Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
У невясёла-раздумнай маўклівасці Валошын стаяў, прысланіўшыся да тыльнай сцяны траншэі. Тым часам Гутман з двума байцамі вынеслі з балота цела Муратава. Зышоўшы са слізкага лёду, яны, можа, ад стомы ці не ведаючы, куды скіраваць далей, нерашуча паклалі яго на траву, але Гутман тут жа пачаў падганяць іх, і байцы зноў узяліся за рагі палаткі. 3 натугай узлезшы на ўзмежак, яны паклалі забітага каля ўвахода ў траншэю, і ў камбата на хвіліну перацяла ў горле, калі ён прыпамятаў іх начную размову аб гадзінніку. Вось яна, забабоннасць! Зрэшты, хіба ён адзін? У тых многіх,
што асталіся пад вышынёй, наўрад ці былі хоць якія-небудзь гадзіннікі. Ды і асаблівыя прадчуванні таксама.
— Накрыйце лейтэнанта! — крыкнуў ён Гутману— Палаткай накрыйце.
Побач роспачна вылаяўся Іваноў, які наогул ніколі не лаяўся.
Бой, аднак, памалу сціхаў, нямецкая батарэя збавіла тэмп, падобна было, збіралася зусім спыніць агонь, па адным змаўкалі і кулямёты. Валошын працягваў паныла маўчаць, уяўляючы сабе, як нямецкія кулямётчыкі на вышыні разраджаюць цяпер перагрэтыя свае «машынан-гевэры», мяняюць гарачыя ствалы, закурваюць і выхваляюцца адзін перад адным, як яны спрытна адбілі атаку рускіх. Што ж, яны перамаглі, і хоць камбат не адчуваў сябе пераможаным, настрой яго быў болей чым кепскі. Чакаючы, пакуль Чарнаручанка наладзіць сувязь, ён пазіраў на вышыню і хмызняк, з якога ўсё яшчэ валакліся адставакі і параненыя. Апошнімі выйшлі два байцы, адзін аслабела абапіраўся на плячо другога. Яны брылі быццам сляпыя, абыякава глухія да стрэлаў ззаду, аб чымсьці скупа перагаворваліся між сабой. Пасля той, што быў паранены, адчапіўся ад пляча таварыша і знямогла апусціўся на дол, другі пачаў тузаць яго, прымушаючы падняцца, і, павярнуўшы твар, тонкім голасам пракрычаў да ўзмежка:
— Таварыш камроты! Санітара!
Валошын зірнуў у кірунку ягонага позірку і ўбачыў лейтэнанта Самохіна, які рашуча крочыў уздоўж акопчыкаў сваёй роты.
— Ану, памагні ім! — крыкнуў ён там камусьці і грузна ўваліўся ў траншэю, ледзьве не збіўшы з ног Чарнаручанку.
— Што ж гэта атрымліваецца, таварыш капітан?
Валошын пахмурна зірнуў у поўныя злоснага адчаю вочы ротнага. Галава таго пад коса насунутай вушанкай была свежазабінтавана, і скрозь марлю бінта праступіла і распаўзлася свежая пляма крыві. Лейтэнант хваравіта дакрануўся да павязкі бруднай рукой, і твар ягоны скрывіўся ў пакутнай грымасе.
— Што, здорава? — кіўнуў камбат.
— Мяне ерунда! — махнуў рукой лейтэнант,— А вось паўроты нібы карова языком злізала. Апошняга сяржанта ўхлопалі. Грак ранены ў абедзве нагі. Як жа так, таварыш камбат? Гэта ж безабразія. I гэта артылерыя, чорт бы яе задраў. Яе б саму ў ланцуг, хай ба папоўзала пад іх кулямі.
— Артылерыя ні пры чым,— змрочна сказаў Валошын,— Артылерыі снарады патрэбны.
— Тады не было чаго і пачынаць гэтае смертазабойства! — загарачыўся Самохін,— Трэба было сядзець, пакуль не падвязуць снарады. А так што? Голымі рукамі ваяваць? Ён вунь — паўдня брызантнымі крышыць...
Абодва капітаны падаўлена маўчалі, ветэрынар з заклапочаным выглядам апусціўся на каску ў дне траншэі. Чарнаручанка тым часам наладзіў сувязь і перагаворваўся з тэлефаністам штаба.
— Колькі чалавек засталося? — запытаў Валошын, набіраючыся рашучасці перад дакладам камандзіру палка, якому, апроч іншага, належала таксама далажыць пра страты.
— У роце? Сорак восем.
— Чарнаручанка, выклікайце дзесятага.
— Ёсць!
Трэба было растлумачыць як ёсць, і хоць ён разумеў, што размова будзе не лёгкая, ён гатовы быў да ўсяго. Ён не адчуваў якой-небудзь уласнай віны ў тым, што батальён адышоў на зыходныя, бо быў перакананы, што ўзяць вышыню пры такіх суадносінах сіл было справай марнай.
— Таварыш камбат,— падняў разгублены твар Чарнаручанка.— Дзесятага няма.
— Як няма? Выклікайце начальніка штаба.
У апошнюю хвіліну, якая заставалася да размовы, трэба было ўнутрана супакоіцца, каб дакладна сфармуляваць свае аргументы, і ў бязладных гуках пацішэлага бою ён не адразу пачуў тое, што, мабыць, раней за яго злавіў Гутман. Камбат перахапіў скіраваны да Самохіна шматзначны позірк ардынарца, яго чуйную насцярожанасць у рухавых вачах, і тады раптам пачуў і сам. 3 вышыні слабенька, як з-за далёкага пагорка, пратрашчала раз, другі і змоўкла. Пасля пратрашчала яшчэ. Стралялі з аўтамата. Але гэтыя гукі кароценькіх
чэрг яўна адрозніваліся ад стрэлаў нямецкага аўтамата — гэта страляў ППШ.
Камбат рэзка павярнуўся да Самохіна.
— Нагорны вярнуўся?
— Ну да! Нагорны вернецца? Ён вунь куды выскачыў...
Валошын ліхаманкава замітусіўся па схіле вышыні біноклем, але схіл быў пусты, раскапаны снарадамі верх чарнеў пыльнымі плямамі, бруствер траншэі месцамі быў разварочаны да бурай гліны, немцаў там не было відаць. Чэргі таксама як быццам заглохлі. Мінула хвілін пяць, і з вышыні не данеслася болей ніводнага стрэлу.
«А можа, гэта ім толькі здалося? Можа, стралялі немцы»,— няўпэўнена падумаў камбат. Тым не менш трывога за лёс. Нагорнага калючаю стрэмкай упілася ў яго свядомасць і не давала супакоіцца. Лёс гэтай жменькі байцоў быў на яго сумленні, тут ужо ён ні ў малой ступені ні на каго спаслацца не мог.
Аднак няўжо Нагорнаму ўдалося ўварвацца ў траншэю?
Тое, што нядаўна яшчэ здавалася камбату жаданай удачай, цяпер амаль выклікала спалох, і ён заміраў у прадчуванні таго, што менавіта так усё і здарылася. Але тады што ж! Тады сяржант там загіне, пакуль батальён будзе сядзець на зыходнай пазіцыі і чакаць, што вырашыць начальства. Сам ён, вядома, прадпрыняць ужо нічога не мог.
А можа, усё ж гэта ім толькі здалося? Можа, Нагорны дзе-пебудзь схаваўся ў варонках, дачакаецца ночы і выберацца назад. Або ён даўно ўжо загінуў? Мёртвы ён не выклікаў той трывогі, якую выклікаў жывы, хіба што слабае, амаль звыклае пачуццё ціхенькага шкадавання, надта звычайнага ў такіх выпадках. Валошын абвёў позіркам твары камандзіраў у траншэі, але твары гэтыя былі змрочна-спакойныя, падобна ніхто з іх асабліва і не ўслухоўваўся ў рэдкія, амаль выпадковыя стрэлы на вышыні. Хіба што Гутман...
Але Гутман, здаецца, ужо быў заняты іншым. Павярнуўшыся ў траншэі, ён нядоўга паўзіраўся ў тыл і заклапочана гукнуў да камбата:
— Таварыш капітан!
Валошын азірнуўся. Палоскай кустоўя, што цягнулася з
пагорка амаль да балота, прабіралася ўніз група людзей, і ў першым з іх, што ішоў у накінутай паверх шыняля палатцы, ён адразу пазнаў камандзіра палка.
Дык вось чаму яго не аказалася ў штабе!
Зрэшты, усё было натуральна. Адбылася няўдача, і начальства пайшло ў батальён, каб ва ўсім разабрацца на месцы. Што ж, магчыма, так яно і лепш. Можа, маёр яшчэ і назіраў усё гэта пабоішча, доўга тлумачыць яму не прыйдзецца.
— Гутман! — гукнуў ён ардынарцу.— Бягом у дзевятую, узяць звесткі аб стратах!
Праз якую хвіліну ў траншэйцы зрабілася цесна ад мноства людзей. Камандзір палка прыбыў сюды з усёй сваёй світай: ад’ютантам, ардынарцам, намеснікам па палітчастцы маёрам Міненкам; сюды ж прыбег Маркін і двое правяраючых са штаба палка. Добра, што брызантны абстрэл спыніўся, і рэдкія разрывы грукалі цяпер у баку саўгаса, a то аднаго трапнага залпу было б дастаткова для ўсіх...
Валошын адхінуў да сцяны начхіма і таропка палез насустрач камандзіру палка.
— Таварыш маёр, атака не ўдалася, батальён адышоў на...
— Хто дазволіў? — рэзка перапыніў яго камандзір палка, гняўліва варухнуўшы брывамі.
— He было сувязі. Нямецкая артылерыя...
— Хто вам дазволіў? — з яшчэ большаю злосцю крыкнуў камандзір палка, нерухомым позіркам уставіўшыся яму кудысьці пад грудзі.
У траншэі зрабілася дужа ціха. Прадчуваючы скандал, усе напружана разглядалі земляныя камякі на брустверы.
— Я ж вам тлумачу,— павысіў голас Валошын, сабраўшы ў адно ўсю сваю вытрымку, каб хоць знешне заставацца спакойным.
— Хто вам дазволіў адысці? — выразна адсякаючы кожнае слова, дабіваўся камандзір палка,— Вы атрымалі загад на атаку?
— Я атрымаў загад на атаку, але мне не хапіла часу разведаць вышыню, таварыш маёр. А там аказалася болып васьмі кулямётаў. Апроч таго, батальён папаў пад знішчальны агонь брызантных і страціў амаль трэць свайго складу...
— Я пытаюся,— цішэй і таму яшчэ болей зласліва паўтарыў сваё пытанне Гунько.— Я ў вас пытаюся, хто вам дазволіў адвесці батальён на зыходны рубеж?
Валошын змоўк. Ён ужо ведаў гэтую манеру многіх начальнікаў дапякаць падначаленых пытаннем і не даваць тым адказаць. Напэўна, і цяпер адказваць не мела сэнсу, ягоны адказ зусім не цікавіў камандзіра палка.
— Хто дазволіў адысці?
Апрануты ў новенькі белы паўшубак маёр Міненка, які стаяў за камандзірам палка, з нязменнай хітраватай усмешкай на дабрадушным твары з’едліва заўважыў:
— Можна падумаць, што ён першы дзень камандуе батальёнам. I не разумее, што перш, чым прыняць такое рашэнне, трэба параіцца.
Звыш сіл напружаны спакой камбата раптам разляцеўся ў шматкі.
— Я не першы дзень камандую батальёнам і ведаю, што трэба. Але аднаго ведання мала. Каб далажыць — трэба сувязь, а яе...
— А хто ж павінен клапаціцца пра сувязь? — з’едліва сказаў камандзір палка, зрабіўшы яўны промах у веданні нядаўна ўведзенага баявога статута, і камбат тут жа падхапіў гэты ягоны промах.
— У даным выпадку — ваш штаб, таварыш маёр. Паводле новага статута сувязь у часцях арганізуецца зверху ўніз і справа налева.
— Граматны! — ніколькі не сумеўшыся, сказаў камандзір палка да свайго намесніка, кіўнуўшы ў бок камбата.— Граматны! А чаму не ўзята вышыня?
— Я растлумачыў чаму. He падавіўшы агнявых сродкаў, я не магу губіць людзей у бескарыснай атацы,— сказаў ён цвёрда і нават з некаторым выклікам, тут жа зразумеўшы, між іншым, што сам дапусціў прамашку — пра людзей лепш было змоўчаць. I сапраўды камандзір палка падхапіў з’едліва:
— Ага, шкадуеш людзей! Шкадлівы які! Міненка, ты чуеш,— кіўнуў ён нампаліту— Яму людзей шкада. На загад яму напляваць — яго адолела шкадаванне. Вы чулі? — звяр-
нуўся маёр да ўсіх, хто быў у траншэі, але ўсе прыгнечана маўчалі.— Можа, ты яшчэ і сябе пашкадуеш?
— Мне сябе не шкада. Але байцоў — да. I дарма губіць батальён не стану,— з унутранай рашучасцю сказаў камбат, падумаўшы, што цяпер ужо ўсё роўна, што траціць яму няма ўжо чаго.