• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    — Вера?!
    — Ну,— зморана сапучы, сказаў баец,— Там, на спіралі, ляжала. Зачапілася, ледзьве адчапілі.
    «Вот так яно і бывае,— пакаянна падумаў ён і аслабела выпрастаўся,— He хапіла настойлівасці ў час адправіць з
    батальёна, цяпер што ж — цяпер закапвай разам з усімі». Недзе ў сярэдзіне рада ляжаў з прастрэленай галавой Самохін, тут жа ляжала і Вера, яго франтавое каханне, нявенчаная і нераспісаная жонка ротнага. I з імі застанецца трэці, які так і не дажыў да свайго нараджэння.
    Глытнуўшы даўкі ў горле камяк, Валошын адышоў убок, пазіраючы, як байцы, трохі спачыўшы, зноў пайшлі ў змрок. Кожны раз ён чакаў і баяўся, што наступнага яны прынясуць Іванова. Але Іванова пакуль што не было. He было яго і ў варонцы, дзе яго ранкам пакінуў Валошын. Магчыма, камандзіра батарэі ўсё ж паспелі адправіць у тыл — пасля ранення яго ніхто тут не бачыў.
    Праз нейкі час байцы прынеслі кагосьці яшчэ, знялі падсумкі, шынель, вынялі з гімнасцёркі дакументы, якія перадалі Валошыну. Раскрыўшы новенькую, загорнутую ў газетку чырвонаармейскую кніжку, ён павёў па ёй слабаю плямкай з ліхтарыка і ўбачыў знаёмае: Гайнатулін. Вось і яшчэ аднаго не мінула нямецкая куля, падумаў капітан. He шмат жа давялося табе паспытаць гэтай вайны, Гайнатулін, хоць і паспытаў ты яе поўнай мерай. За адзін дзень перажыў усё, ад трусасці да геройства, а як ты загінуў, мабыць, ніхто і не бачыў.
    — Давайце апускаць,— нецярпліва падганяў Гутман і скокнуў у магілу.— Насіце, мы пераймаем.
    Утрох з капітанам байцы ўзяліся падцягваць забітых на ўскраек магілы і, падтрымліваючы іх за ногі, памалу падаваць Гутману. Той удвух з яшчэ адным байцом падхопліваў іх акрываўленыя, пашкуматаныя асколкамі, з перабітымі рукамі і нагамі целы і валок у другі канец ямы. Першага там паклалі лейтэнанта Круглова, пасля тых, каго яны павыцягвалі раней з траншэі. Сярод іх Валошын затрымаў на краі магілы тэлефаніста Чарнаручанку, разам з якім перажыў тры цяжкіх месяцы пад нямецкім абстрэлам, у ровіках, траншэях, зямлянках і прывык да гэтага нетаропкага, маўклівага байца, гаспадара іх бітончыка-групкі. Але вось і яго не будзе. Цела Чарнаручанкі ўжо закалянела ў згорбленай нязручнай паставе — скурчаныя рукі з пасечанымі ў лахманы рукавамі тырчалі лакцямі ў бакі, і калі капітан адну выпрастаў, яна зноў пругка сагнулася, займа-
    ючы ранейшы скорчаны стан. Твар тэлефаніста было пе пазнаць, так яго знявечыла разрывам гранаты, і Валошын ціха сказаў:
    — Хлопцы, перавязаць трэба.
    У некага знайшоўся перавязачны пакет, Гутман, стоячы ўнізе, хутка абкруціў бінтам галаву і твар забітага. Пасля яны апусцілі яго на дно.
    Яны заклалі там адзін рад і пачалі класці другі. Крайні ў гэтым радзе лёг лейтэнант Самохін, байцы неслі кагось наступнага, і Валошын раптам прыпамятаў:
    — Стойце! Давайце сюды санінструктара.
    — А што? Якая розніца? — запярэчыў змораны, у ватоўцы баец, якому, відаць, не хацелася ісці лішні раз па забітага.
    — Давай, давай! Там яна, недалёка...
    Яны паднялі з зямлі і паднеслі да ямы худзенькае, амаль дзіцячае цела малодшага сяржанта медслужбы Вераценнікавай. Гутман акуратна паклаў яе побач з Самохіным.
    — Хай ляжаць. Тут ужо нікога баяцца не будуць...
    «Тут ужо нікому нічога не страшна, ужо адбаяліся»,— падумаў Валошын, гаротна пазіраючы ў змрок ямы, дзе Гутман у цьмяным святле з ліхтарыка паправіў на Веры гімнасцёрку, склаў на грудзях яе заўжды залітыя ёдам рукі. Колькі людзей гэтыя рукі ўратавалі ад смерці, павыцягвалі з-пад агню, паўладкоўвалі ў выпадковыя палявыя сховішчы, перавязалі, дагледзелі... Але вось наступіла і яе чарга.
    Так адно за адным паклалі яны і другі рад. Апошні застаўся Гайнатулін, месца якому ў радзе ўжо не было, і яго ўціснулі ў вузкую шчыліну каля ног забітых.
    — А што? Чым кепска? — сказаў Гутман,— Асобна, затое як камандзір будзе.
    Ён выбраўся з ямы, у якую байцы ўзяліся дружна ссоўваць зямлю, быццам хацелі хутчэй скончыць з гэтай малапрыемнай работай. Валошыну было нязручна з яго балючай рукой, і ён выпрастаўся. Пахаванне канчалася, заставалася закапаць магілу і насыпаць земляны бугорчык, на які заўтра тылавікі паставяць драўляпую піраміду з фанернай зоркай наверсе. На гэтым абавязак жывых пе-
    рад мёртвымі можна будзе лічыць закончаным. Батальён, магчыма, прасунецца далей, калі будзе загад наступаць, атрымае новае папаўненне, з франтавога рэзерву прышлюць афіцэраў, і яшчэ менш застанецца тых, хто перажыў гэты пякельны бой і памятаў жывымі тых, хто тут закапаны. А пасля і тых не застанецца. Ранейшы будзе толькі нумар палка, нумары батальёнаў, і недзе, у далечы вайны, як дым, растане іх франтавы лёс.
    — Ну во і парадак! — абапіраючыся на гладкі тронак нямецкай рыдлёўкі, з выдыхам сказаў Гутман.— Можна курыць. Што не дароблена, заўтра ўдзень даробяць. Абібокаў у тыле хапае.
    Байцы заканчвалі падчышчаць зямлю ля магілы, выціралі спатнелыя лбы і моўчкі па адным адступаліся да бруствера ля траншэі. Валошын закурыў і перадаў свой партсігар Гутману, у якога ахвотна закурылі астатнія. Замест запалак у некага знайшлася «кацюша» — папырскаўшы сіняватымі іскрынкамі з крэменя, баец высек агонь, і ўсе па чарзе прыкурылі ад трута — абрыўка тасьмы з дзягі.
    — Думаў, сёння мяне закапаюць,— перапыніў усеагульную маўклівасць Гутман,— Ды во самому закапваць прыйшлося. Цуд, і толькі!
    — Як шыя? — запытаў капітан.
    — Шыя? Баліць, халера. Тыдні са два прыйдзецца пакантавацца ў санбаце. Даўно ўжо не быў, аж уздрадаваўся. A што — лішне не будзе, я чалавек не горды, як-небудзь вытрываю...
    Валошын не падтрымаў гаваркога ардынарца, а зморана сядзеў на брустверы, тупа адчуваючы, як у гэты злашчасны дзень нешта для яго скончылася. 3 нейкім вялікім кавалкам у яго жыцці адышло яго труднае камандзірскае мінулае і, мабыць, пачалося штось іншае. Сёння ён пабыў радавым байцом, і хоць і раней не далёка адступаўся ад яго, але тады была ўсё ж дыстанцыя. Сёння ж яе не стала, і ён поўнаю мерай адчуў неабдымнасць салдацкага ліха і заплаціў сваю крывавую плату за вяршок гэтай адбітай з боем зямлі.
    Байцы поруч дакурвалі, і ён адчуваў, што набліжаўся час уставаць і ісці. Толькі куды? Як і трое з іх, ён быў паранены
    і фармальна меў права ісці ў санроту, адкуль яго маглі на тыдзень-другі адправіць у медсанбат. Спакусліва было паваляцца дзе-небудзь у тылавой вясковай школцы, выспацца на саломе, адпачыць ад спрадвечных камандзірскіх клопатаў, атак і абстрэлаў, ад складаных адносін з начальствам. Але калі б там можна было забыцца пра ўсё перажытае, выкрэсліць з памяці тое, што і там будзе душыць, грызці і мучыць. Ён ведаў, што праз дзень-два тылавая вёсачка яму надакучыць і ён зноў пачне рвацца туды, дзе бой, кроў і смерць — ягоны франтавы лёс, апроч якога, яму нічога болей не будзе. Пакуль ён жывы і грыміць вайна, іншага, на бяду ці на шчасце, яму не дадзена.
    На душы ў капітана было тужліва і роспачна, як толькі і можа быць пасля пахавання. He ведаючы, на што наважыцца, ён знямогла сядзеў, каўняром паўшубка затуліўшыся ад ветру. Пакуль дыміла цыгарка, можна было бавіць час і рашаць, але, дакурыўшы, трэба было ўставаць і ісці. Уніз па схіле ў санчасць ці назад за вышыню ў батальён.
    — Стой, ціха! — раптам трапятнуўся Гутман і ўскочыў з бруствера. Баец, што сядзеў побач, схапіўся за карабін, але карабін не спатрэбіўся — Гутман узрадавана-сцішана крыкнуў, звяртаючыся да Валошына:
    — Глядзіце, глядзіце! Таварыш капітан, Джым!
    Валошын азірнуўся амаль спалохана — у начным прыцемку было відаць, як, матлянуўшы над чорнай траншэяй, на бруствер ускочыў іх дужы, імклівы, узрадаваны гэтай сустрэчай Джым. He звяртаючы ўвагі на незнаёмых, ён крута скокнуў угору на грудзі к Валошыну, ледзьве не паваліўшы яго на зямлю, затым заскуголіў ціхенька і радасна і шархоткім языком пругка лізнуў па бруднай шчацэ капітана, і Валошын не адхінуўся — сцяў на сваіх плячах яго дужыя сцюдзёныя лапы.
    — Джым!.. Ах ты, Джым!..— з горкай радасцю пагладзіў ён рухавую спіну сабакі, думаючы, аднак, пра іншае. Пасля ўсяго, што здарылася, радасць сустрэчы з Джымам нечакана аказалася сумнай, несапраўднай, заслоненай болем іншых, болей дарагіх страт.
    — Глядзіце, глядзіце — ён жа сарваўся! — Гутман тузануў
    на сабаку ашыйнік, з якога віснуў недаўгі канец адарванага рэменя,— Во жывёліна!
    — Жывёліна — не тое слова, Гутман,— сказаў Валошын, сядаючы побач з сабакам.
    — Ну не жывёліна, вядома. Сабака! Сабачка, але бы чалавек! Дзівосы!
    Валошын абмацаў свае кішэні, у якіх, аднак, апроч пяску і некалькіх пісталетных патронаў, нічога больш не было, і Джым, нахіліўшы галаву, з цікавасцю паназіраў за гэтым знаёмым для яго рухам.
    — Ах, Джым, Джым...
    Хутка, аднак, спакайнеючы ад першае радасці, Джым звыкла застрыг вушамі, засцярожліва азіраючыся па баках. Байцы адышліся на некалькі крокаў і задумліва пазіралі то на сабаку, то ў неба над вышынёй, у якім ад саўгаса ўсё несліся ўгору трасірныя кулямётныя чэргі і блукалі недалёкія водблескі нямецкіх ракет. Нямецкі кулямёт з-за вышыні выпусціў даўжэзную чаргу, частка яе куль, ударыўшыся ў зямлю, з віскам разляцелася ў бакі.
    — Так, Гутман! — сказаў Валошын сваім звыклым камандзірскім тонам.— Вядзіце параненых.
    — А вы што?
    — Я застаюся.
    — Да? — няпэўна перапытаў Гутман і моўчкі прыціх праз два крокі ад Валошына.
    — Пакуль застаюся.
    — Ну што ж. Тады да сустрэчы!
    — Да сустрэчы, Гутман,— устаючы, сказаў капітан,— Дзякуй за службу. I за дружбу.
    — Ды што... Няма за што, таварыш капітан. Дай бог, каб яшчэ сустрэцца,— патаптаўся на месцы Гутман і адвярнуўся.— Ну што? Шагам марш, славяне!
    Яны хутка пайшлі ўніз па перакапаным мінамі схіле, a ён, азірнуўшыся на прыцьмелы ў змроку магільны курганчык, пастаяў так хвіліну. Гэта была не першая закапаная ім магіла, але, як заўжды, яе выгляд выклікаў у ім тужлівае да слёз адчуванне, жалобу па тых, хто там заставаўся, і яшчэ болей — па сабе самім. Хоць, калі разабрацца, яму асабіста
    здорава пашанцавала сёння. Тым не менш камень благога прадчування ляжаў на яго душы. Нібыта разумеючы стан гаспадара, Джым праскуголіў, ціхенька і патрабавальна пацёрся аб ягоныя боты.
    — Што ж, пайшлі, Джым!
    Усё было вырашана — ён вяртаўся ў свой батальён. Няважна, што яго там чакала, не мела значэння, як яму будзе далей. Галоўнае — быць з тымі, з кім яго зраднілі франтавыя пакуты, з кім ён гінуў, уваскрасаў і як умеў рабіў сваю салдацкую справу. Ён быў упэўнены, што яму не сорамна будзе глядзець у вочы яго падначаленым, сумленне яго спакойнае. I калі ён для іх ужо не камбат, дык што гэта мяняе? Можа, ён яшчэ болей — ён іх таварыш. Для тых, хто выбіў немцаў з гэтай траншэі і хто застаўся ў свежай, толькі што закапанай магіле, дзе вельмі проста мог бы ляжаць і ён. Але воля выпадку распарадзілася інакш. У поўнай адпаведнасці са сваёй сляпой уладарнай сілай.