Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
Ён быў у прыўзнятым, амаль радасным настроі, бо выхад на заданне ўвогуле абышоўся ўдала. Кляпца не спатрэбілася і выклікаць да камандзіра, проста Маслакоў пера-
даў яму загад начштаба, і гаспадарнік, пабурчаўшы, змоўк, што значыла — пагадзіўся. Сцёпка не чакаў абеду, атрымаў свой кус хлеба, які тут жа з’еў, і цяпер быў ва ўладзе адвыклага ўжо хвалюючага нецярпення, калі хацелася толькі аднаго: як найхутчэй рушыць у дарогу. Закінуўшы за спіну вінтоўку, ён выламаў дубчык і пасцёбваў ім у доле, паглядаючы ў бок буданоў, адкуль павінен быў паявіцца Маслакоў.
— Можа, ля Азярышча пойдзем? He ведаеце?
Яму ніхто не адказаў. Даніла быў заняты бобам, а Брытвін толькі павёў на хлопца косым абыякавым позіркам.
— Ля Азярышча б прайсці лягчэй. Там паліцыя свая.
— А ты скуль ведаеш? — суха запытаў Брытвін.
— Я? Гэткі сакрэт! Усе ведаюць, — знарок бесклапотна адказаў Сцёпка, але ўнутрана насцярожыўся: тон гэтага пытання быў яму дужа вядомы, і ён ужо зразумеў, што дарма так сказаў. Брытвін пасля паўзы важка зазначыў:
— Ты за ўсіх не атветчык. А сам трымай язык за зубамі. Калі што і ведаеш.
Паверх лесу Сцёпка паглядзеў у неба, завалочанае малочнай смугой, праз якую з раніцы не магло выбавіцца сонца, потым перавёў позірк уніз, на буданы за палянай: Маслакова ўсё не было. Другому б ён нешта адказаў у такім выпадку, але Брытвіну пярэчыць цяпер не стаў: як-ніяк той старэйшы і нягожа было заядацца з ім. Праўда, хадзілі чуткі, што месяц назад Брытвін здорава праштрафіўся на заданні, яго знялі з роты, хацелі нават судзіць, ды перавялі ў іхні атрад радавым. I тым не менш тон і ўвесь яго выгляд сведчылі, што радавым ён сябе не лічыў. Прынамсі, тут, у гэтай групе, паводзіў сябе як старшы, хоць і з маленькай, але ўсё ж з перавагай над імі двума. Праўда, гэтае яго старшынство не дужа турбавала Сцёпку, які адзіным камандзірам прызнаваў тут Маслакова.
Паляскаўшы дубцом, Сцёпка зняў з-за спіны вінтоўку і таксама прысеў на дол, трохі воддаль ад іх двух. Вінтоўка ў хлопца была старая, з гранёным казённікам, выпушчаная, мяркуючы па кляйме, яшчэ да мадэрнізацыі 1930 года. Увогуле, страляла яна няблага, затвор таксама працаваў нармальна, і Сцяпан быў бы ёю задаволены, калі б не мушка.
Мушка раскярнілася ў сваім гняздзе і соўгалася туды-сюды. Перш чым стрэліць, трэба было пасунуць яе на месца, да рыскі, а пасля ўжо цэліцца.
Сцёпка ўзяў з долу сучок, пазногцямі адшчыкнуў ад яго трэску і стаў ціхенька запіхваць яе ў шчылінку пад мушкай. Трэска, аднак, не лезла, ламалася. Ягоны занятак звярнуў на сябе ўвагу Данілы, а потым і Брытвіна, які нездаволена варухнуў брывамі.
— Што ты робіш?
— Ды во — мушка.
Былы ротны павярнуўся на бок і з патрабавальнай упэўненасцю працяг руку.
Ану!
Сцёпка яшчэ раз калупнуў трэскай, але зноў няўдала і падаў вінтоўку Брытвіну. Той сеў, расставіўшы калені, звыкла паляскаў затворам.
— Ну і ламачына! Гразная, канечне, іржавая. У цябе хто камандзір? Мелік’янц, ага?
Сцёпка прамаўчаў. Гаварыць з Брытвіным у яго ўраз прапала жаданне — хлопец ведаў, што той скажа далей.
— Ладна. Давайце вінтоўку.
— He, пачакай! — ухінуўшыся ад яго рукі, Брытвін шчоўкнуў курком, пакратаў прыцэльную рамку. Потым зірнуў на мушку. — А яшчэ казалі: Мелік’янц — строгі камандзір!
Сцёпка ўсё маўчаў, але пад елкай падазрона заёрзаў Даніла.
— Ды ён не Мелік’янца. Ён з кухні.
— Як з кухні?
Брытвін апусціў вінтоўку і ўтаропіў у Данілу недаўменны, амаль абураны позірк. Сцёпка за рулю выхапіў у яго вінтоўку, падумаўшы пра Данілу: «Каб ты прапаў! Цягнуў яго хто за язык!» Хлопец адчуў у сабе пакутную няёмкасць ад гэтае недарэчнай падказкі, але паправіць нічога ўжо нельга было, і ён агрызнуўся:
— А што на кухні — не людзі?
Пасля ўстаў і закінуў сваю ламачыну за плячо, гатовы ісці, толькі ісці яшчэ не выпадала — хочаш ці не, а трэба было чакаць з гэтымі побач. Тым часам Даніла з лёгкай
пагардай на валасатым твары, а Брытвін з трывожлівай насцярожлівасцю пазіралі на яго.
— Дык хто цябе назначыў у групу? — запытаў Брытвін, ссунуўшы да пераносся густыя чорныя бровы.
— А вам якое дзела? — Так, усё было дужа знаёмае: Сцёпка зноў адчуў сябе ў становішчы горшага за іншых, і гэта міжвольна выклікала ў ім інстынктыўны парыў абараняцца. — Каму трэба было, той і прызначыў.
Брытвін, аднак, пільнаваўся стрыманасці, неўзабаве прыцяў здзіўленне і зірнуў на Данілу. Той без асаблівай увагі да іх варушыў рукой у сваёй сумцы.
— Дажыліся, няма чаго сказаць! — прабурчаў Брытвін і зноў адхінуўся на локаць. Сцёпка, патаптаўшыся трохі, сеў воддаль ад іх, ля сцежкі. Першая прасветліна ў ягоным настроі хутка завалоквалася прыкрасцю, ён ужо лаяў сябе, што даў Брытвіну ў рукі вінтоўку, — хай бы трымаў сваю. A то прыдбаў недзе дзесяцізарадку, дык столькі ўжо фанабэрыі. Калі спатрэбіцца, яшчэ невядома, чыя лепш возьме — гэтая СВТ ці яго, узору 1891 года. Сцяпан мог бы ўсё гэта ім растлумачыць, таксама як і тое, што на кухні ён апынуўся выпадкова, што ён не менш за іх пахадзіў у свой час на заданні. Але нейкая нядобрая ўпартасць у адносінах да іх, асабліва да Брытвіна, ужо брала сваё, і ён нічога не мог зрабіць з ёю. Яна яму не падпарадкоўвалася, ён ведаў гэта і не імкнуўся перасіліць яе.
Пакрыўджана прыціхшы, Сцёпка і не згледзеў, як ад буданоў паказаўся Маслакоў. Хлопец пачуў толькі, як пад хваінай, устаючы, зашорхаў кажухом Даніла, падняўся і зручней сеў Брытвін. У Сцёпкі ж ад скулля ламіла ў шыі, і, каб азірнуцца, ён мусіў павярнуцца ўсім целам. Цераз прагаліну наўпрасткі ішоў іх камандзір. Адною рукой ён нёс штосьці цяжкое — здаецца, нямецкую каністру, у якой звычайна трымалі бензін. Падышоўшы бліжэй, паставіў каністру і ссунуў з потнага лба армейскую шапку.
— Што гэта? — запытаў Брытвін.
— Дымок, дымок рабіць будзем, — жартоўна загаманіў камандзір групы. — Думаў, грукнем — нічога не выйшла. Будзем дыміць.
Яны ўсе пахмурна глядзелі на каністру: Даніла і Сцяпан — пастаўшы ля яе, а Брытвін — маўкліва седзячы на сваім месцы. Вядома, усе з прыкрасцю разумелі, што выходзіла горш, чым меркавалася: бензін — не тол; як бы там ні выпадала, паліць заўжды горш, чым узрываць.
— Дык мы што? Хіба не на чыгунку? — стрымана запытаў Брытвін, пазіраючы некуды ў дол, на камандзіравы боты. Маслакоў з жартоўнаю жвавасцю ў вачах агледзеў сваіх падначаленых.
— He, не на чыгунку. У другі бок. На Кругляны.
— На Кругляны. А хто табе групу камплектаваў?
— А што — кепская група? Сам падбіраў.
Брытвін устаў і падышоў бліжэй. Потым з нейкаю замаруджанай важнасцю павярнуўся да Сцёпкі.
— А таго таксама сам выбраў?
— Karo? Тоўкача? А што, кепскі падрыўнік? Брытвін спадылба выпрабавальна і настойліва глядзеў на камандзіра.
— Дзе ж гэта ён падрываў? На кухні?
— Якое вам дзела? — не стрываўшы, агрызнуўся Сцяпан. — Падумаеш, начальнік знайшоўся!
— Ціха!
Маслакоў, мабыць, толькі цяпер зразумеў нешта. 3 BroHara твару сышла ўсмешка, без якое рысы яго зрабіліся рэзкія, амаль жорсткія.
— Каго браў — мая справа, — сказаў ён. — Хто заслужваў.
— Заслужваў! Ты паглядзі, якая ў яго вінтоўка, — кіўнуў галавой Брытвін.
Маслакоў павярнуўся да Сцёпкі.
— Ану, дай сюды.
Сцяпан падаў вінтоўку, Маслакоў адкрыў і закрыў затвор, спусціў курок. Строга зірнуў на хлопца.
— У чым справа?
— Ды мушка трохі ківаецца, — знарок, як аб дробязі, скорагаворкай адказаў Сцёпка і прыкусіў губу. Пакуль Маслакоў аглядаў і абмацваў мушку, хлопец усё болей панурыўся і з нянавісцю думаў пра Брытвіна. Ці ён быў вінаваты, што Кляпец уручыў яму гэту ламачыну? Ці яму самому не хаце-
лася мець добрую зброю? 3 асаблівым шкадаваннем ён успомніў свой ладны трафейны аўтамацік, які ў яго забралі, калі пераводзілі ў гаспадарчы ўзвод.
Маслакоў узняў позірк на хлопца.
— Закярніць не мог, да?
— Дык не было чым.
— Цяпер некалі — на перакуры напомніш. Сам замацую. Астатняе ў парадку?
— У парадку, — паспешліва адказаў Сцёпка. Маслакоў яшчэ зірнуў на яго тонкую постаць, перацятую дзяжкай, даўжэй затрымаў позірк на завязаным дротам боце, але не сказаў нічога.
— Трымай!
Сцёпка на ляту ледзьве ўхапіў кінутую яму вінтоўку і з палёгкай уздыхнуў. Напружанне яго расслабілася, галоўнае абышлося — яго не прагналі; астатняе для хлопца ўжо не мела вялікага сэнсу.
— Так. Тады шагам марш! — сказаў Маслакоў да астатніх. — Каністру панясём па чарзе. Хто першы?
Першага, аднак, не знаходзілася, каністра стаяла ў доле, над ёй, чакаючы ахвотніка, стаяў Маслакоў. Брытвін, па яго, мабыць, старой звычцы, адышоўся воддаль з такім выглядам, нібы яго тут нічога не датычыла. Даніла чамусьці глядзеў у лес — бы і не чуў, што сказаў камандзір. Тады Сцёпка з гняўлівай зацятасцю ступіў крок наперад і ўзяўся за гнутую металічную ручку каністры.
— Да-а, — няпэўна прамовіў Маслакоў і кораценька ўздыхнуў. — Ладна, пачынай, Тоўкач.
4
Пачынаць было не так ужо і цяжка — з гадзіну Сцёпка, мяняючы рукі, нёс каністру. Закінутая лесавая дарожка вілася спярша ў змрочным, замшэлым ельніку, пасля папаўзла нізінай, альховым хмызняком, расцяробамі. Цераз чорны, гразкі тарфянік хлопцы нядоўга абходзілі хлюпкае, з талай вадой балота, на якім у кустоўі нясмела яшчэ зелянелі кволыя зубчыкі вясновай травы.
Яшчэ ўпачатку Сцёпка знарок адстаў, каб не ісці поруч з Брытвіным, якога ён ужо амаль ненавідзеў. Хлопец разумеў, што былы ротны незадаволены ім, бо сумняваўся ў ягоных баявых якасцях, а можа, і наогул лічыў няўдакам. У глыбіні душы Сцёпка не мог не адчуваць, што сапраўды ад радасці трохі паспяшаўся з выхадам. Мусіць, трэба было папрасіць у Спірыдзёнка аўтамат або хоць бы закярніць мушку, тады б, можа, і не было гэтае звягі. Цяпер, разважыўшы, ён не лічыў сябе зусім невінаватым, але і не мог пагадзіцца, каб яму «чытаў мараль» Брытвін, які тут, па сутнасці, такі ж радавы, як і яны ўсе. Калі ўжо на тое пайшло, дык Сцёпка яшчэ стрываў бы мараль ад Маслакова ці ад каго з атраднага начальства, але толькі не ад Брытвіна, якога ён не ведаў, а цяпер ужо і не паважаў зусім. Мала што ён колішні камандзір, але таварыш з яго няварты, гэта ўжо было ясна з самага пачатку. I гэта засмучала, бо ў той справе, на якую яны выпраўляліся, куды важней было мець проста надзейнага таварыша, чым нейкага там звяглівага камандзіра. Камандаваць, уласна кажучы, не было кім — трэ было валачы каністру.