• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    — Як прозвішча? — крыкнуў Валошын,— Прозвішча як?
    — Гайнатулін.
    — Гайнатулін, упярод! — кіўнуў галавой капітан,— Упярод марш!
    Ахоплены дробнай дрыжыкай, баец падняўся, і яны хутка пабеглі ў пашкуматаным хмызняку, па залітым граззю, пакарэжаным выбухамі лёдзе. Кулямёты з вышыні сыпалі кулямі па ўсім балоце, часам іх блізкія чэргі, б’ючы аб лёд, балюча сцябалі па твары ледзяной драбязой і пранізліва рыкашэцілі ў неба. У паднябессі рознагалоса вішчала і раўло, даносіліся незразумелыя крыкі, кожны раз заглушаныя магутнымі выбухамі мін. Падаючы і ўскокваючы, Валошын ужо выбягаў з хмызняку, калі спаткаў яшчэ трох байцоў, якія перабягалі паміж разрывамі ў тыл, і таксама завярнуў іх назад. Каля вялізнай, разварочанай у лёдзе і дрыгве варонкі на краі кустоўя тузаўся, спрабуючы ўстаць, адзін паранены, з яго расшкуматанага буйным асколкам нутра па шынялі і каленях лілася ручаямі цёмна-бурая кроў. Баец то ўскокваў на калені, заціскаючы рукамі жывот, то падаў, нешта намагаючыся сказаць.
    — Двум узяць! Хутка! Здаць на медпункт і назад!
    Байцы з яўным страхам на тварах падступіліся да параненага, а капітан з астатнімі двума выбег з кустоўя.
    Тут пачынаўся адкрыты ўчастак поля з прамерзлай травой балотца, далей не крута паднімаўся адхон, і агняна-трасірныя чэргі з вышыні густа мільгалі вакол, здавалася, ва ўсіх кірунках. Ужо не ўхіляючыся ад іх, Валошын прабег крокаў дзесяць і ўпаў, па жорсткай траве нядоўга прапоўз наперад, шукаючы позіркам каго-небудзь з камандзіраў сёмай. Але людзей тут было не шмат, напэўна, сёмая ўжо паспела схавацца ў кустоўі, некалькі чалавек, падобна, забітых, у ненатуральных паставах ляжалі на закіданай камякамі зямлі, палеглым іржышчы. Перачакаўшы серыю мінных разрываў, калі, здавалася, усё на свеце вось-вось абрынецца ў правалле, ён зноў узняў галаву і ўбачыў байца, які то заміраў ля самай зямлі, напэўна, чакаючы, калі скончацца блізкія выбухі, то, зноў ліхаманкава перабіраючы рукамі, поўз у яго бок.
    — Таварыш камбат!..
    Валошын угледзеўся ў спрэс шэры, прысыпаны пылам ягоны твар, на шапцы байца затрымалася некалькі камячкоў зямлі. Вочы яго. аднак. цвёрда і заклапочана зірнулі на капітана, і той разам пазнаў у ім кулямётчыка сёмай Дзянішчыка.
    — Таварыш капітан, бяда...
    — Што такое, Дзянішчык? Дзе кулямёт?
    — Ды во кулямёт разбіла.
    — Ты цэлы?
    — Пакуль што... А напарніка... I гэтага, камандзіра роты забіла,— цяжка дыхаючы, паведаміў Дзянішчык.
    Валошын з намаганнем пераадолеў раптоўную спазму ў горле і запытаў:
    — Многа... забітых?
    — Хапае. Вунь ляжаць. Ды што — кулямёты сякуць так...
    — Дзянішчык! — хутка адыходзячы ад яго весткі, сказаў капітан.— Паўзком у хмызняк і ўсіх — назад! Усіх назад, у ланцуг!
    — Добра, добра, камбат,— з гатоўнасцю падхапіўся баец,— Я зраблю...
    — Гайнатулін! — азірнуўся Валошын, і затрыманы ім баец лыпнуў вачмі,— Гайнатулін, за мной — упярод!
    Але не паспелі яны па-пластунску адолець і двух дзесяткаў крокаў, як ззаду з кустоўя зноў даляцеў крык, у якім пачулася нешта знаёмае, і капітан азірнуўся.
    Дзянішчык яшчэ не мог адпаўзці так далёка, туды, дзе з дробнага хмызнячку паўзком і прыгнуўшыся з’яўляліся ўцекачы сёмай роты. Хтось іх выганяў там на поле, яны азіраліся і, апынуўшыся на адкрытым, адразу ж падалі, пачынаючы неахвотна паўзці наперад. Неўзабаве, аднак, капітан убачыў і таго, чый голас ужо некалькі разоў занепакоіў яго — гэта была малодшы сяржант Вераценнікава.
    Валошын ціха, сам сабе вылаяўся — яшчэ тут яе не хапала. А ён думаў, што яна на світанні пайшла ў тыл. Выходзіць, на штосьці спадзеючыся, Самохін, пакуль быў жывы, хаваў яе ў роце. I дахаваўся. Зрэшты, з лейтэнантам ужо нічога не зробіш, але што зрабіць з ёй?
    Тым часам Вераценнікава таксама заўважыла тут Валошына і, штось злосна пракрычаўшы на байцоў, амаль не ўгінаючыся, краем кустоўя зморана скіравала да капітана.
    Рота, аднак, быццам бы затрымалася, уцекачы па адным вярталіся з балота і ўкладваліся на схіле ў няроўны крывулясты ланцуг. Трэба было падумаць, як наступаць далей — сёмая не мела права адставаць ад суседзяў справа. Азіраючы шырокі выпуклы схіл, над якім мільгалі зеленаватыя ў святле дня трасы, Валошын заўважыў у недалёкай варонцы скасабочаны край шчыта кулямёта і падумаў, што, пэўна, гэта і ёсць кулямёт Дзянішчыка. А можа, і не яго, а іншы, але пападанне было куды як трапнае, наўрад ці каму ўдалося там ацалець. Варонка ж была адзіным тут укрыццём, трэба было паспрабаваць дапаўзці да яе. Але спярша ён пачакаў Веру, якая, як толькі падбегла, бяссільна ўпала на дол:
    — Таварыш капітан! Таварыш капітан!!.
    Хвіліну яна рыдала, уткнуўшыся тварам у падкасаны рукаў шыняля, плечы яе скаланаліся, шапка спаўзла на патыліцу. Валошын нядобра маўчаў, цалкам падзяляючы яе няшчасце, але чым ён мог памагчы? Суцяшаць у такім становішчы было б з ягонага боку ханжаствам. Да таго ж ён не мог адолець у сабе злоснага пачуцця таго, што гэтае наравістае дзяўчо так і не выканала яго загад, самавольна застаўшыся ў батальёне і тым ускладніўшы сваё і без таго не простае тут становішча.
    — Так, хопіць! — строга сказаў капітан.— Хопіць! Слязьмі не паможаш. Дзе ён?
    — Я ж казала... Я ж так і ведала,— падняла непрыгожы, змакрэлы ад слёз твар Вера,— Ён жа ўсё рваўся, усё наперад і наперад. Я стрымлівала, не пушчала... А тут... вырваўся!
    — Дзе ён ляжыць?
    — Там, пад самай гэтай спіраллю. Ён жа наперад за ўсіх выскачыў, ну і...
    — Так, панятна! Давайце на левы фланг. Давайце ўсіх слабакоў упярод! Я паслаў Дзянішчыка, вы яму ў дапамогу.
    — Я іх затрымала,— сказала Вера, раптам супакойваючыся, і бруднымі пальцамі выцерла твар.— Я іх павыганяла з балота. A то кінулі ўсё, пабеглі...
    — Усіх сюды, у ланцуг! I чакаць сігналу ўпярод! Вера хутка папаўзла назад, у бок левага фланга роты, а ён зноў азірнуўся на Гайнатуліна.
    — Гайнатулін, за мной упярод!
    18
    Здавалася, яны цэлую вечнасць паўзлі па схіле да гэтай разварочанай выбухам варонкі, раз за разам заміраючы пад гарачымі струменямі куль, што праносіліся над іх галовамі, прыціскаючыся грудзямі да пакрэмзанага міннымі асколкамі долу, чакаючы, пакуль скончыцца грымотны абвал блізкіх выбухаў, задыхаючыся ад патокаў узнятага ў паветры пылу. Аднойчы Валошыну так сцебанула па твары зямлёй, што ён, абліваючыся слязьмі, хвіліну цёр забітыя пяском вочы, пакуль нарэшце пачаў нешта бачыць. Ён не азіраўся, але адчуваў, што Гайнатулін быццам паўзе, і час ад часу прыкрыкваў цераз плячо: «Гайнатулін, упярод! He бойся, Гайнатулін! Упярод!»
    Нарэшце, дабраўшыся да варонкі, ён пераваліўся цераз крайнія, бязладна наварочаныя выбухам глыбы і апынуўся ў яе выратавальнай зямной глыбіні. Тут ужо можна было ўздыхнуць. Рукі яго да лакцёў патанулі ў перамеленай выбухам і густа начыненай асколкамі зямлі, якою да плеч быў засыпаны баец-кулямётчык з акрываўленай разбітай патыліцай. Зямля ў дне варонкі густа змакрэла ад яго ліпкай крыві, ногі байца былі расшкуматаны выбухам, а адна рука ўсё яшчэ ўчэпіста трымалася за ручку паваленага набок ДШК з загнутай ударам сталёвай пласцінай шчыта. Валошын з натугай адарваў гэтую руку ад кулямёта і націснуў на спуск. Кулямёт, на яго здзіўленне, грымліва здрыгануўся, кароткай чаргой узбіўшы зямлю наперадзе, і канец доўгай, засыпанай пылам стужкі з патронамі ажывела варухнуўся ў варонцы.
    — Гайнатулін, сюды!
    Валошын, нібы выратаванню, узрадаваўся гэтаму кулямёту, клапотна здзьмухнуў з прыцэльнай рамкі пясок, выцяг з-пад камякоў усю стужку з паўсотняй жоўтых буйна-
    каліберных патронаў. Пасля, узяўшыся за кулямётныя ручкі, засцярожліва высунуўся з варонкі — трэба было вызначыць адлегласць і паставіць прыцэл.
    Але, на ягоны жаль, аказалася, што не відно траншэі — пакатая паверхня схілу хавала яе ад ягоных вачэй, зрэшты, як і яго ад немцаў таксама, інакш бы яму сюды не дабрацца. Гэта было кепска, тым больш што ён ужо паспадзяваўся на сваю ўдачу. Значыць, трэба было выбірацца з гэтай варонкі, што пад такім агнём было самазабойствам. Гайнатулін тым часам, мабыць, пераадолеў у сабе свой спалох, зрабіўся, з выгляду болей спакойны і адкапаў у варонцы яшчэ дзве скрынкі з патронамі. Боепрыпасаў прыбавілася, трэба было неадкладна адкрываць агонь.
    Валошын павёў позіркам па схіле ўправа, куды прыкметна аддаляліся выбухі і скіравала палова кулямётнага агню з вышыні — там, удалечыні за балотцам, у падножжа вышыні «Малой», варушыліся байцы дзевятай. Адсюль цяжка было зразумець, ці яны рыхтаваліся кінуцца на вышыню, ці штось у іх не атрымалася, і яны гатовы былі адысці за балота. Праўда, вышыня была далекавата нават для яго ДШК, але ён рашуча павярнуў кулямёт у яе бок.
    — Гайнатулін, рыхтуй каробку!
    Ён паставіў на рамцы прыцэл, роўны васьмістам метрам, старанна навёў па самай вяршыні з траншэяй і, замацаваўшы наводку, вялікімі пальцамі плаўна націснуў на спуск. Кулямёт дужа затросся ў руках (спатрэбілася немалая сіла, каб утрымаць яго на наводцы), і чарга з дзесятка буйнакаліберных дванаццаціміліметровых куль, візгнуўшы, пайшла за балотца. Здаецца, трапіла яна з недалётам. Валошын дадаў прыцэл і зноў старанна навёў па траншэі.
    На гэты раз ён выпусціў тры чаргі запар, вяршыня бугра закурылася ад разрыўных, і ён парадаваўся колішняму свайму захапленню кулямётнай стральбой. Праўда, тады ён страляў з «максімаў», што ўвогуле было прасцей. Затое ДШК — сіла, якую не зраўняеш з «максімкай». Толькі б хапіла патронаў.
    Часта падпраўляючы наводку, ён пачаў біць разрыўнымі па разлеглай наўкось ад яго вышыні, у фланг нямецкай
    траншэі, сам застаючыся ў адноснай ад яе бяспецы. У прамежках ён бачыў, як заварушыліся пад ёй шэрыя постаці байцоў, і ўзрадавана падумаў: мабыць, памог! Калі не празяваць момант і зараз жа выкарыстаць гэты агонь, дык, можа, і ўдасца зблізіцца для рукапашнай. На рукапашную цяпер была ўся надзея, іншых пераваг у іх не засталося.
    Дзевятая, аднак, усё бавіла час. Калі-нікалі мінныя выбухі ў балоце і на схіле зусім затулялі ад яго вышыню, і ён пераставаў бачыць, што там адбываецца. Але, калі было бачна, ён упарта націскаў на спуск, амаль фізічна адчуваючы, як ягоны агонь размятае земляны бруствер нямецкай траншэі. Самы момант быў атакаваць.
    Пасля шостай ці сёмай чаргі, калі ён ужо няблага прыстраляўся, ззаду раптам пачуўся шорхат, і нехта ўваліўся ў яго варонку. Валошын адарваўся ад кулямёта — сплёўваючы пясок, ля яго ног сядзеў увесь запылены і закапцелы, з разадранай палой паўшубка Маркін.