• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    — Ось тут вы і праваронілі, — здагадаўся Брытвін і павярнуўся да Данілы. — Давай памяняемся, a то...
    Яны паставілі каністру, Брытвін зайшоў з другога боку. Маслакоў цярпліва счакаў, пакуль яны мяняліся ля каністры.
    — У тым-та і справа, што там нічога і не здарылася. Людзі слаўныя аказаліся, дзед — бывалы салдат, усё пра тую мікалаеўскую расказваў. Бабы — старая і дзве маладухі, сабралі на стол не горш, як у свята. Вядома, вёсачка глухаватая, немцы пакуль не чапалі, партызаны яшчэ не надакучылі, a галоўнае — адзін сын іх таксама ў арміі. Бацькоўскае сэрца, яно ў такіх выпадках дужа чулае. Знялі мы ўсё верхняе мокрае, бабы пачалі сушыць на печы і перад чалеснікамі. I пачаставаліся. За стол, праўда, з намі і яшчэ трое мужыкоў села. Дзед кажа: не бойцеся, усе людзі свае, акцівістыя. Ну добра, мы не баімся. Слова за слова, размова пайшла пра вайну, пра немца. Камбрыг ім цэлую лекцыю прачытаў: Расію нікому не перамагчы, яна заўжды ўсіх біла — і шведаў, і французаў, зламае галаву і Гітлеру.
    Дагэтуль не магу даўмецца, як яно тады атрымалася, што гаспадарам стала вядома, з кім яны маюць справу. Можа, з нас двух хто прагаварыўся, а можа, ён сам дзе ў размове памянуў. А магчыма, што і па голасе, паводзінах ці па якіх дробязях — рэмень, боты, пісталет; гімнасцёрка без ромбаў, праўда, а здагадаліся, што гэты чалавек — не радавы, а начальства, і вялікае. Праўда, тады мы не заўважылі нічога, наеліся, трохі падсохлі, а кімарнуць гадзінку дзед павёў па гародзе ў лазню каля бульбоўнічку. Цёмна, цесна, гарчыць ад прадымленых сцен, венічкам пахне. Заваліліся на палок — і спаць. Аховы не трэба, дзядзькі самі ўзяліся ахоўваць. У іх шчырасці мы ўжо не сумняваліся. Ранічкай дамовіліся рушыць.
    Здалося, толькі задрамаў, як чую — бяда. У расчыненых
    дзвярах дзед: «Божухна, немцы!» У лазні цёмна, але акенца ўжо святлее — ранак. Падхапіліся мы — ды ў прылазнік, адтуль, сагнуўшыся, за рог будыніны. Ды чуем — дзед ззаду: «I там немцы!» Акружылі, значыцца. Куды падацца? Пападалі ў бульбоўнічку, ляжым. Бульбачка ўжо адцвіла, бульбоўнічак ладны, бухматы, трохі хавае. Угкнуўся я ў камбрыгавы боты, спрасоння ні чарта не цямлю, чакаю... Халера, патухла. У цябе гарыць?
    У Брытвіна гарэла, яны зноў спыніліся пад навіслымі над дарогай яловымі лапамі. Маслакоў прыкурыў, зацягнуўся і змоўк. Астатнія таксама маўчалі. 3 нейкага часу Брытвін перастаў устаўляць рэплікі: пафас расказу ўсё болып завастраў увагу.
    — Вось так, — заклапочана, амаль журботна перажываючы ўспаміны, загаварыў далей Маслакоў. — Ранічкай цішыня, усе гукі наверсе; выглянуць нельга, а так чутно далёка. He паспеў, мусіць, дзед ткнуцца на падворак, як там ужо немцы. Чуем: крыкі, пагрозы, бабы ў плач. Мы слухаем: у чым справа — так проста наскочылі ці нас шукаюць? Няўжо хто прадаў? Вядома, якія б харошыя людзі ні былі, а падлюга між іх заўжды знойдзецца. Як пасля ўведалі, баба адна. Злая была за нешта на дзедавых жанчын, ну, і збегала праз ноч у мястэчка, прывяла фельджандараў — канты на пагонах кручаныя такія.
    А тут, як на бяду, камбрыг паварочвае голаў і шэпча: гімнасцёрка ў хаце. Я ледзь не самлеў, але так і ёсць: камбрыг ахінуты палаткай, а гімнасцёрка ў хаце. Як вячэралі, цётка на печ паклала, каб да ранку падсохла. Падсушыла, на сваю галаву.
    Ну, гімнасцёрку хутка знайшлі, і хоць у ёй нічога не было — камбрыг дакументы, вядома, пераклаў, — змікіцілі, мабыць, на каго натрапілі. Адкуль уведалі, чорт іх знае. Хіба знакі ад ромбаў засталіся. Ромбы тыя камбрыг даўно зняў, але калі прыгледзецца, дык месца пад імі бы намулянае трохі. Ну, і ўзяліся.
    Перавярнулі ўсю хату, хлеўчукі, свіронак; з паўгадзіны мы слухалі, як яны там грукочуць, крычаць, нешта кідаюць, ламаюць. Двое зусім блізенька пратупалі да лазні, але там
    дзверы насцеж, пуста. Паспрабуй здагадайся, што мы за дваццаць крокаў у бульбе ляжым, як вужы, у барознах. Думаюць: пэўна, у схове якім адмысловым. Шукаюць сховаў.
    За гадзіны дзве ўсё перавярнулі — ні шыша, Дзед адпіраўся, аднекваўся, а як гімнасцёрку знайшлі — змоўк. Крычаць: «Кажы, куды бандытаў схаваў, інакш усіх прыканаем і хату дымам пусцім!» А дзед пакорліва гэтак адказвае: «Воля ваша. Вы — сіла».
    Ля дарогі з лесу выглянула палянка — даўгаватая зялёная лугавіна з пачарнелым стажком наводдаль. Маслакоў прымоўк, спыніўся, бегла агледзеўся, і яны хуткім крокам прайшлі яе, аж пакуль не схаваліся ў дрэвах. Усе ўжо дакурылі, толькі камандзір сціскаў у пальцах акурак, які, відаць, даўно не гарэў.
    — Зноў патух! Што такое?
    — Кажуць — жонка гуляе, — сказаў Брытвін.
    — Да жонкі дажыць трэба.
    На хаду камандзір сунуў недакурак за вуха шапкі. Яны цяпер ішлі ўсе разам. Поруч з Брытвіным Маслакоў выглядаў маладзейшым, але быў вышэй за яго ды і шырэй у плячах, рухі яго былі лёгкія і стрымана-нетаропкія, як у кожнага дужага і ўпэўненага ў сабе чалавека.
    — Вось, значыць, ляжым, я неяк адным вокам зірнуў праз каліўе — выстраілі іх усіх перад хлеўчуком у шэраг: дзеда, старую, абедзвюх маладзіц і дзяцей — хлопчыка і дзвюх дзяўчынак. Бабы галосяць: яны-то не ведаюць, куды мы з лазні шаснулі, адзін дзед ведае. А дзед маўчыць. Тады паліцаі да баб: «Дзе бандыты?» Бабы праз плач: «А паночкі, даражэнькія, хіба мы ведаем? Былі і пайшлі, мы не глядзелі куды». — «Ах, не глядзелі? А схоў дзе?» — «Няма ніякага схову, хоць забіце — няма». — «Забіце! — кажа адзін. Паліцай, мусіць: чутно, па-тутэйшаму гаворыць. А можа, перакладчык — з баразны не разабраць.— He, мы спярша вашых шчанюкоў заб’ём». I тут — трах!
    У мяне ўсё нутро пахаладзела — што ўдумалі, гады! Чую, і камбрыг варухнуўся, напружыўся. А на падворку лямант, крык. Так і ёсць: у самую малую, самую крайнюю ў шэрагу.
    А праз крык — усё той жа голас: «Не скажаш — тады следуюшчага!» Пасля расказвалі, падскочыў да хлапчука — і пісталет у лоб. А што яму — застрэліў бы і яго, і ўсіх. Хіба шкада, абы выслужыцца. Тым болей калі такая здабыча — камбрыг.
    I што думаеце? Камбрыг падхопліваецца, развярнуў ботам баразну — на сцежку. А ляжаў ён трохі за лазняй; як уставаў — з падворка, мусіць, не відно было. I са сцежкі як крыкне: «Стой, варвары!» Мы сцяліся ў бульбе — ну, думаю, усё прапала. А ён гэтак рашуча проста на іх. Паліцаі — казалі пасля — ажно разбегліся з перапуду: хто за дровы, хто ў хлеў, а той крыкун з пісталетам хуценька на калена і пісталет на руку. Ну, у самы акурат як да вайны ў асаавіяхіме вучылі. А камбрыг: «Завошта дзіцёнка, ірады? Я камбрыг, бярыце!»
    — Ну, і ўзялі.
    Узялі ды зноў кінуліся да лазні — чалавек пяць. I туды, і сюды, але нідзе нікога. Камбрыг кажа: «Дарма стараецеся. Астатнія ўжо ў лесе!» Паверылі. Як не паверыць, калі чалавек на такое пайшоў. I што думаеце: усіх разагналі прыкладамі; дзеда, праўда, таксама забралі, але праз тыдзень выпусцілі. Дзяўчынку пахавалі. А камбрыг, казалі, ім такое ў лепельскім СД устроіў, што там жа і расстралялі. Нават і адпраўляць нікуды не сталі.
    — Да, — сказаў Брытвін. — Сердабольны надта. А калі б яны і яго ўзялі і сям’ю не адпусцілі? Тады як?
    — Знаеш, — падумаўшы, сказаў Маслакоў. — Тут дзела совесці. Аднаму хоць увесь свет у тартарары, абы самому выжыць. А другому — каб па совесці было. Мусіць, сваю віну чуў перад гэтымі людзьмі. Фактычна ж яго гімнасцёрку знайшлі на печы.
    — Гімнасцёрку! Што гімнасцёрка, — нязгодна зазначыў Брытвін, відаць, маючы ў думках нешта сваё.
    7
    Рэшту дарогі, добра прытаміўшыся, ішлі ўскрай параснічку. Праз негусты хмызняк раз за разам праглядвала шырокая роўнядзь поплаву, са сцішанай радасцю зазеляне-
    лага першай вясновай травой. Там недзе, крывуляючы між дрыгвістых берагоў, цякла рэчка Круглянка. Яе, аднак, не было відаць, затое Кругляны паказаліся яшчэ здалёк, выцягшы доўгі рад шэрых дахаў на пагорку з дарогай. Каб трапіць да моста, трэба было зайсці з другога боку, і Маслакоў, параіўшыся з Данілам, крута ўзяў па расцяробе ўгору, у абход. Цяпер яны ўдвох ішлі напсрадзе, каністру ж зноў неслі па адным — у хмыззі з палкай было не вывернуцца — паднёс крыху Брытвін, і апошняму яна зноў дасталася Сцёпку.
    Даніла, які тут ведаў усе закуткі, неяк дзіўна круціў: то ішлі алешнікам, то, зрабіўшы дугу, улезлі ў роў, выбраліся на яго круты бок і зашыліся ў дробненькі, але густы беразняк, нібы апырсканы зелянінай першых лісточкаў. Потым хуценька перабеглі пыльны ўзараны лапік пашы і ўвайшлі ў поўны смалістага паху сасоннік. Сцёпка з каністраю зноў адстаў, але з астатніх сіл прадзіраўся праз зараснікі, баючыся згубіць таварышаў.
    Яны лезлі на пясчаную сухую выспу; рослы і густаваты з берага сасоннік трошкі вышэй здрабнеў і радкавата рассыпаўся па схіле ўперамешку з беразняком і ядлоўцам. У гэтым сасонніку на схіле Сцёпка і нагнаў траіх — паскідаўшы шапкі, разваліўшыся, яны сядзелі ў доле.
    — Ну, данёс? — усмешыста жмурачыся, азваўся насустрач яму Маслакоў. — А то баяўся.
    — Чаго мне баяцца? Хай фрыцы баяцца, — сказаў Сцяпан, бокам на пахілы дол кладучы каністру.
    У хлопца ад стомы ажно падгіналіся калені, але ён прымусіў сябе на невялікую вытрымку: зняў з-за спіны і нетаропка паклаў на зямлю вінтоўку, расшпіліў потны мундзір — восем гузікаў ад каўняра да дзягі — і потым ужо выбраў мякчэйшую, з траўкай, мясціну, дзе і прысеў.
    — Ну, тады давай даві вуха. А я паназіраю, як там мост. Толькі ціха каб.
    Маслакоў устаў, узяў свой аўтамат з зайздросна новенькай лакіраванай ложай і пайшоў угору.
    Застаўшыся без камандзіра, трое падначаленых адчулі сябе неяк нібы вальней. Даніла, стаўшы на калені, распера-
    заўся, сцягнуў з плеч кажух і з асалодай разваліўся на ім, засцярожліва ўздзеўшы на руку почапку свайго куртатага абрэза. Сцёпка таксама адхінуўся на здаровы, без скулаў бок, закінуўшы голаў, паглядзеў у неба. Там паранейшаму грувасцілася туманная мешаніна аблокаў, часам павяваў свежаваты, з сырасцю вецер — надвор’е, здаецца, мелася сапсуцца. Дзесьці ўбаку, мабыць, на недалёкай дарозе, ледзь чутна пратахкала коламі і сціхла фурманка. Было ціха. Праўда, у хвойніку, непадалёк узляцела і доўга нязграбна мясцілася на сасонцы варона. Здаецца, там былі і яшчэ: сярод голля чулася ціхая, але настойлівая птушыная валтузня. Даніла ўжо, мабыць, спаў, накрыўшы шапкай валасаты твар, спакойна і смачна пасопваў. Брытвін нядоўга пасядзеў побач, а потым устаў і з заклапочанай нядобрасцю на сухім абветраным твары пайшоў угору — мабыць, да Маслакова.