Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
Сцёпка ў магілцы трохі нават здзівіўся, зацікаўлены і непрыемна ўражаны адначасова. Называецца, знайшоў памагатага! Мусіць, пра бацьку трэ было запытаць раней, a то яшчэ меўся весці з сабою аж у Грыневіцкі лес — ось бы нарабіў перапалоху! Ён з адчуваннем вінаватасці падумаў, што Брытвін, мабыць, пакліча яго да агню і задасць перцу, якога ён цяпер, безумоўна, заслугоўваў.
— Ну, а ты што ж, значыць, бацьку памагаеш? — запытаў былы ротны яшчэ болей пасцюдзянелым, амаль варожым голасам.
— Я не памагаю, — сказаў хлопец. — Я ў партызаны пайду. — Ого!
Брытвін — чутно было — разламаў галінку і паклаў яе ў агонь; мігатлівыя водбліскі яго ў наваколлі на момант атухлі, пасля, памалу ажыўляючыся, заскакалі зноў. Хлопец насупіўся і нявесела маўчаў.
— Нічога не выйдзе,— сказаў Брытвін. — Такіх, як ты, у партызаны не бяром. Каб у партызаны пайсці, заслужыць трэба.
— А я заслужу.
— Гэта як жа?
Хлопец, аднак, не адказаў, мабыць, маючы ў думках нешта надта сур’ёзнае, каб так проста даверыць гэта незнаёмаму лясному чалавеку. Сцёпку гэта спадабалася. Ён зірнуў з ямы — невялічкая постаць у абвіслым, дужа паношаным пінжачку цьмяна, але з нейкай упартай годнасцю маячыла ля вогнішча. Побач на каленях стаяў Даніла і падкладваў у агонь сучча.
— Ось так! — заключыў размову Брытвін. — Мы пойдзем, а ты пасядзіш ля агню. Як развіднее, тады паедзеш. Паняў? He раней. А што не спаў, дык заўтра выспішся.
— Мне ўранку малако на сепаратар везці.
— Паспеецца тваё малако, — сказаў Брытвін, павярнуўшы палкай у агні, з якога шаснуў угору мігатлівы рой іскраў.
Полымя добра разгарэлася, на прагаліне стала відно, дым у цішы слупам валіў угору і барвовым воблакам знікаў у начным небе. Брытвін пасунуўся далей. Раптам, нібы штосьці ўспомніўшы, ён падхапіўся.
— Да, а куды ты малако возіш?
— У мястэчка, куды ж! — з яўнаю нездаволенасцю сказаў хлопец, і Сцёпка падумаў, што паліцаеў сынок, здаецца, з характарам.
— У Кругляны?
— Ну.
Брытвін змоўк, неяк са значэннем паглядзеў на хлопца, потым на Данілу. Той, адваліўшыся на бок, нерухома пазіраў у агонь.
— Цераз мост ездзіш?
— Цераз мост. А як жа.
— Ara! I ўчора вазіў?
— Вазіў. Позна прыехаў толькі. Партызаны паставога забілі, дык не пушчалі доўга.
— Так-так, — сказаў Брытвін і ўсеўся ямчэй, прытрымліваючы на плячы ватоўку. — А што ж у іх, ахрана стаіць?
— Раней не было, а цяпер ставіць пачалі. Два паліцыянты з Круглян.
— Глядзі ты! Усё ведае. Маладзец! Ану ідзі бліжэй. Сядай во, грэйся.
Хлопец памалу зайшоў з таго боку агню і апусціўся на кукішкі. Даніла, мабыць, зацікаўлены новай акалічнасцю, прыўзняўся і сеў роўна, загарадзіўшы агонь. Цераз прагаліну да Сцёпкі разлёгся ягоны шырокі цень, у магіле не стала відна нічога, і Сцёпка стаў на калені, каб ямчэй было калупаць. Ён ужо не глядзеў туды, толькі слухаў.
— Вот так. Сушыся. Таксама ж мокры. Як цябе завуць? — Міця.
— Дзмітры, значыць. Харошае імя. У мяне быў друг Дзмітры. Дык, кажаш, партызаны паліцая забілі?
— Ну. Увечары падкраліся і застрэлілі. Роўба яго прозвішча. Да вайны ў маслапроме рабіў.
Дзеручы ў магілцы карані, Сцёпка сціпла парадаваўся: гэта ўжо ягоная работа. Дзіўна толькі, як удалося папасці: ані ж не цэліў нават. Пасля гэтае весткі стала зразумела, чаму не даганялі: мусіць, таксама вывалоквалі з-пад моста забітага і ўпусцілі яго з Маслаковым.
— Так-так,— штось ажыўлена памеркаваў Брытвін. — Бачу,
ты хлопец харошы. Мабыць, мы цябе возьмем. Толькі... — ён не дагаварыў і павярнуўся ў другі бок. — Даніла, ану, па сакрэту!
Абое яны падняліся ад вогнішча і, гойдаючы на кустах пужлівыя цені, ступілі некалькі разоў да ямы. Сцёпка выпрастаўся, пераводзячы дух, Брытвін крануў за рукаў Данілу.
— Ты казаў пра тол. Гэта дзе?
Даніла пераступіў ботамі, нявесвла паглядзеў у хмызняк.
— Быў. А ці ёсць, хіба я знаю.
— Гэта дзе? У Фралоўшчыне?
-Ну.
— Слухай, трэба падскочыць.
He адказваючы, Даніла гучна высмаркаўся ў траву, старанна выцер пяцярнёй нос і бараду.
— Дык жа цёмна. А там балота, ліха на яго. Ды не знаю, ці швагер той дома, — пачаў ён панылым, глухім голасам, які заўжды ў яго сведчыў пра неахвоту. Брытвін, аднак, абарваў:
— Нічога! Сядай на каня і скачы.
Яны павярнуліся да агню, у якім цяпер засяроджана поркаўся Міця. Даніла на хаду гучней ужо сказаў:
— Дык што, калі ў мяне абрэз гэты!
— Бяры вінтар!
— Што вінтар! Аўтамат каб. Брытвін спыніўся.
— Бяры аўтамат. Тоўкач, аддай аўтамат!
— Нашто аўтамат? Хай з вінтоўкай едзе, — паныла сказаў Сцяпан.
Брытвін нецярпліва настояў:
— Кажу: дай аўтамат!
Сцёпка з сілай увагнаў у зямлю цясак і ціха вылаяўся: болей за ўсё на свеце яму не хацелася цяпер аддаваць аўтамат. Але загад Брытвіна прагучаў так катэгарычна, што хлопец стрымаўся ад спрэчкі і падняў з-пад алешыны былы маслакоўскі ППШ.
Брытвін з нецярплівасцю падганяў Данілу:
— I давай скачы. На тое табе дзве гадзіны. Фралоўшчына недалёка, знаю.
Даніла, аднак, усё нешта поркаўся, яўна не спяшаючыся
на заданне, да якога ў яго, відаць па ўсім, не дужа ляжала душа.
— Кажух мокры... Калі б вы далі ватоўку.
— На. На і ватоўкурашуча шкуматнуў яе з плеч Брытвін. — Толькі не цягні рызіну.
3 маўклівай засяроджанасцю Даніла апрануўся, узяў на краі прагаліны каня і, натугай цягнучы яго за повад, палез на ўзровак.
11
Брытвін болей не сеў да вогнішча, ля якога цяпер гаспадарыў Міця, а пастаяў на прагаліне і, калі тупаценне каня сціхла на ўзроўку, падышоў да Сцяпана.
— Ну, ты доўга тут калупацца будзеш?
Хлопец выпрастаўся — магілка была яшчэ мелкаватая, яму да пояса, але Брытвін, прыкінуўшы, вызначыў:
— Хопіць! Давай закопваць.
Ён так і сказаў: не «хаваць» ці «хараніць», а «закопваць». I менавіта ад гэтага слова Сцёпку стала зноў не па сабе, нібы тым самым былы ротны зняважыў Маслакова. Хлопец памаўчаў, думаючы, што, мабыць, трэба б яшчэ паглыбіць: зямля тут сухая і няцвёрдая, ручай куды ніжэй. Але Брытвін падышоў да нябожчыка.
— Давай сюды! Дзмітры, ану памагні! Міця з паслухмянай гатоўнасцю ўскочыў ад агню, але тут жа, зразумеўшы, што ад яго патрабуецца, у панылай нерашучасці спыніўся воддаль. Сцёпка вылез з магілкі.
— Чакайце! Што ж, так і закопваць?.. Ён выцер аб траву цясак і, агледзеўшыся ў мільготкім паўзмроку, падышоў да маладой ялінкі, голле якой тырчала з цемры на прагаліну.
Праз хвіліну Сцёпка сабраў у ахапак лапкі, якія ён насек затупленым цесаком, і зноў скочыў у магілу. Тут было цесна і няўпраўна, але, прытоптваючы ў цемры, Сцёпка як-колечы выслаў лапкамі дол. Потым, заціскаючы ў сабе дужа ўзмацнелы напаследак жаль, з некалькіх лапак змайстраваў узвышак пад голаў — нібы рыхтаваў Маслакову пасцель. Пасцель назаўжды, на вечны сон.
— Ну, гатова там? — не трываў Брытвін. — Давай усе сюды. Ён адкінуў мокры Данілаў кажух, і ўдвух са Сцёпкам яны ўзялі пад пахі нябожчыка.
— Дзмітры, бяры за ногі! — распараджаўся Брытвін. Міця абшчапіў дзве босыя ступні ног.
— Узялі!
Маслакоў, здаецца, і яшчэ пацяжэў: утрох яны ледзьве паднялі яго прагнутае ў паясніцы, яшчэ не закалянелае цела і цяжка патупалі да магілы. Там, вязнучы ботамі ў свежай зямлі, пасталі ўздоўж вузкай шчыліны-ямы і пачалі апускаць. Гэта было нязручна, цяжкае цела імкнула выкаўзнуць у яму. Сцёпка прытрымліваў яго за сцюдзёную, не дужа гнуткую ўжо руку. Апускаючы, перабраў пальцамі да кісці, па-ранейшаму перавязанай брудным бінтом і, ухапіўшы за яе, ажно спалохаўся: здалося — прычыніў боль. Тут жа зразумеў марнасць свайго спалоху, але за перавязаную далонь болей не ўзяўся — укленчыўшы на жвіры, апускаў цела ўсё ніжай, аж пакуль не адчуў, што яно мякка легла на спружыністыя лапкі.
— Ну во! — выпрастаўся Брытвін. — Давай загартаць!
— Чакайце!
Нагнуўшыся ў чорны зеў магілы, Сцёпка аднаруч пазапіхваў туды рэшту яловых галін, накрыў найбольш твар нябожчыка, і яны з незразумелай палёгкай пачалі дружна гарнуць зямлю. Сцёпка гроб рукамі, Брытвін ботам, Міця, таксама ўкленчыўшы, аберуч выграбаў з травы рэшткі накапанай зямлі. Вогнішча іх ужо дагарала, ледзь-ледзь свецячы па кустоўі дробнымі язычкамі агню.
— Ну, так! Даканчвай, а мы ў агонь падкладзём, — выціраючы аб траву рукі, сказаў Брытвін. — Дзмітры, ану пашукай дзе дравішак!
Міця адразу ж падаўся на ўзровак, а Сцёпка тым часам завяршыў магілку.
На палянцы стала пуста і ціха, яна нібы папрасторнела цяпер без каня, без Маслакова, з невялічкім вогнішчам на краі, ля абрыву. Зрабіўшы ўсё, што можна было зрабіць у адносінах да мёртвага, Сцёпка адчуў сябе такім адзінокім, такім няшчасна-непатрэбным на гэтым свеце, як, мабыць,
не адчуваў ніколі. Адзінае, што тут яшчэ вабіла яго, быў касцёр, хлопец падышоў да Брытвіна.
— Што, да ранку тут будзем?
— Пабудзем, да.
— А потым?
— А потым паспрабуем грымнуць, — сказаў Брытвін, стоячы на кукішках і зграбаючы ў доле недагаркі, якія ён кідаў у вогнішча. Спакваля на вуголлі весела заскакалі агеньчыкі, зблізку асвятліўшы сухі, нібы прасмалены, твар ротнага.
— Як гэта — грымнуць?
— Пабачыш як. План адзін маю.
Сцёпка пачакаў яшчэ, не дапытваючыся, думаў: скажа сам. Але той не сказаў, затаіў, што ўвогуле было ў ягоным характары, і Сцёпка змоўк, не ведаючы яшчэ, ці можна прымаць усур’ёз трохі саманадзейныя словы гэтага чалавека.
— Такі план маю, што ахнеш! Калі выгарыць, вядома. Сцяпан паныла моўчкі сядзеў, спадылба паглядаючы на Брытвіна і баючыся яшчэ паверыць яму.
Міця нешта бавіўся з галлём — спярша чуваць было яго шастанне па ўзроўку, а потым і яно сціхла. Сцяпан паглядзеў туды, услухаўся і трохі занепакоена сказаў:
— Каб не збег. Паглядзець мо?
— He збяжыць. Цяпер ён да нас як прывязаны. Сцяпан не паверыў: так ужо і прывязаны! Зрэшты, наўрад ці ён пабяжыць, пакінуўшы тут каня. I сапраўды, неўзабаве наверсе зашумела, зашорхала, і з цемры паказаўся сам Міця, які валок звязанае вяроўкай бярэма галля.
Брытвін з трохі не ўласцівым яму ажыўленнем узрадаваўся:
— От здорава! Цэлы воз! Такі і на кані не ўвязеш!
Міця быў яўна падахвочаны пахвалой: маленькі і з выгляду трохі слабаваты на свае пятнаццаць год, ён, аднак, аказаўся надзіва старанным у працы. Люба было глядзець на вялізнае бярэма, якое ён па-гаспадарску ўпарадкаваў побач і акуратна зматаў вяроўку.