Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
— Дык, кажуць, пабіліся? — пытаецца вартавы.
— Было, — няпэўна адказвае Даніла. Мяркуючы па яго настроі, расказваць, як і што адбылося ўчора, у яго няма ахвоты.
— На гэтай чортавай вайне ўсё бывае. Мабыць, ты, Барада, на закурку багаты?
— Дзе там! Ацяробкі сабраў.
— Дык бычка пакінеш. A то ўжо два дні не курыў — вушы апухлі... 3 такімі, як гэты Брытвін, лепей не заядацца. Ну іх. Што нам — болей за ўсіх трэба?
— Пэўне. Нашто проціў ветру рукамі махаць? — пагаджаецца Даніла, напусціўшы ў яму дыму.
Размова не клеіцца, вартавы чакае «бычка», і Даніла з прагнай асалодай дацягвае цыгарку.
— На, куры.
Кончыкамі пальцаў вартавы асцярожна бярэ з Данілавых кіпцяў акурак і адыходзіць — ягоны цень слізгае па
Данілавых ботах. Сцёпка выскрэбвае кацялок. Кулеш смачны, але малавата, з’еў бы і болей.
Ну, пад’еў?
Сцёпка маўчыць: што яму размаўляць з чалавекам, ад якога немаведама чаго чакаць.
— Брытвіну аперацыю рабіць будуць. Хацеў, каб цябе прывялі.
Яшчэ чаго не хапала! Навошта яму ісці да Брытвіна — сварыцца хіба? Але сварка ўжо скончана. Цяпер слова — начальству, яно ўсё і вырашыць. У ягоных руках лёс Сцёпкі Тоўкача.
— Доктар казаў, мала не пацэліў, — прадаўжае тым часам Даніла. — Яшчэ б трохі — і капец!
Чорт з ім! Гэтая навіна Сцёпку і не радуе, і не засмучае. Зусім ён не цэліў. Каб цэліў, дык доктар, мусіць, не спатрэбіўся б.
— I гэта самае...— Даніла чагось азіраецца, хоць побач нікога няма, і трошкі цішэйшым голасам гудзіць над ямай: — Казаў, на цябе не злуецца. Ну, выпілі, ведама... Калі па-добраму, дык можна дамовіцца.
Сцёпка паднімае голаў. Ён шчыра здзіўлены.
— Гэта як?
— А так, значыць. Сказаць, што незнарок. Выпадкам аўтамат стрэліў. А пра Міцю таго маўчок. Узарвалі, і ўсё.
— He ўжо! Пайшоў ён у адно месца.
— Гэта самае... Нядобра ты! — настойліва бурчыць Даніла.
— Пра сябе падумай. A то прыедзе камісар...
— Хай едзе!
Даніла зверху ўважліва, нібы нават не разумеючы, глядзіць у яму. Сцёпка ўстае і ставіць парожні кацялок ля яго ботаў.
— Хай едзе. Я не баюся!
Даніла круціць галавой, уздыхае. Увесь яго заклапочаны выгляд сведчыць, што ён не ўхваляе хлопца.
Неўзабаве ён пачынае ўставаць, абсыпаючы ў яму зямлю, потым падбірае кацялок, папраўляе на плячы зброю. I Сцёпка толькі цяпер бачыць у яго свой ППШ. Значыць, ужо і ўзброіўся. Сцёпка сядае на ранейшае месца. Нешта цвёрдае і надзіва ўпэўненае ўжо авалодала ім і не саступае.
— Нядобра ты ўдумаў. Шкадаваць будзеш.
— За мяне не бойся.
— Ды мне што... Ось толькі абяцалі адпачынак, трое сутак. А цяпер...
Ён не дагаворвае, заклапочана пазірае ўбок, мусіць, на вартавога паблізу, і Сцёпка здагадваецца, што ён мае на ўвазе. Цяпер, калі яны не дамовіліся, мусіць, адпачынак у Данілы лясне.
I правільна, што лясне.
«Адпачынак за што? Хто сапраўды заслужыў яго, тых ужо няма. А гэтаму за якія заслугі?» — думае Сцёпка. He, нічога ў іх з Брытвіным не выйдзе. Хопіць хітрыць і выязджаць на чужым гарбе. Сцёпка вінаваты, яго, вядома, пакараюць, але раней ён раскажа, як усё гэта адбылося, і назаве Міцю.
Камісар справядлівы, ён зразумее.
He можа таго быць, каб не зразумеў.
Хай едзе камісар!
1968
Дажыць да світання
і
— Усё. Спрачацца не будзем, стройце людзей! — сказаў Іваноўскі Дзюбіну і выйшаў з-за вугла пуні.
Даўганогі, худы і нязграбны ў сваім белым абвіслым маскхалаце старшына Дзюбін памкнуўся нешта сказаць, але змоўчаў; у снегавым змроку блізкае ночы было відаць, як незадаволена перасмыкнуўся яго цёмны ад сцюжы і ветру, заўчасна зморшчаны твар. Пасля кароценькай паўзы, якая засведчыла яго маўклівую нязгоду з лейтэнантам, старшына рэзка ступіў па ледзьве азначанай у снезе сцяжынцы да старанна прычыненых дзвярэй пуні. Цяпер ужо зачыняць іх не было патрэбы, шырокім размашыстым рухам Дзюбін адкінуў дзверы, і тыя коса загойдаліся на адной завесе.
— Пад’ём! Выхадзі строіцца!
Іваноўскі, стоячы побач, прыслухаўся. Нягучная размова ў пуні адразу заглухла, усё там сціхла, нібы загіпнатызаванае гэтай, па сутнасці, такой звычайнай армейскай камандай, якая цяпер азначала для ўсіх надта многае. Праз імгненне, аднак, усё там заварушылася, зашамацела, пачуліся галасы, і вось ужо нехта першы выйшаў з дзвярэй на чыстую вечаровую белізну снегу. «Півавараў»,— задумліва адзначыў сабе Іваноўскі, убачыўшы белую фігуру байца ў новенькім маскхалаце на фоне цёмнага бярвення сцяны. Аднак лейтэнант тут жа і забыўся пра яго, агорнуты ўласнымі клопатамі і слухаючы загадныя вокрыкі старшыны ў пуні.
— Хутка выходзь! I нічога не забываць: вяртацца не будзем! — глухавата даносіўся праз дзверы заклапочана-буркатлівы голас Дзюбіна.
Старшына відавочна злаваўся, так і не пагадзіўшыся з лейтэнантам, хоць амаль нічым і не выказваў гэтае сваёй нязгоды. Але хай! Злавацца сабе Дзюбін мог колькі хацеў, гэта яго асабістая справа, але пакуль тут камандуе ён, лейтэнант Іваноўскі, яму і рашаць. А ён ужо і рашыў — канчаткова і беспаваротна: пераходзіць перадавую будуць тут і цяпер, таму што колькі можна адкладваць! I так ён чакаў амаль шэсць сутак — было зусім блізка, якіх трыццаць кіламетраў, стала шэсцьдзесят — толькі што мераў па карце; на мясцовасці, вядома, набярэцца і болей. Праўда, у канцы лістапада ноч доўгая, але ўсё ж надта многа ўскладвалася на гэтую адну ноч, каб неразумна губляць такі дарагі цяпер для іх час.
Лейтэнант рашуча ўзяў прыслоненую да сцяны звязку лыж — сваю звязку — і адышоўся са сцежкі ў снег — на тры крокі наперадзе групы. Байцы таропка разбіралі лыжы, нацягвалі на галовы капюшоны; вецер з-за вугла злосна тузаў тонкую бязь маскіровачных халатаў і ляскаў па грудзях даўгімі канцамі завязак. Як Іваноўскі ні выкідваў усё лішняе, грузу набралася занадта, і ўсе дзевяць байцоў выглядалі цяпер нязграбна-няўклюднымі ў сваіх тоўстых ватоўках, абвешаных пад маскхалатамі рэчмяшкамі, гранатнымі сумкамі, падсумкамі і патранташамі. У дадатак да ўсяго яшчэ і лыжы, якія былі пакуль што грувасткім цяжарам, не больш. Але ўсё было неабходпа, а лыжы, якія здаваліся цяпер непатрэбнымі, вельмі спатрэбяцца потым, у нямецкім тыле,— на лыжы ў яго была ўся надзея. Гэта менавіта ён прапанаваў там, у штабе, паставіць групу на лыжы, і яго ідэю адразу і ахвотна адобрылі ўсе, ад флегматычнага начальніка аддзела разведкі да прыдзірлівага, строгага начальніка штаба.
Іншая справа, як яе выкарыстаць, гэтую ідэю.
Менавіта гэта болей за іншае турбавала цяпер лейтэнанта, пакуль ён маўкліва, са стоеным нецярпеннем чакаў пастраення групы. У снежным паўзмроку байцы разбіралі лыжы і, глуха пастукваючы імі, цесна месціліся на вузкай сцяжынцы. Як яны пакажуць сябе на лыжах? He было часу як след праверыць усіх на лыжні, набліжаліся да перадавой завідна, сагнуўшыся, прабіраліся ў кустоўі. 3 раніцы ён праседзеў
на НП камандзіра тутэйшага стралковага батальёна — назіраў за праціўнікам. Увесь дзень з нізкага хмарнага неба сыпаў рэдкі сняжок, пад вечар сняжок пагусцеў, і лейтэнант узрадаваўся. Ён ужо выгледзеў увесь маршрут пераходу, запомніў на ім кожную купіну, і тут пайшоў снег,— што можа быць лепш! Але як толькі пачало змяркацца, вецер павярнуў убок, снегапад стаў меншаць і амаль перастаў зусім, толькі рэдзенькія сняжынкі несліся ў сцюдзёным паветры, слепа натыкаючыся на патрэсканыя сцены пуні. Старшына прапанаваў пачакаць пару гадзін, можа, завея зноў разгуляецца. У завею яны б управіліся куды як лепш...
— А калі не разгуляецца? — рэзка перапытаў яго Іваноўскі — Тады што ж? Паўночы — кату пад хвост? Так, ці што?
Паўночы траціць не выпадала, увесь іх шлях быў разлічаны менавіта на поўную ноч. Зрэшты, старшыне нельга было адмовіць у разважлівасці — калі пераход сарвецца, не спатрэбіцца і самая поўная, самая доўгая ноч.
Правафланговым на сцежцы стаяў сяржант Лукашоў, з кадравых — плячысты маўклівы дзяцюк, сапраўдны працаўнік-пехацінец, памочнік камандзіра ўзвода, спецыяльна адкамандзіраваны з батальёна аховы штарма на гэта заданне. Ва ўсім яго абліччы, нетаропкіх і дакладных рухах было нешта ўпэўненае, дужае і надзейнае. Побач уладкоўваўся на сцяжыне таксама ўзяты з стралкоў баец Хакімаў. Хоць яшчэ і не было ніякай каманды, на смуглявым твары яго з цёмнымі бровамі ўжо з’явілася ўвага да камандзіра; вінтоўка ў адной руцэ, а лыжы ў другой роўненька стаялі ля ног. Поплеч з ім, папраўляючы сваю ношу ўзрыўчаткі, стаў баец Суднік, малады яшчэ хлопец-падрыўнік, рухавы і даволі спрытны на выгляд. Ён адзін з нямногіх сам папрасіўся ў групу, пасля таго як у яе быў залічаны ягоны саслужывец сапёр Шалудзяк, з якім яны разам займаліся абсталяваннем КП штарма. Іваноўскі не ведаў, які з Шалудзяка падрыўнік, але лыжнік з яго аказаўся няважны, гэта адчувалася ў самым пачатку. Мітуслівы і мешкаваты, гэты саракагадовы дзядзька, яшчэ не паспеўшы стаць у строй, ужо разваліў сваю звязку, лыжы і палкі раз’ехаліся канцамі ва ўсе бакі. Баец спахапіўся збіраць іх і ўпусціў у снег вінтоўку.
— He мог як трэба звязаць? — ступіў да яго Дзюбін,— Ану, дай сюды!
— Вы на лыжах як ходзіце? — адчуўшы нядобрае, запытаў Іваноўскі.
— Я? Ды так... Хадзіў некалі.
«Некалі!» — з раздражненнем падумаў лейтэнант. Чорт вазьмі, здаецца, падабралі групу. Зрэшты, яно і зразумела, трэба было самому ўсіх апытаць, пагутарыць з кожным паасобку, кожнага праверыць на лыжні. Але самому не было калі, сам два дні правалэндаўся ў штабе, у начальніка разведкі, пасля ў камандуючага артылерыяй, у палітаддзеле, у асобым аддзеле. Групу падбіралі іншыя, без яго. А вядома, як падбіраюць для некага.
Хутка цямнела, наступала сцюдзёная ноч, снегапад канчаткова пераставаў, і лейтэнант заспяшаўся. Дзюбін, здавалася, надта доўга пракорпаўся з лыжамі гэтага Шалудзяка, пакуль звязаў іх. Насупраць у цярплівым чаканні, азначаным на цёмных пад капюшонамі тварах, стаялі яго байцы. За Шалудзяком высіўся Краснакуцкі, мажны прыгажун у вастраверхім, як і ў Дзюбіна, шлеме-будзёнаўцы, побач застыў даўгашыі Кудравец і ля яго — непрыкметны маўклівы Заяц. Апошні на сцежцы стаяў, напэўна, самы малады тут, баец Півавараў. Лейтэнант недастаткова ведаў іх, тых, з кім неўзабаве прыйдзецца яму падзяліць славу або смерць, але выбару ў яго не было. Вядома, было б куды лепш адправіцца на такую справу з добра знаёмымі, выпрабаванымі ў баях хлопцамі, але дзе яны, тыя яго добра знаёмыя хлопцы? Цяпер цяжка ўжо і прыпомніць усе вёскі, магільнікі, усе ляскі і пагоркі, дзе ў брацкіх і адзіночных магілах пазаставаліся яны, яго батарэйцы. За пяць месяцаў вайны ўцалела няшмат, тыдзень назад з ім разам прабілася цераз лінію фронту ўсяго чацвёра. Двое прытым аказаліся абмарожаныя, аднаго паранілі пры пераходзе каля Аляксееўкі; да самага канца з ім аставаўся вычысліцель сяржант Варанок. Гэты Варанок вельмі спатрэбіўся б цяпер, але Іваноўскі не мог адшукаць яго. Вычысліцеля адправілі ў стралковы батальён на перадавую, адкуль, як вядома, не ўсе вяртаюцца...