• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    — Я аддаю баявы загад,— сказаў Валошын.
    — Аддавайце і дакладвайце. Роўна ў шэсць трыццаць артылерыя павінна адкрыць агонь.
    — Я буду гатовы ў час.
    — Ну-ну. Я чакаю.
    Камбат выпрастаўся ў траншэі і нечакана для сябе сустрэўся позіркам з камандзірам восьмай Муратавым.
    — Галоўны ўдар наносіць восьмая, лейтэнант Муратаў.
    — Як заўсёды,— з глухаватай няпэўнасцю азваўся Муратаў.
    Валошын падумаў: сапраўды, як заўсёды. Але што рабіць, такі лёс усіх часцей і падраздзяленняў, якія знаходзяцца ў цэнтры баявога парадку, наступаюць у лоб і церпяць болей за іншых. Затое ў абароне больш дастаецца фланговым; усе непрыемнасці ў абароне звычайна сыплюцца з флангаў.
    — Якія пытанні? Што незразумела? — запытаў камбат, зірнуўшы на гадзіннік.
    Сапраўды, трэба было спяшацца, яго час канчаўся. Але ўсе заклапочана маўчалі, у траншэі зрабілася надта ціха, толькі Круглоў гулліва кідаў з бруствера камячкі зямлі на недалёкую плаху лёду.
    — Калі пытанняў няма — па месцах! — сказаў камбат, з асаблівай выразнасцю адчуўшы, што ўжо зусім нічога не засталося.
    Заставалася дачакацца прызначанай хвіліны і паслаць у неба букет зялёных ракет. Пасля будзе бой.
    Камандзіры выскачылі з траншэі і, прытрымліваючы палявыя сумкі, пабеглі да сваіх падраздзяленняў. У траншэі стала вальней, разам з камбатам у ёй застаўся Самохін, дзіўны ў сваёй службісцкай упартасці ветэрынарны доктар, капітан Іваноў з двума сувязістамі. Праз дзверы расчыненага бліндажа засяроджана пазіралі сувязныя — па адным з кожнай роты. Чарнаручанка корпаўся ў сваёй ячэйцы, a Круглоў на брустверы, таропка прыкурыўшы ў Гутмана, сказаў да камбата:
    — Пайду, напэўна, у роту Кізевіча. Гляджу, тут камандзіраў хапае.
    — Правільна,— адобрыў Валошын, падумаўшы, што ў гэтай самай аддаленай роце прысутнасць лішняга камандзіра будзе дарэчы,— Ідзіце ў дзевятую. Там у выпадку чаго...
    — Ясна,— сказаў камсорг і развіталыіа махнуў рукой,— Ну, хай будзе ўдача.
    — Хай,— сказаў камбат і зрабіў крок да Іванова.— Паша, як батарэя?
    — Батарэя гатова,— сказаў Іваноў, апускаючы ад вачэй бінокль, праз які ён разглядаў вышыню.— Вось толькі яшчэ не відаць ні д’ябла.
    Ён ужо ўладкаваўся на броўцы бруствера, пасадзіў каля ног тэлефаніста, маладзенькага жвавага хлопца ў зялёным шынялі. 3-за палы паўшубка ў капітана тырчэў краёчак блакнота і кніжка табліцы стральбы з закладзеным у ёй алоўкам. Ніякіх артпрыбораў у Іванова пры сабе не было, як заўжды, прыстрэлку ён рабіў на вока, абыходзячыся старэнькім падрапаным біноклем.
    — Ага, яшчэ цемнавата,— зірнуўшы на вышыню ў бінокль, пацвердзіў Валошын.
    — Яшчэ хвілін дваццаць трэба. Пакуль развіднее. Паблізу відаць, а далячынь уся ў прыцемку. Куды ж страляць? Разрыву не ўбачыш.
    — Значыцца, трэба пачакаць,— сказаў лейтэнант Самохін, запіхваючы ў кішэні гранаты. Затым ён закінуў за плячо ППШ і сказаў камбату: — Ну, я — у ланцуг.
    — Значыць, бягом,— напомніў на развітанне Валошын.— Дзве перабежкі — і каб на вышыні. Толькі так, не інакш.
    — Пастараемся, таварыш капітан,— сказаў лейтэнант і лёгка выскачыў з траншэі.
    Унізе зноў зазумерыў тэлефон, і засяроджаны твар Чарнаручанкі зышоўся на ўвазе. Заклапочаным позіркам тэлефаніст пашукаў камбата: «Вас».
    Камбат узяў трубку і, ужо ведаючы, якое пачуе пытанне, сказаў бадай што са злосцю:
    — Яшчэ не гатовы. Як буду гатовы, далажу!
    — Вы зацягваеце час, вы зрываеце тэрмін атакі! — раздражнена загаварыў камандзір палка.— Што за безабразіе, капітан?!
    — Што — тэрмін! Мне нічога не відаць! Артылерысты яшчэ не бачаць вышыню.
    — Вочы ім працерці, тваім артылерыстам! — загрымела ў трубцы,— Ужо зусім развіднела, відней не будзе!
    — Таварыш дзесяты, трэба пачакаць яшчэ хоць дзесяць хвілін,— спакойна сказаў камбат,— Навошта ж паліць у белы свет, як у капейку. Снарады яшчэ спатрэбяцца.
    — Вы проста не гатовы. Вы толькі спіхваеце на артылерыстаў! Вы не арганізавалі атаку! — злосна крычаў камандзір палка, і Валошьш адчуў, з якім бы задавальненнем ён таксама перайшоў на крык. Але ён з усяе сілы імкнуўся захаваць спакой і не згубіць вытрымкі, якая сёння яшчэ вельмі яму спатрэбіцца.
    — Таварыш дзесяты, сапраўды я не гатовы. Як буду гатоў, далажу.
    Ён апусціў клапан і перадаў Чарнаручанку трубку, тут жа спаткаўшы ўстрывожаны позірк маёра.
    — Гэта хто? Гэта са штаба дывізіі?
    — Гэта са штаба палка,— сказаў Валошын. Маёр, памаўчаўшы, дастаў свой тоўсты старасвецкі гадзіннік на срэбным бліскучым ланцужку.
    — Засталося чатыры хвіліны,— сказаў ён трошкі дрыготкім ад хвалявання голасам.
    — Трэба пачакаць,— сказаў, азірнуўшыся ад бінокля, Іваноў.— Яшчэ зусім кепска відаць!
    Камбат адкінуўся да задняе сценкі траншэі, ён думаў. Вядома, пачынаць артпадрыхтоўку, якая б яна ні была, калі яшчэ не відно вяршыні вышыні, было бязглуздзіцай, але ён ведаў таксама, што любая затрымка з атакай дарма яму не абыдзецца. Ужо Гунько спагоніць з яго як мае быць, адвядзе душу за ўсе апошнія няўдачы палка, асабліва калі да іх дабавіцца яшчэ і няўдача ягонага батальёна. Гэта ўжо пэўна. Тым не менш ён рашыў з цвёрдасцю:
    — Пачакаем!
    Побач у нямым здзіўленні знерухомеў маёр.
    — Як? Вы адкладваеце атаку?
    — Адкладваю. На пятнаццаць хвілін.
    — Я пратэстую. Вы парушаеце загад. Я буду дакладваць.
    — Можаце дакладваць,— спакойна сказаў камбат,— Вы бачыце — цёмна. Куды ж страляць? Камандзір батарэі не бачыць цэляў.
    Маёр разгублена глядзеў на яго.
    — Але ж загадана ў шэсць трыццаць.
    — Загад аддаваўся ноччу, калі было зусім цёмна. Але ж вось не развіднела па загаду.
    Ветэрынар збянтэжана змоўк, пярэчыць яму не было чым, але і ігнараваць перанос тэрміну атакі ён таксама не мог і разгублена пазіраў на далонь з пакладзеным на яе гадзіннікам.
    Валошын таксама выняў гадзіннік — доўгая стрэлка няўхільна набліжалася да шасцёркі, затым неўпрыкмет перапаўзла яе, і ўнізе зноў зазумерыў тэлефон.
    — Скажы, што камбат пайшоў у роты,— сказаў Валошын, і Чарнаручанка, блытаючыся і заікаючыся, пачаў тлумачыць у трубку адсутнасць камандзіра батальёна.
    — Так будзе лепш. Ну як бачнасць, Паша? — запытаў ён Іванова.
    — Яшчэ б дзесятак хвілін. Ледзьве прыкметна стала траншэя.
    Валошын узняў бінокль.
    — Бачыш канец траншэі, самы яе ніжні адростак-вус? Там бліндаж або, можа, дзот, з кулямётам.
    — Ara, бачу. Учора мае засеклі.
    — Далей на павароце траншэі яшчэ кулямёт, ноччу засек сам. Гэты самы небяспечны. На два схілы працуе.
    — Во яго мы і прыхлопнем,— упэўнена сказаў Іваноў.— У першую чаргу.
    — Далей усё па траншэі. Там кулямётаў пяць-шэсць.
    Трэба накрыць.
    — Паспрабуем.
    — Ну і спіраль Бруно. Хоць бы па адным пападанні на роту.
    He адрываючыся ад бінокля, Іваноў скамандаваў тэлефаністу:
    — Батарэя, к бою!
    — Батарэя, к бою! — як рэха, тэнарам адгукнуўся тэлефаніст і яснымі вачмі з-пад ссунутай на вуха шапкі ўставіўся ўгару на камбата — чакаў новыя яго каманды.
    — Па кулямёту... Гранатай, узрывальнік асколачны... Зарад чацвёрты... Рэпер номер першы, лявей ноль сорак. Прыцэл сорак восем. Першаму адзін снарад — зарадзіць!
    Тэлефаніст перадаў усё да апошняга слова, некалькі секунд пачакаў і нарэшце ўзняў да камбата ўсё той жа поўны гатоўнасці позірк сініх вачэй.
    — Першая гатова! — амаль праспяваў ён.
    — Ну што? — запытальна зірнуў на камбата Іваноў.— Я гатовы.
    Валошын апусціў бінокль і рашуча працягнуў руку да трубкі. Чарнаручанка зразумеў і папрасіў даць дзесятага.
    — Я гатовы! — сказаў камбат, як толькі пачуў у трубцы мікрафоннае шчоўканне клапана.
    Камандзір палка са стогнам закрычаў нешта, але камбат, апярэдзіўшы яго, ускінуў левую руку ў напрамку да Гутмана.
    — Гутман, ракету!
    Гутман быў напагатове і, хруснуўшы курком нямецкай ракетніцы, узняў яе над галавой.
    Валошыну здалося, што зялёны букет ракеты пырхнуў у цьмянае неба на імгненне раней, чым хлопнуў стрэл ракетніцы, і прыгожа расквітнеў у вышыні над чэзлым кустоўем балота.
    — Агонь! — нягучна скамандаваў Іваноў.
    Праз секунду ззаду пругка ўдарыла, слаба аддаўшыся за лесам, і першы гаўбічны снарад, распорваючы тугое паветра, прайшоў над галовамі. Пасля на некалькі секунд ягоная хада недзе заціхла, нібы згубілася ў небе, але вось на самай макаўцы вышыні ля траншэі абвальна грымнуў і раскаціўся разрыў. Вецер падхапіў воблака пылу і хутка панёс яго коса па схіле...
    15
    Байцы таропка павыскоквалі з сваіх акопчыкаў і, прыгінаючыся, з прытоенай страхавітасцю на тварах, сыпанулі з абмежка да балота. На працягу некалькіх секунд камбат бачыў амаль увесь батальён, за выключэннем хіба захінутай пагоркам роты Кізевіча, затым балотны хмызняк праглынуў усіх. Першы даволі дружны рывок падаваў надзею, цяпер бы яшчэ пару такіх рыўкоў, і батальён быў бы на схіле. Але камбат ведаў, што неўзабаве ўдараць немцы і ўсё можа скончыцца іначай.
    Іваноў, не адрываючыся ад бінокля, перадаваў каманды, і ўгары цераз іх галовы з трэскам і стогнам ішлі цяжкія гаўбічныя снарады, якія з магутным глыбінным грукатам абрыналіся на вышыню. Цяпер ён біў па траншэі — з бліндажом і кулямётам, напэўна, было ўжо скончана. Немцы маўчалі, і Валошын хацеў быў сказаць камандзіру батарэі, каб той зрабіў паўзу — нашто дарма біць па аціхлай траншэі? Але толькі ён падумаў пра тое, як на вышыні апантана засакатаў кулямёт. Валошын трошкі падвярнуў акуляры бінокля і ўбачыў за балотам у самым пачатку схілу некалькі шэрых прыгорбленых постацей, якія з натугай беглі па схіле ўгору. Хтось з іх там упаў, падняўся, наперад вырваўся адзін у ватоўцы з кароткім аўтаматам у руках, і Валошын пазнаў у ім Нагорнага. Пакуль роты пад прыкрыццем артагню перабягалі балота, Нагорны атакаваў траншэю.
    — Паша, ты бачыш? — крыкнуў камбат,— Вунь мае вырваліся! Хутчэй накрый кулямёт! I праходы, праходы ў спіралі...
    — Дзе ж ён? От чорт, не згледзець...
    Кулямёт хлёстка біў па ўзводу Нагорнага, кулі з працяглым віскам несліся з вышыні над балотам, але кулямётнай пазіцыі згледзець не ўдавалася. Камбат да болю ўціскаў акуляры бінокля ў вачніцы, пакуль не пачуў, як ззаду задудукалі абодва яго ДШК, і цераз траншэйку і кустоўе да вышыні напяліся дымныя, прыкметныя ў небе струмені буйнакаліберных трас. Валошын падумаў, што Ярашчук бачыць цэль, і скіраваў позірк следам за трасамі, але прыкмеціць, дзе яны канчаліся, было немагчыма. Дымнатрасірныя чэргі імчаліся ў кірунку да вышыні і бясследна знікалі недзе на яе вяршыні.