• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    хапіў саўгас. Але з іх аслабленымі сіламі захапіць што-небудзь было не так проста, думаў камбат, мабыць, крыві сёння пральецца нямала. Ці застанецца хоць што-небудзь ад яго батальёна?
    А што, калі правесці манеўр, не прадугледжаны ні камандзірам палка, ні статутам, і яшчэ да пачатку артпадрыхтоўкі і да світання паслаць на той бок роту — у час атакі яна б пасобіла астатнім, узяўшы агонь на сябе. Ды і сама памагла б агнём. На самай справе! Ноччу прабрацца пад вышыню, напэўна, удалося б, кустоўе ў балоце маскіравала ад ракет і хоць не хавала ад агню з вышыні, усё ж байцам было ў ім надзейней. Хаця для таго, каб паслаць роту зноў, трэба звяртацца да камандзіра палка, зрабіць гэта без яго ведама камбат не меў права. Хіба што ўзвод? Скажам, таго ж Нагорнага...
    Валошын хутка крочыў уніз, да балота, пад аціхлую ўранні вышыню. Вецер не пераставаў, было здорава холадна, мароз браўся, напэўна, градусаў пад семнаццаць. Набліжаўся світанак, стала зусім цёмна, толькі зоркі ў разрывах аблокаў бліскалі неспакойна і востра. Але ён ведаў, што неўзабаве іх бляск пачне слабнуць, неба нальецца сінькай, з начной цемры пачне выступаць шэры, непрытульны абсяг, і для батальёна праб’е яго час — шэсць трыццаць.
    Валошын азірнуўся — Чарнаручанка з Прыгуновым адставалі, корпаючыся са сваёй катушкай, каторая часам гучна трашчэла, заядаючы кабель, мабыць, буксавала зубчатка. Ён хацеў як мага хутчэй асталявацца ў роце, але без сувязі цяпер не мог абысціся ні адной хвіліны і спыніўся, чакаючы байцоў. У пачуццях была кароткая палёгка, што ўдалося адчапіцца ад правяраючых, якія па сутнасці нічым памагчы не маглі, толькі блыталіся пад нагамі і заміналі. Кожны з іх адчуваў сябе разумнейшым у яго справах, а галоўнае — пнуўся са сваім правам указваць і нават загадваць. Як жа — яны былі пасланы ў батальён зверху, з палка і дывізіі, і, значыцца, адчувалі сябе болып дальнабачнымі, чым усе, хто быў у батальёне. Нават і гэты дывізійны ветэрынар, якога гэтак ашаламіла яго негатоўнасць да атакі.
    «Хай сядзяць сабе на КП, чакаюць Маркіна,— падумаў Валошын,— Утрох ім сумна не будзе».
    Аднак ён памыліўся.
    Толькі ён прыйшоў у роту Самохіна і загадаў Чарнаручанку паставіць тэлефон у траншэйцы, а Прыгунова паслаў у ланцуг па Самохіна, як ззаду трохі наводдаль ад роты пачуўся прыглушаны голас. Спярша здалося яму, што гэта хтосьці з байцоў, але затым данесліся характэрныя інтанацыі Гутмана, і ён узрадаваўся, падумаўшы, што Гутман, нарэшце, нясе доўгачаканыя звесткі аб разведцы вышыні «Малой».
    Сапраўды, гэта быў Гутман, які хутка ішоў уніз да траншэі, але за ім, адстаючы, варушыўся хтосьці ў паўшубку, і камбат, прыгледзеўшыся да яго, пазнаў нядаўняга свайго правяральшчыка са штадыва.
    —	Таварыш камбат, вось прадстаўніка дывізіі прывёў,— бадзёра сказаў Гутман, быццам чакаючы пахвалы за сваю ініцыятыву.
    Камбат у душы вылаяўся, згледзеўшы, як настырны маёр, сапучы, лезе ў вузкаватую для яго траншэйку.
    —	Хутка, аднак, вы ходзіце, камбат. Добра, што ваш ардынарац папаўся,— казаў ён як ні ў чым ні было.
    14
    Па меры таго як бліжэла хвіліна атакі, усё шпарчэй бег час, і Валошын баяўся, што не паспее, запарыцца з паспешлівай сваёй падрыхтоўкай, запарацца камандзіры рот, не паспеюць байцы. Але роты ў свой час атрымалі сняданак, разабралі падвезеныя ім боепрыпасы і цяпер з трывожнай напружанасцю бавілі рэшту гэтай пакутлівай перад атакай гадзіны. Нагорны таксама, здаецца, паспеў. Мінула хвілін дваццаць, як ягоны ўзвод (зрэшты, хутчэй аддзяленне — чатырнаццаць чалавек), ціхенька споўзшы з узмежка, знік у перадранішняй цемры кустоўя, і ўсё там, за балотам, пакуль было ціха. Але што б ні рабіў камбат, чым бы ні займаўся ў сваёй прыбліндажнай траншэйцы, усёй сваёй абвостранай увагай ён быў там, за балотам. Ён вельмі баяўся, што немцы да часу заўважаць байцоў Нагорнага і сарвуць увесь яго план, які ён пакуль што ўтаіў ад камандзіра палка і стараўся ўтаіць
    ад гэтага датошнага прадстаўніка штаба дывізіі, што лез да яго з пытаннямі, нашто і куды ён пасылае байцоў. Але ішоў час, а перадсвітальная ціша над балотам нічым не парушалася, даючы камбату слабенькі спадзяванак на ўдачу.
    Між тым разведчыкі Кізевіча ўсё не вярталіся, і гэта цяжкім каменем ляжала на свядомасці Валошына. Да апошняй хвіліны спадзеючыся на іх паяўленне, ён бавіў час у траншэйцы і не аддаваў загаду. Побач чакалі выкліканыя для таго камандзіры падраздзяленняў, з ракетніцай напагатове ляжаў на тыльным брустверы Гутман, а ён усё марудзіў, услухоўваўся і з усё большаю нецярплівасцю пазіраў у бок дзевятай — ці не ідзе Кізевіч? Але Кізевіч, напэўна, таксама чакаў да апошняй хвіліны, і камсорг Круглоў, які прыткнуўся ззаду на брустверы, зразумеўшы неспакой камбата, сказаў напаўголаса:
    — Да, улопаліся, напэўна, вашы разведчыкі.
    Напэўна, улопаліся, падумаў камбат, але дзе? Калі там, на пагорку, свае, дык дзе ж яны маглі ўлопацца? Значыць, не свае, мабыць...
    Аднак марудзіць далей стала немагчыма, да пачатку артпадрыхтоўкі засталося трыццаць хвілін, неба ўжо болей віднела, ужо добра стаў бачны хмызняк у балоце, і камбат спахапіўся:
    — Гутман, бяжыце па камандзіра дзевятай.
    Ардынарац сарваўся з бруствера і жвава пабег краем балотца. У траншэі прымоўклі, адчуўшы набліжэнне самага важнага, для чаго сабраліся тут — аддачы баявога загаду, пасля чаго ранак ужо будзе належаць не ім. Пачнецца бой, цяжкі і доўгі, можа быць, на ўвесь дзень да вечара, і для некага з іх гэты дзень, напэўна, стане апошнім у ягоным жыцці. Але кожны з тых, хто стаяў цяпер у траншэі, пераборваў у сабе гэта дрыготкае адчуванне, маскіруючы яго то паспешнай закуркай, кароценькім жартам, пустой, неабавязковай тут рэплікай. Яны былі не навічкі на вайне і ўмелі валодаць сабой нават у такім самотна-гнятлівым чаканні, як гэтыя апошнія перад атакай хвіліны.
    Камбат абвёў вачмі прысутных і, не ўбачыўшы камандзіра батарэі, запытаў:
    — А дзе капітан Іваноў?
    — А вунь бяжыць быццам,— сказаў, азірнуўшыся, Круглоў.
    Сапраўды, з пагорка, прыгнуўшыся, спазнела прыбег камандзір батарэі і, шорхаючы палаткай, упаў бокам на бруствер. Два тэлефаністы з цяжкай, толькі што распачатай катушкай цягнулі за ім тэлефонную сувязь.
    — Сюды, сюды давайце! — сцішана гукнуў ім капітан і вінавата сказаў прысутным: — Затрымаўся, прашу прабачыць. 3 боепрыпасамі марока. Толькі што прывезлі.
    Стоячы на паўабарота, Валошын стрымана кіўнуў галавой. Позірк камбата слізгануў па маўклівай постаці лейтэнанта Муратава і спыніўся на ягоным суседзе Самохіне, які, прыпякаючы пальцы, нервова дакурваў «бычок». Камбат хацеў пра нешта запытаць у лейтэнанта, але па другі бок траншэйкі заварушыўся са сваім пакамечаным блакнотам усё той жа ветэрынар з дывізіі.
    — Таварыш камандзір батальёна, прашу адказаць яшчэ на адно пытанне. Як забяспечваецца ў вас падвоз боепрыпасаў?
    — Усё, што далі, ужо прывезлісказаў Валошын,— Болын не чакаецца.
    — Як гэта?
    — Проста. Болей сёння не дадуць. Выдалі ўсё, што было.
    — Ах, што было,— зразумеў маёр.
    — Таварыш маёр,— сказаў камбат,— Я б вам параіў, пакуль не развіднела, адправіцца на мой КП. A то, як пачнецца, адсюль не выберацеся.
    Ветэрынар пакрыўджана ўскінуў крануты шчаціннем, трошкі азызлы за бяссонную ноч твар.
    — А я і не маю намеру выбірацца, таварыш камбат. Я прысланы камандзірам дывізіі знаходзіцца тут, пакуль не будзе ўзята вышыня. Я абавязаны ажыццяўляць кантроль за выкананнем яго загаду.
    — Ну як сабе хочаце,— спакойна сказаў камбат, адразу губляючы да маёра цікавасць — у яго была процьма спраў болей важных.
    Ён чакаў Кізевіча з Гутманам, але спярша прыбег адзін
    Гутман, які кінуў камбату: «Няма разведчыкаў», пасля з прыцемак паказаўся камандзір дзевятай. Яго змрочны выгляд красамоўна пацвердзіў невясёлае паведамленне ардынарца, і камбат расчаравана адвярнуўся. Чакаць далей не было магчымасці.
    — Таварышы камандзіры!..
    У траншэйцы і на брустверы ўсе разам прыціхлі, хаця і так амаль усе маўчалі, спыніўся шорхат палатак аб зямлю, настала важная хвіліна, якая патрабавала засяроджанай увагі ўсіх.
    — Слухайце баявы загад,— цвёрдым, трошкі напружаным голасам сказаў камбат,— Арыенціры. Нумар адзін...
    Аддаючы загад, ён стараўся прытрымлівацца пунктаў нядаўна ўведзенага баявога статута пяхоты, хоць у яго і была свая, адпрацаваная практыкай схема загаду. Але ён пакасіўся на ветэрынара, які азяблымі пальцамі старанна крэмзаў у сваім блакноце, напэўна, запісваючы ягоныя словы. Зрэшты, тое мала непакоіла камбата, увагу якога цалкам узяў сабе план бою, трудная, можа быць, марная магчымасць уварвацца на вышыню і адолець там немцаў. Ён бы хацеў і болей сказаць аб праціўніку, але ён мала пра яго ведаў, сістэма яго агню не была ўся раскрыта, ягоныя агнявыя магчымасці таксама. Паставіць задачы ротам было няцяжка, тут усё было звыкла, хаця камбата і не пераставаў непакоіць правы, адкрыты фланг яго батальёна. На выпадак якой непрыемнасці з-за гэтага фланга ён загадаў камандзіру дзевятай атакаваць вышыню ўступам, з загнутым у бок вышыні «Малой» флангам — мабыць, гэта будзе не лішне. Яму ж ён перадаваў адзін з двух кулямётаў Ярашчука, чым адразу ж выклікаў бурнае незадавальненне малодшага лейтэнанта.
    — Што іх раскідваць! Так узвод, a то...
    Камбат маўкліваю паўзай ігнараваў гэтую яго заўвагу і прадаўжаў ставіць задачы:
    — Паўтараю: галоўны план бою заключаецца ў хуткасці дзеянняў. Роты пераадольваюць балота бягом, як мага хутчэй выходзяць на рубеж узвода Нагорнага. Камандзір дзевятай! Ваша задача асабліва важная — як мага глыбей ахапіць
    вышыню «Вялікую» справа і ні на хвіліну не ўпускаць з-пад увагі вышыню «Малую» за балотам.
    — А калі там немцы? — сказаў з бруствера заклапочаны цяпер Кізевіч.
    — Калі там немцы, вы не зможаце ажыццявіць гэты ахоп. Тады спярша трэба збіваць адтуль немцаў.
    — Кім збіваць? Узводам?
    — Гэта будзе відаць. У ходзе бою.
    Ён яшчэ не паспеў скончыць аддачу загаду, як унізе ў паспешна выкапанай ячэйцы заварушыўся ля тэлефона Чарнаручанка.
    — Дзесяты выклікае.
    3 незадавальненнем спыніўшы размову, камбат апусціўся на кукішкі і ўзяў з рук тэлефаніста трубку.
    — Валошын, засталося пятнаццаць хвілін. Я чакаю даклад аб гатоўнасці,— раздражнёна напомніў камандзір палка.— Што вы доўга капаецеся там? Аператыўней трэба!