• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    быў нямецкі, гэты бок маўчаў. Некалькі мінамётных разрываў яшчэ трэснула на вышыні, і болей разрываў там не было. Замоўкла і батарэя Іванова, якая выпусціла, мабыць, усё, што магла выпусціць. Ён не прыкмячаў часу, але, мусіць, мінула болей чым дзесяць хвілін. Затое вышыня цяпер захадзілася ў звоне і гуле паўтузіна кулямётаў, патокі куль з густым віскам, не перастаючы, ішлі над балотам, хаця тут, за невысокім, да калена, узмежачкам, што аддзяляў сенакос ад нівы, было трохі схоўна, калі б не гэты брызантны абстрэл. Схавацца ад брызантных тут не было дзе.
    Тым часам нямецкі карэкціроўшчык, напэўна, ужо прыстраляўся, і выбухі з невялікім адхіленнем па дальнасці і вышыні амаль усе ў лінію грукалі над ланцугом батальёна, дзеручы асколкамі травяны дзірван, пырскаючы крошкамі лёду на балоце, паднімаючы на вецер воблачкі пылу з нівы. Камбат на кукішках перабег некалькі крокаў да ўзмежка і азірнуўся, ліхаманкава шукаючы, што рабіць. Але Гутман з Чарнаручанкам, прыгнуўшыся, ужо валаклі да яго канец провада, за імі паўзлі на кукішках трое сувязных з рот, і за ўсімі кароткімі перабежкамі спяшаўся ветэрынар у папэцканым, мокрым на жываце паўшубку.
    — Сувязь! Жыва!
    Чанаручанка скорчыўся на баку і непаслухмянымі рукамі пачаў прымацоўваць провад да клемаў, а камбат, не паварочваючы галавы, пракрычаў:
    — Сувязны сёмай роты!
    Яму ніхто не адказаў, і ён гучнейшым голасам паўтарыў выклік:
    — Сувязны сёмай!
    Праз густы кулямётны трэскат і гром выбухаў угары, якія, зрэшты, пачалі трохі аддаляцца ўправа, напэўна, у раён дзевятай Кізевіча, зблізку нічога не было чуваць, і Гутман, павярнуўшыся на локці, крыкнуў тром сувязным, што нерухома прыпалі да зямлі ў дзесяці кроках ззаду.
    — Эй вы! Аглухлі?
    Адзін з байцоў заварушыўся, з напружаннем на твары ўзіраючыся ў камбата, і той вылаяўся.
    — Якога д’ябла маўчыш? Ану, бягом за камандзірам роты!
    Баец, надта прыгінаючыся, ледзьве не наступаючы на абвіслыя полы шыняля, з вінтоўкай у правай руцэ пабег уздоўж балота налева.
    — Перадайце па ланцугу: сяржанта Яршова — ка мне!
    Гутман пракрычаў гучней, і, здаецца, ягоную каманду перадалі далей. Калі Яршоў жывы, ён як-небудзь управіцца з сёмай, але невядома было, як справы ў дзевятай.
    — Сувязны дзевятай!
    — Я! — прыўзняўся на траве белабрысы баец.
    — Бягом за камандзірам роты!
    Толькі баец адбег паўсотню крокаў, як зноў грымнула над самым ланцугом восьмай, і ў паветры, выразна азначыўшы куткі трапецыі, зачарнелі чатыры воблачкі. Гэта таксама клас — мільганула ў галаве ў Валошына, прыстраляліся як мае быць. Хтось непадалёк, кінуўшы вінтоўку, нязграбна папоўз у хмызняк, цягнучы па зямлі параненую, з разматанай абмоткай нагу. Нехта крычаў напалоханым да жаху голасам:
    — Пераб’е так усіх да д’ябла! Чаго ляжаць будзем?
    — Ага! Дае, сволач, чых-пых! — сказаў Гутман. Чарнаручанка ўсё корпаўся са сваёй сувяззю, прадзімаючы трубку, і Валошын крыкнуў:
    — Ну, ты доўга там?
    Сувязіст, аднак, падняў да камбата занепакоены твар, зацепаў добрымі вачмі.
    — Няма сувязі. Перабіла, напэўна...
    — На лінію марш! Жыва!
    Чарнаручанка нешта ўмольна кінуў да Гутмана, піхнуў за спіну карабін і, падхапіўшы провад, пабег да балота.
    Валошын нядоўга чакаў, усё ўслухоўваючыся ў суцэльны няўрымслівы грукат, з неразумнай упартасцю імкнучыся ўчуць у ім хоць што-небудзь суцяшальнае для батальёна, але нічога ўчуць не мог. Цяпер ужо ўвесь агонь ішоў з боку немцаў, нашы ў ланцугу не стралялі, змоўкла артылерыя, і затаіліся ДШК за балотам, мусіць, падаўленыя гэтым гагатлівым шквалам куль і асколкаў, што абрынуліся на батальён. Разрывы брызантных у небе бязлітасна трэскаліся над раёнам дзевятай, адкуль праз якіх чвэрць гадзіны замест
    старшага лейтэнанта Кізевіча прыбег краем хмызняку жвавы баец у ватоўцы. Камбат памятаў яго ў твар, але прозвішча цяпер успомніць не мог. Кашляючы ад удушлівай трацілавай гаркаты, што асядала ў балоце, баец выцягнуўся поруч з Валошыным.
    — Во запіска ад камроты.
    Ён падаў пакамечаны ў бруднай жмені шкумат паперы, на якім без подпісу было накідапа рукой Кізевіча: «Наступаць не магу, залёг у балоце. Выбіваюць брызантныя. Фланкіруючыя кулямёты з вышыні «Малой» не даюць ступіць кроку. Прашу дазволу адысці».
    «Час ад часу ўсё не лягчэй,— падумаў Валошын.— He хапіла брызантных, дык яшчэ і фланкіруючыя».
    Прабегшы вачмі запіску, камбат пракрычаў байцу:
    — Страты вялікія?
    -Га?
    — Страты, кажу, вялікія?
    — Пэўна, чалавек дваццаць. Вунь як лупасіць зверху. А з фланга кулямёты. Старшы лейтэнант усё лаецца...
    Праз хвіліну прыбег і распластаўся побач выкліканы фланга восьмай камандзір узвода Яршоў, спакойны з выгляду чалавек у зялёным бушлаце і запэцканых ватных штанах.
    — Якія страты? — запытаў камбат.
    — У роце не падлічваў,— аціраючы спатнелы твар, сказаў Яршоў,— Напэўна, чалавек восем. Пагорачак ратуе.
    Пагорачак ратаваў восьмую, гэта пэўна, інакш бы яны тут не ляжалі. А вось у дзевятай пагорачка не аказалася, і таму ёй даводзіцца кепска.
    Ззаду, няспрытна валюхаючы, да камбата падпоўз ветэрынар і, папраўляючы на галаве шапку, прасіпеў сарваным голасам:
    — Што здарылася, камбат? Чаму не паднімаюцца ў атаку?
    Камбат паглядзеў на яго абыякавым позіркам — у грымоцці і трэскаце бою ён выразна пачуў кулямётныя чэргі па той бок балота, якія білі па флангу Кізевіча, і з непрыяззю падумаў пра ягоных разведчыкаў. А заадно і пра палкавых,
    на якіх ноччу з такой упэўненасцю спасылаўся маёр Гунько. Панаразведвалі, называецца. На яго галаву.
    — Чаму не паднімаеце роты ў атаку? — настойліва сіпеў ля вуха маёр, усё не выпускаючы з рук невядома для якой патрэбы выняты з кабуры наган, ствол якога быў шчыльна забіты зямлёй.
    — Прачысціце зброю,— холадна сказаў Валошын,— A то разарве ствол.
    Ветэрынар, спахапіўшыся, ііачаў выбіваць са ствала зямлю, а Валошын з яшчэ большай, чым раней, злосцю падумаў, што такія вось уедлівыя правяральшчыкі — куды большае зло, чым тыя, хто, слаба разумеючы ў справе, не вельмі і рвуцца ў яе, трымаючыся бліжэй да зямлянкі, дзе трохі бяспечней, чымся ў гэтым пекле.
    Ён чакау лейтэнанта Самохіна, якога ўсё не было, і ён пачаў сумнявацца, ці перададзены яму яго выклік, ці не застаўся дзе на дарозе пасыльны. Сувязі таксама не было. Гутман трымаў ля вуха тэлефонную трубку і ўсё дзьмуў у яе, але лінія, відаць, маўчала.
    Калі з хмызняку ззаду з'явіўся лейтэнант Круглоў са споўзшай набок спражкай дзягі і без ценю звычайнага дабрадушша на ўзрушаным твары, камбат зразумеў, што становішча дзевятай на самай справе крытычнае. Камсорг размашыста рухнуў злева ад яго, выцер рукавом потны ў пыле і гары твар.
    — Камбат, ратуйце дзевятую! Праз паўгадзіны ўсю выб’е. — Кізевіч жывы?
    — Жывы пакуль што. Але страты вялікія. Галоўнае — гэта шрапнель. Ды і кулямёты справа. Спярпіа трэба браць тую вышыню, за балотам. Інакш дрэнь справа, задарма пакладзеце людзей,— нервова загаварыў камсорг.
    Камбат, падумаўшы, азірнуўся на Гутмана.
    — Як сувязь?
    Гутман замест адказу развёў рукамі.
    — Ракетніцу! — патрабаваў камбат.
    Ён выхапіў з рук ардынарца ракетніцу, лежачы, паварушыў у кішэні, выняў белы з чырвонай галоўкай патрон.
    — Што ж, будзем лічыць, фокус не ўдаўся. Фокуснічкі!..
    I, падняўшы руку, паслаў у дымнае ад выбухаў неба імклівы агеньчык чырвонай ракеты.
    Роты па-пластунску і перабежкамі пачалі адыход за балота.
    16
    Ён разумеў, на што ішоў, і ведаў, як гэты яго адыход будзе ўспрыняты камандзірам палка. Але ён іначай не мог. Ён не мог паднімаць батальён пад такім агнём з вышыні — гэта было б свядомым яго знішчэннем. Роты, зрэзаныя кулямётным шквалам, назаўжды б засталіся на яе мёрзлых схілах, з кім бы тады ён вярнуўся на свой КП? Вярнуцца аднаму са жменькай упраўлення ён бы не здолеў, значыць, і ён павінен быў бы застацца на гэтай праклятай вышыні. Але гінуць ён яшчэ не збіраўся, ён хацеў ваяваць, каб паквітацца з немцамі.
    Лежачы за ўзмежкам, ён прасачыў, як апошнія байцы восьмай роты зніклі ў кустоўі, і сам падняўся на ногі. Напэўна, усё ж край кустоўя не быў відаць з вышыні, кулі адтуль усе ішлі верхам. Падбегшы да цела Муратава, ён азірнуўся: ззаду нікога не заставалася, Гутман, павесіўшы на плячо аўтамат, узяўся намотваць кабель. Але тут насустрач ардынарцу з кустоў выбег запараны Чарнаручанка, і камбат крыкнуў Гутману:
    — Забярыце Муратава!
    Усё па тым жа стаптаным падэшвамі лёдзе ён перабег балота. Следам, цюкаючы аб лёд і зразаючы вецце, хлёстка праносіліся кулі, адна сцебанула яго па пале шыняля, зрабіўшы ў ёй дзве новыя дзіркі. Камбату, аднак, было не да шыняля, недалёка ўжо бялеў бруствер выратавальнай траншэйкі сёмай, адтуль занепакоена высоўвалася знаёмая галава Іванова.
    Некалькі байцоў наперадзе паспешна скочылі ў свае нядаўна пакінутыя і зноў радасна знойдзеныя акопчыкі. Ззаду і трохі ўбаку спазнела, але з ранейшым аглушальным трэскам бабахнулі разрывы брызантных. Камбат, не спяшаючыся, хісткім крокам кіраваў па адкрытай мясціне да сва-
    ёй траншэі. Яго цяпер надта проста маглі зрэзаць кулямётнай чаргою ззаду, маглі накрыць разрывам брызантнага, але ён ужо не дбаў аб сваім жыцці пасля таго, як столькі чалавечых жыццяў засталося па той бок балота. He зірнуўшы нават на змрочна паніклага за брустверам Іванова, ён скочыў у траншэю, апынуўшыся побач з апярэдзіўшым яго ветэрынарам. Камандзіры сустрэлі камбата моўчкі, і ён маўчаў, хвіліну пазіраючы, як з кустоўя, выблытваючы ў голлі провад, таропка выбіраўся Чарнаручанка. Тэрмінова патрэбна было звязацца з камандзірам палка.
    — Да, глупства атрымліваецца,— адчуваючы настрой Валошына, паныла сказаў Іваноў.
    — Чаму так кепска працавала артылерыя? — горача загаварыў у траншэі ветэрынар.— Чаму раптам замоўклі гарматы?
    — Каб артылерыя добра працавала, патрэбны боепрыпасы,— сказаў Іваноў,— А боепрыпасаў якраз кот наплакаў.
    — Гэта чаму? Хто вінаваты?
    — А вы пра гэта ў штабе дывізіі запытайцеся,— стоячы да маёра бокам, сказаў камбат.— Падвоз і снабжэнне ў арміі ажыццяўляюцца зверху ўніз.
    Маёр шумна і гаротна ўздыхнуў, напэўна, пачынаючы разумець нешта, і Іваноў сказаў:
    — Восем снарадаў засталося. Як было апошнія выпусціць?
    Ён быццам апраўдваўся перад маёрам ці перад камандзірам батальёна, але камбат не вінаваціў яго і нават не крыўдаваў, разумеючы, што без снарадаў камандзір батарэі яму не памочнік.