Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
— Куды вы б’яцё! — сарваным голасам крыкнуў новы камбат — Куды к д’яблу лупіце?
— Выручаю Кізевіча. Вунь пад самай вышынёй залёг.
— Што мне Кізевіч! — праз грукат раздражнёна закрычаў Маркін.— Мне гэтая вышыня трэба. Яе загадана ўзяць.
— He ўзяўшы тую, не возьмеш гэту! — таксама раздражняючыся, пракрычаў Валошын.
Па абодва бакі варонкі з аглушальным грымоццем пракаціліся тры выбухі, у небе завылі асколкі. Адзін з іх, нібы зубілам, звонка секануў па краі шчыта, пакінуўшы касы рваны шрам на метале. Зверху важка зашлёпалі камякі і густа пасыпалася зямля, не страсаючы якую, яны таропка ўзнялі голавы — яшчэ нехта ўваліўся ў варонку, за ім наступны,— аказалася, гэта быў Іваноў з тэлефаністам. Таксама плюючыся, камандзір батарэі працёр рукой вочы.
— Даюць, сволачы! Харашо, хоць варонак нарабілі. A то б хана!
— Некалі ў варонках сядзець,— сказаў Маркін,— Пара паднімацца. Сувязь з агнявой ёсць?
— Сувязь-то ёсць,— сказаў Іваноў,— Пакуль што. Ану, правер, Сыкуноў.
— Слухай,— павярнуўся да яго Валошын,— Кідані парачку па той вышыні. Глядзі, вунь Кізевіч ля самай траншэі ляжыць. Яму б самую маласць. Хоць для псіхікі.
— Хіба што парачку— сказаў Іваноў і дастаў з-за пазухі свой пакамечаны блакнот.— Ану, перадавай, Сыкуноў.
— Hi ў якім разе! — трапятнуўся Маркін,— Вы што? Кізевіч большай часткай адцягвае. Галоўнае для нас — гэтая вышыня!
— Яны ж там усе палягуць! — закрычаў Валошын.— Вы паглядзіце, куды яны падабраліся. I адысці ім нельга.
— Адыдуць! — спакойна сказаў Маркін,— Жыць захочуць — адыдуць. Справа няхітрая.
— Цяпер ім лягчэй наперад, чым назад.
— Давайце ўвесь агонь сюды, па траншэі! — жорстка запатрабаваў Маркін.— I батарэі і ДШК. Праз дзесяць хвілін я паднімаю сёмую з восьмай.
— А дзевятая? — рэзка запытаў Валошын і, зірнуўшы ў сцюдзёныя вочы свайго начштаба, не пазнаў іх — столькі ў іх было бязлітаснае рашучасці.
Ведама, гэта яго права — распараджацца прыдадзенай артылерыяй, маючы на ўвазе галоўную задачу, але ж Кізевіч ушчыльную наблізіўся да сваёй удачы або пагібелі. Па сутнасці ўвесь лёс дзевятай вырашаўся ў гэтыя кароткія секунды, як было не памагчы ёй?
— Два снарады ўсягопапрасіў Валошын, ледзьве стрымліваючы сябе, каб не ўзарвацца.— Два снарады!
— He! — адсек Маркін,— Адкрывайце агонь для сёмай!
Іваноў чужым голасам скамандаваў даварот ад рэпера і адвярнуўся з біноклем у руках, а Валошын на каленях кінуўся да кулямёта. Дрыготкімі рукамі ён зноў навёў яго на вяршыню «Малой». Напэўна, трэба было праверыць наводку, але ён ужо амаль што ў шаленстве націснуў на спуск, пасля яшчэ і яшчэ, пакуль пусты канец стужкі не выскачыў з прыёмніка.
3 супакоеным усведамленнем зробленага ён выглянуў зза кулямётнага кола: на вышыні за балотцам вецер здзьмуваў апошняе клочча пылу, і ён падумаў, што страляў недарма. Шэрыя, не спрытныя ўдалечыні постаці, якія варушыл-
іся на схіле, апынуліся ў якой-небудзь сотні метраў ад нямецкай траншэі. Але постаці не спяшаліся. Лаючы іх пра сябе за марудлівасць, ён са злосцю падумаў пра іх камандзіра Кізевіча, які, зрэшты, ніколі не вылучаўся спрытам, заўжды марудзіў і спазняўся. Але раптам ён згледзеў, як некалькі постацей матлянуліся на самай вышыні і там жа зніклі, напэўна, скочылі ў траншэю. Там, удалечыні, слаба бабахнула некалькі выбухаў гранат, дзьмухнула над траншэяй пылам, яшчэ нехта мільгануў чорным ценем на вяршыні задымленай вышыні, і ён узрадавана зразумеў: уварваліся! Цяпер для дзевятай усё будзе рашацца ў траншэі.
— Кізевіч уварваўся! — крыкнуў ён Маркіну і ўхапіў з-пад ног новую скрынку з патронамі.
Абыякавы да яго слоў, Маркін сядзеў на схіле варонкі, злосна ўставіўшыся ў тэлефаніста, які трывожлівым голасам выклікаў у трубку «Бярозу», і Валошын зразумеў, што сувязь з агнявой абарвалася. Канчаткова пераканаўшыся ў тым, тэлефаніст кінуў на апарат трубку і ледзь прыўзняўся, каб выскачыць з варонкі на лінію. Але не паспеў зрабіць і аднаго кроку, як войкнуў, схапіўся за грудзі і мякка асеў пад ногі Іванову.
— Сыкуноў, што? Куды цябе, Сыкуноў? — усхапіўся Іваноў, абедзвюма рукамі мацаючы сувязіста і спрабуючы расшпіліць непадаткія кручкі яго шыняля.
Але твар тэлефаніста хутка бялеў, павекі дзіўна затрэсліся, і ён слабым голасам выціснуў:
— Я ўсё... Забіты я...
Здаецца, сапраўды ён быў забіты, напаўзаплюшчаныя вочы яго спыніліся на нейкай далёкай кропцы, рука ўпала з грудзей, і Іваноў апусціў яго на дно варонкі.
— От чорт!
Побач ускочыў на калені Маркін.
— Мне трэба агонь! Агонь мне, капітан! Пасылайце гэтага! — кіўнуў ён на Гайнатуліна.— Эй, чуеш? Хутка на лінію, знайсці парыў!
Гайнатулін, няўцямна міргнуўшы вачмі, перавёў позірк на Валошына.
— Наўрад ці сумее,— сказаў Валошын.— Ён з новенькіх.
— А мне напляваць, з новенькіх ці са старанькіх. Мне патрэбна сувязь. У мяне атака зрываецца!..
Сувязь, вядома, патрэбна, падумаў Валошын, але ж нашто так нервова? Ён павярнуўся да Гайнатуліна, да якога ўжо прывык за гэтыя некалькі гадзін бою і заставацца без каторага цяпер не хацеў. На жаль, апроч яго, паслаць на лінію тут не было каго.
— Давай! — сказаў ён.— Паўзком, провад — у руку, звяжаш парыў — і назад. Зразумеў?
Баец нешта зразумеў, кіўнуў галавой і на чацвярэньках перапоўз цераз край варонкі. Перад вачмі Валошына мільганулі нестаптаныя, усеяныя цвікамі падэшвы ягоных чаравікаў, і баец назаўжды знік у полі.
Яны пачалі чакаць. Сувязіст ужо адышоў, на ягоным збялелым, з жаўцізной, твары хутка цвярдзела чужая, незнаёмая іншым грымаса. Іваноў з Маркіным адцягнулі ягонае цела са дна варонкі бліжэй да яе краю, дзе ён меней замінаў жывым і дзе ляжаў пасечаны асколкамі кулямётчык. Маркін вальней выцяг ногі і патрабавальна ўставіўся на Іванова, які нервова сціскаў у руцэ маўклівую трубку. Звычайна ўласцівая капітану вытрымка на гэты раз прыкметна пакідала яго, і было ад чаго. Хаця і раней сувязь з агнявой пазіцыяй ірвалася не рэдка і ў няздатны час, але момант, горшы за гэты, проста немагчыма было прыдумаць.
Валошын асцярожна зірнуў з варонкі — мінныя выбухі цяпер шкуматалі вышыню «Малую», адкуль немцы яўна рашылі выбіць роту Кізевіча. Тут жа па схілах, дзе распаўзліся і пахаваліся ў варонках рэшткі сёмай і восьмая, толькі сцябалі нізкія кулямётныя трасы. Валошын адамкнуў пустую патронную скрынку, каб замяніць яе поўнай, якая аказалася, аднак, дужа пакарэжаная выбухам. Каб не поркацца з ёй, ён выцягнуў з яе ўсю стужку і падраўняў патроны. Ён ужо паспеў прызвычаіцца да гэтага кулямёта і цяпер не без іроніі падумаў, што калі з яго не атрымаўся камбат, дык, можа, выйдзе хоць кулямётчык. Ва ўсякім выпадку, ён знайшоў у гэтым баі сваю справу і ўжо гатовы быў прымірыцца са сваім горкім лёсам. Што ж яшчэ яму заставалася?
— Алё, «Бяроза», алё! — раптам узрадавана закрычаў у
трубку Іваноў.— Гэта я. Сыкунова няма, забіты Сыкуноў. Слухайце каманды. Зараз перадаю каманды...
Валошын з палёгкай уздыхнуў і задаволена падумаў пра Гайнатуліна — малайчына, што не падвёў. Перажыве першы страх, прывыкне і будзе добры баец. Калі толькі асколак ці нямецкая куля прамінуць яго ў гэтай атацы, у якой ён патрэбны быў і Валошыну. Аднаму з цяжкім кулямётам яму не справіцца.
— Так. Але ж адсюль ні д’ябла не відаць! — выглянуў з варонкі Іваноў,— Трэба выпаўзаць.
— Выпаўзайце! — змрочна сказаў Маркін і выняў з кішэні трафейную, з белага металу ракетніцу.
— Асцярожна,— сказаў Іванову Валошын.— Яны тут кулямётамі ржышча стрыгуць.
Іваноў зматаў з пачатай катушкі даўгі канец провада і, схапіўшы за рэмень апарат, вываліўся з варонкі.
Абодва камбаты засталіся ў варонцы. Адносіны паміж імі былі прыкметна нацягненыя, размаўляць не хацелася, і Валошын сачыў, як пятляла-сучылася на скосе варонкі чырвоная нітка провада. Ён ведаў, што, пакуль яна варушылася, з Івановым было ўсё ў парадку.
— Вы з кулямётам застанецеся? — маючы на ўвазе хуткую атаку, запытаў Маркін.
— Я з кулямётам. Да, а вам вядома, што Самохін забіты?
— Ведаю. Сёмай пакуль камандуе Вера.
— Знайшлі камандзіра!
— А што? Дзеўка бядовая...
— Бядовая, ды цяжарная. Вы падумалі аб тым?
— Ну што ж, што цяжарная. Ніхто яе тут не трымаў. Сама засталася. Так што...
— Чорт бы вас узяў! — не стрымаўся Валошын, забыўшыся ў гэты момант, што гадзіну назад сам паслаў Веру наводзіць парадак у сёмай.
Але тады ён ужо страціў свае паўнамоцтвы адпраўляць яе ў тыл, тыя паўнамоцтвы, якія разам з іншымі перайшлі да Маркіна і якімі новы камбат распараджаўся па-свойму. I ўсё ж было прыкра, галоўным чынам ад усведамлення таго, што Веры ў батальёне не месца. Hi да, ні тым болей у часе
гэтай, з самага пачатку няладнай, атакі, якая, апроч яшчэ адной непатрэбнай смерці, нічога іншага ім не абяцала.
Прыгнуўшы галаву, Валошын сядзеў на скосе варонкі. Провад памалу варушыўся ля яго ботаў, ціха знікаючы ў полі. Значыць, Іваноў усё поўз, напэўна, яшчэ не бачыў траншэі. Але вось шырокая пятля провада замерла на краі варонкі, Валошын старанна выпраміў яе загіб, ды провад не варухнуўся. «Зараз скамандуе»,— падумаў Валошын. Аднак мінула хвіліна, другая, каманды ўсё не было чуваць. Маўчала і батарэя.
— Ну што ён там? — нецярпліва сказаў Маркін і выглянуў з варонкі.
Валошын таксама выглянуў, але Іванова нідзе не ўбачыў, напэўна той схаваўся за выпукласцю гэтага схілу. Высоўвацца ж далей не мела сэнсу. Яны яшчэ пачакалі, але провад болей не кратаўся, і гаўбічная батарэя ззаду працягвала маўчаць.
— Чорт ведае што! — губляючы трыванне, вылаяўся Маркін, і ў свядомасць Валошына ўдарыла трывога.
Як на бяду, ні ў варонцы, ні каля яе нідзе не было нікога. Счакаўшы трохі і не могучы адолець вострага непакою за сябра, Валошын падаўся па ягоным следзе з варонкі.
— Вы куды? — крыкнуў наўздагон Маркін.
— Я зараз...
Ён таропка папоўз уздоўж провада, які чырвонаю ніткай пралёг па схіле, і яшчэ зводдаль убачыў сябра — той нерухома ляжаў ніц на пакрэмсаным чэргамі ржэўніку, і ён падумаў, што, відаць, найгоршыя яго апасенні спраўдзіліся. Адсюль ужо відаць была вышыня і брустверны бугорчык бліжняга канца траншэі са ствалом нямецкага кулямёта на сошках. Кулямёт, зрэшты, пыхкаючы дымком, біў некуды ў фланг сёмай. Валошын падпоўз да Іванова і лёгка перакаціў на бок яго сухарлявае цела, зваліўшы з галавы на леташні ржэўнік яго скамечаную шапку; з вуснаў капітана споўз па шчацэ тонкі струменьчык крыві. Іваноў прастагнаў і кволым позіркам паглядзеў на Валошына.