схіле ў роў, Сцёпка сцішана прыкрыкнуў на каня, які страхавіта сунуўся на падкурчаных задніх нагах, дзеручы капытамі зямлю. Абое яны з хлопцам прытрымлівалі яго за аброць і хутка спусціліся, збегшы да самага вогнішча.
Брытвін паправіў на плячах нейкую ватоўку і адступіў убок, гойдаючы ззаду, па кустоўі, хісткі змрочны цень.
— Ну, вось конь, — сказаў Сцёпка. — А калёс няма. Ён чакаў, што Брытвін або выкажа задавальненне, што ўдалося дастаць каня, або пачне папракаць, чаму без калёс. Аднак былы ротны паглядзеў на незнаёмага падлетка, які сціпла спыніўся збоч, і абыякава і нетаропка сеў ля агню; побач, распяты на палках, сушыўся яго шынелак.
— Дарма стараўся.
Сцёпка не зразумеў і запытальна паглядзеў на Брытвіна, але той з маўклівай ваўкаватасцю на твары працяг да вогнішча далоні і пачаў грэцца. Агонь паволі разгараўся, дым шэрымі клубамі плыў угару і еў вочы. I тады Сцёпка, ужо адчуўшы нядобрае, пачуў нейкае тупаценне ў другім краі прагаліны. Туды ж касіў насцярожаны позірк конь. У цьмянай валтузні ценяў пад хмызняком, аднак, можна было разгледзець сагнутыя плечы Данілы, які, стоячы на каленях, нешта калупаў у зямлі. Працяты кепскім прадчуваннем,
Сцёпка кінуўся да яго, але адразу за канём наткнуўся на прыкрыты кажухом бугорчык. 3-пад аўчыннай палы вытыркаліся дзве босыя, недарэчна белыя ў змроку ступні.
Далей можна было ні пра што не пытацца.
Раптам адчуўшы сябе ўшчэнт знясіленым, Сцёпка апусціўся ля гэтых босых, блізка ссунутых ступняў, па якіх далікатным дотыкам гулялі водбліскі, і зразумеў, што самае страшнае, чаго ён баяўся, сталася. I не з ім, слабаком і няўдакам, не з недарэкам Данілам, нават не з Брытвіным, а з самым лепшым, самым для яго дарагім чалавекам у атрадзе.
He хочучы паверыць, што гэта не сон, не хваравіты, недарэчны прывід, Сцёпка ў абсалютным змярцвенні прыцяўся позіркам да гэтых надта збялелых ступняў, і перад яго вачмі памалу выплывалі з туману тыя, убачаныя ім у сасонніку, шэрыя, падзяўбаныя вараннём ногі. Цяпёр ён не мог, ды і не стараўся асэнсаваць тую несумненную агульнасць, якая аб’ядноўвала іх нейкім аднолькавым сэнсам, — гэты сэнс ён спасцігаў пачуццём. He зважаючы, што там быў невядомы, зусім абыякавы яму чалавек, а тут ляжаў Маслакоў, на паляне, як і там у сасонніку, ужо ўладарыла смерць. Яна адштурхоўвала, палохала і сваёй несправядлівасцю, як заўжды, падаўляла жывое.
Сцяпан сядзеў так доўга, прыдушаны роспаччу і крыўдай за камандзіра, а можа, і за сябе таксама, — на жыццё, на вайну, а болей на сляпы выпадак, які часцей за ўсё іншае гаспадарыў над іхнім лёсам.
— Цяпер не падвода — лапата трэба. Лапаты няма? — спытаў ля вогнішча Брытвін.
Скручаны горам, Сцёпка не абазваўся, аднак, пэўна, падлетак даў знаць, што лапаты яны не маюць, бо Брытвін не пытаўся болей. Конь пастаяў, паўзіраўся на Данілу ў змроку і, памалу пераступаючы, пачаў скубці маладую траву. Сцёпка ж усё сядзеў, ні аб чым не думаючы, змярцвеўшы ўсімі сваімі пачуццямі, абыякавы да ўсяго і найперш да самога сябе. Ён надта азяб ад начное золкасці, цела яго пачало міжвольна падрыгваць пад воглым мундзірам. Брытвін, мусіць, убачыўшы тое, сказаў:
— Хопіць мандражыць. Падмяні Бараду.
Сцёпку было ўсё роўна што рабіць, галоўнае для яго мінула, а ўсё астатняе не мела сэнсу. Ён пакорліва ўстаў і паплёўся да змрочнае постаці на краі прагаліны.
— Што тут падмяняць! Каб было чым, даўно б выкапаў, — бурчаў Даніла, але вылез з неглыбокай, па калена, яміны і аддаў хлопцу вышараваны ў зямлі цясак. — На, дзёўбай!
Сцёпка апанурана стаяў у змроку на раскіданай зямлі. He ўзнімаючы вачэй, узяў у Данілы штых і, калі той ступіў да яго, пачуў ці, можа, адчуў, што крок яго нейкі не такі, як ранейшы, нязвыклы для Данілы. I тады ён заўважыў, што Даніла ўжо ў ботах. На Брытвіне ладная ватоўка, у гэтага боты — ужо ўсё падзелена. Але што ж! Гэта было дужа звычайна і зразумела ў іхнім жыцці: рэчы, як заўжды на вайне, перажывалі людзей. Сцёпка прывык ужо да таго, тым не менш нешта ў яго пачуцці міжвольна і неўсвядомлена варухнулася кароценькай нязгоднай крыўдаю немаведама на каго.
Ён скочыў у магілку і пачаў драць ды сячы цесаком тугія і цвёрдыя, як рамяні, лесавыя карані, якімі тут густа і бязладна пераплецена, мусіць наскрозь, зямля. Накрышыўшы, рукамі выкідваў мяккія лесавыя ацяробкі. Аднак усё гэта ён рабіў нібы ў сне, машынальна, не займаючы свае свядомасці. Яго думкі бязладна снавалі ў галаве, часам затрымліваючыся на чымсь далёкім, дробязным і не абавязковым для такое хвіліны, штораз абрываючыся і пераскокваючы на другое. Часам яны знікалі зусім, і тады ён чуў блізкую размову там, ля агню. Знарок са строгасцю ў тоне, як дарослы малому, Брытвін казаў падлетку:
— Ось так! Пабудзеш, пакуль захаронім. А тады шагам марш дадому. Панятна?
— Панятна, — ціха адказаў хлапчук.
— Як панятна, тады і ўвесь разгавор, — сказаў Брытвін, але, памаўчаўшы трохі, спытаў: — Табе колькі год?
— Пятнаццаць.
— Бацька ёсць?
— Ёсць, але...
— На вайне хіба?
— He, — сказаў хлопец, уздыхнуўшы. Голас яго зрабіўся нейкі няўпэўнены і ледзь чутны.
— Што, у паліцыі? — здагадаўся Брытвін.
— У паліцыі, — ціха пацвердзіў падлетак.