Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
ім не патрэбны. Ён раптам стаў не патрэбны камандзіру палка, батальёнам цяпер камандаваў іншы. Ну і няхай! — хацелася яму суцешыць сябе, тут яму горш не будзе. Якнебудзь ён перапакутуе да канца бою, а там будзе відаць. Яшчэ ён паглядзіць, як яны абыдуцца без яго, наўрад ці гэтая змена камбата паможа атацы, ён амаль быў упэўнены, што не. Камандзіру палка ды і Маркіну яшчэ давядзецца адчуць, што такое гэтая атака. Так ім і трэба. Але — батальён! Як Валошын ні супакойваў сябе, ён не мог прымірыцца з тым, што ў бліжэйшы час чакала яго батальён. Як было яму абыякава глядзець на яго ў руках тых, для каго ён — не болей чым некалькі дзесяткаў людзей, якіх столькі ўжо перабыло ў батальёне і перабудзе яшчэ.
Седзячы на зляжалай саломе ў падземнай цішыні бліндажа, ён не мог ды і не стараўся перамагчы ў сабе накіпелы свой гнеў супраць камандзіра палка. Злавацца на маёра Гунько даводзілася яму не ўпершыню, але ніколі раней ён не быў такі бездапаможны, пазбаўлены ўсякай рэальнай магчымасці, сапраўды ад усяго адхілены, як сёння. Камандзір палка нават не назначыў яго камандзірам роты, a проста выставіў з батальёна, як абсалютную для яго непатрэбнасць. Зжыўшыся за гады службы з турботным пачуццём камандзірскай адказнасці і цяпер раптам пазбаўлены яе, Валошын амаль разгубіўся. Ды і што мог ён зрабіць? Ен не мог нават каму-небудзь паскардзіцца, бо скардзіцца на строгасць начальніка ў арміі забаранялася. Ён мог толькі чакаць, калі батальён возьме вышыню ці ўвесь застанецца на яе мёрзлых схілах. Але ў абодвух Выпадках радасці яму будзе не шмат.
Дзесь у глыбі яго падсвядомасці з’явілася ціхенькае, але ўпартае жаданне: хай не выйдзе і ў Маркіна, хай і ў яго атака не ўдасца. На самай справе, не ўдалася яму, чаму яна павінна ўдацца ў яго падначаленага, які ва ўсіх сваіх камандзірскіх якасцях уступаў Валошыну. Хіба што настойлівасці ў выкананні загаду ў начштаба будзе больш, усё ж ён у гэтым батальёне чалавек новы — месяц як прыбыў з франтавога рэзерву. Валошын адчуваў, што Маркін у сваім увогуле зразумелым для яго старанні выканаць задачу над-
та ашчаджаць батальён не будзе і за некалькі гадзін можа пакласці ўсіх.
Што тады скажа Гунько? Як ён тады аднясецца да гэтага старання?
Але, відаць, гэта ўжо будзе не ягоны клопат, ягоныя адносіны з маёрам Гунько, мабыць, ужо ўсе скончыліся. Што ж, таго і трэба было чакаць, гэта канец лагічны. Цяпер нават цяжка было прыпамятаць, з чаго ўсё пачалося. Напэўна, з нейкіх прыкрых драбніц, а можа, і не з драбніц наватпроста яны былі надта розныя людзі, каб доўгі час суіснаваць у згодзе. Прывыкшы да пэўнай самастойнасці, якую даваў яму ранейшы камандзір палка, Валошын не мог прымірыцца з прыдзірлівым апякунствам маёра і ў многім працягваў рабіць па-свойму і незалежна, і тады аказалася, што новы камандзір палка не церпіць ніякай незалежнасці. Іншы на яго месцы, магчыма, даў бы некаторую паслабку камандзіру лепшага з сваіх батальёнаў, але Гунько даваць паслабкі не стаў і ўсёй уладай старэйшага начальніка абрушыўся на камбата-тры. Тое, што здарылася сёння, даволі наспела за месяц іх непрыязных адносін.
Аднак прымірыцца з гэтым Валошыну было не лёгка, асабліва калі ён не адчуваў сябе вінаватым і ва ўсім вінаваціў камандзіра палка. Толькі ён не мог не разумець, што ў арміі заўжды застаецца правы старэйшы начальнік. Але чорт з ім, з гэтым начальнікам, падумаў Валошын, хіба ён ваяваў для Гунько? Або быў у яго на службе? Таксама як і камандзір палка, ён служыў Радзіме і, як умеў, стараўся дзеля агульнае справы перамогі. У гэтым сэнсе абодва яны былі роўныя. Несправядлівасць камандзіра палка была не болей за несправядлівасць маёра Гунько. Але, апроч таго, была вялікая армія, Радзіма, быў яго абавязак перад народам, людзьмі, нарэшце, перад яго батальёнам, які ён выхаваў, навучыў і дзякуючы якому стаў тым, кім ён быў дагэтуль. Думаючы так, Валошын адчуваў, што гэта былі простыя і абсалютна правільныя яго думкі, і ён проста ўзрадаваўся ім, калі б толькі яны суцяшалі. На жаль, суцяшэння ад іх было мала — па-ранейшаму грызла пачуццё несправядлівасці і было амаль па-дзіцячы крыўдна.
Раптам здорава грымнула ў баку саўгаса, залпам ударыла артылерыя, зямля пад спіной здрыганулася, пасыпаўся пясок у куце бліндажа. Валошын зірнуў на гадзіннік, было роўна дзесяць, мабыць, пачалі артпадрыхтоўку першы і другі батальёны. Вось-вось павінны былі ўстаць ягоныя роты. Што на гэты раз чакае іх за балотам?
Артылерыйская кананада тым часам ператварылася ў суцэльны аддалены грукат, у якім гучна трэснулі знаёмыя разрывы брызантных. Напэўна, тая нямецкая батарэя, што ўсю раніцу нішчыла яго батальён, зманеўравала траекторыямі і перанесла агонь на другі фланг палка. Цяпер там не салодка, але для ягонага батальёна ў гэтым можа быць паратунак, падумаў Валошын. Калі, не марудзячы, выкарыстаць гэты перанос, падняць людзей і — рыўком цераз балота, на вышыню? Але чаму так марудзіць Маркін?
Маркін, аднак, не марудзіў, проста Валошын не пачуў сігнальнага стрэлу з ракетніцы, да яго данеслася толькі некалькі прыглушаных каманд у ланцугу восьмай роты, якіх, зрэшты, было даволі, каб зразумець, што батальён падняўся. На гэты раз без артпадрыхтоўкі, нават без кароткага агнявога налёту. Група ўпраўлення камбата выбегла з траншэі адначасна з ротамі, Іваноў з тэлефаністам таропка сабралі сваё начынне і таксама пабеглі следам за ўсімі. У бліндажы і паблізу зрабілася ціха, і Валошын зацяў дыханне.
Яму не было патрэбы сачыць за перабежкамі рот да знаёмай ужо вышыні, ён з заплюшчанымі вачмі мог сабе ўявіць усё, што адбывалася на яе схілах і ў балоце. Напружана слухаючы аддалены раскацісты грукат, ён чакаў першых стрэлаў па батальёну, больш за ўсё баючыся брызантных. Зрэшты, цяпер тут, напэўна, будзе штось іншае.
Хвілін пяць немцы маўчалі, можа, не прыкмячаючы рыўка батальёна, а можа, наўмысна рашылі падпусціць яго бліжэй для кароткага кінжальнага ўдару ў лоб, і гэтыя хвіліны, як заўжды, былі самыя напружана пакутныя. Стомлены чаканнем, Валошын трохі адышоў ад тужлівых асабістых перажыванняў, імкнучыся ў думках туды, следам за ротамі. Ён ведаў, чакаць засталося нядоўга, восьмая ўжо, напэўна, адолела балота і выйшла да ўзмежка, значыць, вось-
вось павінна было адтуль грымнуць. Павінна пачацца самае важнае, ад чаго будзе залежыць усё астатняе.
Як ён ні чакаў гэтых першых стрэлаў адтуль, грымнулі яны знянацку, і ён аж здрыгануўся, пачуўшы ў суцэльным аддаленым грукаце выразны здвоены залп. Мінныя выбухі раскаціліся дзесь паблізу, земляная падлога бліндажа хіснулася, вялікі мерзлы камяк з бруствера ўпаў на дно і разбіўся.
У той час раскаціста заліліся кулямёты.
He скрануўшыся з месца, ён знерухомеў на ўтаптанай саломе, імкнучыся па гуках вызначыць хаду бою. Але кулямёты страчылі на ўсёй вышыні, яшчэ колькі разоў раскаціста грымнула, напэўна, у балоце. Агонь мацнеў, стралкам станавілася ўсё горш, і цяпер павінна была сказаць сваё слова артылерыя: варожую батарэю трэба было як мага хутчэй засеч і падавіць. Але чым было падавіць? Тым дзесяткам снарадаў, якія збярог Іваноў?
Нямецкія мінамётчыкі з цягам часу перайшлі на беглы агонь, і цяжкія міны з працяглым жудасным віскам абрынуліся з-за вышыні. Ірваліся яны трохі далей ад зыходнага рубяжа батальёна, напэўна, па той бок балота, значыць, роты паспелі ўжо пераадолець хмызняк. Але на схілах ім будзе горш. Усё будзе рашацца на схілах.
Сцяўшыся ў бліндажы, ён пільна ўслухоўваўся ў ашалелае грымоцце бою і думаў, што неўзабаве павінен наступіць пералом у той або іншы бок. Так доўга працягвацца не можа. Кулямёты ДШК, якія нядаўна адкрылі агонь, чамусьці ўсе разам замоўклі, і ў гэтым быў першы нядобры знак; батарэя Іванова, здаецца, наогул ні разу не стрэліла. I раптам у кароценькай паўзе паміж выбухамі ён пачуў крыкі. Ён ужо ведаў, што так можа крычаць камандзір, калі, апроч голасу, у яго няма іншых сродкаў уздзейнічаць на падначаленых. I ён зразумеў, што там сталася ліха. He ў стане далей стрываць трывогу, ён выскачыў з бліндажа.
На левым фланіу батальёна, дзе наступала сёмая, яўна парушыўся баявы парадак, і частка байцоў, бязладна бегучы па схіле, кіравала назад, у балота. Некаторыя з іх ужо дабеглі да краю кустоўя і знікалі ў ім, накіроўваючыся да
выратавальных сваіх акопчыкаў, а на шляху іхняга адыходу ў балоце магутна грохалі чорныя фантаны выбухаў. Восьмая, здаецца, ужо ўся перайшла цераз балота і залегла пад знаёмым узмежкам, дзевятая справа, пасоўваючыся ў рэдкім кустоўі, быццам бы спрабавала яшчэ наступаць. Валошын не ведаў, дзе знаходзіцца Маркін, але, зразумеўшы, што батальёну кепска, краем балота кінуўся насустрач сёмай.
Ён не думаў тады, што права на ўмяшанне ў ход бою ў яго ўжо не было, што наогул усё, што тут адбывалася, яго не датычыла, але ён адчуў востра, што калі батальён зблытае баявы парадак, дык гэта абернецца для яго разгромам. I ён, трошкі ўгінаючыся, бег праз хмызняк пад раскацістыя выбухі мін, раз за разам слізгаючы па разбітым, спрэс у варонках лёдзе. Аднойчы яго збіла з ног недалёкім выбухам, і, падаючы, ён балюча выцяўся каленам аб лёд. Пасля ён ускочыў, ледзьве не сутыкнуўшыся з байцом, які ў перакошанай на галаве новенькай касцы імчаўся насустрач, і Валошына непрыемна ўразіў выгляд байца, ніжняя сківіца якога адвісла, акругліўшы рот, смуглявы твар памярцвеў у сваёй ненатуральнай адзеравянеласці. Валошыну спярша здалося, што баец паранены, але, згледзеўшы, як гой спрытна матлянуўся ў хмызняк пад новы віск мін, капітан зразумеў, што гэта ад страху. Тады ён спыніўся і нягучна, але ўладарна скамандаваў:
— Ану, стой! Стой!
Побач грымнуў чарговы выбух, абодвух абдало хлюпкай балотнай граззю, Валошын упаў, распластаўся за кустом і баец. Але не паспела апасці ўзнятая ў паветры дробная крошанка лёду, як баец падхапіўся і з зайздросным спрытам кінуўся прэч. Капітан выхапіў пісталет.
— Стой! Назад!
Ён стрэліў запар два разы над яго галавой, баец прысеў, жаласна, з нявыказанай тугой у вачах азірнуўся.
— Назад! — крыкнуў Валошын і махнуў у бок вышыні пісталетам,— Назад! — I зноў стрэліў паверх галавы байца.
He адразу, з відавочным намаганнем адольваючы свой спалох, прыгнуўшыся на тонкіх у абмотках нагах, баец падбег да капітана і ўпаў на лёд.