• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    14
    Як паставіцца да гэтай гісторыі, Сцёпка не ведаў: калі верыць Брытвіну, дык Ляховіч сапраўды дурань — які там прынцып у адносінах з немцамі. Мусіць, трэба як мага хітрыць, каб абдурыць іх, бо, не абдурыўшы, не паб’еш — паб’юць яны. А яны літасці не знаюць, для іх усе сродкі здатныя, абы перамагчы. Аднак гняўлівая рэзкасць Брытвіна ў асуджэнні Ляховіча ўвогуле спадабалася Сцёпку, і ён з маўклівай задаволенасцю падумаў, што Брытвін — не Маслакоў; гэты, мабыць, свайго дабіцца ўмее. Пойдзе сам і пагоніць усіх на мост, Міцю таксама. Але што ж, калі трэба, дык трэба. Зусім магчыма, што ім прыйдзецца сербануць ліха, і хай. Толькі б удалося.
    Стоячы на кукішках, ён старанна памешваў аманіт, які хоць і смярдзеў — аж блажыла, — але нібыта сох. Узяўшы адзін драбок з тых, што былі найбольш мокрыя, хлопец, бы гарачы вугольчык, перакінуў яго з далоні на далонь, паспрабаваў раструшчыць. Дзе там: спёкся, як камень.
    — Высах ужо.
    — Ладна, хай яшчэ паляжыць, — сказаў Брытвін. — He зашкодзіць. Усё роўна Дзмітра няма.
    Над ровам ужо ўспаўзло сонца; узровак, край прагаліны
    і кустоўе над ёю ярка заззялі ў святле; патроху стала цяплець, Брытвін санліва расцягнуўся на шынялі, паглядзеў у высокае, з рэдкімі аблокамі неба.
    — Значыць, так, — раптам сказаў ён і сеў. — Эй, Барада, шчэ храпець пачнеш!
    Ён штурхануў нагой залапленае калена Данілы, той расплюшчыў сонныя вочы і, паволі заварушыўшыся, таксама сеў.
    — Значыць, так. Некаму трэба падабрацца да моста. Кусцікі там ля ракі, я ўчора бачыў: падход харошы. Задача: у случаі чаго падтрымаць агнём. Хто пойдзе?
    Даніла, відаць было, адразу пазбыўся сну і маўкліва ўтаропіў кудысь у дол свой позірк: мабыць, думаў, што б гэта для яго магло значыць. Сцёпка таксама маўчаў: навошта напрошвацца самому? Справа тая, мусіць, не дужа вясёлая; каго пашлюць, той і пойдзе.
    — Так, — сказаў Брытвін. — Ну, тады ты, Тоўкач. Падкрадзешся і замры. Паняў?
    Сцёпка маўчаў. Ён быў гатовы, калі гэта выпала на яго долю. Хоць тое, што Брытвін цяпер звярнуўся іменна да яго, маленькан крыўдай закранула хлопца. Ён усё ж не падаў выгляду, нібы нічога і не меў супроць. Тым не менш Брытвін нешта, мабыць, заўважыў.
    — У цябе ж аўтамат. Ці, можа, аўтамат Барадзе аддаць? Тады ён пойдзе.
    — He ўжо, не аддам.
    Яны яшчэ пасядзелі хвілін пятнаццаць. Аманіт, мабыць, пачаў ужо астываць, як Брытвін ускінуў галаву — на ўзроўку з’явіўся Міця. Хапаючыся за вецце, хлопец імкліва збег аж да нізу. Брытвін ускочыў з трывогай на твары, але Міця, ажыўлены і спатнелы, усё ў тым жа чорным картовым пінжачку, супакоіў:
    — Ну, усё гатова.
    — Маладзец, — сказаў Брытвін. — Дзе падвода?
    — Тут, у кусціках. Прыпазніўся толькі, але нічога.
    — Так! — Брытвін азірнуўся. — Тоўкач, марш з ім да воза, з аднаго бітона малако вэк, бітон сюды. Колькі ў цябе бітонаў?
    — Тры.
    — Двух хопіць. Адзін пойдзе на міну.
    Міця неяк з няёмкасцю пераступіў босымі нагамі.
    — Тут от... паесці вам.
    Аберуч ён выдраў з тугой кішэні нейкі пакунак, загорнуты ў чыстую кужэльную анучку, аддаў Брытвіну. А той толькі і ведаў, што хваліць ды з трохі фальшывай празмернасцю захапляцца хлопцам:
    — Маладзец! Проста герой! Ну, дабро. На, Барада, у тваю сумку.
    Даніла пачаў запіхваць сняданак у сумку, а Сцяпан з Міцем таропка падаліся на ўзровак.
    Міця бег наперадзе. Яго босыя, пасівераныя пяткі рупна мільгалі па мокрай траве, невялічкая галава ў чорнай зашмальцаванай кепцы, бы ў вараняці, зырка снавала на шыі туды-сюды — праз радкаваты алешнічак было відаць далёка. Сцёпка, аднак, прывык ужо за ноч да рова і схілу і, як на знаёмай мясцовасці, амаль не адчуваў небяспекі.
    Ён думаў над тым, што сказаў Брытвін, — стараўся зразумець яго план, але зразумеў не многа. Былы ротны ўсё нешта хітрыў з імі, намякаў, а па сутнасці — таіў ад іх сваю задуму — дзеля сакрэтнасці, ці што? Калі Сцёпку пасылаюць на прыкрыцце, дык, выходзіць, самі паедуць на мост? Але ці не мала будзе іх двох, каб зладзіць з аховай, якая цяпер, пасля ўчарашняга выпадку, мабыць, набралася пільнасці і, вядома, спаць у шапку не будзе. Зноў жа, паліцаі іх убачаць, мабыць, здалёк, і мала што ведаюць Міцю, але іншых могуць западозрыць і не падпусціць блізка. Тады што рабіць?
    Гэты брытвінаўскі план з малакавозам ужо ў самым пачатку выглядаў не надта пераканаўча.
    Рослік стаяў непадалёк, забіўшыся ў ляшчьшнік разам з калёсамі, на якіх, увязаныя вяроўкамі, блішчалі белыя бакі трох бітонаў. Мабыць, недзе паблізу была дарога, бо Міця сцішана палашчыў прывязанага за куст каня і моўчкі ўскочыў у воз. Удвух яны ледзьве саставілі крайні бітон на зямлю. Пад рукамі цяжка боўтала, запахла сырадоем, статкам, і калі хлопец адчыніў вечка, Сцёпка ажно сумеўся: столькі малака трэ было выліць.
    — Пі. Хочаш? — прапанаваў Міця. Піць Сцяпан зусім не хацеў — хацеў есці, але цяпер не стрымаўся. Укленчыўшы, ён наглыкаўся, колькі змясціў ягоны пусты жывот, хоць асаблівае асалоды не адчуў: іншая еправа, каб быў хлеб.
    — Ну, што? Выліваем?
    — Давай.
    Яны нахілілі пасудзіну і, абліваючы белымі пырскамі ногі, пусцілі па траве духмяны малочны ручай. Падняўшы на сабе сухое лісце, галінкі, рознае лясное смецце, малако шырока расцяклося ў кустоўі.
    Парожні бітон здаўся даволі лёгкім. Сцёпка ўзваліў яго на плячо і пашыбаваў у алешнік. Міця бег побач.
    — А ў ім колькі патронаў? — спытаў на бягу хлопец.
    — Дзе? — не зразумеў Сцёпка. — Ну, у аўтамаце гэтым.
    — Аа. Семдзесят у адным магазіне.
    — Ого! Гэта семдзесят чалавек можна пакласці! Бокам лезучы праз ляшчыннік, Сцёпка трохі падзівіўся вайсковай недасведчанасці хлопца і цярпліва вытлумачыў:
    — Семдзесят, гэта калі адзіночнымі стрэламі. I то калі лучаць усімі. А калі чэргамі, дык дай бог дзесятак.
    — А астатнія міма?
    — А ты думаў? Немцы ж таксама не дурні, мух лавіць не будуць.
    — Нада ляпей цэліцца, — заключыў Міця. — А ў вінтоўцы пяць толькі?
    -Ну.
    Ідучы наперадзе, Міця засцярожліва адхінуў галіну, прапускаючы Сцёпку, і азірнуўся.
    — А ў гэтага, камандзіра вашага, самазарадка, га?
    — У Брытвіна? Самазарадка.
    — Харошая вінтоўка?
    — Калі спраўная. А калі заесць — бяры палку.
    — А аўтамат не заядае?
    — Калі як, — знарок няпэўна сказаў Сцяпан, пасоўваючы на плячы ношу. Роспыты гэтага хлопца пачалі дакучаць, тым болей што той надта ўжо выразна паглядваў на яго новенькі ППШ, а яго Сцёпка не меў намеру ўступаць нікому.
    Размова на тым спынілася. Яны злезлі з узроўка, і Сцёпка глуха гэпнуў бітон перад Брытвіным.
    — Харашо! Барада, нясі ўзрыўчатку!
    Рабіць міну Брытвін узяўся сам, не давяраючы гэтае справы нікому. Побач на шынялі ўжо ляжаў узяты ноччу ў Маслакова паўметровы абрэзак бікфордава шнура, злучаны з жоўценькім цыліндрыкам узрывальніка.
    Зрэшты, начыніць міну было не складана. Праз дзесяць хвілін Брытвін насыпаў да палавіны бітона аманіту, асцярожна ўставіў у яго нутро ўзрывальнік, канец шнура выпусціў цераз край.
    — Гарэць будзе пяцьдзесят секунд. Значыць, трэба падпаліць, метраў трыццаць не даязджаючы да моста.
    Мабыць, для лепшай дэтанацыі, ці што, ён дастаў з кішэні і гранату — жоўтае нямецкае «яечка» з рубчыкам — і таксама паклаў усярэдзіну. Пасля пад самае вечка напхаў у бітон аманіту.
    — Ну во, і гатова. На сярэдзіне моста з воза вэк і пугай па кані. Пакуль паліцаі апомняцца, ірване за мілую душу.
    — А хто павязе? — запытаў Сцёпка, сціпла стоячы побач з цікаўным, поўным таямнічае ўвагі Міцем.
    Брытвін нібы знарок не зразумеў пытання.
    — Як хто? — зыркнуў ён на Сцяпана строгімі вачмі. I раптам амаль закрычаў: — А ты яшчэ не пайшоў? Ану бягом, куды я сказаў! Паняў?
    — Я-то паняў.
    — Ну, і давай! I мы зараз едзем. A то, бач, сонца дзе. Сцёпка ямчэй паддаў на плячы аўтамат і зноў палез на адхон. Наверсе, перш чым схавацца ў лесе, ён азірнуўся. Між кустоўя ўнізе выглянуў напаследак зялёны лапік іхняй прагаліны з дзвюма плямамі ад вогнішчаў і накапанай зямлёй на краі. Тры невялічкія здалёку постаці тоўпіліся над блішчастым бітонам, таксама гатовыя неўзабаве пакінуць гэтае прыстанішча, каб, можа, ніколі больш не з’явіцца сюды. Адзін толькі небарака Маслакоў навек заставаўся ў гэтым рове, які так нечакана стаў для яго апошнім прытулкам на гэтай зямлі...
    15
    Дачакаўшыся за альховаю купкай, калі вартавы на мосце паверне ў другі канец, Сцёпка куляю матлянуўся за кустоўем і ўпаў ледзь не пад самаю крайняй чародкай маладога алешніку — за якіх сто крокаў ад насыпу.
    Некалькі хвілін ён цяжка, зморана соп, распластаўшыся на амаль голай тут, не зарослай яшчэ травою, чорнай зямлі, і ва ўсе вочы глядзеў на дарогу.
    Самае найгоршае, здаецца, мінула: ён падабраўся да моста, і, мабыць, яго не заўважылі. Праўда, за вярсту адсюль ён незнарок наткнуўся на нейкага дзядзьку ля рэчкі — па той бок, мабыць, была сцяжына: неспадзеўкі з-за хмызняку выткнуўся чалавек у шэрай суконнай паддзёўцы, з пугаўём у руцэ. Раздзеленыя нешырокай рачулкай, яны спаткаліся позіркамі, абое трохі схамянуліся ад нечаканасці, але Сцёпка хуценька і моўчкі праскочыў міма і схаваўся ў радкаватым прыбярэжным кустоўі. Чалавек таксама ні пра што не спытаўся, толькі зацяў у сабе здзіўленне, ці, можа, і спалох, і памалу пайшоў па беразе рачное крывуліны. Мабыць, трэба было б прасачыць за ім, ды не было калі — Сцёпка і так баяўся спазніцца з выхадам да моста і, як апантаны, імкнуўся наперад, хоць і адчуваў, што ў такой спешцы надта проста было дастукацца бяды. Пакуль жа, аднак, усё абышлося: яго не затрымалі, ззаду нікога не было відаць.
    Да моста адсюль было так блізка, што аж рабілася страшна. Ён ужо мог крамсануць па ім з аўтамата, хоць, вядома, цяпер лепш было мець вінтоўку: з яе куды зручней было зняць вартавога, які між тым лена сноўдаўся сюды-туды між парэнчаў. На сярэдзіне ненадоўга спыніўся, паглядзеў уніз, плюнуў і з блазенскай цікаўнасцю прасачыў, як плявок плюхнуўся ў ваду. На плячы ў паліцая вісеў нямецкі карабін, які ён раз-пораз папраўляў аберуч. Калі паліцай адварочваўся, Сцёпка бачыў яго вузкаватую спіну ў pecHaft чорнай куртцы і светлую стрыжаную патыліцу пад чорнай, з кантам пілоткай — быў ён гліставаты, малады — мабыць, не надта старэйшы за Сцёпку. Гэтага вартавога хлопец угледзеў яшчэ здалёк, з кустоўя, і падумаў спярша,
    што ён тут адзін. Але потым да алешнічку данеслася ціхая гамана на дарозе, аднойчы нават пачуўся лязгат рыдлёўкі аб камень ці жалезку: мабыць, у тым канцы моста акрай насыпу нешта капалі. Сцёпку адсюль не было відаць, колькі іх там, ён чуў толькі скупыя абрыўкі размовы, часам невысока па-над дарогай узлятала зямля. Праз нейкі час з-за насыпу на дарогу вылез распрануты да пояса паліцай у зялёных штанах і чорнай пілотцы. Ён недалёка пратупаў узбочынай, нагнуўшыся, нешта падняў з долу і зноў пайшоў сабе туды, дзе капалі.