Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
— Дружа, куды цябе? — ліхаманкава абмацваючы яго, запытаў Валошын.
— Папала і мне,— прастагнаў Іваноў і раптам загрэбаў сябе рукамі.
— Баліць, га? Я перавяжу. Дзе баліць?
— Сувязь... Сувязь трэба...
— Чакай ты з сувяззю. Давай у варонку назад!
— Трэба перадаць на агнявую...
— Я перадам, ладна,— запэўніў Валошын і перакінуў ягоную руку сабе за шыю, каб цягнуць яго па схіле назад да варонкі.
— Перадаць паварот,— упарта паўтарыў Іваноў, бездапаможна закінуўшы галаву— Дай трубку!
Дрыготкімі рукамі, хвалюючыся і лаючыся, Валошын расшпіліў футарал апарата і выняў тэлефонную трубку. Іваноў прыўзняў аслабелую руку, у якую Валошын, адціснуўшы клапан, уклаў яго трубку.
— «Бяроза»...— ледзь чутна вымавіў камандзір батарэі.
— «Бяроза» слухае! — зараз жа бадзёра адгукнуўся ў трубцы,— «Бяроза» слухае, таварыш капітан.
— «Бяроза», я ранены. Даю паварот: рэпер нумар тры, правей ноль-сорак. Уравень болып ноль-ноль тры...
Лежачы побач, Валошын добра ўчуў у трубцы паўторы ягоных каманд, чаго сам Іваноў, здаецца, ужо не чуў. Камандзір батарэі ўвачавідкі іубляў свае сілы, і з імі, здавалася, знікала яго свядомасць. Ён маўчаў, трубка таксама замоўкла, амаль выпаўшы з яго рукі, пасля з яе загучала з трывогай:
— Што, можна агонь? Можна агонь, таварыш камбат?
— Агонь... Беглы агонь,— няслушнымі вуснамі прашаптаў камбат і сціх.
Спалохаўшыся, што на агнявой маглі не пачуць ягонай каманды, Валошын падхапіў трубку і гучна пракрычаў у яе:
— Усімі снарадамі агонь! Адкрывайце агонь! Вы чулі, камбат скамандаваў агонь!
Пасля ён сунуў трубку ў футарал і, закінуўшы руку Іванова сабе за шыю, павалок яго назад да варонкі. Ён яшчэ не дапоўз да яе, як зямля пад ім пругка здрыганулася, і чатыры гаўбічныя выбухі грымотна прагрукацелі на вышыні каля самай траншэі. Гэта было так блізка, што асколкі з фыркатным звонам пранесліся над яго галавой, і ён спалохаўся, як бы каторы з іх ненаўмысля не зачапіў Іванова. Але асколкі
іх абмінулі, ён зваліў сябра з плячэй на краі варонкі, пасля, ухапіўшы пад пахі, сцягнуў уніз. Маркіна тут ужо не было, на скосе адзінока стаяў кулямёт ды насупраць супакоена ляжалі двое забітых. Да іх ён паклаў параненага.
Іваноў чуўся кепска, здаецца, губляў прытомнасць, і Валошын, не паспеўшы аддыхацца, кінуўся яго перавязваць. Ён расшпіліў дзягу з лісталетам, расхінуў запэцканы ў крыві паўшубак, пад якім аказалася мокрая, ліпкая ад крыві гімнасцёрка, і Валошын зразумеў, што куля ўдарыла капітана ў грудзі. Гэта было горш, рану ў грудзях перавязаць не проста, асабліва ў такіх умовах, калі няма часу і пад рукамі ўсяго адзін індпакет. Баючыся, што вось-вось прагучыць каманда на атаку, ён туга абгарнуў бінтам індпакета паверх гімнасцёркі з вялікаю плямай крыві і захінуў паўшубак. Яму трэба было не празяваць пачатак атакі, у якой заўжды нямала спраў кулямётчыку.
Але, здаецца, пакуль ён завіхаўся з параненым, атака ўжо пачалася. Наперадзе ля траншэі яшчэ рванула некалькі выбухаў, закідаўшы схіл камякамі зямлі, і хтось там ужо мільгануў сярод дыму і пылу, на секунду прапаў, пасля мільгануў зноў. Страляць па траншэі было ўжо позна, і Валошын, падумаўшы, што спазніўся, выкаціў цяжкі ДШК з варонкі, пацягнуў яго ўгору. Зводдаль і ззаду беглі байцы восьмай роты.
Відаць, збянтэжаныя знянацкім напорам, немцы на хвіліну разгубіліся, нават спынілі мінамётны агонь па вышыні «Малой», пераносіць жа яго па атакуючых так блізка ад сваёй траншэі яны, відаць, не адважыліся. Сёмая з восьмай жыва скарысталі гэтую нядоўгую замінку і ўварваліся на вышыню, амаль дабегшы да самай траншэі. Але з траншэі ва ўпор ім ударылі кулямёты, і байцы адзін за адным пачалі падаць на дол.
Адчуўшы на бягу, як густа зафукалі каля яго кулі, Валошын таропка павярнуў кулямёт і таксама ўпаў, затуліўшыся за пагорбленым яго шчытом. Лежачы, ён сцягнуў з пляча цяжкую з патронамі стужку і ўбачыў лейтэнанта Круглова, які на чацвярэньках поўз да яго і крычаў:
— Таварыш капітан!.. Таварыш капітан, вунь бачыце?.. Вунь, зараза, з-за бруствера...
Ён ужо ўбачыў на брустверы кулямёт, кулямётчык якога, мабыць, таксама заўважыў іх збоку. Звернуты крыху ўбок яго ствол раптам крута вывернуўся і, здавалася, упёрся ў Валошына. He паспеўшы яшчэ прыўзняць ахоўнік, Валошын здрыгануўся, як ад апёку, аглушаны імклівым трэскатам скіраванай па ім кулямётнай чаргі. Аднак пагнуты, пакрэмзаны асколкамі шчыт ДШК яго ўратаваў, чарга сыпанула далей і ўзад, і ён, тузануўшы затвор, ударыў па кулямёту, зласліва адчуваючы, як ягоная разрыўная чарга змятае разам з рыхлай зямлёй усё, што было на брустверы. Калі ён расслабіў на спуску знямелыя ад намагання пальцы, кулямёта там ужо не было, толькі нешта пыльна шарэла нястрашным нежывым бугарком.
— Рота!..— ускочыў і хрыпата закрычаў Круглоў,— Рота, упярод!
Валошын расслаблена выдыхнуў пад казённік пасля кароткага напружання, якое, аднак, ушчэнт знясілела яго. Ён зірнуў убок і ўбачыў, як некалькі байцоў непадалёк ускочылі з долу і падаліся далей за камсоргам. Нехта, не шмат прабегшы, хутка ўпаў, але хтосьці ўжо ўскочыў на бруствер і тут жа знік, мабыць, саскочыў у траншэю.
Вялізнае напружанне, якое столькі часу валодала капітанам, разам апала ад адной радаснай думкі — нарэшце зачапіліся, і ён таксама падняўся, каб бегчы туды, да траншэі.
19
Ім пашанцавала. Паўтара дзесятка байцоў, што апынуліся на стыку сёмай і восьмай рот, уварваліся нарэшце ў траншэю.
Мокры ад поту, Валошын, цягнучы за сабой кулямёт, заўважыў, як зводдаль у траншэі мільганула некалькі нямецкіх касак, некалькі разоў падземным грукатам вухнулі ручныя гранаты, але, калі ён узбег на разварочаны нагамі і засыпаны гільзамі бруствер, у траншэі ўжо ўсё было скончана. Ён з палёгкаю скокнуў у свежую, з выразным земляным пахам траншэю, прыкідваючы, дзе б да часу прыткнуцца з грувасткім кулямётам, які неўзабаве, мабыць, трэба было
цягнуць далей. Але для таго ў вузкай траншэі яму патрэбна была дапамога. Азірнуўшыся, ён убачыў паблізу ў полі маладога байца ў новым шынялі і спыніўся, каб пачакаць яго, як аднекуль зверху, з не бачнай адсюль пазіцыі, гучна і грозна ўдарылі размераныя кулямётныя чэргі. Нізкія чырванаватыя трасы мільганулі наўкось па схіле, і баец, не дабегшы дзесятка метраў да бруствера, ткнуўся галавой у зямлю. Здаецца, яго зрэзала па самыя калені. У наступнае імгненне гэтыя трасы нізка пранесліся над галавой Валошына, той інстынктыўна прысеў, схапіўшыся за ручкі ДШК, але адсюль не было відаць за накапаным грабянём бруствера, адкуль біў гэты нямецкі буйнакаліберны. Біў, аднак, здорава — нізка па схіле ў фланг восьмай, некалькі чалавек якой, так і не дабегшы да траншэі, бездапаможна распласталіся на ржышчы. Іншыя пачалі таропка адпаўзаць пад выратавальную ахову ледзьве прыкметнага пагорачка ззаду. У той час зверху густа і прарэзліва завылі нямецкія міны, якія пыльнымі выбухамі ляглі ўпоперак па схіле, пасля па нізе вышыні, па балоце.
Валошын скаціў кулямёт ніжай, на броўку, упёр казённік у супрацьлеглую сценку траншэі. Ён зразумеў усё. Надзея на ўдачу не спраўдзілася, момант быў упушчаны, батальён аказаўся разрэзаны на тры часткі, бой ускладніўся, і цяпер з упэўненасцю вызначыць ягоны зыход было немагчыма. Ва ўсякім выпадку жменьцы байцоў, што ўварвалася ў траншэю, хутка будзе не соладка.
Стараючыся, аднак, захаваць вытрымку, ён апусціўся на дно траншэі і пад віск і грымоцце выбухаў згарнуў цыгарку. У ягоным болей чым азмрочаным з раніцы настроі настаў пералом, у гэтай безнадзейнасці ён нечакана знайшоў у сабе спакойную ўпэўненасць, амаль абнадзейнасць. Усё цяжка перажытае ім дагэтуль спакваля адсуунулася прэч, яго чакала штось новае, і ён адчуў, што самае галоўнае, мабыць, трэба яшчэ перажыць. I хоць ён не меў аніякіх ілюзій, ён быў упэўнены і спакойны. Ён уступіў у звыклую ролю салдата і не залежаў ужо ні ад Гунько, ні ад Маркіна, а толькі ад немцаў і сябе самога. Ягоны салдацкі лёс быў цалкам у ягоных руках.
Ён толькі раз зацягнуўся, як трохі вышэй у траншэі пачуліся незразумелыя крыкі і блізкая чарга з аўтамата секанула па брустверы. Было падобна на тое, што іх ужо спрабавалі адсюль выбіць і хтось там не ўтрымаўся. Але бегчы пад гэты агонь з траншэі, напэўна, азначала загінуць. Тузануўшы з кабуры пісталет, Валошын счакаў чвэрць хвіліны і, прыгнуўшыся, пабег па крывулястай траншэі. На другім ці на трэцім павароце ён наткнуўся ў дне на байца, што прысеў з прымкнёным да вінтоўкі штыхом і напружана ўзіраўся наперад, адкуль даносіўся крык і густа трашчалі аўтаматныя чэргі. Некалькі куль разбіла зямлю на брустверы, абдаўшы абодвух пяском і пылам.
— Што там? — запытаўся Валошын.
Баец паціснуў плячыма, трымаючы напагатове зброю, сам, аднак, не спяшаўся падацца назад, і Валошын крыкнуў яму:
— Давай назад да кулямёта.
Яны ледзьве разышліся ў цеснай траншэі, на дне якой ён з гідлівасцю пераступіў цераз труп немца ў расхінутым на грудзях шынялі, і на чарговым павароце ледзьве не трапіў пад знянацкую чаргу ўздоўж траншэі, паспеўшы, аднак, захінуцца за земляны выступ. Аднекуль спераду на яго наскочыў Круглоў.
— Што такое, лейтэнант?
— Дрэнь справа, камбат! Назад гоняць!
— Спакойна! — сказаў Валошын і заступіў траншэю перад байцом, які следам за камсоргам выскачыў зза павароткі. Па ягонай шчацэ цякла за каўнер кроў,— Спакойна. Ану гранаты! Гранатамі — агонь!
Баец штось усхвалявана крычаў, памінаючы нейкага Лёшку, і машыналыіа размазваў даланёй кроў па шчацэ. Падпарадкоўваючыся камандзе, ён сарваў з брызентавай дзягі гранату і з лаянкай шпурнуў яе далей у траншэю. Калі яна разарвалася за паваротам, абдаўшы іх смуродам і пылам, спераду з-за калена выскачыла яшчэ двое, і ў тым, што быў без шыняля, у непадпяразанай гімнасцёрцы, Валошын раптам пазнаў Чарнаручанку.
— Чарнаручанка, ты што? Дзе Маркін?
Чарнаручанка матлянуў па ім недаўменным позіркам.
— Тамкінуў ён, падхапіў вінтоўку і стрэліў два разы па траншэі.
Туды ж ударыў з пісталета Круглоў.
— Так. Адсюль ні кроку! — пачынаючы адчуваць заблытаныя акалічнасці бою, сказаў Валошын,— Адсюль ні з месца. Зразумела?
— Так точна, таварыш камбат,— сказаў Чарнаручанка і перазарадзіў вінтоўку.
Іх сабралася за каленам траншэі чалавек пяць, аднекуль спераду напіралі немцы, густа абсыпаючы бруствер і павароты траншэі аўтаматнымі чэргамі, а яны адстрэльваліся і час ад часу кідалі туды гранаты. Немцы таксама шпурлялі гранаты, дзве з якіх разарваліся, на шчасце, за брустверам, адну Чарнаручанка ўхапіў за доўгую ручку і адкінуў назад. Было зразумела, што з ходу выбіць немцаў з гэтай траншэі ў іх не хапіла сілы, і цяпер іх саміх як бы не выгналі ў поле. Гэта ўжо было горш, тым болей што дапамагчы ім тут не было каму.