• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    Камбат напружыў зрок, чакаючы, што за балотам нарэшце пакажуцца ягоныя роты, але рот яшчэ не было відаць. Падобна было на тое, што Нагорны паспяшаўся, хаця гэта было лепш, чым калі б ён прамарудзіў — спазненне з атакай пляжыла ўсю задуму з гэтаю падманлівай вылазкай. Нагорны ўдарыў як трэба і чатырнаццаццю сваімі байцамі прыкрыў батальён. Нават калі ён і не ўварвецца ў траншэю, гэты манеўр зробіць для батальёна сваю добрую справу.
    Аднак агонь з такой блізкай адлегласці быў для яго знішчальны, і Валошын унутрана сцяўся — чакаў таго непазбежнага моманту, калі Нагорны заляжа, наткнуўшыся на нябачную адгэтуль, дзесь там расцягнутую спіраль Бруно. Ён і сапраўды залёг — некалькі чалавек раптам упала на шэры задымлены схіл, ратуючыся ад кулямётнага агню, ці, можа, былі забітыя. Але тут жа, нібы па ягоным жаданні, на вышыні выраслі поруч тры пыльных прыземістых выбухі, якія, напэўна, не разбурылі траншэю, затое пылам засланілі ад яе распластаных на схіле байцоў. I ўзвод падняўся. Некалькі чалавек, што нядаўна здаліся яму забітыя, раптам падхапіліся з зямлі і адважна пабеглі ўгору, у падняты мінамі пыл, які бакавы вецер коса зганяў з вышыні.
    — Маладзец! — сказаў Валошын.— Ну давайце ж, давайце!
    Апошнія яго словы адносіліся да суседзяў-мінамётчыкаў, што нарэшце адкрылі агонь і так памаглі Нагорнаму. Камбата захляснула спазнелае пачуццё ўдзячнасці гэтаму непрык-
    метнаму працаўніку вайны, які без позы і лішніх слоў толькі за апошнія суткі столькі зрабіў для батальёна. А ён не знайшоў нават часу сказаць яму добрае слова, крыху пажартаваць у размове — усё звяртаўся з халоднай камандзірскай афіцыйнасцю, тонам загаду. Спазнелае шкадаванне на хвіліну варухнулася ў душы камбата і тут жа забылася, выцесненае іншымі клопатамі.
    — Ага, во ён, падлюга! Бачу! — узрадавана сказаў Іваноў і закамандаваў тэлефаністу: — Лявей ноль-ноль два, уравень больш ноль-ноль адзін...
    Пачыналася ювелірная стральба, дакладнасці якой мог пазайздросціць снайпер. Але Іваноў умеў, калі было трэба, наперакор артылерыйскай тэорыі, пакласці тры снарады ў адну варонку, у сваёй справе ён таксама быў снайпер.
    Тым часам мінамётчыкі далі яшчэ некалькі ўдалых залпаў — на задымленай вышыні заскакалі кусцістыя выбухі мін, між каторых магутна і роўна нішчылі бруствер траншэі гаўбічныя разрывы Іванова. Пахілы бок вышыні завалакло дымнаю імглой, якую свежы ранішні вецер ужо не паспяваў здзімаць прэч, і рванае клочча пылу коса цягнулася ў хмарнае неба. Бачнасць рэзка пагоршылася, бой грукатаў ва ўсю моц, усё там бязладна ахала, трэслася, уздрыгвала, віскам і грукатам поўнячы сцюдзёны світальны прастор. Але роты, напэўна, ужо выходзілі з балота, і трэба было не даць ім спыніцца перад рашучым рыўком на схіл.
    Валошын левай рукой выхапіў у Чарнаручанкі трубку.
    — Алё, дзесяты! Няма дзесятага? Перадайце ад дваццатага з «Бярозы» — змена НП. Зразумелі? Мяняю НП.
    I, кінуўшы ў рукі Чарнаручанкі трубку, ён з жвавасцю распарадзіўся ў траншэі:
    — Гутман! Чарнаручанка! Зняць сувязь і за мной! Хутка!
    Чарнаручанка з неўласцівай яму паспешлівасцю адной рукой ірвануў зазямленне, другой згрэб свой апарат; Гутман падхапіў катушку з напалову зматаным кабелем, зірнуўшы на якую, камбат з трывогай падумаў: не хопіць. Гэтага кабелю да вышыні не хопіць, як тады быць? Зрэшты, сувязныя ад рот ужо лезлі на бруствер, і ён крыкнуў Іванову, які працягваў кіраваць агнём:
    — Хвілін дзесяць паддай!
    — Дзесяць паддам! — крыкнуў у адказ Іваноў.— Толькі не больш...
    — А ты радзей, каб трапненька...
    — Уравень менш ноль-ноль адзін,— камандаваў Іваноў.
    «Ну цяпер накрые»,— падумаў камбат, збягаючы па мёрзлай траве на брудныя плахі падталага лёду. Першае радаснае адчуванне, выкліканае ўдалым пачаткам, аднак, хутка міналася, ён ведаў напэўна, што некалькімі кулямётамі справа не абыдзецца, што неўзабаве немцы ўдараць чым-колечы і больш адчувальным. Удараць з мінамётаў, і тады будзе горш. Але пакуль на вышыні магутна грымелі свае разрывы і дробным трэскатам заліваўся ручны кулямёт, хацелася думаць, што ўсё абыдзецца. Яму б яшчэ хвілін дваццаць, за гэты час восьмая пад прыкрыццём артагню, напэўна, дабегла б да бліжняга адростку траншэі. Асабліва калі за яго ўдалося зачапіцца Нагорнаму.
    Валошын разгоніста бег па лёдзе, заследжаны бруднымі падэшвамі байцоў яго рот, за ім блізенька трымаліся трое сувязных. Чарнаручанка з Гутманам неўзабаве адсталі, заблытаўшы ў кустах провад, і ён крыкнуў аднаму з сувязных, худому хлопцу ў кароткім шынялі і блакітных да калень абмотках, хутка памагчы ім. Баец з напружаным недаўменнем зірнуў на яго, але затым адкінуў назад споўзшую на жывот процівагазную сумку і спыніўся. Камбат прыгнуў галаву, прадраўся праз лазняковыя зараснікі, выскачыў на льдзістую з падталым снегам прагаліну і азірнуўся; за ім зза куста, няспрытна расстаўляючы ў бакі ногі і коўзаючыся, бег ветэрынар. Яго расшпіленая кабура апусцела боўталася на дзязе, вузенькі раменьчык цягнуўся да рукі з варанёным наганам, якім маёр нязграбна ўзмахваў, імкнучыся захаваць раўнавагу на слізкіх падэшвах.
    — А вы куды? — не стрымаўшыся, злосна крыкнуў Валошын.
    Ветэрынар толькі раскрыў рот, каб нешта сказаць, як раптам абодва яны аглушана скалануліся, на імгненне страціўшы адчуванне.
    «Ну во, нарэшце! — з дзіўнай злой радасцю падумаў кам-
    бат, інстынктыўна ўвабраўшы галаву ў плечы,— Нарэшце пачынаецца...»
    У хмарнай вышыні над балотам аглушалыіа трэснула раз і другі, тугім звонам заклала левае вуха. Валошын паглядзеў угору — над балотам, нібы кінуты ўгару клок поўсці, плыло на ветры чорнае воблачка. «Прыстрэлачны!» — падумаў камбат і зноў азірнуўся. Ветэрынар ляжаў пад навіслым галлём альхі, нізка ўтупіўшы галаву ў падвязанай пад барадой вушанцы. Падумаўшы, што яму папала, Валошын кінуўся назад.
    — Вы што? Паранены?
    Маёр страпянуўся і з запытальным недаўменнем у вачах уважліва паглядзеў на камбата.
    — Н-не, я не ранены,— выціснуў ён, заікаючыся.
    — Устаць і бягом! Бягом! — скамандаваў Валошын, ведаючы, што ад брызантных разрываў тут не схавацца, што трэба як мага найхутчэй выскачыць з раёна паражэння іх смяртэльных асколкаў.— Бягом!
    У наступнае імгненне з рэзкім аглушальным трэскам грымнулі яшчэ чатыры выбухі, трохі, праўда, далей, чым першы, бліжэй да краю балота,— якраз над тым месцам, дзе былі роты. Сотні сталёвых асколкаў гарачай віхурай абдалі кустоўе, зразаючы голле і наскрозь прапякаючы тоўсты, да самага дна, лёд. Ветэрынар зноў упаў, але тут жа падняўся; ззаду, ламаючы голле, яго даганяў Гутман.
    Болей камбат не азіраўся, разам забыўшыся пра сябе і сваю бяспеку — трывога за роты, над якімі цяпер аглушальна загрукалі счацвяроныя выбухі брызантных, апаліла яго. Ён кінуўся наўпрасткі да блізкага ўжо краю балота, рашыўшы ў што б там ні было падняць батальён на апошні рывок, у якім было выйсце і адзіная магчымасць дасягнуць траншэі. Пад вышынёй на балоце яны доўга не вытрымаюць, у голым прамерзлым грунце не хутка акапаешся, ды і акопы ад гэтага агню не ўратуюць.
    Чорт бы іх узяў, гэтыя брызантныя, ужо лепей бы агонь мінамётаў, збянтэжана думаў камбат, бегучы па кустоўі.
    Ён выскачыў з балота пад новы брызантны залп, які прарэзліва і аглушалыіа грымнуў, здавалася, у некалькіх
    метрах над галавой, і збіты з ног гэтым залпам Валошын недарэчна ўпаў на жорсткую заінелую траву лужка. Але ён тут жа ўскочыў, акінуў позіркам ніз вышыні, дзе няроўна залеглі байцы восьмай роты. Нехта з іх ужо ліхаманкава працаваў лапаткай, хтось роспачна лаяўся справа, і ён павярнуў на гэтую лаянку, чакаючы ўбачыць там камандзіра роты, і ўбачыў купку байцоў — тыя на каленях схіляліся над кімсь, што ляжаў на траве. Яшчэ не дабегшы да іх, ён убачыў знаёмыя хромавыя боты Муратава, падхапіўшы якога, двое байцоў валаклі, прыгінаючыся, назад да кустоўя.
    — Стой! — крыкнуў ён і не пачуў уласнага голасу, зноў накрытага чарговай серыяй выбухаў угары — адзін з байцоў упаў на калені, выпусціўшы руку ротнага, і ўткнуўся плячом у траву. Другі лёг побач, разгубленым позіркам матляючы навакол і не пазнаючы камбата.
    — Што з лейтэнантам? — спытаў Валошын, прысядаючы побач. Але толькі ён зірнуў на бела-бяскроўны твар Муратава, як усё зразумеў адразу. Шэрыя крупінкі мозгу з разбітай патыліцы ротнага густа абляпілі ягоны каўнер і плечы з новенькімі, акуратна прышытымі пагонамі. Шынель на баку быў шырока распораты асколкам, і з дзіркі тырчаў шкумат аўчыннай камізэлькі.
    — Пакінуць забітага! — загадаў ён.
    — Таварыш камбат! — узмаліўся баец, пажылы чалавек з чырвонымі слязлівымі вачмі.— Таварыш камбат, як жа гэта? Яго ж параніла, мы паняслі, а тут... Як жа гэта, таварыш камбат?..
    — У ланцуг! — жорстка загадаў камбат і позіркам пашукаў каго-небудзь з сяржантаў.
    Але сяржантаў паблізу не было відаць — на траве ніцма ляжала некалькі байцоў у новых і чыстых шынялях, высока насунутых на шапкі касках — учарашняе яго папаўненне. Іх трэба было падняць у атаку, прымусіць пераадолець пад агнём некалькі сот метраў на схіле, і гэтая задача здалася яму цяпер болей чым цяжкай.
    Але іншага не заставалася.
    Стараючыся перасіліць трэскат і дзіганне чэрг, ён пры-
    падняўся на руках і пракрычаў, выразна выгаворваючы кожнае слова:
    — Ро-та!.. Пад-рых-тавацца да атакі!
    Знешне рота амаль не адрэагавала на гэтую яго каманду, хаця рэагаваць на яе цяпер і не было патрэбы — трэба было яе ўясніць, а галоўнае — сабрацца з духам перад самым адчайным рыўком наперад. Разумеючы гэта і счакаўшы хвіліну, ён скамандаваў зноў:
    — Пааддзялённа!.. Кароткімі перабежкамі!.. Упярод!
    I лёг грудзьмі на зямлю, з трапяткім напружаннем чакаючы, паднімуцца ці не? У ланцугу відавочна марудзілі, і ён падумаў, што цяпер вельмі прыгадзіўся б стары камандзірскі прыём: устаць самому і скамандаваць проста «За мнойі». Але за гэты прыём ён сам неаднойчы спаганяў з сваіх камандзіраў рот і не мог яго дазволіць сабе. Усё ж у яго быў батальён, лёс якога ў многім залежаў ад яго, жывога. Мёртвы ён батальёну быў непатрэбны.
    Да яго данеслася з ланцуга некалькі няпэўных урыўкаў каманды, некалькі чалавек у розных месцах усё ж ускочыла і, прыгнуўшыся, кінулася пад узмежак наперад. Прама перад камбатам мільгануў руды ў падпалінах шынелак на спіне байца, які рухава ўзбег на ўзмежак, ды раптам упусціў вінтоўку, павярнуўся, нібы хочучы паглядзець назад, і плазам рухнуў у дол. Пападалі таксама і іншыя, што паслухаліся ягонай каманды і падняліся першымі. Кулямётныя струмені з мноствам мільготкіх зеленаватых трас цяпер усе зышліся сюды і густа лупілі па ўзмежку, ушчэнт разбіваючы травяністы дзірван і з пранізлівым віскам разлятаючыся ў бакі. Тыя з байцоў, чыя чарга надышла, каб падняцца, яшчэ болей прыціснуліся да зямлі, і камбат не падаў новай каманды. Ён ужо зразумеў, што атакаваць пад такім агнём немагчыма, што так ён вельмі проста пакладзе тут увесь батальён. I ён пачаў услухоўвацца ў грымлівае шматгалоссе бою, стараючыся знайсці ў ім хоць якую-небудзь магчымасць для выканання задачы, і не знаходзіў ніякай. Адзіная магчымасць, якую на некалькі хвілін даваў раптоўны ўдар Нагорнага, была беззваротна ўпушчана, і цяпер усё вырашалі суадносіны сіл, якія складваліся яўна не ў карысць батальёна. Агонь спрэс