• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    Найлепш было б зашыцца ў лес, але на ўзлеску ён напароўся ў цемры на нейкае калючае сучча, абдзёр твар — мабыць, тут быў найбольшы гушчар, і ён не адважыўся лезці
    ў яго — зноў пайшоў краем пожні. Ад слабасці Сцёпка хістаўся і з усяе сілы стараўся не ўпасці. Маслакоў жа тугім, налітым цяжарам увесь час спаўзаў долу, хлопец ледзьве ўтрымліваў ягоныя рукі і хіліўся наперад — так лягчэй было трымаць яго на спіне.
    Увесь час страшэнна замінала зброя, чаплялася за зямлю і блыталася ў нагах, але ён не мог кінуць нават вінтоўкі. Яна яму, мабыць, была ўжо не патрэбна, ды ён памятаў на гэты конт загад па брыгадзе і ведаў, як дорага там было ўсё, з чаго можна страляць. Добра, аднак, што яго не даганялі, і ён ажно падзівіўся з таго: так проста было цяпер узяць іх двух з Маслаковым.
    Праз якіх паўсотню ці меней крокаў ён зачапіўся ботам за нейкі корч і ўпаў — балюча, грудзьмі на цвёрдае, перавярнуўшыся на бок, застагнаў ад болю і тут жа прыцяў у сабе гэты стогн: ззаду ён пачуў крокі. Сцёпка схапіўся за аўтамат, аднак хутка сцяміў, што ён не спатрэбіцца — яшчэ здалёку на светлаватым небе ля хвойніку ён пазнаў характэрную ў кажуху постаць Данілы, які прыпыніўся і глухавата гукнуў там, напэўна, Брытвіну:
    — Унь ён.
    Хлопец аслабела павярнуўся і сеў побач з распластаным на зямлі Маслаковым. Даніла падбег першы, за ім праз рэдкае сяйво дажджу ўжо варушыўся ў шызым шыняльку Брытвін, які змораным голасам спытаў:
    — Што, паранілі?
    Сцёпка не адказаў, ён пакратаў мокрую, без шапкі галаву Маслакова, якая падатка перакацілася пад ягонай рукой. Потым яго рукі трапілі ў нейкую ліпкую макрату на ватоўцы; хлопец зразумеў, што гэта кроў, і толькі цяпер адчуў яе пах — трывожлівы пах чалавечай бяды. Але тут ужо за параненага хапіўся Даніла, і Брытвін дыхавічна камандаваў:
    — Так! Пасля... Давайце бярэм! Панеслі...
    Яны ўдвух зграблі з-пад яго рук Маслакова, Даніла моўчкі прысеў і натужыўся, пераняў яго на сваю спіну і крута павярнуў у цёмны гушчар сасонніку.
    Воддаль на дарозе тым часам пачуўся рух, прыцішаныя адлегласцю галасы, штось стукнула на мосце, і па насціле
    глуха затопалі конскія капыты. Сцяпан устаў, згроб з долу аўтамат, вінтоўку і зноў ледзь не заплакаў ад крыўды і вострага ўсведамлення няўдачы.
    9
    Яны бясконца доўга прадзіраліся ў цемры праз мокры хмызняк, пасля натрапілі былі на сцяжынку, алс хутка згубілі яе ў лесе, перайшлі змрочны, шумлівы на ветры елыіік і апынуліся ў нейкім чорным праваллі — яры. Даніла, які ўвесь час цярпліва валок на сабе Маслакова, у цемры паслізнуўся на мокрай траве, упаў і склаў з сябе цела параненага.
    — Годзе! Уходаўся...
    — Ладна, — спыніўся наперадзе Брытвін. — Адпачнём. Ён падышоў бліжэй і таксама апусціўся долу на нешырокай травяністай прагаліне сярод кустояў. Недзе побач, унізе, чутно было, бурчаў-гаманіў ручай, неба ўгары нядобра чарнела, але дождж сціх. Скрозь стаяла лясная ціхмань, глушэча, адно з галля наўкола шапотка падалі сцюдзёныя кроплі. Людзям, аднак, было цёпла, нават горача пасля імпэтнай хады па лесе.
    Пакуль Даніла аддыхваўся, Сцёпка перш-наперш абмацаў у доле ўсё яшчэ непрытомнага Маслакова. На шчасце, той быў жывы, сэрца яго, чуваць было, торгала слабымі няроўнымі штуршкамі. У грудзях, калі прыслухацца, штось булькатала-хлюпала, і гэта палохала хлопца — здавалася, Маслакоў памірае. Павязка з сарочкі, як-колечы зробленая імі ў дарозе, перакруцілася, спаўзла на жывот. Удвух з Данілам яны пачалі папраўляць яе. Зводдаль, згорбіўшыся, апанурана сядзеў Брытвін.
    — А каністра дзе? — спахапіўшыся, запытаў ён.
    — На дарозе, — буркнуў Сцёпка.
    Брытвін памаўчаў і сказаў са злоснай іроніяй:
    — Падпалілі, называсцца!
    Сцёпка з Данілам маўкліва поркаліся над параненым.
    — Здаецца, вопытны падрыўнік, а такога цюху-мацюху ўпароць!
    Даніла аслабіў канцы ўшчэнт скрываўленага кавалка
    сарочкі, Сцёпка прытрымліваў іх і, амаль глытаючы слёзы ад жалю па Маслакову, не мог запярэчыць Брытвіну. Як ён ні быў настроены супроць яго, але мусіў цяпер прызнаць, што Брытвін казаў праўду. Хоць, вядома, пасля бяды, калі было позна штосьці паправіць, кожны станавіўся разумнейшы; а тады хто ведаў, што паліцаі ўсё ж выставяць варту? I тым не менш былая яго непрыязнасць да ротнага сама па сабе меншала, зрэшты, як і да Данілы: мінулыя крыўды сталі цяпер драбязой перад тым няшчасцем, якое напаткала Ма слакова.
    — Што тут у яго робіцца! — бурчаў Даніла, поркаючыся пад загорнутай мокрай кашуляй.
    Ноч наогул была цёмная, без месяца, а ў гэтай лясной яме дык і пад носам нічога нельга было разабраць. Каб хоць пасвяціць чым, агледзець рану, a то першы раз перавязалі навобмацак і цяпер таксама. Так нядоўга і сплысці крывёй. Сцёпка, аднак, успомніў, што ў Маслакова недзе былі запалкі.
    — Запалкі ж былі. Пасвяціць?
    — Трымай.
    Сцёпка ўзяў канец павязкі, а Даніла пачаў абмацваць мокрыя кішэні параненага, якія, як, зрэшты, і ва ўсіх, былі туга напханы рознай драбязой. Цяпер, выцягваючы адтуль, што трапляла пад рукі, Даніла пералічваў:
    — Нож. Анучка нейкая. Кніжка ці блакнот...
    — Дай сюды,— працягнуў руку Брытвін.
    — Патроны. Скрутак дроту... Аловак ці не — запал бытта. Наце, паглядзіце там.
    Брытвін без асаблівай цікаўнасці ўзяў у яго нешта і, абмацаўшы, адразу вызначыў:
    — Бікфордаў шнур, а не дрот. I ўзрывальнік быццам. Ну, да, узрывальнік. Толькі ўзрываць нечага.
    — А во запалкі.
    — Нашто табе тыя запалкі? — раздражнена загаманіў Брытвін і ўстаў. — Ты што, будзеш яму аперацыю рабіць? Падводу трэба шукаць!
    Даніла на момант, мабыць, збянтэжыўся ад гэтага амаль начальніцкага вокрыку і няўцямна павярнуў голаў да невы-
    разнае ў змроку постаці былога ротнага. Неяк так атрымлівалася, што той цяпер браў над імі двума старшынство, хоць аб гэтым яшчэ і не было ніякай гаворкі.
    — Падвода, кажу, трэба. He можам жа мы тут сядзець, пакуль паліцаі налезуць. Вёска далёка?
    Даніла агледзеў змрочныя лясныя схілы, нібы там можна было што ўбачыць.
    — Валатоўка тут недалёка, бытта. I хутары. Хутары, мабыць, бліжэй.
    — Дзе, у які бок?
    Даніла няпэўна тыцнуў рукой у цемру.
    — Ось бытта туды, як па рове. Трошкі, можа, лявей.
    — Так! — прыкінуў Брытвін. — Ты, як фамілія?
    Сцёпка не адразу і зразумеў, што гэта звяртаюцца да яго, але Даніла ахвотна падказаў:
    — Тоўкач яго.
    — Ану, Тоўкач, марш за падводай. Інакш твой Маслакоў у пяць хвілін дуба дасць. Паняў?
    Сцёпка хуценька ўстаў, адчуваючы, што гэта праўда. Тое, што яго пасылалі немаведама куды, у ноч, цяпер не крыўдзіла, хоць спярша ён і адчуў маленькае недаўменне: чаму не Данілу, які тут ведаў усе хады-выхады. Але, бадай, Даніла патрэбны быў ля параненага, зноў жа — ён столькі валок яго цераз лес. Падабраўшы з долу аўтамат, Сцяпан устаў і палез у мокрае кустоўе.
    3 вецця лілося, ён аж асцерагаўся яго чапаць, хоць і без таго даўно ўжо намок. На схіле ў мокрай траве было слізка, хлопец некалькі разоў упаў і ўрэшце сышоў ніжэй, да ручая. Тут, аднак, было не лягчэй. Ён доўга прабіраўся праз мокрыя травяныя зараснікі, абышоў прагаліну, заваленую сухім ламаччам. У дашчэнту змакрэлых ягоных ботах надакучліва чвякала, ануча збілася на пяту і муляла, жорсткія калівы папараці рэзалі голыя пальцы. Але ён, не спыняючыся, таропка прадзіраўся ў кустоўі і толькі думаў, каб не заблудзіць, не прыпазніцца, знайсці падводу, якую чорт ведае дзе і шукаць. Найперш трэба было знайсці вёску. Праўда, ён не першы раз ужо хадзіў па начы і трохі ўмеў арыентавацца, у асноўным па формах рэльефу: адкладваў у
    памяці ўвесь шлях — дзе ўніз, дзе ўгору, дзе касагор або балацявінка. I ўсе павароты таксама.
    Праз нейкі час лясное кустоўе абапал асела ніжэй, угары шырэй разлеглася шараватая святлявасць неба, на якім у двух-трох мясцінах слаба бліснула некалькі зорак, — роў аставаўся ззаду. 3 ім неўзабаве скончыліся і зараснікі, хлопец апынуўся на лужку, а ўзяўшы правей, вылез па касагоры на ўзгорак. Ісці стала лягчэй, мокрыя боты роўна шорхалі ў рослай густаватай азіміне, наперадзе высіліся нейкія бялявыя купкі — здавалася, людзі. Але людзей тут не магло быць, то цвілі грушы-дзічкі. I тым не менш Сцёпка міжвольна браў стараной, далей ад іх — страх не страх, а нейкая інстынктыўная засцярожлівасць прымушала яго паводзіць сябе тут надзвычай чуйна. Праўда, ён зусім не ведаў, куды ісці, і часам лавіў сябе на тым, што паварочвае то ўправа, то ўлева — самае горшае без дарогі. Так можна круціць да ранку і нават зноў выйсці да рова.
    Але вось шорхат азіміны пад нагамі сціх, і ён апынуўся на чымсь голым і цвёрдым, не адразу зразумеўшы, што гэта дарога. Тады ён паглядзеў у адзін яе канец, у другі — дарога пралегла якраз упоперак ягонаму кірунку, а ў які бок было лепш павярнуць, ён не ведаў. Прайшоў дзесятак крокаў улева, падумаў і вярнуўся ўправа, увесь час напружана ўзіраючыся ў прыцьмелую далячынь, у якой была няпэўнасць і He­rnia загадкава-страхавітае.
    Дарогай ён ішоў, мабыць, доўга, думаючы, што нарэшце павінна ж яна прывесці ў вёску. Трапіць на вясковую вуліцу ў яго не было намеру — там варта, мужыкі і паліцаі; хто ведае, як паставяцца яны да незнаёмага начнога прыблуды. Лепш зайсці з гарода ў які двор. Праўда, цяпер у яго аўтамат — новенькі, з лакіраванай ложай ППШ, з якім можна пастаяць за сябе, — гэта не вінтоўка ўзору 1891 года. Але ўсё ж лепш асцярожна. Неасцярога ім надта дорага абышлася сёння.
    Наперадзе, аднак, зноў, здаецца, чакаў яго лес — нагрувашчаная чарната няроўнай паласой зусім затуліла і без таго азмрочаны краявід. Сцёпка прыцішыў крок, аўтамат перасунуў на плячы пад паху, гатовы кожную секунду рвануць кароценькую ручку затвора. Але ён яшчэ не дайшоў да гэ-
    тае чарады дрэў, як учуў збоч нібыта знаёмы, хоць адразу і не зразуметы ім глухі стук аб зямлю. Хлопец стаў, і тады, выразней пачуўшы ўдары, здагадаўся, што гэта забівалі кол. Так, мусіць, кол, ды яшчэ калі камянём — некалькі цяжкаватых тугіх удараў аддалося ў зямлі. Сцёпка падумаў, што б гэта магло значыць, і пасля, абнадзеены, нясмела яшчэ ўзрадаваўся.
    Ён збег з дарогі і паціху, ледзь не крадком, падыбаў на гэты стук, які, аднак, тут жа сціх. Тады Сцёпка прысеў, знізу ўгору агледзеў святлявы край неба — паблізу нічога падазронага не было відаць. Мякка, амаль нячутна ступаючы па пожні, ён прайшоў яшчэ крокаў дзвесце і зноў, прыгнуўшыся, агледзеўся. Зноў нічога навокал не было відаць, толькі зводдаль шырока чарнела куп’ё лазняку, між якога тырчалі ў ropy рэдкія дрэўцы алешын. Тым часам трава ў доле пабольшала, стала мякчэй, пад ботамі мокра зачвякала — мусіць, пачыналася забалаць. Ён ужо хацеў быў павярнуць у абход, як зусім побач — так блізка, што ён ажно скалануўся, знянацку ўбачыўшы, — быў конь. Пачуўшы хлопца, конь трывожліва махнуў галавой і сціх, а Сцёпка прыпыніўся, прысеў, зірнуў сюды-туды, але блізка, здаецца, нікога не было. Асцярожліва, каб не спудзіць жывёліну, ён пайшоў да каня.