• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    Урэшце дарога зноў павярнула ў лес, пад абвіслыя яловыя шаты, і ва ўсіх павальнела на душы: лес быў саюзнік, ахоўнік. Лес быў абаронца.
    — Ну, болей вёсак не будзе, — уздыхнуў Маслакоў. — Загараны спалены. Каўшы хутарскія лесам абыдзем.
    — Прохвішчы яшчэ, — глухім і нізкім, як з бочкі, голасам азваўся ззаду Даніла.
    — Прохвішчы застануцца ўбаку. За рэчкай.
    — За рэчкай, ага. Пляменніца там замужам.
    Гэта быў пэўны намёк, які таіў у сабе немалую спакусу. Калі ў каго ў вёсцы надараліся знаёмыя, ды яшчэ радня, гэта азначала шмат што, і не для аднаго толькі ляснога род-
    зіча. Маслакоў, канечне, разумеў гэта не горш за іншых і, мабыць, таму хвіліну маўчаў, штосьці прыкідваючы.
    — Пасля, як назад пойдзем. He цяпер...
    — Цяпер не. Дзе ўжо цяпер, — лёгка пагадзіўся Даніла.
    Сцёпка нечакана нават для сябе самога расчараваўся: зайсці ў вёску ён заўсёды быў рады, хоць і з рызыкай, з бояззю наткнуцца на бобікаў або немцаў — усё роўна пасля апрыклага ляснога жытла ўладарна цягнула да людзей, да звычайнага хатняга прытулку, якога не меў шмат год. Гэтая цяга жыла ў ім яшчэ з ранняга дзяцінства, калі пад час калектывізацыі ён страціў бацькоў, не прападала ў дзіцячым доме і ў школе ФЗН і асабліва асілілася за вайну, у яго беспрытульных партызанскіх бадзяннях па лесе.
    Ступаючы на слізкія, абадраныя коламі яловыя карані, яны па адным абышлі вялізную, з застаялай вадой лужыну на дарозе, і Маслакоў азірнуўся. Было відаць, што скупыя Данілавы словы запалі і ў ягоную душу.
    — Калі мо ўправімся, уночы заскочым. Так таму і быць, — сказаў камандзір групы.
    Даніла прыспешыў крок, яны з Брытвіным дагналі Маслакова, і Даніла падхапіў размову, якая яго яўна цікавіла.
    — Калі ўправімся, дык здатна было б. Вялікадня ж...
    — Вялікадня, ага. А наогул — лепш не заходзіць, — сказаў Маслакоў. — Меней бяды будзе.
    Брытвін чужавата маўчаў, а Даніла і гэта, хоць і без асаблівай ахвоты, пацвердзіў:
    -Ну.
    — Неяк зайшлі — ледзьве ногі вынеслі,— успомніў Маслакоў. — Прапанавалі, і я, дурань, паслухаўся.
    — Ведама ж, як кажуць людзі: другіх слухай, а сваім розумам жыві, — прабубніў Даніла.
    — Вось іменна. Закурыць няма?
    — Ёсць троху.
    — To давай задымім. Каб весялей жылося. Насільшчыкі ахвотна прыпыніліся, паставілі на зямлю каністру. Даніла адхінуў палу кажуха і пачаў поркацца ў кішэнях рудых суконных, дашчэнту злапленых штаноў. У Брытвіна тым часам знайшлася паперка — старонка са школьнага падручніка
    з чарцяжом раўнабедранага трохвугольніка. Стоячы ўбаку, Сцёпка абыякава пазіраў, як яны разадралі яе на шматкі, і Даніла адмераў кожнаму па шчэпцю самасаду. Сцёпка таксама часам курыў, калі было што, але цяпер яму не прапаноўвалі, і ён не прасіў, бо ведаў, як даражылі курывам заўзятыя курцы накшталт гэтага вось Данілы.
    — Прыкурым ад нямецкай запалачкі, — сказаў Маслакоў, засоўваючы руку за пазуху. Памацаўшы там, ён нязручна дастаў плоскую, бы пачак іголак, паперку з запалкамі, складзенымі ў радок накшталт зубоў у грабеньчыку. Камандзір ашчадна адламаў адну і крамсануў аб цёрку. Даніла ажно спалохаўся.
    — Ды я... У мяне ж крэсіва! — спахапіўся ён. Але запалка ўжо загарэлася, і ён першы мусіў прыпаліць з Маслаковых прыгаршчаў. — Сапсаваў, ну!
    — Нічога, — супакоіў яго Маслакоў і палічыў: — Раз, два, тры, чатыры, пяць... На Круглянскі мост хопіць.
    Яны з асалодай раскурылі цыгаркі і неяк весялей рушылі па парослай дробненькай мураўкай дарозе. Мабыць, вяртаючыся да ранейшае думкі, Маслакоў азірнуўся на астатніх.
    — Пра камбрыга Прэабражэнскага чулі?
    — Таго, з лук’янаўскай групы? — запытаў Брытвін, не вымаючы з рота цыгаркі.
    — Ну.
    — Чулі быццам. Я з ім увосень на засаду хадзіў.
    — Якую восень! Яго ўлетку немцы расстралялі.
    — А казалі — сам у палон здаўся, — ненастойліва запярэчыў Брытвін.
    Маслакоў ажно спыніўся,
    — У палон! Языкі б тым папрыпякаць, хто так кажа.
    — He ведаю. Я ж у іх у атрадзе не быў. Маслакоў кінуў беглы, але спрактыкавана-ўчэпісты позірк наперад, куды кіравала гэта пакручастая малаезджаная лесавая дарога, паўзіраўся па баках. У лесе скрозь было ціха, адно ў галлі паценьквалі нябачныя птахі ды ўгары, на пасвяжэлым ветры, ківаліся і шумелі яловыя вяршаліны. Унізе ж, у вузкім крывым калідоры між ельніку, было хораша і зацішна, камары яшчэ не з’явіліся. Час, мусіць, кіраваў пад вечар, сонца на
    небе не было відаць, над елкамі ціха плыла шэрая навісь аблокаў.
    — Быў хто ў Шнурах? — запытаў камандзір.
    Але наўрад ці хто быў там — Сцёпка першы раз чуў гэтую назву, ды і Брытвін, мусіць, таксама. Яны маўчалі, адзін толькі Даніла па сваім звычаі, штось успамінаючы, пакутна зацепаў вачмі.
    — Гэта хіба тыя, што за Лясовічамі?
    — Во-во, яны самыя, — пацвердзіў камандзір. — Ладная вёсачка, на пагорку, пры параснічку. Вось мы на яе і вылезлі. Людзі папаліся добрыя, залатыя людзі. Ну і заплацілі за іх дабрату...
    6
    — Розная дабрата бывае. Іншая горш, чым зло, — сказаў Брытвін, спакойна ідучы за Маслаковым. Цяжару каністры ён нібы і не адчуваў, трымаўся роўна, і Сцёпка падзівіўся з яго вынаходлівасці: здавалася, ноша цяпер ніколькі і не важыла.
    Маслакоў на рэпліку не адказаў — яго ўжо захапіла і поўніла нешта сваё.
    — От было, хай яе чорт. Нас-то двое выскачыла, а камбрыга ўзялі. Узялі і павялі, а мы ляжалі, як ёлупы, у бульбе і не ведалі, што і думаць. На Палік тады ішлі. Ведаеце Палік? Возера за Лепелем, некаторыя з нашага атрада базіраваліся там. Двое сутак лазілі па балотах, вымаклі ў вадзе ды pace, сухое ніткі на целе не асталося. Зноў жа — і харч скончыўся. Трэ было запасціся болей, ды ў тых, што заставаліся, таксама не густа было з шамоўкай. Думалі, якнебудзь перахопім.
    — А што, многа вас было? — запытаў Брытвін.
    — У тым жа і справа, што мала. Трое ўсяго.
    — Ну, для траіх — не праблема. У кожнай хаце...
    — Ага, гэта здаецца так, у кожнай хаце... Сунуліся ў адну вёску — сабакі такі гвалт узнялі, што прыйшлося ў лес павярнуць. У другой паліцаі вяселле гуляюць, нейкага бобіка жэняць: панаехала, на вуліцах поўна падвод, п’янка — дым
    каромыслам. Думалі, патрываем, заставалася вёрст трыццаць, каб не зблудзілі. Заблудзіліся, аднак, у балотах, занервавалі, пасварыліся. А тут камарэча жарэ няшчадна, а наўкола то алешнік, то дрыгва, чараты, і сілы ўжо без жратвы пад канец падыходзяць.
    Дык, значыць, было нас трое: я, камбрыг Прэабражэнскі і лейтэнант адзін, таксама з кадравых: ад самае граніцы ўсё камбрыга пільнаваўся — ну, быццам за ад’ютанта, хоць сам такі ж радавы ў атрадзе, як і камбрыг гэты. He дзіва: камбрыг у сваёй танкавай брыгадзе камандзір, а прыбіўся да атрадзіка з пяццю ўцалелымі танкістамі — чужы чалавек. Атрадзік з мясцовых, хоць былі і чырвонаармейцы, акружэнцы, камандзірам Барсук. Во, той самы, што ў Цішкоўскі атрад перадалі ў рэйд. Да вайны быў старшынёй сельсавета. He глядзі, што ў вайсковай справе ні гу-гу, затое ўсе вёскі яму знаёмыя, а ў вёсках процьма мужыкоў — свае. А што камбрыг без войска? Усёй цаны, што пісталет у кішэні ды граната на дзязе.
    Праўда, Прэабражэнскі і не стаў фанабэрыцца, біць на амбіцыю, як некаторыя. Барсук прыняў, запытаўся, якую камбрыг пасаду хоча. А якая пасада ў атрадзе, дзе сорак чалавек? Два ўзводы, узводныя пастаўлены. Начштаба, камісар таксама ўжо ёсць. Прэабражэнскі і кажа: хоць радавым, абы немцаў біць. Так і пайшоў радавым у наша аддзяленне.
    Я быў аддзялённы. Паніжэнне, вядома. Бо дзяйствіцельную служыў памкамузводам, старшы сяржант быў...
    — Вялікая шышка! — Брытвін задаволена азірнуўся на Данілу, шукаючы яго ўвагі. — Я паўгода радавым пабегаў.
    — Ну, так, вядома, але не ў тым справа. У мяне такія ваякі сабраліся, што не сорам і аддзялённым пабыць: адзін сакратар райвыканкома, міліцыянер з Полацка, два лейтэнанты і гэты камбрыг, Прэабражэнскі. Спярша думаў — будзе артачыцца, не слухаць. Зноў жа — як мне, па ўзросту ўдвая маладзейшаму, камандаваць ім? Пасля аказалася: ён яшчэ і акадэмію ў Маскве скончыў. Ды нічога, утрэслася. Быў ціхі, маўклівы. Як усім, так і яму. Сам па чарзе і на варце стаяў, і буданы рабіў.
    I ўсё ж не раўня нам, маладым, — у гэтым мы хутка пераканаліся. Чалавеку ўжо за пяцьдзесят, як ні пнецца-стараецца, а відаць: сілы не тыя. I задышка, і ногі цяжкаватыя. Пацее дужа. Праўда, ні разу нідзе не паскардзіўся, на хадзе з усяе сілы стараецца не адстаць. I ўсё ж адстае.
    Тады яму нешта вельмі кепска было. Казаў (прагаварыўся пасля ўжо, як у лазні ляжалі) — радзікуліт даняў. I праўда — цягне гэтак нагу і моршчыцца ўсё. Твар суровы заўжды, грубы і неяк бы скошаны ў адзін бок — міна такая, як калі баліць што. Тады мы двое, маладзейшыя, і то без ног асталіся, а яму куды ўжо. Адставаць пачаў. Параснічак прайшлі, тры разы спыняліся, бо адстане — згубіцца і прападзе. Лейтэнант ужо ўзяў у яго сумку — болей не дае нічога. «Ніякай паблажкі, кажа. He нада, кажа, балаваць цела. Кажа, нада яго падчыніць волі. Як навабранца старшыне».
    — Правільна. Такі закон арміі. А як жа? — уставіў Брытвін.
    — Закон законам, а пад вечар ужо зусім кепска стала. Я і то ледзьве валакуся па пералесках. А тут яшчэ дождж заладзіў. У кустоўі макрэдзь. Пачало змяркацца, выбавіліся на ўзлесак, і тут — вёска. Цераз балацявінку за бульбоўнічкам — хаты, дым сцелецца над мокрымі гародамі, і так варанай бульбачкай пахне!..
    — Знаёмая карцінка, — усміхнуўся Брытвін.
    — Ну, прысланіўся я да бярозкі, маўчу. Прытопалі камбрыг з лейтэнантам. Лейтэнант быў дужы, спартыўны хлопец, кадравы камандзір, а ўжо і ён спахмурнеў. Камбрыг жа датопаў і кажа: «Падажджыце, рабяты!»
    Што ж там ждаць? Чалавек, вядома, знясілеў, падбіўся, наперадзе ноч, макрата — чаго дачакаешся? А вёска — вунь яна, і так зманліва дражніцца дымкамі, цяплом, утулкам. Кароўка, помню, зарыкала — мусіць, гаспадыня даіць пайшла. Гляджу на лейтэнанта, той на камбрыга, а камбрыг і кажа: «Пажалуй, рыскнём!»
    Ну, вядома, перш трэба разведаць — а раптам немцы. Пайшоў лейтэнант, нядоўга пабыў. Бачу: ідзе бадзёра так і вядзе двух дзядзькоў. Адзін стараваты такі, аброслы сівізной, але яшчэ ў сіле, такі дзед-лесавік, другі — маладзейшы муж-
    чына ў паддзёўцы. Павіталіся стрымана так, але добразычліва, сардэчна, павялі ўсіх у сяло. Кажуць, нікога няма, спрэс свае. Пачастуем, ды ў цяпле і пасушыцеся. Адчуваем: не зусім гэта добра, а ідзем — дужа ж абрыдла ўжо на пусты жывот па макрэдзі. Можа, нічога і не здарыцца.