Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
— He, не светамаскіроўка. На нейтралцы засціглі разведчыкаў.
— Чыіх разведчыкаў?
— Маіх, вядома.
— Ну і што?
— Адзін паранены.
— Хоць не пакінулі яго там? Немцам, кажу, не пакінулі? — У голасе камандзіра палка прагучэла трывога.
— He, не пакінулі. Вынеслі і ўжо адправілі ў тыл.
— Так.— Маёр памаўчаў,— Калі будзеце дакладваць аб гатоўнасці?
— Калі падрыхтуюся. Падраздзяленні яшчэ толькі пачынаюць сняданак.
— Давай, давай, шавяліся, Валошын! У цябе задача — нумар адзін. Найбольшай важнасці. Яе трэба выканаць у што б там ні было.
— Ясна, што трэба выканаць.
— He, не ясна, а абавязкова. Разумееш? Кроў з носу, a вышыню ўзяць.
— А як падтрымка?
— Будзе, будзе падтрымка. Рота Злобіна будзе цалкам задзейнічана на вас.
— Гэта добра. Як прыдадзеная?
— He. Будзе падтрымліваць. Са сваіх опэ.
Гэта была мінрота другога батальёна, у якой таксама не густа з мінамі, і ўся яна складалася з трох васьмідзесяцідвухміліметровых мінамётаў. Але і то была радасць. Напэўна, адчуўшы задавальненне камбата, камандзір палка рашыў падмацаваць яго і паведаміў:
— I гэта — для кантролю і дапамогі табе паднімаю штаб. Хутка да цябе прыйдуць камандзіры...
Валошын крыва ўсміхнуўся і хмыкнуў у тэлефонную трубку:
— Во, то дапамога! Мне ствалы патрэбны. Артылерыя з боепрыпасамі.
— Будзе, будзе. Я тут увязваю. Усе неабходныя распараджэнні ўжо аддадзены.
— Да-а,— самотна ўздыхнуў Валошын,— Распараджэнняў, вядома, хопіць...
— Падкінем «семачак». Лукашык ужо адправіўся. Павёз, што там у яго наскраблося...
— Таварыш дзесяты! — ажыўлена перапыніў яго камандзір батальёна.— А ўсё ж як з атакай? Дазволілі б на паўгадзіны раней? Ці на паўгадзіны пазней?
— He, будзеце выконваць, як прызначана. Артбатарэя адкрывае агонь роўна ў шэсць трыццаць.
Валошын паморшчыўся. Ен так і ведаў, што гэтая яго просьба застанецца марнай, але вось не стрымаўся. I дарма. Здаецца, гэта была апошняя іх размова ў спакоі, наступныя ў гарачцы бою ўжо будуць іншыя — на высокіх нотах, з нервамі і матам. Гунько з пачаткам бою адразу мяняўся, і тады ў чымсь упрасіць яго ці пераканаць было немагчыма. Пераконвала яго толькі начальства, з якім ён заўжды заставаўся надзіва абыходлівым і пакладзістым.
Пакуль камандзір батальёна размаўляў па тэлефоне, прынеслі сняданак — Валошын пачуў, як за яго плячыма ажывіўся заўжды апатычны Чарнаручанка,— з задавальненнем пачаў завіхацца каля кацялкоў і боханаў мерзлага хлеба. Камбат паклаў на апарат трубку.
— Вось, таварыш камбат, снедайце.
Тэлефаніст паставіў на скрынку плоскі алюмініевы кацялок, абліты крупнікам, на знятае вечка зважліва паклаў пайку хлеба. Прыгуноў на саломе развязваў рэчмяшок.
— Тут во доппаёк вам, таварыш капітан. Старшына перадаў. Што тут? А, во сала...
Ён асцярожна выцягнуў з рэчмяшка нешта загорнутае ў падраную газету, паклаў на скрынку.
— Вось, вам і лейтэнанту.
Валошын зразумеў: гэта быў доппаёк за сакавік — месячная камандзірская дабаўка да салдацкай франтавой нормы, заўжды нечаканая і нават дзіўнаватая сваёй нязвыклай далікатнасцю ў выглядзе рыбных кансерваў, масла, пячэння. Зрэшты, масла і пячэнне цяпер былі заменены салам, што, аднак, таксама няблага.
Пазіраючы, як разведчык старанна выцярушвае з рэч, мяшка рэшту пакрышанага пячэння, Валошын паспытаў
абламаны кавалачак і з нядбайнай шчодрасцю пасунуў на край увесь пакамечаны, сыраваты кулёк.
— Частуйцеся, Чарнаручанка!
Ды ну...
— Ешце, ешце. Пакуль Гутмана няма.
— Гэта вам,— сарамліва адмовіўся Чарнаручанка.— Мы во,— пашано...
— Гутман прыйдзе, прыбярэ,— сказаў Прыгуноў, і разам з Чарнаручанкам узяўся за свой кацялок з крупнікам — I лейтэнанту тут. Усё разам.
«Не хочуць — хай прыбярэ Гутман»,— падумаў камбат, ён жа есці гэта пячэнне проста саромеўся, гледзячы, як адсоўваліся ад яго байцы. Тым не менш, як і ўсе, ён таксама быў галодны і, адчуваючы, як катастрафічна хутка міналі хвіліны ціхага часу, думаў, што неўзабаве стане не да яды. Ён таропка высербаў свае паўкацялка ледзь цёплага пшоннага крупніку з хлебам і засунуў у палявую сумку складную алюмініевую лыжку.
У гэты час зазумерыў тэлефон.
— Пачынаецца!
Сапраўды, пачыналася. Званіў ПНШ-2, патрабаваў звесткі аб разведцы абедзвюх вышынь, і Валошын груба сказаў яму, што сам яшчэ не атрымаў гэтых звестак. 3 ПНШ ён адвёў душу, выказаўшы яму ўсё, што думаў пра арганізацыю ягонай службы ў часці. Капітан пакрыўдзіўся, яны паспрачаліся, але толькі ён паклаў трубку, як зазваніў начальнік артылерыі. Гэтаму трэба было ўвязаць некаторыя моманты артпадрыхтоўкі мінроты Злобіна з дзеяннямі яго батальёна. Начальніка артылерыі Валошын увогуле паважаў, гэта быў талковы кадравы капітан, з якім яны выдатна дамаўляліся на тактычных вучэннях пад Свярдлоўскам, але цяпер Валошын зрэзаў яго пытаннем:
— Колькі?
— Што — колькі?
— Колькі «дыняў» на мяне адпушчана? Бэка? Два?
— Ого, захацеў! — развесяліўся капітан.— Бэка! Па дваццаць «дынек» на ствол.
— Зразумеў. Што і ўвязваць! Якое тут можа быць узаемадзеянне?
— Тым больш трэба ўзаемадзейнічаць,— сказаў начарт — Калі «дынек» навалам, тады сапраўды... Тады еш ад пуза і яшчэ застанецца. А тут кожная «дынька» на ўліку, разумееш?
— Вось што, капітан,— сказаў Валошын,— Я панрашу толькі аднаго: каб не ўсе адразу. Каб — на пасля. Спярша ўжо я сам як-небудзь. Зразумеў ты мяне?
— Я зразумеў,— уздыхнуў у трубку начарт,— Ды нада мной ці зразумеюць?
«Над табой наўрад ці зразумеюць»,— падумаў Валошын, пачуўшы, як у траншэі затупалі крокі і хтось, ціха размаўляючы там, затузаў палатку. Па бесклапотным смеху і ўрыўках размовы камбат зразумеў, што гэта ішлі работнікі штаба, пасланыя да яго для кантролю і дапамогі. I сапраўды, у цесную зямлянку неўзабаве ўціснуліся тры мажныя камандзірскія постаці ў паўшубках, са счырванелымі ад марознага ветру тварамі, заклапочаныя і ў той жа час поўныя важнасці ўскладзеных на іх абавязкаў.
— Прывітанне, камбат,— фамільярна падаў яму руку першы, хто ўвайшоў,— капітан Хілько, начхімслужбы палка, чалавек падкрэслена просты ў сваіх адносінах з камандзірамі і падначаленымі.
— Мы думалі, камбат яшчэ спіць,— сказаў другі, тонкі, з чарнявым нервовым тварам, палкавы інжынер, прозвішча якога Валошын не памятаў, бо ў полк той прыбыў нядаўна — Гэта нас паднялі ні свет ні зара.
— Да, вас дарма паднялі,— сказаў камбат, з міжвольным незадавальненнем ад гэтай навязанай яму фамільярнасці. Увогуле ён быў не супраць фамільярнасці, але цяпер адчуваў, што за ёй стаяла жаданне гэтых людзей глыбей улезці ў сутнасць яго і без таго маларадасных спраў, і ён не мог не супраціўляцца гэтаму.
— Як гэта дарма? — прастадушна здзівіўся трэці — таўставаты, з жывоцікам чалавек, якога Валошын бачыў упершыню і цяпер не без некаторай асцярогі прыглядаўся да яго маёрскіх пагонаў,— Як гэта дарма? Хіба атака адмяняецца?
— Атака не адмяняецца,— сказаў Валошын,— Атака ў шэсць трыццаць.
— Во-во! Палкоўнік менавіта так і арыенціраваў. Камандзір дывізіі,— удакладніў маёр, каго ён меў на ўвазе, і камбат падумаў, што, мяркуючы па ўсім, гэта — прадстаўнік штаба дывізіі.— Значыць, значыць...— гаварыў ён, азяблымі рукамі спрабуючы дастаць з кішэні гадзіннік.
Валошын апярэдзіў яго, выняў свой і сказаў:
— Значыць, засталося паўтары гадзіны.
— Правільна. Таму не будзем марнаваць час, у мяне сем пунктаў.
— Сем пунктаў чаго? — не зразумеў камбат.
— Сем вызначаных пунктаў праверкі. Пункт першы: наяўнасць конскага саставу?
— Восем коней,— не адразу, з некаторым здзіўленнем сказаў камбат,— Пяць мерынаў і дзве кабылы. Было яшчэ жарабя, ды недзе згубілася.
— Так, так,— заспяшаўся маёр, няўмела і таропка расшпільваючы сваю палявую сумку — яму трэба было запісаць,— А які стан вупражы?
— Здавальняючы.
— Ветэрынарная забяспечанасць? — задаў наступнае пытанне маёр, паспешліва рыхтуючы блакнот для запісу нізка нахіляючыся.
— Мабыць, вы нешта зблыталі,— са з’едлівым спакоем сказаў камбат, пачынаючы ўжо здагадвацца, што перад ім ветэрынар са штаба дывізіі.— У мяне, таварыш маёр, атака. А не вывадка конскага саставу.
— To есць як? — акругліў вочы маёр,— А конскі састаў?..
— Вельмі проста. Знайшлі час, чым цікавіцца! У мяне да атакі палавіна гатоўнасці.
— Палавіна гатоўнасці? — з яшчэ большым здзіўленнем перапытаў маёр.— Але ж праз паўтары гадзіны...
— Ужо праз гадзіну дваццаць...
— Я здзіўлены і збянтэжаны,— прабурчаў маёр, нахіліўшыся да ліхтара, каб запісаць нешта.
— Да, час ідзе,— пацвердзіў інжынер,— Я толькі хацеў паглядзець схему інжынерных збудаванняў батальёна. Атака атакай, але не грэх дбаць і пра абарону.
— Гэта ў начальніка штаба,— суха сказаў камбат.
— А дзе начштаба?
— У ротах.
— Добра. Я пачакаю.
— Ага, вы пачакайце,— раптам спахапіўся камбат, адчуўшы, што паявілася магчымасць адчапіцца ад гэтых правяральшчыкаў. Але адчапіцца ад іх можна было толькі пайшоўшы ў баявыя парадкі рот — туды ўжо яны наўрад ці сунуцца,— Чарнаручанка!
— Я! — падняў галаву тэлефаніст.
— Бярыце катушку, апарат і за мной шагам марш!
— Гэта як? — здзівіўся інжынер.
— Я адпраўляюся ў роты.
— Але ж тут ваш КП.
— Тут КП. Тут будзе ад’ютант батальёна. Вось з ім займіцеся. Ён у курсе ўсяго.
Чарнаручанка папярэдзіў тэлефаніста на другім канцы провада і пачаў таропка выдзіраць з куткоў калочкі, якімі мацаваўся кабель, Прыгуноў згрэб рэчмяшкі, узваліў на плячо запасную катушку, і камбат, не чакаючы іх, ірвануў палатку над выхадам.
Ён ужо быў спакойны. Яго нядоўгая злосць хутка ўлягалася, гэта было яшчэ не самае горшае — «кантроль і дапамога» таксама мелі свае слабыя месцы, і з імі можна было змагацца. У роты наўрад ці яны сунуцца, застануцца ў зямлянцы, тым больш што ён аддаваў ім Маркіна. Маркіну, вядома, дастанецца. Але камбат не адчуваў падставы, каб каяцца — ён сапраўды не меў ні хвіліны часу на гэтыя размовы,— уся яго істота, кожны нерв і кожная думка ў галаве былі захоплены будучым боем.
Ён выбег з траншэі і пайшоў па быльнягу ўніз. Злева, недзе ля пасёлка саўгаса, відаць, таксама падняўся перапалох — свяцілі ракеты, і трасіруючыя чэргі агнянымі раямі мільгалі над чорнай зямлёй па краі зорнага неба. Там, напэўна, таксама працавалі разведчыкі — сёння другі батальён трошкі пазней за трэці таксама пачынаў сваё наступленне, якое не прынесла яму поспеху ўчора. Безумоўна, узяўшы гэтую праклятую вышыню, Валошын вельмі памог бы другому, зрэшты, таксама, як і другі памог бы яму, калі б за-