Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
Але ён памыліўся. Ён яшчэ не ведаў, што яму нарыхтуе камандзір палка.
— Во як! — здзівіўся маёр,— Тады я цябе адхіляю. Я цябе адхіляю ад камандавання! — на цвёрдым абсівераным твары камандзіра палка з’явілася няўмольная рашучасць.— Ты зразумеў?
— Я зразумеў,— чамусь мала што разумеючы, адказаў Валошын і, каб не пахіснуцца ад раптоўнай і дзіўнай расслабленасці, прысланіўся да сцяны траншэі.
Камандзір палка са стоенай злосцю абвёў позіркам камандзіраў у траншэі.
— Лейтэнант Маркін!
— Я вас слухаю,— адклікнуўся зводдаль начальнік штаба.
— Камандуйце батальёнам!
— Ёсць! — не вельмі ўпэўнена адказаў Маркін.
— Навесці ў батальёне парадак і атакаваць вышыню. Да трынаццаці ноль-ноль далажыць аб узяцці. Ясна?
— Ясна! — упалым голасам выціснуў Маркін, і Валошын адхіснуўся ад сценкі.
— Якім гэта чынам ён яе возьме да трынаццаці? — бесцырымонна ўмяшаўся ён ужо не ў сваю справу— Вунь на суседняй немцы. Яны б’юць батальёну ў фланг і спіну. Спярша трэба ўзяць вышыню «Малую».
Камандзір палка змераў яго амаль ненавісным поглядам.
— Якім чынам узяць вышыню? Mary параіць. Выстраіць батальён і сказаць: бачыце вышыню? Там будзе абед. У абед туды прыязджае кухня. I возьмуць!
— Таварыш камандзір палка! — пачуўся рашучы голас з дальняга канца траншэі.
Усе са здзіўленнем павярнулі галовы ў бок незнаёмага маёра, які, дзіўна заварушыўшы плячыма пад запэцканым паўшубкам, сказаў:
— Таварыш камандзір палка. Адну хвілінку... Я не згодны!
«Цікава, з чым ён не згодны, гэты конскі доктар?» — міжвольна падумаў Валошын. Аднак ветэрынар, астматычна сапучы грудзямі, ужо праціскаўся па траншэі бліжэй да камандзіра палка.
— Я не згодны са зняццем камандзіра батальёна.
— Вы? — здзівіўся Гунько.— Хто вы такі?
— Я ўпаўнаважаны штадыва, маёр ветэрынарнай службы Казькоў.
«Во як?» — зусім ужо недаўменна падумаў Валошын, які зусім не разлічваў на чыю-небудзь абарону, і цяпер заступніцтва гэтага ветэрынара з’явілася ўсё ж прыемным для яго суцяшэннем.
— Ну і што? — холадна кінуў камандзір палка.— Ну і што, што вы ўпаўнаважаны? Камандзір батальёна не забяспечыў выканання баявой задачы, вось я яго і адхіляю ад пасады. Дарэчы, з ведама камандзіра дывізіі.
— Вы памыляецеся! — рэзка сказаў маёр — Я быў у батальёне і бачыў усё сваімі вачамі. Камандзір батальёна дзейнічаў правільна.
— Многа вы разумееце! — сказаў камандзір палка,— Тут я гаспадар, і я прымаю рашэнні. Вось са сваім намеснікм. Маркін!
— Я, таварыш маёр!
— Выклікайце камандзіраў падраздзяленняў, стаўце задаЧУ!
— Ёсць выклікаць камандзіраў падраздзяленняў! — як рэха, адгукнуўся Маркін, і гэты яго паслухмяны адказ, нібы вядро сцюдзёнай вады, вярнуў да Валошына адчуванне няўхільнай рэальнасці.
У адно імгненне і з усёй выразнасцю ён зразумеў, што вось зараз ці, можа, праз некалькі хвілін стараннасцю гэтага паслухмянага Маркіна будзе канчаткова пагублены яго батальён. I каб не дапусціць гэтага, ён ухапіўся за апошні свой аргумент, іншых довадаў у яго не засталося.
— А снарады для батарэі нам выдзелены? Батарэя сядзіць без снарадаў, хто падавіць іх кулямёты? — злосна загава-
рыў ён, з адкрытай варожасцю гледзячы ў вочы камандзіру палка.
— Снарады я вам не раджу! — сказаў той.— Няхай іх лепш пашукае ў сябе камандзір батарэі.
— Батарэя — не снарадны завод,— цвёрда сказаў ззаду Іваноў.— Усё, што было, я ўжо выпусціў.
— Так ужо і ўсё?
— Да апошняга снарада. Можаце праверыць. Настала пакутная паўза. Камандзір палка заклапочана паглядзеў у бакі, але тут жа хутка ўспомніў:
— Раз няма снарадаў, то — па-пластунску! Па-пластунску зблізіцца з праціўнікам і гранатамі закідаць траншэю. Зразумелі?
— Так точна! — з гатоўнасцю, хоць і без жаднага ўздыму паўтарыў Маркін.
— Гранаты ў байцоў ёсць?
— Ёсць.
— Таварыш кампалка,— зноў заварушыўся ў траншэі ветэрынарны маёр.— Пад такім агнём немагчыма нават і папластунску. Я бачыў...
— Мне напляваць, што вы бачылі! — ускіпеў Гунько.— Вы не для таго прысланы ў полк, каб перашкаджаць выкананню баявой задачы.
— Я прысланы кантраляваць яе выкананне,— раззлаваўся і ветэрынар,— I я буду дакладваць камандзіру дывізіі. Вы няправільна ставіце задачу...
— He вам мяне вучыць, таварыш маёр ветслужбы! Маркін! Усіх у ланцуг! Камандзір батарэі, загадваю: ні на крок не адставаць ад камандзіра батальёна. Кулямёты... Дзе кулямёты ДШК?
— Тут. На сваіх пазіцыях,— азірнуўся Маркін.
— Кулямёты — упярод! Усяму батальёну паўзком упярод! Панялі? Толькі ўпярод!
— Паняў, таварыш маёр,— адказаў зводдаль Маркін, і да Валошына ўсё з большай выразнасцю даходзіў фатальны сэнс, што адбывалася цяпер у гэтай траншэі.
Уявіўшы сабе, які цяжар кладзецца на былога яго начштаба, ён непрыемна паморшчыўся — наўрад ці з ім Маркін
справіцца. Але цяпер гэта яго не датычыла, ён перастаў быць камандзірам батальёна і ні за што болып не адказваў. Ён быў тут чалавек старонні.
— Дазвольце, я далажу камандзіру дывізіі,— не сунімаўся ветэрынар.— Я прашу не пачынаць атакі да майго даклада камдзіву.
— Гэта не ваша справа,— сказаў камандзір палка і запытаў, на паўабарота павярнуўшыся да Валошына.— Камандзіры рот усе на месцы?
— Апроч забітага камандзіра восьмай,— змрочна сказаў Валошын,— I ў роце не засталося ніводнага сярэдняга камандзіра.
— А тут недзе Круглоў быў,— успомніў нампаліт.
— Я тут, таварыш маёр,— пачулася зводдаль, ад увахода ў бліндаж.
— Вось ён часова і заменіць камроты,— рашыў Міненка.
— Круглоў, прымайце роту. I батальён — упярод! — павысіў голас камандзір палка, суровым позіркам нішчачы Маркіна, які заклапочана стаяў у траншэі.
— Ёсць!
Яўна задаволены сабой і сваёй здольнасцю распарадзіцца, камандзір палка спрытна выскачыў з траншэі, за ім вылезлі астатнія. Па адным яны перабеглі адкрыты ўчастак поля і схаваліся ў грыўцы кустоўя. Штабісты таксама пайшлі, і апошні з некаторай нерашучасцю выбраўся з траншэі маёр ветэрынарнай службы. Ён быў заклапочаны і, ні з кім не развітаўшыся, моўчкі пабрыў па кустоўі.
У траншэі стала вальней. Маркін, чакаючы прыходу Кізевіча і Ярашчука, упарта маўчаў, прыдушаны цяжарам новага свайго абавязку. Іваноў ціха перагаворваўся з агневікамі па тэлефоне, высвятляючы, колькі ў іх засталося «агурчыкаў». Паводле ягоных падлікаў, іх павінна было быць на шэсць штук болей, чым дакладваў старшы на батарэі.
— Маркін,— сказаў Валошын, адкінуўшы ўсякую афіцыйнасць у адносінах да свайго пераемніка.— Вы не надта старайцеся.
Маркін недаўменна паціснуў плячыма.
— Я — што? Загад! Чулі?
— Загад загадам, але не надта старайцеся. Зразумелі?
Маркін не адказаў. Здаецца, ён нічога не зразумеў з ягоных намёкаў, і Валошын нічога тлумачыць не стаў, тым больш што з тылу да іх траншэі бег Ярашчук, неўзабаве павінен быў падысці Кізевіч. Стараючыся зберагчы рэшту спакою і вытрымкі, Валошын праціснуўся за ягонай спіной і ўлез у апусцелы бліндаж.
17
У бліндажы ён сеў на салому і адхінуўся спіной да сцяны. Здрадніцкі франтавы лёс, думаў ён, як прывыкнуць да яго нечаканак? Толькі ўчора яго віншавалі з узнагародай, a сёння ён ужо адхілены ад камандавання. Ён болей не камандзір батальёна, усе яго планы насмарку, цяпер тут будуць камандаваць іншыя. Ніколі ён не адчуваў сябе ганарліўцам і цяпер усімі сіламі стараўся захаваць вытрымку, але гэта кепска ўдавалася. Было крыўдна. Можа, у іншых абставінах ён бы нават уздыхнуў з палёгкай, пазбаўлены гнятлівага пачуцця адказнасці, але цяпер уздыхнуць не мог. Нават калі ён ніколі не вернецца да свайго батальёна і будзе назаўжды аддзелены ад яго лёсу, ён не мог так проста і раптам вырваць са сваёй душы гэтую сотню людзей, з якімі яго зраднілі сумесна перажытыя імі пакуты і пралітая кроў. Што ні кажы, а такое сваяцтва — сіла, з якой не так проста ўправіцца, калі б ён захацеў яе вынішчыць.
Пакутна прыціхшы ў бліндажы, Валошын выразна чуў недалёкія размовы ў траншэйцы і з непрыемнасцю чакаў той хвіліны, калі ягоная адсутнасць будзе нарэшце заўважана. Напэўна, хтось запытаецца пра яго, здзівіцца, і ён з трывогай падумаў, як бы ягонае адхіленне не выклікала непатрэбнага цяпер хвалявання сярод яго падначаленых. Усё ж ён стараўся быць добрым для іх камандзірам і, напэўна, пацярпеў праз гэта. Але прыбег Ярашчук, прывалокся запараны злосны Кізевіч, яшчэ нехта, паклікалі з ланцуга Круглова, і толькі калі Маркін узяўся тлумачыць план паўторнай атакі, з-за бруствера пачуўся голас Кізевіча:
— А камбат дзе? Хіба паранены?
Маркін змоўк, і Круглоў ціха паведаміў камандзіру дзевятай:
— Камандзір палка адхіліў...
— Ды ну? Ідрыт твае лапці...
Кізевіч прамармытаў яшчэ штось амаль абыякавае ў адносінах да яго, так, нібы ягонае адхіленне было чымсьці звычайным, чаго даўно трэба было чакаць. Зрэшты, Валошын разумеў, што камандзірам падраздзяленняў не да яго: роты панеслі страты, адзін з трох, хто ў такія хвіліны заўжды быў разам, ляжаў цяпер пад палаткай на выхадзе з траншэі, задача заставалася нявыкананай, і другая атака таксама не абяцала ўдачы. Хоць ён і не бачыў нікога з тых, хто сабраўся наверсе, але тым не менш выдатна адчуваў іхні настрой. Зрэшты, і ягоны быў далёка не лепшы.
Слухаючы шэраг не надта ўпэўненых распараджэнняў Маркіна, камандзіры паныла маўчалі. Толькі Самохін разы два вылаяўся, выказваючы сваю нязгоду з атакай у ранейшым напрамку, ды Кізевіч сказаў, што пакуль з вышыні «Малой» у фланг яго роце будзе біць кулямёт, рота не зрушыцца з месца, што спярша трэба ўзяць «Малую». Маркін нерашуча згадзіўся і загадаў Кізевічу самастойна атакаваць «Малую» ў той час, як астатнія будуць штурмаваць «Вялікую».
— Камандзіру батарэі — знаходзіцца сумесна са мной, ДШК — у баявых парадках стралковых рот,— заключыў Маркін словамі камандзіра палка.— Сігнал на атаку — зялёная ракета. А ў каго ракетніца?
— У камбата была,— аднекуль зверху азваўся Гутман.
— Прынясіце ракетніцу,— сказаў Маркін.
Валошын выцяг з-пад рэменя партупеі ракетніцу, выняў з кішэні некалькі сігнальных патронаў і ўсё моўчкі сунуў у выстаўленыя рукі ардынарца.
Час быў на зыходзе, Маркін таропка скончыў загад на новую атаку. Камандзіры рот, таксама спяшаючыся, павыскоквалі з траншэі, накіроўваючыся да сваіх рот, і Валошын прыплюшчыў вочы — пачыналася самае цяжкае. Хутка загрукоча зноў, над балотам забушуе агонь, і на мёрзлую зямлю пальецца гарачая кроў яго батальёна, а ён будзе ляжаць тут і пакутаваць ад абсалютнай бяздзейнасці. Але што ж, ён