• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    Але гэты хлапчук штось зацямніў у ім, штось непраясненае, толькі крышку адчутае панёс з сабою з жыцця, пакінуўшы Сцёпку пытанне: як жа так? Мо таму, што ён нават не быў партызанам, падпарадкаваным абавязку ці сіле загаду, сам па сваёй ахвоце пайшоў на тую сваю пагібель і прапаў. Але чаму тады тут муляе нешта ненатуральнае і крыўднае? Быццам несправядлівае нават?
    Калі Сцёпка таксама вылез з узлеску, тыя двое, пылячы раллёй, ужо беглі па ніўцы: у разоры Брытвін і ззаду, крокаў праз дзесяць ад яго, Даніла. Яны зноў не прычакалі хлопца, і ён проста не меў сілы дагнаць іх: схіл тут скончыўся, пачалася роўнядзь, бегчы стала цяжэй.
    Усё ж ён бег, горка дыхаючы разяўленым ротам. Аўтамат яго вісеў пад пахай, і ён прытрымліваў яго рукою, не даючы біць дыскам аб бок. I тады ўспомнілася, як некалі ўзімку бадай гэтаксама яны беглі ад чыгункі па снезе: наперадзе Сцяпан, за ім Маслакоў, а група прыкрыцця сядзела ў ельнічку — да апошняй хвіліны, чакала, пакуль іх двое не прайшлі паласу расцяробу. Яны ўдвух выконвалі самае цяжкае: закладвалі міну, тузалі «вуду», і астатнія шанавалі іх за рызыку, беручы пасля выбуху ўсё на сябе. Такі быў парадак, партызанскі звычай, які свята выконвалі ў атрадзе; і толькі калі двое выйшлі зпад агню, тады пабеглі ўсе разам. Гэтыя ж не маглі дачакацца нават у лесе. Балазе яшчэ ззаду не было даганятых, а то б ён даўно ўжо трапіў на іхнюю мушку.
    Сцёпка зусім ужо прыставаў, і чым меней у яго заставалася сілы, тым большая прыкрасць паднімалася ўнутры —
    нібы яго знарок хацеў хто пакрыўдзіць. Ён, аднак, ведаў, што не знарок, што сапраўды хутчэй трэба змывацца, але не мог зладзіць са сваёй злосцю і, раптам спыніўшыся, крыкнуў:
    — Стой вы!
    Яны азірнуліся, убавілі кроку і, дасягшы кустоўя, трохі недаўменна прыпыніліся, бокам пастаўшы да яго. Брытвін сцішана загаманіў, таксама не трымаючы злосці:
    — Давай хутчэй! Ну, што ты грабешся, як баба! Змораным крокам Сцёпка ўрэшце дагнаў іх. Ваўкавата тулячы позірк, хлопец, аднак, убачыў спатнелы твар Брытвіна, ажыўлены рызыкоўным азартам. Удачлівым, аднак, азартам.
    — He бачыў, не беглі? — запытаў Брытвін, калі ён падышоў бліжэй.
    Сцёпка знарок не адказаў — ён проста не мог размаўляць з імі і нават глянуць у іхнія вочы — яго даймала пытанне: «Дзе вы былі?» ён адчуваў сябе абдураным, бо амаль паверыў ужо ў Брытвіна, яго валявую рашучасць і ўмельства і нават схіляўся да таго, каб аддаць яму перавагу над Маслаковым.
    Нарэшце яны ўтрох разам ступілі ў негусты тут, дробненькі параснік. Бегчы па ім было лёгка, толькі шорхала пад нагамі прэлае лісце ды пахруствалі апалыя галінкі. Праз хвіліну Брытвін зноў азірнуўся на Сцёпку.
    — Кантузіла, ці што?
    — Нічога не кантузіла, — буркнуў хлопец.
    Няхутка бегучы, Брытвін трошкі затрымаў на ім свой прыдзірлівы позірк і шаснуў за куст. Выскачыўшы па той бок яго, загаманіў з задаволенай зухаватасцю ў тоне:
    — Здорава, га? Гахнула, што, мусіць, у Круглянах шыбы павыскоквалі!
    Даніла на бягу таксама павярнуў да яго свой касматы, з праставарадаснай ухмылкай твар.
    — Ну.
    — Парадак у танкавых вайсках!
    Яны радаваліся — што ж, было чаго. Сярод белага дня пад носам у немцаў рванулі мост — хіба не падстава для радасці? Асабліва Брытвіну, ды і Данілу таксама.
    Бег іх, аднак, пачаў выдыхацца, і неўзабаве Брытвін так-
    сама перайшоў на крок, тым болей што наперадзе пачыналася поўнае вады лясное балотца, якое трэба было абысці. Даніла цяпер не выбіраў дарогі — кіраваў наўпрост, абы далей ад Круглян, глыбей у лясную глуш. Так было заўжды: галоўнае — паспець, пакуль не позна, як мага адысціся ад таго месца, куды цяпер кінуцца паліцаі.
    Сцёпка даўно ўжо хацеў спыніцца, перавесці дыханне ды нешта зрабіць з ботамі, бо на кожным кроку чапляцца падэшвай аб дол стала пакутай. На правай назе да таго ж даўно ўжо балела пята — мабыць, нацёр да касці. Хлопец рашуча гэпнуўся ў дол, аберуч садраў бот, які ўжо зусім разваліўся, і, не ведаючы, як зладзіць з ім, са злосцю шпурнуў яго ў кустоўе. Потым тое ж самае зрабіў і з правым, шпурнуўшы яго ў другі бок. Сапрэлыя і дзіравыя анучы хлопец, устаўшы, раскідаў нагамі.
    Наперадзе з ягонай вінтоўкай на плячы недаўменна азірнуўся Даніла.
    — Гы! Што ты ўдумаў?
    Сцёпка закінуў за плячо аўтамат, босым нагам стала куды як вольна і нязвыкла сцюдзёна ў сырым, непрагрэтым доле, трава закалола ў падэшвы, але не бяда. «Даўно б так», — падумаў ён з невясёлай палёгкай.
    Даніла з Брытвіным, аднак, спыніліся. Барадаты партызан выглядаў яўна здзіўленым ягоным учынкам.
    — Ці ты здурнеў? Нашто кінуў?
    — Ідзі вазьмі!
    I Даніла сапраўды палез у хмызняк, адшукаў яго левы, цалейшы бот, з цікавасцю абмацаў падэшву.
    — Харошы ж бот. Хіба каб саюзкі новыя. Кідае, ха!
    — Ты навошта гэта? — пахмура павярнуўся да Сцёпкі і Брытвін.
    — Бо рваныя. He бачылі?
    Даніла, аднак, улез у балота і дастаў другі бот. Падэшва ў ім зусім адвальвалася і вісела, ашчэрыўшы рад паржавелых, густа набітых цвікоў.
    — Падрамантаваць каб, дык насіць можна.
    Ён па-гаспадарску склаў боты ў адно і пачаў падпіхваць іх халявамі пад дзягу. Сцёпка спадылба кідаў непрыязныя
    позіркі на яго ладныя маслакоўскія кірзачы і ватоўку, амаль новенькую, нават яшчэ не замусоленую. Нічога не скажаш: прыбраўся Даніла на гэтым заданні. Хоць і не забіў ніводнага немца. Каму ляжаць у зямлі, а каму пашэнціла нават і прыфранціцца: глядзі, які ладны, нібы дэсантнік. Хіба што штаны саматканыя.
    — Ану, зараз жа абуй боты. Ты што? — са строгасцю накінуўся на Сцёпку Брытвін, пэўна, ужо зусім адчуваючы сябе камандзірам. Гэты быў усё ў тым жа паношаным чырвонаармейскім шынялі без пятліц, расшпіленым на ўсе аплікі, на плячы трымаў сваю СВТ, з якое, мабыць, ні разу не стрэліў. Але Брытвін меў свой інтэрас.
    — Ты ж праз гадзіну заплачаш. Тады несці цябе?
    — He бойцеся! He панесяце. Яго заставіце. Брытвін, штосьці адчуўшы, падазрона ўгледзеўся ў хлопца, нешта прыкінуў, нібы ўслухаўся ў лесавы шум. Сцёпка падумаў, што справа скончана і зараз, мабыць, пачнецца звыклае ўжо яму і агорклае ўшчуванне, a то і пагрозы. Але Брытвін нібы адумаўся, толькі кальнуў яго напаследак злым позіркам і пайшоў па гушчары.
    17
    Добра-такі адышоўшыся па хмызняках ад Круглян, яны набрылі на сцяжыну ў мяшаным з альхой старым ельніку. Здаецца, тут недзе павінен быў пачынацца Грыневіцкі лес — знаёмая, бяспечная мясціна, іх партызанская парафія. Стала спакойней, пра даганятых ужо не думалі. У ельніку панаваў моцны, амаль спіртовы настой вогкай вясновай прэласці і смалы, вільготны імшарысты дол туліўся ў стракатай ад сонечных блікаў засені; лапчастае голле ялін, пагойдваючыся, звыкла шумела ўгары.
    Ледзьве прыкметная ў імшарыне сцяжынка вывела іх на старую, закінутую дзялянку з колісь нарыхтаваным, ды так і не вывезеным кругляком — акрай шырокай прагаліны прыткнулася некалькі доўгіх штабялёў аброслай мохам рудастойкі. Апрэлая кара разлезлася, у пацямнелых ад часу камлях жаўцелі выдзеўбаныя дзятламі ямкі.
    На дзялянцы прыпякала сонца, яны ўсе ўгрэліся, і Брытвін, які нёс перакінуты цераз плячо шынель, рашуча шмякнуў яго пад ногі.
    — Прывал!
    — Фу, цёпла! — згодна азваўся Даніла і, як быў, таўставаты і нязграбны ў расшпіленай ватоўцы, задам сунуўся ў засень пад штабелем. Брытвін спярша зняў дзягу, расшпіліў усе гузікі па гімнасцёрцы, потым плюхнуўся на шынель і, сапучы, сцягнуў боты.
    Сцёпка, памеркаваўшы, таксама прысеў пад штабель.
    — Далёка яшчэ топаць? — запытаў Брытвін.
    — He так каб далёка. Троху проіідзем да Ляхавіна, пасля ляснічаства мінуць, — пачаў прыкідваць Даніла.
    — Дык колькі кіламетраў? Пяць, дзесяць?
    — Кіламетраў? Каб не салгаць... He многа засталося. Брытвін асуджальна пакруціў галавой.
    — Ну і арыфметыка ў цябе! Многа, нямнога. Давай сумку ды перакусім.
    Даніла з падкрэсленай гатоўнасцю перакінуў цераз голаў скручаную почапку сумкі і найперш выцяг адтуль бутэльку з папяровай затычкай. Засцярожліва ўмацаваў яе на няроўным імшыстым доле між сабой і Брытвіным. Сцёпка стараўся не глядзець туды — рабіў выгляд, што даследуе палец на назе, сапраўды да крыві збіты аб корань. Есці яму перахацелася, болей дакучала смага, і ён думаў, што, адпачыўшы, трэбы пашукаць дзе ручай.
    — Ну, што ж, тады дзёрнем! — задаволена сказаў Брытвін.
    — Зарабілі,— ухмыльнуўся Даніла. — Ёсць за што. Брытвін варухнуў сумку.
    — А там жа і закусь была. Ану даставай, што нарыхтаваў паліцаеў сынок.
    Сцёпка аж скалануўся: так проста і будзённа было сказана гэта, нібы Міця ўсё жыццё быў яму ворагам. Хлопец недаўменна ўскінуў голаў, чакаючы нешта ўбачыць у выразе Брытвіна. Аднак на пругкім, кранутым свежаю шчэццю твары таго было толькі шчырае задавальненне ад прадчування хуткай яды з выпіўкай.
    Даніла дастаў самадзельны, змайстраваны з акоска но-
    жык і разгарнуў кужэльную анучку. Тоўстая скіба хлеба, адрэзаная ад сяродку бохана, кавалак мяса і чатыры фарбаваныя велікодныя яйкі прымусілі іх неўпрыцям праглынуць сліну. Яны ўжо не маглі адвесці вачэй ад вялікіх Данілавых рук, калі ён пачаў дзяліць харч: разрэзаў на тры кавалкі хлеб, мяса, расклаў яйкі, два з якіх былі патрушчаныя. Брытвін адной рукою ўзяў бутэльку, другой згроб сваю порцыю закусі.
    — Ну, а Тоўкач што — не згаладнеў?
    Сцёпка ваўкавата зірнуў на іх двух: словы Брытвіна прагучалі так, што стала зразумела: калі ён адмовіцца, яны бедаваць не будуць. Мусіць, менавіта з тае прычыны ён рашуча ўстаў і, нетаропка падышоўшы бліжэй, узяў астатнюю пайку — другая была ўжо ў руках у Данілы.
    Брытвін пажлукціў з бутэлькі, паморшчыўся.
    — Атрава! I як яе паліцаі п’юць?
    — А п’юць! I нічога. Пальзіцельна, кажуць, — жартоўна азваўся Даніла, пераймаючы бутэльку. Апошнім часам ён стаў гаваркі — не тое што ўчора, і Сцёпка падумаў: ад чаго б гэта? Даніла таксама выпіў. Можа, і не столькі, як Брытвін, але таксама нямала — ледзь не ўсю. Выцяг у руцэ і паглядзеў, ці многа засталося.
    — Ну, а табе не трэба. Малы яшчэ,— сказаў ён да Сцёпкі, нібы жартуючы, але і сапраўды бутэльку адставіў убок. Сцяпан перастаў жаваць.
    — Хто малы, а хто стары. Давай сюды!
    — Сап’ешся яшчэ. П’яніцам будзеш.
    — He тваё дзела. Дай бутэльку!
    — Гэта хай камандзіру,— раптам маслена заўсміхаўся Даніла. — Камандзір — ён галава. Глядзі, як усё ўладзіў!